Гісторыя77

Уваход у метро ў глушы. Гісторыя аднаго з самых незвычайных здымкаў Мінска

Паглядзіце, як сёння выглядае месца, дзе калісьці атмасферна сутыкалася сучаснасць з гарадской архаікай.

Выхад з мінскага метро. Фота: vuho.livejournal.com

Недзе з 2011 года ў інтэрнэце перыядычна ўсплывае рэтра-здымак, на якім у цёплым святле вечаровых ліхтароў зняты прыватны сектар проста каля выхаду з Мінскага метрапалітэна.

Мастацкую выразнасць здымка ўзмацняе дысананс спалучэння метро, якое асацыюецца з прагрэсам, шумнымі натоўпамі і шчыльнай гарадской забудовай, і некалькіх старасвецкіх аднапавярховых камяніц з закладзенымі вокнамі, якія выклікаюць адчуванне занядбанасці і глыбокай правінцыйнасці.

Цяжка паверыць, што ў сучасным Мінску маглі быць такія мясціны. І навошта было цягнуць метро ў такую глуш?

Разгадку, дзе быў зняты гэты выхад з метро, адшукалі амаль адразу, як фота было апублікавана. Сёння ж пазнаць гэтае месца амаль немагчыма. 

Сучасны здымак выхаду з метро з таго ж ракурсу. Фота з сацсетак

Здымак зроблены на выхадзе са станцыі метро «Інстытут культуры» з боку вуліц Магілёўскай і Слонімскай у 1989 годзе. Часта можна сустрэць інфармацыю, што здымак 1991 года, але на той час, як адзначаюць краязнаўцы, там ужо нічога старога не засталося.

Справа ад здымка размяшчалася вядомая сваёй парай чыгуначная лазня. Наперадзе, калі звярнуць направа каля ліхтара, пачынаецца вуліца Слонімская, якая трохі далей перасякае вуліцу Магілёўскую.

Шмат пытанняў выклікаў знак са шклянкай і кранам. Тут не было калонкі, але знак пазначаў месца, дзе ў палатцы прадавалі піва. За ім сюды бегалі людзі з лазні, а таксама заходзілі пасажыры з прыпынку электрычкі «Інстытут культуры», размешчанага непадалёк, і многія іншыя, хто хацеў наталіць смагу.

Аляксандраўскі вакзал у пачатку XX стагоддзя. Фота: pastvu.com

Аднапавярховыя будынкі ў кадры ў «цагляным стылі» былі ўзведзены ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя, калі ў гэтым месцы размяшчаўся Аляксандраўскі, ці Брэсцкі чыгуначны вакзал. Драўляны вакзал быў пабудаваны ў 1871 годзе разам з другім участкам Маскоўска-Брэсцкай чыгункі, якая пралягала праз Мінск. 

Дугападобная траса Койданаўскага тракта на карце 1934 года. Фота: Wikimedia Commons

Вакол станцыі на месцы фальварка разраслося прадмесце Добрыя Мыслі, уздоўж чыгуначных пуцей вырасталі розныя як жылыя, так і гаспадарчыя пабудовы, звязаныя з функцыянаваннем чыгункі. Тут, каля вакзала, па Койданаўскім тракце захоўваўся пераезд праз чыгунку, неабходнасць у якім адпала, калі быў пабудаваны Бетонны мост па суседняй Маскоўскай вуліцы.

У міжваенны час мінскі чыгуначны вузел страціў сваё значэнне, Брэсцкі вакзал быў закрыты ў 1928 годзе, а ў час вайны згарэў і больш не аднаўляўся.

Месца, дзе быў пабудаваны выхад з метро, на аэрафотаздымку 1940-х гадоў

У другой палове XX стагоддзя былое прадмесце сталі забудоўваць пад вялікі жылы раён. Але дагэтуль дзе-нідзе засталіся фрагменты той былой сядзібнай забудовы — пераважна ў кутках каля чыгункі. 

Менавіта на рагу Койданаўскага тракта і Слонімскай вуліцы знаходзіліся два мураваныя дамкі, якія трапілі ў кадр вядомага фотаздымка. Праўда, сам тракт у кадр не трапляе, бо праходзіў акурат за дамкамі. Ужо на картах 1970-х гадоў гэты ўчастак тракта пазначаны як частка Магілёўскай вуліцы.

У кадры ж мы бачым толькі працяг старой трасы вуліцы Магілёўскай, якая пралягала ўшчыльную да чыгуначных пуцей. 

Карта раёна 1970-х гадоў. Два мураваныя (рудым колерам) дамкі злева ад выгіну Магілёўскай вуліцы — тыя самыя, што трапляюць у кадр

Пры будаўніцтве новага жылога раёна мясцовую планіроўку істотна перакроілі савецкія горадабудаўнікі. Пад Магілёўскую вуліцу была прабітая абсалютная новая траса, якая была працягам Аранскай вуліцы. Новая траса прайшла паралельна старой, але на значным аддаленні ад чыгункі, а старая траса не стала вуліцай з новай назвай, а проста знікла з карт. Толькі каля сённяшняга Цэнтральнага аўтавакзала ўздоўж чыгункі застаўся кавалак старой трасы, стварыўшы геаграфічны казус — скрыжаванне вуліцы Магілёўскай з вуліцай… Магілёўскай.

Будаўніцтва абаротнага тупіку станцыі метро «Інстытут культуры». 1982 — 1983. Фота: pastvu.com

Сюды ж правялі першую галіну Мінскага метрапалітэна. Будаўніцтва станцыі «Маскоўская» і аднайменнага электрадэпо ў гэтым месцы пачалося ў 1979 годзе. Але пасля назву змянілі па назве суседняй ВНУ на «Інстытут культуры», а станцыя «Маскоўская» «пераехала» ў бок Масквы, спарадзіўшы тапанімічную блытаніну.

Тыповая забудова пры чыгунцы. Раён каля Брэсцкага вакзала ў час нямецкай акупацыі, 1941. Сёння тут незабудаваная паласа паміж Суражскай вуліцай і чыгуначнымі пуцямі. Фота: pastvu.com

Ствараўся новы дарожна-транспартны вузел вакол Бетоннага моста. Калі з аднаго боку знікла траса Койданаўскага тракта і ссунулася падалей ад чыгункі Магілёўская вуліца, то на іншым зрабілі наадварот — бліжэй да чыгункі прабілі працяг Суражскай вуліцы аж да Вакзальнай.

Уся шчыльная забудова пры чыгунцы пайшла пад знос, у тым ліку прыгожы дарэвалюцыйны будынак чыгуначнай школы. Апошні, праўда, без асаблівай патрэбы — сёння на гэтым месцы аўтастаянка. 

Знесены будынак дарэвалюцыйнай чыгуначнай школы на іншым баку ад чыгункі. Фота: pastvu.com

Старыя камяніцы з нашага фота таксама знеслі ў хуткім часе пасля таго, як гэты здымак быў зроблены. Іх знеслі, калі будавалі офісны будынак па новай Магілёўскай. Будоўля вялася па іншы бок колішняга Койданаўскага тракта ад камяніц, так што калі б не аўтамабільная паркоўка для офіса, то гэтыя дамкі мелі ўсе шанцы дажыць да нашага часу.

Мясцовасць змянілася да непазнавальнасці: зніклі не толькі камяніцы, але і старыя дрэвы, а сам пераход перажыў рэканструкцыю — на яго пасадзілі непрывабную канструкцыю з полікарбанату, металічных касет і прафнасцілу. 

Пазнаць мясцовасць дазваляе толькі слуп ліхтара на ўсё тым жа аднабокім фундаменце — ён адзіны, што не замянілі ў гэтым месцы за 35 гадоў.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары7

  • Старкову
    28.07.2024
    Anatol Starkou, прыяжджай у Беларусь, адсядзіш у калоніі за каментары на экстрэміскім сайце.
  • Anatol Starkou
    28.07.2024
    Самі язджайце. Нажарэціся заходняй дэмакратыі па самае не магу і язджайце. А я ад яе яшчэ дэмакратычны кайф лаўлю. Не нажраўся пасля бел-чырвона-белай.
  • Ваўкалак
    28.07.2024
    Anatol Starkou, стары, закусвай, бо цябе ўжо ад першай несьці пачынае.

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»17

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Усе навіны →
Усе навіны

З кавай, цукеркамі і касметыкай: выбіраем адвэнт-календары, зробленыя ў Беларусі6

Жыхара Брэста, які хадзіў на палітычныя працэсы, асудзілі на сем гадоў5

Зяленскі пазбавіў звання заслужанай артысткі спявачку, з якой спяваў Лукашэнка10

Жонка Верамейчыка: Паспеў напісаць дачцэ адно слова — дэпартацыя1

У Беларусі забаранілі маркіза дэ Сада і гісторыю Беларусі19

Расія з сакавіка паставіла Паўночнай Карэі мільён барэляў нафты — гэта ў 10 разоў больш, чым афіцыйна летась1

«Белавія» праводзіць распродаж квіткоў. Што можна ўзяць па акцыі?

Лукашэнка прапанаваў вярнуць Лінгвістычнаму ўніверсітэту ранейшую назву32

Пачаўся суд над кіраўніком ліквідаванай партыі «Зялёныя» Дзмітрыем Кучуком

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»17

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Галоўнае
Усе навіны →