«У Інданезіі спаў у настаўніцкай, а ў Малайзіі мусульманін прапаноўваў месца разам з ім у ложку». Як беларус едзе вакол свету
У апошнія пару гадоў Аляксандр Гойшык гатаваў дранікі ў Лацінскай Амерыцы, спаў у іранскай мячэці і быў абрабаваны венесуэльскай нацгвардыяй. І гэта — далёка не ўсе прыгоды беларуса, які здзяйсняе кругасветку. Распыталі Аляксандра пра дарожныя байкі і парады. Журналіст назваў таксама топ-5 краін, якія варта пабачыць.
«Па дурасці прайшоўся па Гватэмала-Сіці, адным з самых небяспечных гарадоў рэгіёна, пасля таго, як сцямнела. Ішоў і маліўся»
Аляксандру Гойшыку 37 гадоў. Падарожнічае ён з дзяцінства — маці, зацятая верніца, шмат вазіла яго ў паломніцтвы. Пазней, падчас вучобы ў Польшчы, Саша выкарыстоўваў вольны час, каб вандраваць, і паступова пашыраў геаграфію падарожжаў.
У 2012-м Аляксандр скончыў вывучаць журналістыку ў Польшчы і вярнуўся на Радзіму. У Беларусі ён працаваў на «Белсаце» і Tut.by, таксама шмат вандраваў і рыхтаваўся здзейсніць мару дзяцінства — праехаць вакол свету. Для гэтага мусіў і падзарабіць грошаў, што атрымалася зрабіць у Швейцарыі.

У сярэдзіне лістапада 2021-га беларус выбраўся ў падарожжа. Стартаваў з Польшчы, праехаў Цэнтральную, Паўднёвую Амерыку, перабраўся ў Злучаныя Штаты і потым у Новую Зеландыю. Адтуль — у Аўстралію і ў Паўднёва-Усходнюю Азію, цяпер мужчына знаходзіцца ў Тайландзе.
Багата ўражанняў у Аляксандра ад Лацінскай і Паўднёвай Амерыкі. У Гватэмале ён вучыў іспанскую мову — хапіла трох тыдняў інтэнсіўных заняткаў, каб трохі пачаць размаўляць па-іспанску і разумець мову. Пасля набыў скутар і аформіў яго на сябе.
«Недзе паўтара года я ехаў на скутары праз усю Лацінскую Амерыку, наведаў на скутары 14 краін рэгіёну, а ўвогуле — 21 тамтэйшую краіну. Даехаў да Аргенціны і Уругвая, пакінуў скутар там і пасля рухаўся без яго. Перасёк Амазонію за шэсць дзён на пароме — праплыў Французскую Гвіяну, Гаяну, Сурынам, Венесуэлу.
У Венесуэле мяне абрабавала паліцыя, забралі цэлых пяць даляраў, і гэта быў адзіны раз у Лацінскай Амерыцы, калі мяне абрабавалі.
Венесуэла — гэта такая сумная будучыня для Беларусі, калі з’ехалі ўсе, хто мог, і засталіся толькі паліцыянты, нацгвардыя і войска пад кожным кустом. Туды паехаў, каб паглядзець, як некалі самая заможная краіна рэгіёну скацілася ў максімальную галечу. Спадзяюся, што мы да такога не дойдзем»,
— дзеліцца Саша.
У Венесуэле, кажа ён, на ўсіх дарогах праз кожныя 20 кіламетраў стаяць блокпасты нацгвардыі. Афіцэры проста заходзяць у аўтобус і выбіраюць, як ім падаецца, найбольш заможных пасажыраў.

Аляксандра як замежніка таксама адправілі на выхад:
«Заводзяць у маленькі пакойчык, цалкам абшукваюць і задаюць мільён пытанняў — хто ты, што ты. Знайшлі ў мяне ў відавочнай кішэні 15 даляраў, а 50 даляраў у патаемнай кішэні не знайшлі. Яны захацелі забраць 10 даляраў — афіцэр папрасіў «невялікі падарунак для нацгвардыі», а я сказаў, што не аддам, гэта мае апошнія грошы. Афіцэр здзівіўся нахабнасці, але забраў толькі пяць даляраў і сказаў уцякаць. Пяць даляраў — гэта не так страшна, проста было стрэсава».
Да гэтага эпізоду Аляксандр ставіцца з гумарам: маўляў, пяць даляраў — не так і страшна, затое ёсць цікавы досвед, пра які цяпер можна расказваць. Усе краіны па-свойму цікавыя і незвычайныя, проста трэба ўмець да іх адаптавацца, каб знізіць шансы на небяспеку.
Ёсць месцы, дзе адчуваеш сябе небяспечна. Саша згадвае Гандурас, дзе яго знаёмых ледзь не забілі, ці бразільскія фавэлы, у якіх добра ўсведамляеш, наколькі трэба быць пільным. Але праблемы могуць быць паўсюль, трэба проста разумець правілы гульні і старацца звесці рызыку да мінімуму.
Што гэта за правілы гульні? «Не хадзіць па начах. Амаль што ўся Лацінская Амерыка, можа, за выключэннем Аргенціны і Уругвая, ноччу вымірае, там няма людзей. Адзін раз я па дурасці прайшоўся па Гватэмала-Сіці, адным з самых небяспечных гарадоў рэгіёна, пасля таго, як сцямнела. Ішоў і маліўся, бо разумеў, што сунуўся куды не трэба. Людзей у вокнах няма, вакол толькі высокія платы і калючы дрот, на вокнах краты.
У вялікіх гарадах таго рэгіёна людзі звычайна ездзяць па цемры на таксі, бо гэта можа быць небяспечна, у заможным раёне можна натрапіць на нядобрых людзей.
Злачынцы вельмі тонка адчуваюць псіхалогію, і калі ты вядзеш сябе як разгублены замежнік, яны лёгка гэта счытваюць.
Так што трэба паводзіць сябе больш упэўнена, ведаць, што робіш, і заўжды мець запасны план, а таксама мець трэцяе вока на патыліцы. Калі ты адчуваеш, што патрапіў у небяспечнае месца, лепш сысці адтуль. Не варта свяціць вялікія сумы грошай, лішні раз даставаць з кішэні пятнаццаты айфон, калі ён у вас ёсць».

«У Лацінскай Амерыцы часта выкарыстоўваюць каўчсёрфінг як гей-тындар»
Цяпер Аляксандр плануе праз Азію вярнуцца ў Еўропу, лічыць, што на гэта яму патрэбны год. Любімыя еўрапейскія краіны — Швейцарыя, Польшча і Украіна, але некалі, вядома, хочацца вярнуцца і ў Беларусь.
Вандроўнік падарожнічае бюджэтным чынам:
«Па Лацінскай Амерыцы я большую частку праехаў на скутары, таксама ездзіў на аўтобусах, Амазонію праплыў на паромах. Аўстралію і Новую Зеландыю я праехаў аўтастопам, у Паўднёва-Усходняй Азіі мой транспарт — паромы, аўтобусы, цягнікі. Самалётамі стараюся не лётаць, мая ідэя — праехаць як мага больш па зямлі».
Аўтастоп можа падацца небяспечнай і складанай з’явай, але трэба ўмець ім карыстацца, тлумачыць Аляксандр — знайсці выезд з горада, ведаць, дзе правільна стаяць на шашы, каб цябе падабралі, бо проста стаяць пасярод дарогі няма сэнсу.

«Я вандрую аўтастопам апошнія гадоў 20 і ведаю, як гэта рабіць, праехаў аўтастопам больш за 50 краін свету. Асабліва цікава было ў Аўстраліі, там збіралася вельмі шмат дарожных баек. У адным гарадку я захрас на тры дні, бо распачаўся шторм і гарадок быў адрэзаны ад цывілізацыі.
Неяк я прыехаў у аўстралійскі нацыянальны парк «Дванаццаць апосталаў» у штаце Вікторыя, там ужо быў заход сонца, вельмі прыгожы. Пачало цямнець, я шукаў месца, дзе павесіць гамак на ноч. Падышла маладая пара з Брытаніі і прапанавала лепш падвезці мяне да суседняга гарадка, там можна паспаць у парку, і гэта будзе спакайней».
Аляксандр непераборлівы падарожнік: ён абірае не шматзоркавыя гатэлі, а гамак, танны хостэл ці нават начлег у іранскай мячэці. Ён часта карыстаецца каўчсёрфінгам, то-бок сервісам бясплатнага начлегу па дамоўленасці, і называе яго цікавай магчымасцю сустрэцца з рознымі людзьмі.
Але гэта не проста спосаб сэканоміць на начлегах — трэба даваць людзям нешта ад сябе. У такіх выпадках беларус гатуе дранікі, расказвае пра падарожжы і паказвае відэа з іх.
На сайтах, дзе можна знайсці жыллё праз каўчсёрфінг, ёсць сістэма верыфікацыі людзей, апісанне ўмоў, дзе будзеш спыняцца. Хтосьці можа даць госцю асобны пакой, хтосьці з’едзе і пакіне ключы пад камнем. Здараюцца больш арыгінальныя варыянты: да прыкладу, у Інданезіі Аляксандр спыняўся ў сельскай хаце з максімальна простым бытам і ў вясковай школе, спаў у настаўніцкай.

Можна натрапіць і на яркіх гаспадароў, расказвае беларус: «Калі шукаеш начлег, можаш пабачыць дзіўныя профілі. Чалавек піша: я нудыст і хаджу аголены, калі вы прыедзеце да мяне, вам таксама трэба будзе так хадзіць.
У Лацінскай Амерыцы часта выкарыстоўваюць каўчсёрфінг як гей-тындар. Прыязджаеш да гаспадара, пачынаецца адпаведная размова, і ты спрабуеш змяніць тэму, бо разумееш, куды гэта можа ісці. Паказваю фота дзяўчыны, каб паказаць, што я не з іх каманды.
Нядаўна ў Малайзіі мне чалавек пісаў, што для мяне ў яго ёсць месца толькі разам з ім на ложку. Адказаў, што маю спальнік, і ён напісаў, што не зможа мяне прыняць. Да гэтага мне чалавек апісваў, які ён прававерны мусульманін і як трымае пост Рамадан».
«У Канберы я спыняўся ў беларускі, якая з’ехала з БССР яшчэ 40 гадоў таму і раней адчувала сябе рускай»
У кожнай новай краіне Аляксандр імкнецца сустрэць беларусаў. Пачыналася ненаўмысна — у ЗША мужчына прыехаў да сяброў-беларусаў, потым да іх знаёмых, паўсюль гатаваў дранікі і расказваў пра падарожжа. У Новай Зеландыі, Аўстраліі яго таксама прымалі беларусы — нашчадкі мігрантаў, што выехалі з краіны пасля Другой сусветнай. Аляксандр бачыў беларусаў на Балі, у Малайзіі, Гватэмале, Перу, Бразіліі, Чылі, Аргентыне, ведае некалькі беларускіх сем’яў у Мексіцы.

Які настрой у беларусаў свету? Часцей за ўсё, кажа Аляксандр, гэта людзі, якія прачнуліся пасля падзей 2020-га. Да таго яны жылі мігранцкім жыццём і не асабліва цікавіліся падзеямі ў Беларусі, часам ездзілі дахаты да бацькоў. А калі пачаліся пратэсты, людзі сталі прыходзіць да беларушчыны.
«У Канберы я спыняўся ў беларускі, якая з’ехала з БССР яшчэ 40 гадоў таму і раней адчувала сябе рускай. Яна пабралася шлюбам з вядомым савецкім вучоным, экспертам па аўстралійскіх абарыгенах, і на пачатку 90-х яны з’ехалі ў Аўстралію. Яна казала, што пасля 2020 года ў ёй прачнулася прага да беларушчыны, яна ўпершыню размаўляла са мной па-беларуску, і я быў у захапленні.
Звычайна людзі вераць, што ў Беларусі нешта раней ці пазней зменіцца, але вялікага аптымізму няма. Усе разумеюць, што гэта надоўга, трэба запасціся цярпеннем і рабіць сваё, працягваць рабіць сваё жыццё. Час на нашым баку, але я не бачыў энтузіязму ў духу «наступныя Каляды ў Мінску», — дзеліцца вандроўнік.
Аляксандр прапануе свой топ-5 краін для падарожжаў: Аргенціна, Гватэмала, Бразілія, Аўстралія, Тайланд.
Ёсць нюансы — з беларускім пашпартам цяжка трапіць у Аўстралію, а ў Гватэмале не вельмі бяспечна, трэба быць пільным. Аднак там файная прырода — вулканы, горы, нацыянальныя паркі. Гватэмальцы захавалі індзейскія культуры, там можна пабачыць індзейцаў у нацыянальных вопратках і пачуць іх мовы.
Таксама Сашы блізкая Аргенціна — самая бяспечная і прасунутая краіна ў рэгіёне з разнастайнай прыродай і добрай кухняй. І не толькі яна: «Бразілія — асобны кантынент, дзе можна вандраваць гадамі, бразільская Амазонія — увогуле іншая планета. Аўстралія вельмі разнастайная: цэнтр краіны не заселены, там ёсць маленечкія вёскі на 20-30 чалавек і ніякай цывілізацыі на бліжэйшыя 200 кіламетраў. У Аўстраліі фантастычная прырода, там вельмі цікавыя людзі».

Такі лад жыцця, запэўнівае мужчына, можа быць больш бюджэтным, чым падаецца, тым больш што ў вандроўках можна зарабляць. Аляксандр згадвае знаёмага беларуса, які падарожнічае па свеце і працуе праграмістам: удзень у яго звычайная праца, а ўвечары ён вандруе. Хтосьці шукае падпрацоўку на месцы.
Саша плануе скончыць падарожжа ў Польшчы — там жа, дзе пачынаў. Далейшых планаў не будуе, бо атрымлівае асалоду ад самога шляху, але памятае: пакуль яшчэ не атрымалася наведаць Афрыку.
«Вольнае падарожжа — гэта не так складана, як магло б падавацца. Гэта не для ўсіх, трэба мець пэўны досвед і склад характару. Але калі ўмець, можна пабачыць свет за адносна невялікія грошы. Я з маленства меў мару праехаць вакол свету і вельмі шчаслівы, што ўжо здолеў яе часткова рэалізаваць. Проста трэба ўстаць з канапы і крок за крокам ісці, насуперак усяму.
А яшчэ трэба ведаць, навошта ты гэта робіш. Калі ў цябе ёсць сумневы, няма сэнсу ўвязвацца ў гэта ўсё, бо тады некалі цябе пачнуць грызці ўнутраныя чарвякі і падарожжа перастане прыносіць ранейшую асалоду» — падсумоўвае Аляксандр.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ«З беларускім пашпартам адчувала сябе так, нібы на мне цішотка з бін Ладэнам». Беларуская пісьменніца змяніла Палессе на Новую Зеландыю
Ніякіх Турцыі, Арменіі і Казахстана. У якія краіны не варта ехаць, калі баіцеся затрымання і экстрадыцыі
«Дзень маўчання, жыллё ў гестхаусе». Як медык з Віцебска стварыў на Балі аналаг 103.by
Каментары