«Многія спадзяюцца на хуткае адкрыццё «Брузгоў». Што кажуць гродзенцы пра жыццё ў «аблозе»
Пасля закрыцця пункту пропуску «Прывалка» Гродна аказаўся горадам, вакол якога закрылі усё тры бліжэйшыя пункты пропуску.
Горад пераўтварыўся ў тупік
Ад ускраін Гродна да Польшчы ўсяго каля 8 кіламетраў, а да Літвы — каля 23. Блізкасць адразу да двух краін ЕС рабіла абласны цэнтр зручным лагістычным вузлом. Для жыхароў Гродна паездкі на закупы ў Беласток і ў аквапарк у Друскінінкай раней былі абыдзенай справай.
Многія гараджане мелі магчымасць не толькі падарожнічаць і рабіць закупы ў суседніх краінах, але і зарабляць на прыгранічным бізнэсе, таму закрыццё апошняга пункту пропуску непадалёк Гродна стала балючай тэмай.
«Самым папулярным пунктам пропуску ў гараджан заўжды былі «Брузгі». Гэта быў самы блізкі шлях да Беластока, а таксама найбольш «зручны» пераход для кантрабандыстаў і чаўнакоў», — прызнаецца суразмоўца.
З яго слоў, у горадзе многія жывуць надзеяй, што Польшча хутка адкрые «Брузгі».
«Праўда, першыя падобныя чуткі пачалі з'яўляецца даўно, асабліва актыўна гэтую тэму абмяркоўвалі напрыканцы мінулага года. Цяпер зноў пра гэта гавораць, нібыта пасля таго, як Літва закрые граніцы, Польшча наадварот адкрые», — кажа суразмоўца.
Пасля закрыцця «Бераставіцы» самы кароткі шлях у Польшчу для гарадзенцаў пралягаў праз Літву і пункт пропуску «Прывалка». Гэта 240 кіламетраў замест 80, калі працавалі «Брузгі». Цяпер жа адлегласць да Беластока ўзрасце амаль да 500 кіламетраў.
«Пераход мяжы ўжо даўно пераўтварыўся ў нейкае пекла»
Не ў захапленні ад закрыцця пунктаў пропуску паблізу Гродна не толькі аматары шопінгу і кантрабандысты.
Кіроўца-дальнабойшчык, які працуе ў адной з транспартных кампаній з базай у Беластоку, кажа, што не ведае, як цяпер будзе вяртацца з кадэнцыі.
«Пераход мяжы ўжо даўно пераўтварыўся ў нейкае пекла. Бо часам, каб дабрацца з Гродна да Беластока, сыходзіць па 30 гадзін і болей. Перад Новым годам на «Прывалцы» прастаяў больш за двое сутак», — згадвае суразмоўца.
Мужчына кажа, што пры працаўладкаванні адмыслова аддаваў перавагу беластоцкім кампаніям, хоць у Варшаве і больш аддаленых ад беларускай мяжы гарадах зарплаты крыху вышэйшыя.
«У нармальныя часы мяне з рэчамі на машыне завозіла і сустракала жонка. Дарога туды і назад звычайна займала 4-6 гадзін. Цяпер пра такое застаецца толькі марыць і ездзіць на маршрутцы. Пасля закрыцця яшчэ двух пунктаў пропуску чэргі і сама адлегласць павялічыцца яшчэ больш.
Атрымліваецца, што з 14 сутак адпачынку 2-3 будзе сыходзіць на дарогу. Па кіламетражы раней туды-назад выходзіла каля 200 кіламетраў, цяпер будзе каля тысячы», — скардзіцца дальнабойшчык.
У Друскінінкайскім аквапарку па выходных было шмат гарадзенцаў
Чаўнок з Гродна прызнаецца, што пасля закрыцця «Бераставіцы» ён першы час ездзіў праз «Прывалку», але пасля зразумеў, што лепей ездзіць у Польшчу праз «Беняконі».
«Прывалка» — хіба найгоршы пункт пропуску, — скардзіцца ён. — Літоўцы там працуюць вельмі марудна, ды і нашы на зваротным шляху працаваць не спяшаюцца. Выварочваюць на выварат усе рэчы. Пастаянна стаіць чарга на сканер.
Нават з улікам лішняга кіламетражу прасцей было ехаць праз «Беняконі», там нават калі чарга ёсць, то яна рухаецца нашмат хутчэй, чым было на «Прывалцы».
Гарадзенец разважае, што калі была б магчымасць выбіраць, які пункт пропуску адкрыць, то ён выбраў бы «Брузгі».
«Там заўжды даволі хутка працавалі з абодвух бакоў мяжы. Адразу за мяжой вёска «Кузніца». Раней можна было нікуды далей і не ехаць, а вырашыць усе пытанні адразу там. Да Сакулкі кіламетраў 25, ды і да Беластока ад Гродна каля 80 км.
Ад «Прывалкі» з эканамічнага пункту гледжання плёну менш. Праз яе звычайна едуць тыя, хто хоча трапіць у Друскінінкай. Там файны аквапарк, ёсць лыжная траса ды і ў цэлым прыгожы курортны горад. Асабліва па выходных у аквапарку можна было сустрэць шмат гарадзенцаў».
Мужчына кажа, што ў летні перыяд было даволі папулярным даехаць да мяжы на аўто, дастаць ровар і адтуль ужо на ровары да Друскінінкая.
Суразмоўца кажа, што закрыццё межаў негатыўна адбіваецца на эканоміцы горада.
«У Гродне вельмі шмат людзей зараблялі дзякуючы граніцам. Нехта толькі і рабіў, што «ганяў на Польшчу» і з таго жыў, для іншых гэта была толькі падпрацоўка. Дзякуючы граніцам Гродна і Брэст заўжды былі больш багатымі гарадамі ў параўнанні з абласнымі цэнтрамі на ўсходзе краіны. Цяпер жа мы такой магчымасці фактычна пазбаўлены».
Грузаперавозчыкі наракаюць, што праз пераўтварэнне Гродна ў тупік дастаўка тавараў у горад, якія стаіць ля межаў з ЕС, будзе абыходзіцца даражэй, чым у Мінск.
Таксама праз закрытыя межы Гродна можа цалкам пазбавіцца турыстаў з ЕС, якіх апошнім часам і так было не шмат у параўнанні з дакавіднымі часамі, калі ў горадзе было шмат турыстычных груп з Літвы і Польшчы. Цяпер асноўныя турысты ў горадзе — беларусы і расіяне.
Чытайце таксама:
За чатыры паездкі ў Польшчу можа атрымацца нармальная беларуская зарплата. Колькі зарабляюць беларускія чаўнакі
Да чаго можа прывесці закрыццё яшчэ двух пунктаў пропуску на мяжы з Літвой
Каментары