Хлопцы ў чорным і пытанні пра нацыянальнасць князёў ВКЛ. Як Уладзімір Арлоў усё ж выступіў у Вільні
Цяперашні прыезд у Вільню пісьменніка Уладзіміра Арлова пачаўся са скандалу. Сустрэчу з ім ледзь не адмянілі праз «неспакой часткі літоўскай супольнасці»: маўляў, Арлоў — «галоўны ідэолаг літвінізму». У апошні момант сустрэчу перанеслі ў іншае месца. Вось як усё прайшло.
Сустрэча ў «Замку» (месца, дзе знаходзіцца арганізацыя «Дапамога») пачалася са спазненнем у 20 хвілін. Не ўсе госці ведалі пра перанос падзеі, ды і «Замак» не так проста знайсці ў завулках віленскага спальніка.
Гледачоў набралася каля 40. Пакуль заставаўся час, людзі абмяркоўвалі перанос сустрэчы і гадалі, ці ёсць сярод прысутных літоўцы — магчыма, нехта прыйшоў паслухаць «галоўнага ідэолага літвінізму», як называлі Уладзіміра Арлова?
Сам «ідэолаг» быў там жа і выглядаў зусім не грозна, быў заўважна напружаны ўвагай да сябе. А ўвага была, бо ў маленькую залу «Замка» набілася багата журналістаў, і, мяркуючы па мове, не толькі беларускіх. Прыйшоў і Жыльвінас Світоюс — літоўскі актывіст і блогер, які ў апошнія часы стаў вядомы праз свае выказванні супраць «літвінізму» (і супраць Арлова ў тым ліку).
Сустрэчу адкрывала Наталля Калегава, кіраўніца «Дапамогі». Гутарыла па-літоўску з перакладам на беларускую. Потым слова ўзяў Русціс Камунтавічус — літоўскі гісторык, які лічыць нерадыкальны літвінізм не пагрозай для Літвы, а магчымасцю зрабіць Беларусь бліжэй да Захаду, і паспрабаваў трохі змякчыць сваёй рыторыкай напружанне ў паветры.
Безумоўна, браў удзел у сустрэчы і дырэктар фонду «Камунікат» Яраслаў Іванюк, які выдае кнігі Арлова і з'яўляецца арганізатарам гэтага балтыйскага туру пісьменніка.
На пачатку выступу Уладзімір сказаў некалькі слоў пра Літву: «Са студэнцкіх гадоў я люблю Літву. Мяне шмат перакладалі на літоўскую мову, я ганаруся, што супрацоўнічаю з літоўскімі гісторыкамі, тым жа Русцісам Камунтавічусам.
Шматвяковая гісторыя Літвы і Беларусі — наш велізарны скарб, і яе ўсведамленне — магутная зброя ў літоўскім і беларускім супрацьстаянні з ідэалогіяй рускага міру. Гэтая ідэалогія імкнецца пераканаць беларусаў і ўкраінцаў, што яны не з’яўляюцца еўрапейскімі нацыямі, і наша гісторыя гэтаму супрацьстаіць».
Спачатку напружана, а потым з усё больш палымянымі вачыма Арлоў апавядаў пра тое, як Беларусь ішла да Дня Волі — самага першага, у 1918-м: пра паўстанне Каліноўскага, Ігната Грынявіцкага, «Нашу долю» і «Нашу Ніву», Рамана Скірмунта, пачатак Першай сусветнай і, нарэшце, абвяшчэнне БНР.
Раман Арлоў, музыка і сын Уладзіміра, праспяваў на сустрэчы некалькі песень. А потым пісьменнік зноў узяў слова, расказваў пра свае кнігі і жартаваў. Пра літоўскую мову і літвінізм ужо не ўспаміналі, затое гутарылі пра паэзію. Арлоў чытаў свае вершы і дзяліўся асабістым:
«Ёсць безліч дэфініцый таго, што такое гісторыя. Мне падабаецца дэфініцыя гісторыка Жуля Мішле пра тое, што гісторыя — гэта ўваскрасенне. Я тут [у кнізе] імкнуся ўваскрасіць і паўстанцаў 1863 года, і нашага паэта-лацініста Міколу Гусоўскага, аўтара «Песні пра зубра», і Напалеона Банапарта ў падзеях 1812 года і ў высылцы на востраў святой Алены, і сярод маіх герояў таксама Ігнат Грынявіцкі».
Пасля другой музычнай паўзы пайшлі пытанні. І першым быў малады літовец, які сказаў, што прачытаў некалькі кніг Арлова і працу Генадзя Сагановіча «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі». Хлопец спытаўся пра фразу ў адной з кніг Арлова: у 1387 годзе Вільня была першым беларускім горадам, які прыняў Магдэбургскае права, але якая Беларусь у XIV стагоддзі?
Арлоў звярнуўся па падтрымку да Камунтавічуса, але выказаўся і сам: «Кніга напісана ў суаўтарстве, але меўся на ўвазе горад Вялікага Княства Літоўскага, тады наш агульны горад — і беларускі, і літоўскі. Гэта агульнавядома. Ніколі я не ставіў пад сумнеў, чый горад Вільня, і не трэба прыпісваць мне і майму суаўтару тое, чаго няма».
Арганізатары прасілі задаваць пытанні па тэме сустрэчы, то-бок пра БНР, але атрымлівалі пытанні пра іншае — якой нацыянальнасці князі ВКЛ і што такое літвіны. Літоўскія госці, збольшага некалькі маладзёнаў у чорным, сабраліся разам і лавілі кожнае слова выступоўцаў. Складвалася ўражанне, што на сустрэчу яны прыйшлі разам.
Актывіст Жыльвінас Світоюс, у чорнай куртцы з украінскім трызубам і надпісам Qirim (Крым) і Ukraine, таксама звярнуўся з пытаннем не пра БНР: маўляў, чаму вы лічыце, што сучасную Літву трэба адасобіць ад Вялікага Княства Літоўскага? Для свайго пытання ён выбраў украінскую мову. А потым спытаў, чаму беларускія палітыкі (ён не ўдакладніў, якія) называюць Літву Летувою, і, незадаволены пачаткам адказу, сышоў з залы.
Далей былі ўскрыкі і заклікі Арлова не дазваляць рускаму свету нас пасварыць. Скончылі на тым, што адзін з літоўскіх гасцей папрасіў Арлова і самому быць дакладным у фармулёўках, і перадаць гэта беларускім гісторыкам, а Арлоў папрасіў у адказ пра аб’ектыўнасць літоўскі бок.
Нарэшце прысутных запрасілі купляць кнігі пісьменніка, і слухачы пачалі разыходзіцца. На першым паверсе «Замка», ля выхаду, сядзеў Жыльвінас Світоюс, і выглядала, што мужчына ў моцна прыгнечаным стане. «Наша Ніва» спытала яго пра ўражанні ад сустрэчы — ён зразумеў беларускую мову, але адказаў па-ўкраінску: «Якія і былі думкі [пра Уладзіміра Арлова], такія і засталіся. Нічога іншага я не пачуў. Ён на ўсе пытанні не змог адказаць як нармальны чалавек. Уражанні так сабе».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЧытайце таксама:
«Не можам гарантаваць бяспекі». У Вільні адмянілі сустрэчу з Уладзімірам Арловым
Віленская сустрэча з Уладзімірам Арловым усё ж адбудзецца, але ў іншым месцы
-
Беларус атрымаў прапанову ад польскай Google, але стаў беспрацоўным. Праз візавы скандал беларусам усё часцей адмаўляюць у візах
-
Польскі суд адмовіў у экстрадыцыі беларускага актывіста Дзмітрыя Плескачова
-
За распрацоўку праграмнага забеспячэння для «Кіберпартызан» жыхара Барысава асудзілі на чатыры з паловай гады хіміі
Каментары
Куртачку яўна Айдэр Муждабаеў падараваў....