Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда трапіў у скандал, выказаўшы сумнеў у тым, што Украіне ўдасца вярнуць пад свой кантроль Крым, які Расея анексавала ў 2014 годзе. Ягоныя словы выклікалі вострую рэакцыю ў Польшчы, а таксама рэакцыю амбасадара Украіны ў Варшаве, піша BBC.
У пятніцу ўвечары YouTube-канал Kanal Zero апублікаваў інтэрвʼю Дуды. Яму задавалі розныя пытанні, а калі дайшло да Украіны, польскі прэзідэнт сказаў, што Расея хоча атрымаць перамогу ва Украіне, і калі яна захавае сабе захопленыя ўкраінскія тэрыторыі — імавернасць новага нападу высокая.
Пры гэтым Дуда дадаў, што верыць, што Украіна верне Данецк і Луганск, але не ведае, ці верне яна Крым.
«Крым — гэта асаблівае месца, уключаючы гістарычныя прычыны. Таму што насамрэч, калі мы паглядзім на гісторыю, то ён доўгі час быў пад кантролем Расеі», — сказаў Анджэй Дуда.
Польскі прэзідэнт вядомы як адзін з самых адданых прыхільнікаў Украіны ў Еўропе. За перыяд поўнамаштабнага расейскага ўварвання ён не раз прыязджаў у Кіеў і выказваў падтрымку ўкраінскім уладам.
Польшча застаецца адным з найбуйнейшых вайсковых донараў Украіны ў Еўропе, яна таксама прыняла мільёны ўкраінскіх уцекачоў.
І хоць цяпер Польшча неахвотна падаўжае тэрмін знаходжання ўкраінскіх уцекачоў у сваёй краіне, ды і агулам у стасунках паміж дзвюма краінамі праз працяглыя пратэсты польскіх аграрыяў і перавозчыкаў адчуваецца пэўны холад, на ўзроўні рыторыкі польскія палітыкі дагэтуль заўсёды падтрымлівалі Украіну і не ставілі пад сумнеў яе мэты, у прыватнасці вярнуць анексаваны Крым.
Заявы Дуды аб Крыме раней былі адназначныя — ён запэўніваў, што Украіна павінна вызваліць анексаваны паўвостраў. А ў жніўні падчас выступу на Крымскай платформе прэзідэнт Польшчы дадаў, што ад таго, ці зможа Украіна «замацаваць» за сабой Крым, залежыць захаванне ўсяго сусветнага парадку.
Апошняя заява Дуды, які зʼяўляецца палітычным саюзнікам правай партыі «Права і справядлівасць», якая нядаўна перайшла ў апазіцыю, выклікала рэзкую крытыку прадстаўнікоў кіроўнай кааліцыі.
«Хацеў бы нагадаць спадару Дудзе, што ў нашай краіне ёсць гарады, якія ў сваёй гісторыі належалі Польшчы на працягу меншага перыяду часу, чым іншай дзяржаве, — напісаў на платформе Х (былы Twitter) Раман Гертых, дэпутат Сейма ад «Грамадзянскай платформы». — Зусім дурная заява!»
«Ганебна. Сёння Дуда кажа, невядома, што з Крымам, бо «большую частку часу ён быў у руках Расеі». У жніўні 2022 года ён сцвярджаў, што Крым — гэта Украіна, «гэтак жа, як Гданьск зʼяўляецца часткай Польшчы», — адзначыў прадстаўнік «Грамадзянскай кааліцыі» Кшыштаф Брэйза.
«Польшча прызнае незалежнасць Украіны ў межах яе міжнародна прызнаных межаў, якія былі неаднаразова пацверджаныя Расейскай Федэрацыяй: пачынаючы з дамовы ад 19 лістапада 1990 года, Будапешцкага мемарандума ад 5 снежня 1994 года і Дамовы аб мяжы ад 28 студзеня 2003 года», — напісаў пасля слоў прэзідэнта польскі міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі.
Затое ў польскіх сацсетках можна знайсці розныя рэакцыі — некаторыя карыстальнікі словы Дуды рэзка асуджаюць, некаторыя — ухваляюць.
На словы Дуды таксама адрэагаваў амбасадар Украіны ў Польшчы Васіль Зварыч.
«Крым — гэта Украіна, так ёсць і так будзе. Падстава для гэтага — міжнароднае права, — напісаў Зварыч у Х, — часовая акупацыя Крыма Расеяй — гэта ваеннае злачынства, за якое яна будзе пакарана. Дэакупацыя Крыма — гэта наша са свабодным светам агульная задача і абавязак».
«Мы гэта зробім без сумневу. Мы верым і працуем разам», — дадаў украінскі амбасадар.
У суботу польскі прэзідэнт адрэагаваў на шквал крытыкі і напісаў на платформе Х, што ягоныя «дзеянні і пазіцыя адносна жорсткай агрэсіі Расеі супраць Украіны былі і ёсць зразумелымі з першага дня: Расея парушае міжнароднае права, зʼяўляецца агрэсарам і акупантам. Напад Расеі на Украіну і акупацыя міжнародна прызнаных тэрыторый Украіны, уключаючы Крым, зʼяўляецца злачынствам».
Чаму яго папярэдняя заява аб Крыме была зусім іншай — польскі прэзідэнт ніяк не патлумачыў.
Каментары