«Працэнтаў 20 купляюць сабе тут жыллё, каб легалізавацца». Беларусы пра плюсы і мінусы жыцця ў Грузіі
Грузія — адна з краін, куды масава з'язджалі беларусы пасля падзей 2020 і 2022 гадоў. «Наша Ніва» спытала, як ім жывецца ў гэтай краіне, чаму адныя вырашаюць асесці там надоўга, а іншыя разглядаюць Грузію хутчэй як часовы прыстанак.
Народ гасцінны, а падаткі нізкія
Кірыла жыве ў Грузіі без малога год. У адрозненні ад большасці эмігрантаў, ён пасяліўся не на ўзбярэжжы або ў сталіцы, а ў невялікім горадзе ў 100 кіламетрах ад Тбілісі. Па словах мужчыны, калі ў яго ўзнікла патрэба з'ехаць з Беларусі, ён меў дзейны шэнген, але замест Еўропы адправіўся на Каўказ.
«Я меў магчымасць перабрацца ў Польшчу, але, каб не пазбаўляць сабе магчымасці бачыцца з роднымі і сябрамі, выбраў для рэлакацыі Грузію.
Нягледзячы на тое, што пералёт з Мінска таксама каштуе нятанна, гэта ўсё адно прасцей і танней, чым атрымаць візу і дабірацца да той жа Польшчы», — тлумачыць Кірыла.
Паколькі малады чалавек не жыве ў адным з гарадоў, куды прыехала шмат беларусаў і расіян, выдаткі на арэнду жытла і камуналку ў яго невялікія — каля 600 рублёў.
Столькі ён плаціць за арэнду двух пакояў у доме. Жыве разам з гаспадаром, але той можа не з'яўляцца дома цэлы тыдзень.
Сярод плюсаў Кірыла адзначае гасціннасць і добразычлівасць грузін, добрае стаўленне да беларусаў, а таксама нізкія падаткі.
«Як ІП, я плачу ўсяго 1% ад абароту. У Грузіі вельмі нізкія падаткі для дробных прадпрымальнікаў», — кажа Кірыла.
З мінусаў ён адзначае слаба развітую інфраструктуру і перыядычныя перабоі з вадой, інтэрнэтам і электрычнасцю.
Кірыла не плануе з'язджаць у іншую краіну. Мужчына не выключае таго, што, калі сітуацыя ў Беларусі зацягнецца, Грузія стане яго другім домам.
«Адзін з сяброў, які тут жыве, таксама разважаў нядаўна над тым, што ўжо не ўпэўнены, што будзе вяртацца на радзіму, калі ў Беларусі настануць доўгачаканыя перамены».
Пражыў 2,5 года, а пасля з'ехаў у Літву
Раман правёў у Грузіі 2,5 года. Паколькі малады чалавек жыў у Батумі, то сярод плюсаў ён у першую чаргу вылучае клімат, прыгожую прыроду і мора.
«Там вельмі лёгка ў плане падаткаў. Дзяржава па мінімуму цябе чапае і кантралюе, адчуваецца свабода ад дзяржавы, быццам людзі існуюць самі па сабе, а дзяржава сама па сабе», — кажа Раман.
З мінусаў ён называе нізкі ўзровень сэрвісу і неабавязковасць грузін да выканання дамоўленасцей. Пры гэтым, як народ яны падабаюцца Раману сваёю адкрытасцю, гасціннасцю і дабрынёй.
«Яшчэ напружвае блізкасць Расіі і колькасць расіян. У 2021 годзе іх было мала, але пасля ледзь не траціна машын у Батумі была на расійскіх нумарах. Таксама напружвае, што нягледзячы на тое, што Грузія дэкларуе імкненне ў ЕС, паводзіны кіраўніцтва часам выглядаюць так, што яны імкнуцца ў СНД».
Яшчэ адзін мінус Грузіі для беларусаў — адсутнасць разумення, што будзе заўтра.
«Нікому не даюць прытулак, таму могуць быць вялікія праблемы з дакументамі, калі ты раптам згубіш пашпарт або скончыцца яго тэрмін дзеяння. Ведаю шмат прыкладаў, калі пасля таго, як Лукашэнка забараніў мяняць дакументы ў амбасадах, людзі былі вымушаны з'язджаць па гуманітарных падставах у Еўропу».
Са слоў Рамана, большасць такіх людзей рэлакавалася ў Польшчу. Сам малады чалавек пасля 2,5 года жыцца ў Грузіі перабраўся ў Літву.
З Грузіі ў Польшчу па перспектывы для дзяцей
Канстанцін пражыў у Грузіі амаль паўгода. Як і многія беларусы, абраў гэтую краіну праз тое, што туды можна было трапіць без візы. Малады чалавек спадзяваўся, што сітуацыя ў Беларусі хутка зменіцца і ён зможа вярнуцца дадому.
«Досвед жыцця ў Батумі быў больш падобны на працяглы адпачынак, які даводзілася сумяшчаць з работай, якая дазваляла працаваць дыстанцыйна».
Косця прызнаецца, што праз вайб жыцця на курорце ў яго пачыналі ўзнікаць думкі набыць там жыллё і асесці, але, даведаўшыся больш аб нюансах жыцця ў гэтай краіне, вырашыў з'ехаць у Польшчу.
«Да таго ж, дзецям хутка трэба было ісці ў школу, таму мы з жонкай падумалі, што «адпачынак» трэба прыпыняць і планаваць пераезд у Польшчу, бо ў Еўропе перспектыў для будучыні дзяцей будзе значна больш».
«Праз кавідныя абмежаванні варыянтаў выезду з Беларусі было не шмат»
Андрэй жыве ў Грузіі разам з сям'ёй са жніўня 2021 года. Згадвае свой тэрміновы ад'езд з Беларусі:
«У пятніцу я даведаўся, што на панядзелак мяне выклікалі адначасова ў некалькі спецслужбаў, таму давялося хутка збірацца.
Паколькі тады дзейнічалі кавідныя абмежаванні, выехаць з Беларусі наземнымі шляхамі было не проста, але абмежаванні не тычыліся палётаў на самалёце, таму варыянтаў было не шмат. Першым рэйсам суботы мы выляцелі ў Грузію, у той сітуацыі выбіраць даводзілася толькі паміж Тбілісі і Батумі», — згадвае Андрэй.
Журналіст жыве ў Батумі разам з жонкай і дзвюма дачкамі. Жонка працуе намеснікам дырэктара ў школе. Малодшая дачка ходзіць у садок пры школе, у якой працуе жонка Андрэя, а старэйшая вучыцца ў школе анлайн.
Восенню 2021 года мужчына прыязджаў у Беласток, дзе знаходзіцца рэдакцыя, у якой ён працуе. Тады яму сказалі, што журналістаў у Польшчы і без яго шмат і іх колькасць толькі расце. Там яго спыталі, ці не хоча ён стаць кіраўніком карэспандэнцкага пункту на Каўказе. Паколькі на той момант жыць у Грузіі было значна танней, чым у Польшчы, журналіст пагадзіўся на прапанову застацца працаваць у Грузіі.
«Пасля вайны розніца, канешне, нівеліравалася, але цяпер жыць у Грузіі практычна ў два разы танней, чым у Польшчы. Да таго ж на той момант было не зразумела, ці знойдзе мая жонка там працу. У Грузіі яна працуе намесніцай дырэктара адукацыйнага цэнтра Inter School».
На арэнду жытла ў сям'і з чатырох чалавек сыходзіць 300 даляраў у месяц. Столькі яны плацяць за арэнду цэлага паверха ў прыватным доме.
Тым не менш, сям'я не выключае, што цягам года яны ўсё ж такі перабяруцца ў Польшчу.
«На перспектыву мы разглядаем пераезд у Беласток — гэта горад, у які пераехала шмат гарадзенцаў, якія дапамагаюць адзін аднаму.
Таму калі не адбудзецца нічога надзвычайнага, то менавіта Беласток мусіць стаць наступным пунктам, куды плануе пераехаць наша сям'я. Я хачу, каб дзеці атрымалі нармалёвую еўрапейскую адукацыю», — прызнаецца Андрэй.
У яго атачэнні хапае тых, хто вырашае застацца ў Грузіі.
«Працэнтаў 20 купляюць сабе тут жыллё, каб легалізавацца і атрымаць ДНЖ, бо інакш атрымаць яго амаль немагчыма. У той жа час, каля паловы беларусаў, з якімі даводзіцца стасавацца, разглядаюць Грузію як часовы прыстанак, плануюць з'ехаць адсюль або ўжо з'ехалі».
Што тычыцца новых мігрантаў з Беларусі, то, па назіраннях суразмоўцы, цяпер у Грузію ў асноўным прылятаюць ужо тыя беларусы, якія вызваліліся з турмы. У Грузіі яны не затрымліваюцца, робяць візу і з'язджаюць далей. У асноўным у Польшчу і Літву.
Чытайце таксама:
Беларусам у Вільні звоняць і просяць пакінуць Літву. Што адбываецца?
«Літва дакладна трымае лінію падзелу паміж дэмакратычнымі беларусамі і саўдзельнікамі рэжыму» — Юрконіс
Каментары