Што будзе з далярам у Беларусі пасля новых санкцый Мінфіна ЗША супраць Маскоўскай біржы
Мінфін ЗША ў сераду абвясціў аб увядзенні санкцый супраць Маскоўскай біржы і яе ключавых структур. Пачынаючы з 13 чэрвеня Цэнтрабанк Расіі будзе вызначаць курсы даляра і еўра адносна расійскага рубля праз пазабіржавы рынак. Пацікавіліся ў эканаміста, як на змены адрэагуе рубель беларускі.
Няма падстаў, каб рубель хутка і моцна патаннеў
«Пераход усіх разлікаў на пазабіржавы рынак як мінімум кароткачасова можа прывесці да росту кошту гэтых валют. Рызыкі ўзраслі, банкі могуць прытрымваць валюту альбо прадаваць яе па больш высокім курсе», — тлумачыць эксперт BEROC Анастасія Лузгіна.
Пры гэтым, нягледзячы на цалкам чаканую і лагічную рэакцыю рынку, эканаміст не бачыць падстаў для таго, каб расійскі рубель у сярэднетэрміновай перспектыве моцна патаннеў.
«Асноўная прычына, па якой пастаянна расце курс валюты, гэта яе недахоп. З замежнай валютай у Расіі нічога не здарыцца, яна як была, так і ёсць. Проста змяняецца механізм вызначэння афіцыйнага курсу. Яго будуць вызначаць па выніках пазабіржавых таргоў.
Біржа — гэта стабільная і афіцыйная крыніца фарміравання курсаў. Што тычыцца пазабіржавога рынку, то там можа быць большая валацільнасць. Курсавыя скокі могуць стаць больш рэзкімі», — лічыць эксперт.
Гаворачы аб кароткатэрміновых перспектывах, Лузгіна мяркуе, што курсы даляра і еўра вырастуць.
Гэтыя абмежаванні ўскосна могуць закрануць і кітайскі юань.
«Пакуль не гаварылася пра тое, што курс юаня таксама перастане вызначацца на Маскоўскай біржы, але такія рызыкі таксама прысутнічаюць, калі кітайскія контрагенты не захочуць працаваць з біржай і Нацыянальным клірынгавым цэнтрам», — лічыць эксперт.
Як усё гэта можа адбіцца на Беларусі?
Анастасія Лузгіна мяркуе, што новыя абмежаванні ў дачыненні да расійскай валюты могуць прывесці да таго, што сярод беларусаў крыху скароціцца цікавасць да расійскіх рублёў на карысць юаня, даляра і еўра, у выпадку, калі валацільнасць расійскага рубля ўзрасце.
Курс беларускага рубля адрэагуе на змены.
«У Беларусі многае завязана на расійскіх рублях, на гандлі з Расіяй. Таму тэндэнцыя ваганняў курсу расійскага рубля будзе адбівацца на пары беларускі рубель/даляр ЗША.
Але, як і раней, ваганні для беларускага рубля будуць больш плаўнымі. Калі, напрыклад, расійскі страціць 10% да даляра, то гэта не значыць, што беларускі таксама патаннее менавіта на 10%. Але тэндэнцыі будуць аналагічнымі», — лічыць эксперт.
Таму эканаміст не выключае, што ў выніку новых санкцый наш рубель можа крыху аслабець адносна даляра ЗША, але пры гэтым умацавацца да рубля расійскага, як гэта ўжо неаднаразова адбывалася.
Хістанні адчувальныя для экспарту
Эканоміка Расіі застаецца эканомікай з падвышанымі рызыкамі.
«Нават з улікам таго, што бягучая нервовасць расійскага валютнага рынку не будзе моцнай і мае кароткатэрміновы характар, яна ўсё роўна адаб'ецца на цэнах імпарту. Частка імпарту, якая набываецца за даляры, будзе крыху даражэць. Паралельна расійскія тавары ў Беларусі могуць нават патаннець у выпадку ўмацавання беларускага рубля да расійскага.
Але тады расіянам будзе менш выгадна купляць нашу прадукцыю, па гэтай прычыне беларускі экспарт вельмі адчувальны да такіх зменаў.
Такім чынам, хоць уведзеныя абмежаванні наўрад ці доўга будуць уплываць на курсы валют, але гэтая сітуацыя добра ілюструе рызыкі працы з краінай, на якую ўвесь час накладваюцца новыя санкцыі».
Каментары
где будут стоять валютчики.
В помощь людям!