Грамадства99

«Па сутнасці, проста так аддала грошы». Школьнікі расказалі, чаму яны (не) хочуць уступаць у БРСМ

Выданне CityDog.io вырашыла даведацца ў школьнікаў, чаму яны ўступаюць у БРСМ і што ім гэта дае. Аказалася, уступаць у арганізацыю прымушаюць, абяцаныя бонусы ў большасці рэгіёнаў не дзейнічаюць, а потым яшчэ і выйсці з сяброўства не даюць.

Так выглядаюць значок, сяброўская картка і маладзёжны білет

Вольга (10-ы клас): «У большасці рэгіёнаў абяцаная сістэма зніжак не працуе»

Вольга жыве ў невялікім горадзе Гомельскай вобласці. Цяпер дзяўчына вучыцца ў 10-м класе і расказвае, што ў 9-м у пачатку другога паўгоддзя ўсіх у школе пачалі прымушаць уступаць у БРСМ. Для ўступлення трэба было напісаць заяву, здаць каля 11 рублёў унёску і прынесці сваю фатаграфію.

«Некаторыя вучні не ўступілі і цяпер пастаянна выслухоўваюць, што павінны гэта зрабіць. Асноўныя аргументы, чаму ў БРСМ добра, — гэта нейкія заахвочванні пры паступленні і нейкія спецмагчымасці па картцы членства. Ды і ўвогуле, «станеце гонарам школы», кажуць.

Думаю, у канцы гэтага навучальнага года ці ў пачатку наступнага (будзе ж ужо 11-ы клас) іх пачнуць больш актыўна прымушаць уступіць. Як мы разумеем, гэта робіцца для таго, каб на школу прыпадала як мага большая колькасць тых, хто ўступіў.

Пасля афармлення нам выдалі значкі, карткі членства і сіліконавыя бранзалеты. Бранзалет быў занадта вялікі для маёй рукі, таму я згубіла яго ў першы ж тыдзень. А значок абавязкова павінен быць на вопратцы на ўсіх важных мерапрыемствах.

Насамрэч членства ў БРСМ нічога нам не дае. На сайце напісана, што можна атрымаць зніжкі ў інтэрнэт-крамах, фітнэс-клубах і на ўсялякія забаўкі накшталт пейнтбола ці лазертага. Але рэальнасць такая, што ў большасці рэгіёнаў гэта сістэма не дзейнічае. У маім горадзе, напрыклад, іх няма.

Цяпер я лічу, што дарма ўступіла. Па сутнасці, проста так аддала грошы. А яшчэ даводзіцца марнаваць час на розныя мерапрыемствы. Напрыклад, цяпер праводзяцца навагоднія віншаванні для дзяцей-сірот, на якіх мы, старшакласнікі, павінны апрануцца ў касцюмы і павесяліць малых.

Ёсць актывісты, якія сапраўды хочуць удзельнічаць у такіх віншаваннях і робяць гэта з задавальненнем. А мне, напрыклад, надта цяжка глядзець на дзяцей з інваліднасцю і сірот — але ніхто нават не пытаецца.

Улетку нас адпраўлялі ўдзельнічаць у мерапрыемствах у дзіцячыя летнікі на базе школ, дзіцячыя цэнтры. І часцей за ўсё гэта прыпадае на месяцы, калі для школьнікаў няма бясплатнага праезду. А дзе нам браць грошы на той самы білет на аўтобус? Шмат каму няма яшчэ 16, знайсці падпрацоўку практычна немагчыма, таму што ніхто не хоча браць падлеткаў.

Адмовіцца ад удзелу ў такіх мерапрыемствах можна, але трэба сказаць пра гэта загадзя. І галоўнае — прычына павінна быць сапраўды сур’ёзная.

На маю думку, усе гэтыя мерапрыемствы дапамогі павінны быць добраахвотнымі. Бо чым мацней яны нас прымушаюць, тым больш нам не хочацца ўдзельнічаць. Вельмі сумна глядзець на гэта ўсё.

Нядаўна, дарэчы, даведаліся, што з БРСМ можна выйсці: нібыта трэба проста не ўнесці штогадовы ўнёсак 2 рублі. Але мы так і не зразумелі, як гэта насамрэч працуе. Атрымліваецца, калі я не ўношу аплату, то мяне адлічваюць, а калі захачу ўступіць зноў, дык трэба будзе аддаваць 2 рублі ці 11, як у першы раз? Ніхто так і не змог адказаць на гэта пытанне — толькі плячыма паціскаюць…

Раман (11-ы клас): да бээрэсэмаўцаў лепш ставяцца дырэктар і завучы, выдзяляюць пуцёўкі ў летнікі

Раман жыве ў Мінску, цяпер вучыцца ў 11-м класе, у БРСМ уступіў у канцы 9-га. Кажа, што класныя кіраўнікі тэлефанавалі бацькам і расказвалі, што ўступаць трэба ўсім абавязкова: калі не цяпер, то пры паступленні ў ВНУ ўсё роўна давядзецца.

«Тады ўступілі не ўсе — чалавек па пяць з трох класаў нашай паралелі. Напачатку гэтага навучальнага года ўступілі яшчэ чалавек па 15 з кожнага класа. Трэба было ўнесці ўступны ўнёсак 5 рублёў, а потым кожны год яшчэ па 2 рублі.

Тыя, хто ўступілі, у школе атрымліваюць больш пераваг. Напрыклад, завучы і дырэктар могуць заплюшчыць вочы на спазненні ці парушэнні дрэс-коду, калі яны не рэгулярныя. Ці школе часам даюць пуцёўкі ў лагеры (па 100 рублёў) — звычайна ў «Зубраня» ці «Гарызонт». Дык вось, мне летась пуцёўку далі, а таму, хто не ўступіў у БРСМ, не далі. Але, як я зразумеў, так адбываецца не ў кожнай школе.

Летась для нас арганізоўвалі мерапрыемствы: дыскатэкі, гульні пра здаровы лад жыцця, сустрэчы з галоўнымі сакратарамі БРСМ. А яшчэ мы павязвалі гальштукі тым, хто ўступаў у піянеры, і хадзілі па класах — расказвалі пра шкоду наркотыкаў. А сёлета толькі адзін раз збіраліся грэбці лісце».

Яўген (21): «Не давалі выйсці з БРСМ — казалі, што ўжо зрабілі за нас унёскі»

Цяпер Яўген жыве ў Польшчы, але школу заканчваў у Мінску. Згадвае, што класе ў 8-м усіх прымусілі ўступіць у БРСМ: сказалі, што «гэта абавязкова — інакш ніяк».

«Трэба было здаць грошы і, здаецца, яшчэ схадзіць на нейкае мерапрыемства ў горадзе. Пазней я пачаў цікавіцца і ўжо ў каледжы дадумаўся напісаць заяву на выхад з БРСМ — але гэта аказалася сапраўдным квэстам.

Спачатку трэба было знайсці патрэбны кабінет — ніхто не мог сказаць, дзе ён. Пасля трэба было знайсці чалавека, які павінен у гэтым кабінеце сядзець, — таксама ніхто не ведаў.

Увогуле, калі ўсё нарэшце знайшлі, прынеслі з аднагрупнікам заявы — але ў нас адмовіліся іх прымаць. Там сядзеў выкладчык, які яшчэ ў 2020 годзе выклікаў АМАП на студэнтаў. І сваю адмову ён аргументаваў тым, што за нас нібыта ўжо ўнеслі членскі ўнёсак на наступны год і даслалі спісы. Таму мы павінны, па-першае, здаць грошы, а па-другое, наконт выхаду з БРСМ прыходзіць у наступным годзе.

Мы з ім спрачаліся хвілін з 20, але ён так і не пагадзіўся ўзяць нашы заявы. У выніку мы проста паклалі іх яму на стол і пайшлі.

Напэўна, да гэтага часу ў БРСМ знаходжуся. Хаця з краіны даўно з’ехаў».

@nashaniva Колькі грошай з бюдэту атрымлівае гэтая арганізацыя? #БРСМ #союзмолодежи #беларусь #беларусьнавіны #беларусьновости #новостибеларуси #нашаніва #пабеларуску #беларусьсейчас ♬ оригинальный звук - Наша Ніва. Навіны

Каментары9

  • Расціслаў
    08.01.2024
    Беларусікам камфортненька быць хоць в БРСМ, хоць в гітлерюгендзе, хоць в айнзац СС - абы пуцёвачкі давалі і не сварылі.
  • Сымон
    08.01.2024
    Адмовіцца ад удзелу ў такіх мерапрыемствах можна, але трэба сказаць пра
    гэта загадзя. І галоўнае — прычына павінна быць сапраўды сур’ёзная.


    Адсутнасць грошаў на праезд у падлетка, які цалкам знаходзіцца на ўтрыманні бацькоў - ужо дастаткова сур'езная прычына. Бо ногі не казенныя. А з большага ўсё залежыць ад сваякоў. Калі нармальныя - абараняць свайго дзіцятку. Калі рабы - дадуць нават з апошніх грошаў і унёскі на лукаюгенд, і на праезд за свой кошт.
  • Ваўкалак
    08.01.2024
    Правдоруб , у цябе ў нікнэйме памылкі. Трэ табе падпісвацца "Гаўнаед"

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне6

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне

Усе навіны →
Усе навіны

Арыштавалі 58-гадовую гаспадыню аграсядзібы з Баранавічаў, якая была прэтэндэнтам на прэзідэнцкіх выбарах — 202011

Данія ўзмацняе абарону Грэнландыі. Трамп нядаўна зноў загаварыў пра жаданне набыць яе6

Пашынян адмовіўся ад удзелу ў саміце СНД. Кажа, у яго кавід1

Навошта Пяткевіч вярнулі ў Адміністрацыю Лукашэнкі? Версія Халезіна10

«Я думаў, што рускія хутка перамогуць, але выйшла, як заўсёды». Споведзь ідэйнага расійскага шпіёна, які атрымаў ва Украіне пажыццёвае7

Студэнтаў, якія вяртаюцца на канікулы з-за мяжы, апытваюць на граніцы сілавікі4

Падборка калядных дэсертаў: цытрусы ў шакаладзе, «снежныя» капкейкі і мандарынавая пана-кота4

На свеце з'явілася яшчэ адна краіна доўгажыхароў. Што гэта за краіна?

Цырульніца з-пад Брэста стварыла цудоўны вобраз кліентцы. Яе абвінавацілі ў спрыянні ЛГБТ9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне6

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне

Галоўнае
Усе навіны →