Гісторыя1717

«Не важна, у чыіх руках горад, галоўнае, каб ён быў у руках вашых сяброў» — Сяргей Шупа пра Вільню, БНР і ВКЛ

У дні, калі адзначалася 106-я гадавіна абвяшчэння незалежнасці БНР, «Радыё Свабода» вырашыла нагадаць, як і калі беларускія палітыкі адмовіліся ад намеру абвясціць сталіцай краіны Вільню і ад мары адрадзіць супольнае з літоўцамі Вялікае Княства Літоўскае. Пра гэта расказвае беларускі лінгвіст, археограф, пісьменнік і перакладчык літоўскай літаратуры Сяргей Шупа.

— Сталіцай беларускай дзяржаўнасці хацелі зрабіць Вільню. Як сталася, што сталіцай БНР стаў Менск?

— Каб зрабіць Вільню сталіцай менавіта беларускай дзяржавы, то так канкрэтна, па-мойму, пытанне не стаяла ніколі.

Тут спачатку трэба пару слоў сказаць пра гістарычную і геаграфічную сітуацыю самой Вільні. Гэты горад быў сталіцай калісьці вялікай поліэтнічнай дзяржавы, якая аб’ядноўвала ў сабе розныя землі, народы, веры, культуры і мовы. І заўсёды для яе рызыкоўным фактарам было тое, што яна знаходзілася на перыферыі двух этнасаў. Яна не ёсць геаграфічным цэнтрам ні літоўскага этнасу, ні геаграфічным цэнтрам беларускага этнасу. А значыць, калісьці нейкія праблемы ў гэтых народаў могуць узнікнуць, што тычыцца Вільні.

Плюс гэта ўсё было замазана зверху тоўстым слоем паланізацыі, і ўжо не было ясна, хто там і што. Беларусы і літоўцы доўгі час былі меншасцю ў Вільні, а большасць складалі палякі і габрэі. Ну, скажам так, польскамоўныя людзі, яны з ніякай Польшчы туды не прыехалі. Гэта былі мясцовыя людзі, учорашнія ці заўчорашнія літоўцы, хутчэй за ўсё літоўцы-каталікі, або беларусы, якія таксама, калі каталікі, то таксама пазаўчорашнія літоўцы. І вось да Першай сусветнай вайны Вільня прыйшла з такой няяснай перспектывай.

Ужо адразу пасля пачатку нямецкай акупацыі члены гуртка ідэалістаў-рамантыкаў — беларусаў, літоўцаў, палякаў і габрэяў — сказалі: мабыць, ёсць сэнс думаць, ну як яшчэ Вільня можа існаваць, як не сталіцай вялікай дзяржавы накшталт неа-ВКЛ ці нечага падобнага? І ўтварылася так званая Канфедэрацыя Вялікага Княства Літоўскага. Гэтыя дзеячы і палітыкі, якія называлі сябе краёўцамі, гаварылі на гэтую тэму.

Але на фоне такога шырокага фронту ўзнікнення новых постімперскіх дзяржаў на тэрыторыі Усходняй Еўропы гаварыць пра нешта іншае, чым пра дзяржаву, якая будуецца на этналінгвістычным прынцыпе, тады проста было нерэальна. Таму гэтая ідэя так і засталася блакітнай марай.

Кожная краіна хацела перш за ўсё выжыць, захаваўшы сваю самабытнасць, захаваўшы сваю ідэнтычнасць, мову і культуру.

Сітуацыя яшчэ склалася так, што лінія фронту, якая замацавалася пасля першага нямецкага наступу летам 1915 году, адрэзала Вільню ад масіву беларускіх земляў. І Вільня засталася ў тым кавалку акупацыі, які канцэнтраваў усе літоўскія землі. Таму ўсе літоўскія працэсы, натуральна, адбываліся там.

Калі ж гаварыць пра беларускае адраджэнне, якое пачыналася яшчэ з часоў «Нашай Нівы» ў Вільні, то там засталіся толькі генералы без войска — нейкія найвіднейшыя дзеячы, а масы беларускага народа апынуліся за лініяй фронту. І тады ўпершыню цэнтрам беларускага нацыянальна-палітычнага руху зрабіўся Менск. І там ужо ад сакавіка 1917 года пайшлі працэсы, якія прывялі да абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года ў Менску. І ад таго моманту Менск абсалютна робіцца сімвалам незалежнасці Беларусі.

Калі вярнуцца на крок назад, то 16 лютага 1918 года абвяшчаецца незалежнасць Літвы. І вось беларусам таксама часта закідаюць: маўляў, што вы там, пад нямецкай акупацыяй, ніхто вас там не бачыў, як і вашу незалежнасць, ніхто пра яе не ведаў. Але падобная сітуацыя была і з Літвой. Немцы вельмі негатыўна паставіліся да гэтага акту. Адзінай газетай, якая пра гэта паведаміла, была літоўская газета Lietuvos aidas, яна тут жа была канфіскаваная.

Калі пачытаць віленскую прэсу лютага 1918 года, то ні ў нямецкай Zeitung Der 10. Armee, ні ў беларускім «Гомане» ні слова пра абвяшчэнне незалежнасці Літвы няма. Немцы гэта моцна трымалі пад каўпаком. Толькі пасля яны ўжо пачнуць нейкія новыя гульні, і гэтая незалежнасць Літвы перастане быць для іх нейкім хаваным сакрэтам.

Але беларусы, само сабой, пра гэта ведалі. І яшчэ апошняя, магчыма, надзея закладзеная ў звароце Віленскай Беларускай Рады да нямецкіх уладаў, дзе аўтары віншуюць і выказваюць падзяку за тое, што немцы прызналі незалежнасць Літвы, але пішуць: зварачаем вашу ўвагу, што літоўцы складаюць толькі 40% насельніцтва Літвы. Значыць, да таго часу беларусы верылі, што Літва адродзіцца ў нейкім шырэйшым кантэксце і ўбярэ ў сябе больш беларускіх земляў. Зноў жа гэта была яшчэ апошняя мара пра нешта накшталт новага Вялікага Княства Літоўскага.

Але падзеі склаліся так, што не заставалася нічога рабіць, як развітацца з гэтымі марамі і прыехаць 25 сакавіка ў Менск ды абвясціць незалежнасць Беларусі — нацыянальнай, этнічнай, з беларускай мовай, з, магчыма, успамінамі пра Вялікае Княства Літоўскае, але далей ужо кожны народ вырашаў свае пытанні.

Пасля сітуацыя з Вільняй яшчэ ўскладнілася з польскай акупацыяй — у міжваенны час гэта быў правінцыйны польскі горад. Але ў 1939 годзе (ясна, не без дапамогі мацнейшых сілаў) стаўся, на маю думку, гістарычны цуд — вяртанне Вільні Літве. Лёс Вільні мог скласціся як заўгодна, і я лічу, што тое, што ўрэшце адбылося, гэта было найлепшае, што з Вільняй магло стацца. Гэта была выпадковая заканамернасць, я б сказаў. Таму што літоўскі народ заўсёды, ад самых пачаткаў нацыянальнага абуджэння і адраджэння, меў Вільню ў сваёй праграме як вельмі важны пункт. Яны ніколі пра гэта не забывалі.

Беларусы часам увогуле не ведалі, дзе яны, што яны, як яны, такой выразнай і яснай праграмы не мелі. Хоць фактычна ў міжваенны час Вільня і была сталіцай Заходняй Беларусі, але беларусы ў той момант, калі горад быў сталіцай Заходняй Беларусі, таксама складалі ў Вільні малазаўважную меншасць, хоць там гэтая меншасць даволі актыўна сябе выяўляла.

І таму сталася так, як сталася, і мы ў разьвіцці гэтай сітуацыі жывем да сёння — беларусы ў Менску, літоўцы ў Вільні. І, як нехта калісьці прыгожа сказаў: «Не важна, у чыіх руках горад, які калісьці быў ваш, галоўнае, каб ён быў у руках вашых сяброў». Я думаю, гэта вельмі важна сёння падкрэсліць.

— Ты ўжо часткова закрануў гэтае пытанне, але і пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі яшчэ рабіліся спробы нейкім чынам адрадзіць беларуска-літоўскую канфедэрацыю. Як і калі давялося адмовіцца ад мары адрадзіць ВКЛ цалкам?

— Фактычна гэтыя мары скончыліся з гэтым праектам краёўцаў. Бо тое, што пасля зрабілі бальшавікі, — так званы Літбел пад савецкім сцягам, які таксама намякае на колішнюю еднасць беларусаў і літоўцаў, у гэтым выпадку ў барацьбе супраць паноў і эксплуататараў, — гэта ўжо была бутафорыя, і самі бальшавікі ў яе моцна не верылі. Як яны не верылі і ў так званую ССРБ, абвешчаную 1 студзеня 1919 года. Яны самі не хавалі, што гэта часовыя ўтварэнні, якія ўтвараюцца і адмяняюцца па меры прасоўвання пераможнай Чырвонай Арміі на захад. Сёння Беларуская Савецкая Рэспубліка, заўтра Літбел, паслязаўтра Польская Народная Рэспубліка, а там і нямецкая, і так далей, аж да Атлантычнага акіяну, а там і Амерыка не за гарамі.

Так што і Літбел нечым фармальна і тэрытарыяльна мог нагадваць тое Вялікае Княства Літоўскае, але нічога агульнага з ім не меў, бо гэта было, па сутнасці, расейскамоўнае ўтварэнне, беларусамі там амаль і не пахла. Гэта трагікамічны фінал той ідэі. А пасля ўжо ўсе разышліся такімі дарогамі, што пытанне гэтае не ўзнікала і не ставілася.

Каментары17

  • Жора
    27.03.2024
    Шупа ліе ваду толькі на адзін млын.

    "літоўскі народ заўсёды, ад самых пачаткаў нацыянальнага абуджэння і адраджэння, меў Вільню ў сваёй праграме як вельмі важны пункт. Яны ніколі пра гэта не забывалі."

    А беларускі народ, ад самых пачаткаў нацыянальнага абуджэнні і заўсёды, хіба не меў Вільню ў сваёй праграме як вельмі важны пункт? Ці забываў хоць-калі?
  • Gorliwy Litwin
    27.03.2024
    адэкватны агляд, дзякуй
  • Літвін, гаспадар з пад Вільні
    27.03.2024
    [Рэд. выдалена]

Як хлопец з Бабруйска стаў зоркай ва Украіне5

Як хлопец з Бабруйска стаў зоркай ва Украіне

Усе навіны →
Усе навіны

«20 сутак правёў у камеры з вар'ятам без адной рукі». Маналог палітвязня, які трапіў у калонію за 8 рублёў шкоды5

Украіна страціла ўжо больш за 40% тэрыторыі, якую кантралявала ў Курскай вобласці4

60 беларускіх вёсак засталіся з-за снегападу без электрычнасці

Барабаншчыку, які вярнуўся з Грузіі, пагражае да 12 гадоў калоніі2

Машына як з-пад катка. У Лідскім раёне ў аварыі загінулі чатыры чалавекі, у тым ліку двое дзяцей

У Віцебску ставяць самую вялікую ў Еўропе навагоднюю елку2

«Калі б ён пайшоў па іншым шляху, было б па-іншаму». Камандзір Палка Каліноўскага пракаментаваў сітуацыю з Верамейчыкам28

У Францыі бацька некалькі гадоў гвалціў сваю дачку-падлетка і прапаноўваў іншым4

У Мінску ў шматпавярховіку закрылі вокны шчытамі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як хлопец з Бабруйска стаў зоркай ва Украіне5

Як хлопец з Бабруйска стаў зоркай ва Украіне

Галоўнае
Усе навіны →