Грамадства22

«Прымусовая праца не з'яўляецца ўласцівай усім калоніям праблемай». Як заходні знак якасці трапляў на тавары, вырабленыя беларускімі вязнямі

Міжнародны лідар сертыфікацыі ў сферы лясной гаспадаркі Forest Stewardship Council атрымаў афіцыйны зварот з патрабаваннем расследаваць, як ягоны знак якасці трапіў на мэблю, якая робіцца ў беларускіх турмах. Зварот падпісалі міжнародныя праваабаронцы, еўрапейскія палітыкі і былыя палітвязні Беларусі. На іх думку, FSC гадамі заплюшчваў вочы на прымусовую працу беларускіх зняволеных і дапамагаў зарабляць рэжыму Лукашэнкі на продажах у Еўрасаюзе. Як каментуюць гэтыя прэтэнзіі ў FSC, піша Deutsche Welle.

Драўляная мэбля, зробленая ў Беларусі. Фота: Ales Petrowitsch/DW

«Знак FSC адчыняў дзверы ў Еўрасаюз»

Forest Stewardship Council (FSC) прэтэндуе на званне лідара ў галіне сертыфікацыі лясной гаспадаркі, вынікае з інфармацыі на сайце арганізацыі. Знак якасці FSC стаў увасабленнем «этычнага» спажывання, сертыфікаты выдаюцца па некалькіх крытэрыях, сярод якіх — адсутнасць парушэнняў правоў чалавека пры вытворчасці. Наяўнасць сертыфіката павышае канкурэнтаздольнасць прадукцыі.

Між тым праваабаронцы, палітыкі і былыя палітвязні, якія звярнуліся ў FSC з патрабаваннем правядзення незалежнага расследавання, адзначаюць, што на працягу многіх гадоў знак FSC наносіўся на вырабы з драўніны, што вырабляюцца з выкарыстаннем прымусовай працы, у тым ліку палітвязняў, у выпраўленчых калоніях (ВК) Беларусі.

Восем беларускіх ВК праходзілі працэдуру атрымання сертыфікатаў. «Знак FSC адчыняў дзверы для гандлю з ЕС», — пазначана ў звароце да FSC.

У ім таксама гаворыцца, што, «паводле даных Eurostat, са студзеня па лістапад 2023 года ў Еўрасаюз было экспартавана беларускай драўлянай мэблі на суму больш за 103 млн еўра», большая частка якой была сертыфікаваная для рынку ЕС як этычная яшчэ да сыходу FSC з Беларусі.

«Арганізацыя пакінула Беларусь у сакавіку 2022 года, але па іншых прычынах. Яна не прызнала і не ліквідавала свае ранейшыя правалы ў РБ», — гаворыцца ў звароце да FSC і далей падкрэсліваецца, што найбуйнейшымі пакупнікамі беларускай мэблі ў Еўрасаюзе былі Польшча, Германія, Нідэрланды, а таксама краіны Балтыі і Румынія.

Пра тое, што FSC больш за дзевяць гадоў абяляла турэмную працу ў Беларусі, сцвярджаецца і ў расследаванні брытанскай некамерцыйнай арганізацыі Earthsight, апублікаваным у лістападзе 2022 года. Паводле звестак расследавання, сертыфікаты выдавалі Беларусі і пасля жніўня 2020 года, нягледзячы на масавыя рэпрэсіі, рост колькасці палітвязняў, задакументаваныя катаванні.

FSC: зняволеных не прымушалі працаваць

Між тым у FSC не маюць намеру праводзіць расследаванне з нагоды выдачы сертыфікатаў для беларускіх калоній. Адказваючы на запыт DW, у арганізацыі пацвердзілі, што адзін з прынцыпаў сертыфікацыі — стварэнне належных умоў працы. У FSC таксама падкрэслілі, што «глыбока занепакоеныя парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі ў выніку гвалту і рэпрэсій з 2020 года».

Аднак усе рызыкі FSC ацаніла толькі ў сакавіку 2022 года. Тады спецыялісты арганізацыі выявілі шэраг праблем. Па-першае, сітуацыя ў Украіне прывяла да немагчымасці правядзення аўдыту, таму было вырашана ануляваць усе выдадзеныя сертыфікаты. Па-другое, паколькі ўсе лясы належаць дзяржаве, атрыманыя ад продажу драўніны даходы могуць быць выкарыстаныя ўрадам Лукашэнкі, які падтрымлівае Расію ў вайне супраць Украіны, а гэта стварае пагрозу рэгіянальнай бяспецы. Па-трэцяе, былі ўстаноўленыя некантраляваныя рызыкі, звязаныя з захаваннем у Беларусі патрабаванняў Міжнароднай арганізацыі працы.

У FSC удакладняюць, што ў 2021 годзе былі ануляваныя сертыфікаты, выдадзеныя папраўчым калоніям у Беларусі — з-за боязі з нагоды парушэння правоў чалавека і рызык для бяспекі спецыялістаў, якія выязджалі на праверкі. Пры гэтым у арганізацыі падкрэсліваюць, што «штогадовыя праверкі ў ВК не выявілі ніякіх правапарушэнняў».

«Прымусовая праца не з'яўляецца ўласцівай усім калоніям праблемай, таму яны могуць падаць заяўку на сертыфікацыю FSC, — адзначаюць у арганізацыі. — У адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам і агульнай практыкай у Беларусі да 2020-2021 года праца зняволеных аплачвалася, хоць і па нізкай стаўцы, зняволеных не прымушалі працаваць. Гэта праверана аўдытамі FSC».

«Гэтая сістэма прымусовай працы нагадвае ГУЛАГ»

Юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Павел Сапелка адзначае, што прадстаўнікі FSC не звярталіся да беларускіх праваабаронцаў, каб даведацца, як ідуць справы з правамі чалавека ў ВК. Інакш яны б даведаліся, што прымусовая праца ў папраўчых установах Беларусі заўсёды была ўзаконенай — у Крымінальна-выканаўчым кодэксе адкрыта прапісана, што кожны асуджаны да пазбаўлення волі абавязаны працаваць (артыкул 98), выключэнне толькі для інвалідаў і пенсіянераў.

«За адмову зняволенага спачатку адпраўляюць у штрафны ізалятар, потым могуць судзіць за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі, а гэта да двух гадоў пазбаўлення волі да асноўнага тэрміну, — кажа Сапелка. — Больш за тое, пакараць могуць нават за невыкананне плана на вытворчасці».

Словы праваабаронцы пацвярджае былы зняволены, які адбываў пакаранне ў ВК Брэсцкай вобласці:

«Калі прыязджаеш у калонію, цябе не пытаюцца, хочаш ты працаваць ці не, — гэта твой абавязак. Адміністрацыя вырашае, куды цябе адправіць і колькі плаціць».

Са слоў суразмоўцы, з заробку вылічваюць грошы за пражыванне і харчаванне ў калоніі, непагашаная запазычанасць паводле пазову — шмат у каго на рукі выходзіць 10-15 рублёў на месяц (гэта менш за 5 еўра). Спецвопратку, напрыклад, пальчаткі для працы на дрэваапрацоўцы, зняволеныя просяць купляць сваякоў — калонія іх не выдае.

Такія ўмовы, па словах Паўла Сапелкі, можна лічыць не толькі прымусовай, але і рабскай працай. І ў такой сітуацыі знаходзяцца ўсе зняволеныя, у тым ліку палітычныя.

«Дзяржава дае льготы для кампаній, якія жадаюць супрацоўнічаць з турмамі, дазваляючы ім набываць тавары, вырабленыя ў ВК, без выканання стандартных працэдур закупак, — гаворыць кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка, які падпісаў зварот да FSC. — Гэтая сістэма прымусовай працы нагадвае ГУЛАГ».

Член Еўрапейскага парламента і сустаршыня Еўрапейскай партыі зялёных Томас Вайц таксама далучыўся да звароту да FSC.

«У ЕС неабходна стварыць моцную і герметычную сістэму санкцый, якія будуць тычыцца драўніны і ўсіх лесаматэрыялаў з Беларусі, — мяркуе палітык. — Любая дзейнасць у лясным сектары падсілкоўвае гвалт супраць апазіцыі, правоў чалавека і дэмакратыі».

Чытайце таксама:

Падсанкцыйную драўніну з Беларусі вязуць у Еўрасаюз нібыта як казахстанскую — расследаванне

Свая крама, паспяховая вытворчасць, чытанне кніг праз відэасувязь. Што вядома пра калонію, дзе сядзіць Зміцер Дашкевіч

Кубракоў адкрыў краму тавараў, створаных рабскай працай зняволеных, і пахваліўся «ўнікальнай» каністрай

Расследаванне выявіла, што для IKEA выраблялі тавары беларускія зняволеныя і нават палітвязні

Каментары2

  • бывший ПЗ
    27.03.2024
    То, что говорит FSC просто омерзительно..
    Рабский труд в колониях РБ - это просто медицинский факт. И пытаться его отрицать могут только конченные мерзавцы.
    очень хотелось бы, чтобы они заехали туда на пару лет... на собственной шкурке проверить свои слова.
  • Цярэшка
    27.03.2024
    У мяне такі стол з лаўкамі на падворку пад навесам. Яны са зніжкамі ішлі ў Сенукаі, за 80 ею., пры поўным кошце 129 ею. Я думала, што кітайскай вытворчасьці, аж то беларускай. Ну, нешта чула, што і ў ікеа было да 80 % тавараў беларускай вытворчасьці. Трэба стол паберагчы, і лавы таксама, бо шкада іх цяпер, пэўна якасныя будуць, калі не кітайскія.

Халезін: Неўзлін фінансуе Хартыю'97 яшчэ з прэзідэнцкіх выбараў 2010 года18

Халезін: Неўзлін фінансуе Хартыю'97 яшчэ з прэзідэнцкіх выбараў 2010 года

Усе навіны →
Усе навіны

Украінскія беспілотнікі атакавалі Казань2

Сёння самы кароткі дзень у годзе і самая доўгая ноч1

Школьніка затрымалі за інтэрнет-афёру на 90 тысяч рублёў

Рэцэпт на выхадныя: французскія калядныя пячэнькі «Сабле»1

Дзяўчына ў Расіі пакінула водгук пра касіра, які пахне як скунс. А пасля закруцілася — псіхбальніца, хэйт, вэбкам-мадэль і нават суіцыд13

Фрыдман: Уся гэтая рыторыка пра ўдзел Лукашэнкі ў перамовах ужо надакучыла ўкраінцам7

Наезд на людзей у Магдэбургу зрабіў мужчына родам з Саудаўскай Аравіі17

Пад пераслед трапіў вядомы віцебскі блогер3

МНС: Уладальнік згарэлага ГЦ у Віцебску не ліквідаваў раней выяўленыя парушэнні1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Халезін: Неўзлін фінансуе Хартыю'97 яшчэ з прэзідэнцкіх выбараў 2010 года18

Халезін: Неўзлін фінансуе Хартыю'97 яшчэ з прэзідэнцкіх выбараў 2010 года

Галоўнае
Усе навіны →