Давыдзька, Ананіч, Піневіч. Дзе цяпер збітыя лётчыкі лукашэнкаўскай наменклатуры?
Яшчэ зусім нядаўна яны займалі камандныя высоты ў сістэме, як раптам трапілі ў кар'ерныя ямы, з якіх ніяк не могуць выбрацца.
Лілія Ананіч
Лілія Ананіч — некалі відная асоба сістэмы Лукашэнкі, адказная за ідэалагічны фронт, міністр інфармацыі з 2014 па 2017 год. Некаторыя прадказвалі ёй кар'ерны ўздым і нават пасаду віцэ-прэм'ера.
Але закат міністарскай кар'еры супаў з наборам вагі Наталляй Качанавай, якая, па чутках 2017 года, і прыклала руку да выкідвання па сённяшніх мерках лібералкі Ананіч.
Ужо тады здавалася, што гэта канец — пасля яе вышынь Ананіч прапанавалі нізкастатусную працу на факультэце журналістыкі БДУ, ад якой яна адмовілася. У выніку засталася на малахлебнай, прадстаўнічай пасадзе начальніцы Беларускага саюза выдаўцоў і распаўсюджвальнікаў друку.
Але ў 2019-м пра яе ўспомнілі і знайшлі прымяненне, адправіўшы ў Палату прадстаўнікоў. Там Ананіч са скуры лезла, дэманструючы сваю лаяльнасць. Узносіла менеджарскі талент Лукашэнкі, нахвальвала мадэль і пагаджалася з рэпрэсіямі.
Але гэта не дапамагло. У новы склад парламента Ананіч не паклікалі.
Барометр чыноўніцкай важнасці — БелТА — апошні раз цытаваў Ананіч яшчэ ў 2023. А ў сакавіку 2024 Ананіч атрымала апошні знак увагі ад дзяржавы — медаль «За бездакорную службу» III ступені з рук Лукашэнкі. Больш БелТА Лілію Ананіч не згадвала.
Праглядзеўшы сацыяльныя сеткі былой міністаркі, можна зрабіць выснову, што Ананіч ператварылася ў вясельнага генерала для масоўкі на трэцярадных падзеях.
Яе запрашаюць госцем туды, куды салідныя прадстаўнікі дзяржавы не ходзяць: на прыём муфція з нагоды Курбан-Байрам, паседжанні «рады маральнасці» і таму падобнае.
Паміж справаздачамі Ананіч успамінае мінулае і рэпосціць падзеі мінулых дзён, калі была запатрабаваная ў колах вышэйшай наменклатуры.
Дзмітрый Піневіч
У Піневічу, які з 2020 па 2024 быў міністрам аховы здароўя, бюракрата-кар'ерыста больш, чым доктара.
Ён працаваў у Дзяржкантролі, узначальваў камітэт па ахове здароўя Мінгарвыканкама, дубляваў міністраў Васіля Жарко і Уладзіміра Караніка.
Быць прызначаным міністрам у канцы 2020-га — азначае прайсці строгі кадравы адбор. І Піневіч прайшоў яго: працягнуў лінію Караніка на замоўчванне небяспекі каранавіруса, спрычыніўся да тысяч неабавязковых смерцяў, прыклаў руку да палітычных чыстак. Дзейнічаў роўна так, як патрабавала ўлада.
Звальняючы Піневіча, Лукашэнка казаў, што «хоча, каб людзі ведалі, што гаворка не аб нейкім вызваленні Піневіча ад пасады. Проста я яго бачу на іншай пасадзе. Ён будзе працаваць на іншай пасадзе».
Але з тых часоў былы міністр нідзе на значнай дзяржаўнай рабоце так і не ўсплыў, што ўжо выглядае як пляма на прафесійнай біяграфіі — на пенсію 56-гадоваму Піневічу яшчэ рана.
Генадзь Давыдзька
Давыдзька — важная постаць у сістэме Лукашэнкі. Звонку часта камічны і непаслядоўны, гэты акцёр размоўнага жанру зрабіў добрую кар'еру, не даўшы нагоды ў сабе сумнявацца: начальнік БТ, кіраўнік «Белай Русі», сенатар.
Давыдзька па-рознаму выказваў свае глыбокія пачуцці да ўлады, нават гуляўся з рыфмамі ў аўтабіяграфічных вершах.
Чытайце таксама: «Человек — пи…ец природы»: выйшла кніга прозы і паэзіі старшыні БТРК Генадзя Давыдзькі
Але пасля сканчэння дэпутацкай кадэнцыі Давыдзька знік. Яго можна было б чакаць на канале АНТ, але той аддалі не яму, а Ігару Луцкаму.
БелТА апошні раз успамінала пра Давыдзьку ажно ў кастрычніку 2023-га.
Там жа можна ўбачыць намёк на магчымую далейшую кар'еру Давыдзькі, якую ён пракладваў сабе з сенатарскага крэсла: «Саюзныя парламентарыі ўказалі на неабходнасць паскорыць выкананне даручэння Лукашэнкі аб медыяхолдынгу саюзнай дзяржавы», — перадапошняе паведамленне са згадкай Давыдзькі.
Ясна, куды цэліў Давыдзька — заняць пасаду ў новай, вялікай прапагандысцкай сінекуры. Там жа магла б, дарэчы, атабарыцца і Ананіч — гэта была б лагічная траекторыя працягу кар'ер абаіх збітых медыялётчыкаў.
Але па нейкіх прычынах гэтага дагэтуль не адбылося. Магчыма, не апошнюю ролю тут грае меркаванне сакратара гэтак званай «саюзнай дзяржавы» Дзмітрыя Мезенцава, які адначасова можа мець сваіх фаварытаў на хлебнае месца ў Расіі.
Каментары
Падаецца, што першае, што зробяць улады Новай Беларусі - гэта моцна парэжуць пенсіі ўсім падобным служкам рэжыму да ўзроўню, які тыя сапраўды заслужылі. А астатняе зробяць грамадзянскія пазовы ад дзеячоў культуры Беларусі, якім Ананіч і ёй падобныя наўмысна забаранялі працаваць.