Грамадства1010

«Падумала, што мяне абрабавалі»: сілавікі заблакавалі карту рэпетытарцы, бо яе вучань выводзіў грошы праз крыпту

Два месяцы таму рэпетытарка з Мінска не змагла заплаціць у краме карткай. Высветлілася, праблема не ў нейкай тэхнічнай памылцы, а ў крымінальнай справе, у якую яна раптоўна трапіла. Сілавікам не спадабалася тое, што адзін з вучняў жанчыны выводзіў грошы з крыпты.

Скрыншот відэа ў тыктоку

Пра непрыемную сітуацыю настаўніца распавяла ў тыктоку. Наталля выкладае англійскую мову анлайн для дарослых з усяго свету — зразумела, што вучні, якія знаходзяцца ў розных краінах, пералічваюць ёй грошы на картку.

Непрыемнасці ў рэпетытаркі пачаліся каля двух месяцаў таму. Наталля хацела расплаціцца за пакупкі на касе ў краме, але пачула, што ў яе на картцы не хапае сродкаў. Гэта навіна здзівіла жанчыну, бо яна дакладна ведала, што грошы там ёсць.

— Я прыйшла ў шок, бо гэта мая асноўная картка, на якой я захоўвала амаль усе грошы. Я ў вельмі рэдкіх выпадках здымаю наяўныя, бо ну каму яны цяпер патрэбныя? Зараз жа ўсё можна аплаціць карткай. Падумала, што ашуканцы скралі ўсе мае грошы. Я адразу ж патэлефанавала ў банк, дзе мне адказалі, што на мой рахунак наклалі арышт па патрабаванні РУУС горада, у якім я нават не жыву.

Далей Наталля патэлефанавала ў міліцыю. Высветлілася, што арышт наклалі праз яе вучня-беларуса, які жыве за мяжой. Адзін з яго пераводаў грошай не спадабаўся сілавікам.

— Рэч у тым, што ён выводзіў сродкі з крыптавалюты, пераводзіў іх на сваю беларускую карту і ўжо з беларускай карты адпраўляў грошы мне. Я наогул не ўяўляла, што гэтыя грошы былі ў крыптавалюце да гэтага.

Як раней паведамлялася, сёлета з 1 сакавіка беларускія сілавікі з розных ведамстваў атрымалі кругласутачны доступ да плацяжоў беларусаў, а разам з тым магчымасць блакаваць аперацыю тэрмінам да 10 дзён. Улады заяўлялі, што падобныя захады дапамогуць перамагчы махляроў.

Менавіта праз гэта ў Наталлі і пачаліся праблемы.

— Я аказалася апошнім чалавекам у ланцужку з 5-6 чалавек. Гэта значыць, хтосьці камусьці перавёў сродкі, гэтыя людзі аказаліся ашуканцамі, ашуканцы вывелі грошы ў крыпту. У гэтай крыпце яны прадалі грошы іншаму чалавеку, той прадаў грошы яшчэ камусьці… Мой вучань купіў гэтую крыптавалюту, перавёў у беларускую валюту і гэтыя грошы прыйшлі мне на карту. І ў выніку мой рахунак цалкам заблакавалі.

Рэпетытарка кажа, што ўжо два месяцы не можа нічога дабіцца, колькі б ні тлумачыла сілавікам, што не мае ніякага дачынення да першапачатковых ашуканцаў. Галоўная праблема ў тым, што ёй заблакавалі не суму за адзін урок, а ўсе сродкі на карце.

— Вярніце мне грошы, якія я зарабіла, з якіх я плачу падаткі. Але мне кажуць, што гэта немагчыма, бо працэс запушчаны. І вось пакуль гэты ланцужок не развяжацца, пакуль на кожны рахунак не прыйдзе з банка інфармацыя, мне не могуць разблакаваць маю карту. Я патэлефанавала, мусіць, ва ўсе аддзелы міліцыі, ва ўсе следчыя камітэты. Засталося толькі ў Адміністрацыю прэзідэнта пісаць скаргу.

Наталля кажа, што праз гэты непрыемны выпадак перастала трымаць грошы на картцы — пакідае там максімум на адзін паход у краму, а астатняе здымае наяўнымі.

@nata_mila_english

Кто сталкивался с такой ситуацией ? Что делать ?

♬ оригинальный звук - nata_mila_english

Відэа ў тыктоку сабрала каля 235 тысяч праглядаў. У каментарыях былі людзі, якія сцвярджаюць, што таксама сутыкнуліся з аналагічнымі праблемамі. Адзначыўся яшчэ адзін рэпетытар з Мінска, якому заблакавалі картку праз маму аднаго з вучняў, якая пералічыла яму грошы на заняткі.

Раней «Наша Ніва» прасіла пракаментаваць новы закон Лукашэнкі прадстаўніка «Байпола» Станіслава Лупаносава. Той тлумачыў, што да новага закона сістэма працавала зусім інакш.

— Раней сілавікі не мелі прамога доступу да падобнага роду інфармацыі. Каб атрымаць такі доступ, следчы або аператыўнік мусіў рабіць запыт у банкаўскую ўстанову на блакіроўку або запыт звестак. Зрабіць гэта можна было толькі з санкцыі пракурора.

З 1 сакавіка, на думку былога сілавіка, сама банкаўская таямніца па факце перастала быць такой, бо сілавікі з розных ведамстваў атрымалі пастаянны доступ да новай сістэмы.

— Сістэма будзе аналізаваць плацеж. Калі яна палічыць яго падазроным, інфармацыю перанакіруюць да аднаго з сілавых ведамстваў, дзе ў ручным рэжыме нейкі сілавік будзе праглядаць, што адбываецца, аналізаваць транзакцыю. У той жа час сілавікі па ўласным жаданні змогуць дасылаць банкам патрабаванні заблакаваць рахунак той ці іншай асобы, забараніць рабіць або прымаць грашовыя пераводы.

Лупаносаў лічыў, што сілавікі змогуць выкарыстоўваць новыя магчымасці для рэпрэсій і ўскладнення жыцця частцы грамадства.

Першапачаткова паведамлялася, што сілавікі атрымаюць магчымасць блакаваць рахунак на тэрмін да 10 дзён. Але, калі меркаваць па каментарах пад відэа Наталлі, часам здараецца, што праз 10 дзён рахунак сапраўды разблакоўваюць, але ў хуткім часе блакуюць зноў.

Каментары10

  • На захадзе вольна жыве Беларус!
    28.05.2024
    Усе, хто яшчэ застаецца ў Беларусі, мусяць працаваць над планам па развіццю сваёй канкурэнтаздольнасці на сусветным рынку і рыхтавацца да ад'езду неўзабаве. Не трэба чакаць, пакуль жалезная заслона канчаткова апусціцца, і вы застанецеся сам насам з гэтымі нягоднікамі.
  • Абармот
    28.05.2024
    К сожалению, с самого начала было понятно, что закон создаст много проблем людям
  • Мінак
    28.05.2024
    Я б параіў НН спраўджваць інфармацыю і разьбірацца ў пытаньні. У гэтатй гісторыі ўсё ладна да моманту, калі нейкі там РАУС пачынае адсочваць ПЕРАПРОДАЖ КРЫПТЫ! Вы ўвогуле разумееце, аб чым кажаце? Можна адсачыць, як крыпту набылі з дапамогай беларускай карты, можна адсачыць, як крыпту вывелі на беларускую карту. Але якім чынам "сілавікі" зь Беларусі адсачылі рух крыпты ўнутры сістэмы?! На гэтым уся страшылка сыпецца.

Жыхарцы Магілёва пагражаюць крыміналкай за тое, што зняла ранішнюю чаргу ў рэгістратуру3

Жыхарцы Магілёва пагражаюць крыміналкай за тое, што зняла ранішнюю чаргу ў рэгістратуру

Усе навіны →
Усе навіны

У Пінску закрылі буйны махлярскі кол-цэнтр. Пацярпелых — амаль 50 тысяч чалавек4

Перад прыездам Лукашэнкі ў Пакістан там забаранілі агульнанацыянальны марш апазіцыі. Тысячы затрыманых5

Пачынаецца суд над святаром Генрыхам Акалатовічам. Яму пагражае да 15 гадоў

Матацыкліст зачапіў тварам дрот, нацягнуты паміж дрэў у лесе пад Гродна6

Фізічныя практыкаванні дапамагаюць аднавіць нервовыя клеткі. Вось як гэта ўдалося даказаць1

У Вільні грузавы «Боінг» упаў на двухпавярховы жылы дом і загарэўся. Ёсць загінулыя3

8 нагод наведаць самы маленькі горад Беларусі5

У Турцыі пасля пасадкі загарэўся расійскі пасажырскі Sukhoi Superjet 100. Каторы раз такое з гэтым самалётам2

Качалоўская: На «Міс Сусвет» я зразумела, што такое жаночая жорсткасць. А ў прыбіральню нас вадзілі ахоўнікі10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Жыхарцы Магілёва пагражаюць крыміналкай за тое, што зняла ранішнюю чаргу ў рэгістратуру3

Жыхарцы Магілёва пагражаюць крыміналкай за тое, што зняла ранішнюю чаргу ў рэгістратуру

Галоўнае
Усе навіны →