Дзяніс Мельянцоў і яго рэалпалітык: ён сапраўды памяняў погляды ці проста раней маскіраваўся?
Да 2011 года палітолаг Дзяніс Мельянцоў быў выразна крытычны да рэжыму, а пасля — паступова, але выразна і, нарэшце, публічна — перамяніўся ў прыхільніка палітычнага курсу Лукашэнкі. Адны яго былыя сябры цяпер сядзяць у турмах, другія перасталі падаваць яму руку. А сам ён пераехаў жыць у лес. Пра што гэта гісторыя і чаму яна нас вучыць? «Наша Ніва» сабрала меркаванні людзей, якія працавалі ці вучыліся з Мельянцовым.
Прафесія палітычнага аналітыка стала адной з самых небяспечных у Беларусі.
У студзені 2024 года 20 аналітыкаў атрымалі гіганцкія завочныя тэрміны турэмнага зняволення. Сярод іх 11 гадоў зарабіў былы дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS, не блытаць з БИСИ) Пятро Рудкоўскі і 10 гадоў — дырэктар Інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.
А былая выканаўчая дырэктарка BISS Таццяна Кузіна атрымала 10 гадоў рэальнай калоніі па іншай справе. Столькі ж далі рэдактарцы сайта «Наша меркаванне» Валерыі Касцюговай.
Але небяспечная яна не для ўсіх. 43-гадовы Дзяніс Мельянцоў топча зусім іншыя сцежкі і атрымлівае асалоду ад жыцця ў сваім доме сярод чабароў смалявіцкага бору.
Разыходжанне траекторый пачалося ў 2011 годзе — годзе, калі над грамадзянскай супольнасцю ўпершыню навіс дамоклаў меч масавых рэпрэсій.
Першым эвалюцыю Мельянцова заўважыў праніклівы Сяргей Чалы. Ён пачаў троліць Дзяніса ў фэйсбуку, высмейваючы яго шпагаты, яшчэ ў сярэдзіне 2010-х. Многія сябры і калегі — у тым ліку тыя, якія цяпер палітзняволеныя — баранілі Мельянцова ад з'едлівасці Чалага, бачылі ў пазіцыях Дзяніса цікавую і палітычна апраўданую гнуткасць.
«Малады фронт» і актывізм
Дзяніс Мельянцоў нарадзіўся ў 1980 годзе ў Магілёве. Вырас у сям’і швачкі і мантажніка. Сам жа пайшоў па шляху навукі. Скончыў гістарычны факультэт у мясцовым універсітэце.
Ігар Марзалюк быў ягоным кіраўніком дыплома. І шмат у чым Дзяніс фарміраваўся пад уплывам Марзалюка, ён сам пра гэта гаварыў.
Да таго як перабрацца ў сталіцу, Мельянцоў быў адным з лідараў магілёўскага «Маладога фронту».
«Мельянцоў быў шчырым маладафронтаўцам, размаўляў па-беларуску. Такі абсалютна прабеларускі і прадэмакратычны, нашых пазіцый. Удзельнічаў у акцыях і кампаніях, рэдагаваў газету, заўсёды быў генератарам ідэй», — згадваюць былыя маладафронтаўцы, якія перасякаліся з Мельянцовым у Магілёве.
«Малады фронт» быў адной з самых вядомых нацыянальных арганізацый у горадзе, таму, на думку знаёмых, не дзіва, што хлопца з цікаўнасцю да беларускай гісторыі занесла менавіта туды.
У 90-х і нулявых у Магілёве ў прынцыпе з’яўлялася нямала незалежных супольнасцяў. Чаго толькі вартае аб’яднанне «Кола сяброў», якое з 1995-га да 2006 год, пакуль улады яго не ліквідавалі, было цэнтрам культурнага гарадскога жыцця.
У пачатку нулявых там жа паўстала «Новая зямля», якая пазіцыянавала сябе як новы хаб. Пляцоўка праіснавала некалькі год, і да яе дзейнасці яшчэ паспеў прыкласці руку Мельянцоў, але неўзабаве цалкам пераключыўся на навуку.
У магістратуру ён паступіў у Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, а пасля закрыцця ЕГУ ўсіх студэнтаў перавялі ў магістратуру Віленскага ўніверсітэта (Інстытут палітычных навук і міжнародных адносін) там ён і абараніў магістарскую.
Ад узлёту з «Мінскім дыялогам», Макеем і Лукашэнкам да падзення
Некалькі гадоў Мельянцоў выкладаў у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ў Вільні, пасля звольніўся адтуль разам з групай іншых выкладчыкаў — іх не задавальняла, што кіраўнікі праграмаў прызначаюцца, а не абіраюцца дэмакратычным шляхам, што кіраўніцтва замянілі нават без размовы з калектывам. Адначасова тады былі звольненыя Андрэй Казакевіч, Андрэй Ягораў, Аляксей Дзермант, Сяргей Богдан і Таццяна Вадалажская ды іншыя. Як бачым, тады разам працавалі дыяметральна розныя людзі.
Менавіта Мельянцоў тады настаяў, каб вынесці канфлікт у публічную сферу. Некаторыя людзі ў ЕГУ лічаць, што тады ў Мельянцова быў «схаваны план», але цяжка сказаць, ці так гэта.
43-гадовы Андрэй Казакевіч у студзені 2024 года быў асуджаны «па справе аналітыкаў» да 10 гадоў зняволення завочна, а 50-гадовая Таццяна Вадалажская адбывае «хімію» па артыкуле 342. Дзермант стаў адным з крыважэрных рупараў рэжыму, які карыстаецца абсалютным даверам спецслужбаў. Сяргей Богдан перажыў эвалюцыю ў бок памяркоўнага лукашэнкафэрштэерства, але застаецца выкладаць на Захадзе. Андрэй Ягораў пайшоў у апазіцыйную палітыку.
Цікава, што ў Цэнтры еўрапейскай інтэграцыі пры ЕГУ Мельянцоў нейкі час працаваў пад кіраўніцтвам Юрыя Шаўцова — які з часам стане адным з рупараў еўразійства і штатных прапагандыстаў дзяржаўных СМІ.
У Беларусі ж Мельянцоў амаль дзесяцігоддзе адпрацаваў у Беларускім інстытуце стратэгічных даследаванняў (BISS), старшым аналітыкам. Яму пашанцавала трапіць туды ў самым пачатку, калі ім кіраваў выбітны навуковец — Віталь Сіліцкі.
«У 2007 годзе засноўваецца новы аналітычны цэнтр — BISS, які ўзначальвае выбітны навуковец (ужо вечнай памяці), доктар паліталогіі Віталь Сіліцкі. Патрэбна было хутка набраць каманду. Малады беларускамоўны выкладчык паліталогіі ў ЕГУ, то-бок Мельянцоў, быў заўважаны Сіліцкім і запрошаны да супрацоўніцтва. Адна асоба, якая стаяла ля вытокаў інстытута, згадвала такое выказванне Сіліцкага пра Мельянцова: «Добры хлопец, але трошкі не стае яму заходняй адукацыі».
Сіліцкі моцна паўплываў на станаўленне Мельянцова як аналітыка. Ён ды іншыя людзі з асяродку BISS падбівалі яго і на абарону дысертацыі на Захадзе, бачылі ў ім патэнцыйнага пераемніка Сіліцкага, які заўчасна захварэў на рак. Але доктарскай Мельянцоў так і не абараніў. Як кажа яго іншы былы калега, «ён не бачыў для сябе будучыні ў акадэмічнай кар'еры — не хацеў выкладаць».
Як у часы Сіліцкага, так і на пазнейшым этапе Мельянцоў курыраваў міжнародную тэматыку, і рабіў гэта, я лічу, на добрым узроўні», — рэканструююць падзеі тых год экс-калегі па BISS.
У BISSе Дзяніс Мельянцоў працаваў да таго часу, пакуль акадэмічным дырэктарам установы быў Аляксей Пікулік, які цяпер працуе дырэктарам Danone Belarus — на пазіцыі, якая наўрад ці можа не ўзгадняцца беларускімі спецслужбамі. Калі ў 2018 годзе дырэктарам BISSа стаў філосаф Пятро Рудкоўскі і памяняў курс, Мельянцоў звольніўся і перайшоў у ініцыятыву «Мінскі дыялог».
Цяпер 46-гадовага Пятра Рудкоўскага асудзілі на 11 гадоў зняволення завочна, па справе, па якой праходзілі яшчэ 19 палітычных аналітыкаў.
Іх асудзілі па самых розных артыкулах: змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам, удзел у экстрэмісцкім фарміраванні, дзеянні на шкоду нацыянальнай бяспецы Беларусі, заклікі да санкцый, распальванне варожасці…
Прафесія палітычнага аналітыка, такім чынам, стала адной з самых небяспечных у Беларусі.
Пісаць для праекта «Наше мнение», заснаванага ў 2003 годзе Сяргеем Панькоўскім, Святланай Навумавай, Аляксандрам Фядутам і Ірынай Бугровай, Мельянцова паклікалі, бо звярнулі ўвагу на ягоныя нататкі ў ЖЖ. Заўважыла яго тагачасная рэдактарка сайта Валерыя Касцюгова.
(Цяпер 56-гадовая палітолаг таксама палітзняволеная, асуджаная на 10 доўгіх гадоў па адной справе з Кузінай.)
Такім чынам Мельянцоў хутка ўліўся ў экспертны асяродак.
Былыя калегі адзначаюць, што да 2011 года Мельянцоў быў выразна крытычны да рэжыму, а пасля паступова стаў ператварацца ва ўмеранага прыхільніка палітычнага курсу Лукашэнкі.
Хаця ёсць і іншае меркаванне: і да 2011 года на 100% ніхто не ведаў, што было на ўме ў Мельянцова. Знаёмыя заўважаюць, што ён ніколі не быў да канца шчырым у прыватнай камунікацыі. «Ён нават глядзеў на цябе з такім недаверам, нібы скануючы. Такі кантраст з абсалютнай адкрытасцю Віталя [Сіліцкага]», — кажа сведка тых дзён.
«Пра тое, чаму ён перайшоў у прадзяржаўную абойму, можна пачуць рознае: завербаваны з боку КДБ, праплочаны беларускім Міністэрствам замежных спраў і гэтак далей. Мяне крыху здзіўляе, што амаль ніхто не дапускае, што чалавек сапраўды мог змяніць свае погляды. Такое таксама магчыма. Калі гэта так, то збліжэнне з тым самым МЗС магло наступіць у выніку супадзення поглядаў, а не ў выніку «вярбоўкі», — выказвае згадку адзін з калег.
Пад збліжэннем з МЗС маецца на ўвазе найперш пачатак працы Мельянцова ў «Мінскім дыялогу».
«Дыялог» стартаваў яшчэ ў 2015 годзе ў фармаце экспертнай ініцыятывы па тэматыцы міжнародных адносін і бяспекі ва Усходняй Еўропе. Гэткая задумка стварэння пляцоўкі для дыскусій па тэме, якая вырасла на падставе «Ліберальнага клуба». За абедзвюма назвамі стаяў палітолаг Яўген Прэйгерман, хаця былі меркаванні, што прэйгерманаўскі «Дыялог» — праект былога міністра Уладзіміра Макея. Крытыкі абвінавачвалі «Мінскі дыялог» у адбельванні рэжыму ў вачах Захаду.
Так ці інакш, справы ў іх пайшлі жыва: форумы ініцыятывы ў 2018—2019 гадах наведваў Лукашэнка, і неўзабаве «Мінскі дыялог» здабыў статус навукова-асветніцкай установы «Рада па міжнародных адносінах».
Мельянцоў быў відавочна задаволены сабою і сваёй новай роляй.
«Калі ён перайшоў у «Мінскі дыялог», адчувалася грэблівае стаўленне не толькі да палітычных праціўнікаў Лукашэнкі, а ўвогуле да ўсіх, хто здаваўся не такім паспяховы, як ён. У Дзяніса было адчуванне, што менавіта ён займаецца рэальнымі рэчамі — палітыкай з МЗС, а ўсе іншыя — убогія ідэалісты, якія толькі пад нагамі блытаюцца», — кажуць былыя паплечнікі.
«Ён называў тое, чым займаўся, «рэалпалітык», але фактычна гэта быў жорсткі, прагматычны падыход, у якім няма месца клопату аб правах чалавека, дэмакратыі і гуманнасці», — адзначае іншы чалавек.
Да 2020-га нават агучвалася шматнадзейнае — выкарыстоўваць Мінск і пляцоўку форуму як «Хельсінкі-2», дзе Расія магла б размаўляць з Захадам. Але масавыя рэпрэсіі, якія разгарнуліся ў Беларусі, і суўдзел ва ўварванні ва Украіну ўсе гэтыя мары перакрэслілі. Адно з апошніх буйных мерапрыемстваў «Мінскага дыялогу», напрыклад, гэта канферэнцыя «Аб’яднаўчы патэнцыял ШАС у шматпалярным свеце». Гэта дыялог, у якім больш няма месца для дыскусій.
«Я лічыў Дзяніса аналітыкам да восені 2020 года»
Такая пазіцыя Мельянцова зрабіла яго для некаторых былых калег таксічным.
«Я лічыў Дзяніса аналітыкам да восені 2020 года. Да моманту, калі ён пачаў пісаць, што ў акцыях пратэсту ўдзельнічаюць падрыхтаваныя ва Украіне баевікі. Адмыслова робяць правакацыі і гвалт супраць сілавікоў. Доказаў у яго не было ніякіх. А калі чалавек пад выглядам аналітыкі публікуе выдумкі, якія нічым не абгрунтаваныя, і падае іх як факт, то ён перастае быць аналітыкам», — каментуе адзін з суразмоўцаў.
Палітзняволены філосаф і палітолаг Уладзімір Мацкевіч называў Мельянцова такім жа пярэкрутам, як, напрыклад, Аляксея Дзерманта ці Пятро Пятроўскага.
«Камунікацыя сярод беларускіх аналітыкаў і экспертаў, вядома, працягваецца, ёсць супольныя чаты, але ніхто сёння не прызнае Мельянцова і Прэйгермана незалежнымі спецыялістамі. Ёсць кансэнсуснае меркаванне: мы не лічым іх часткай экспертнай аналітычнай супольнасці».
«Стаўленне Мельянцова да катаванняў падчас падаўлення пратэстаў або да расійскай агрэсіі, вядома, шмат каго адштурхнула ад яго. Ён імкнуўся або прыменшыць значэнне ўсяго гэтага або тлумачыць гэта ў катэгорыях «рэалпалітыкі». Такое ўжо было занадта», — дадае яшчэ адзін суразмоўца.
«Гвалт працуе. Дзяржава была нетыпова ліберальнай як мінімум гадоў пяць да гэтага. Гэта прывяло да фармавання ў некаторых грамадзян ілюзіі слабасці ўлады і ўсёдазволенасці… Шмат у чым вынік у крытычны перыяд вызначыла асоба лідара. Ён даў зразумець (і заўсёды гэта рабіў), што нікуды не збяжыць і будзе стаяць у адным шэрагу з сілавікамі», — падсумоўваў Мельянцоў год пасля апошніх выбараў.
«У Расіі прыдумалі тэрмін «вялікая дыфузія», калі былыя апазіцыянеры пад уплывам тых ці іншых абставін ці стымулаў станавіліся прыхільнікамі аўтарытарнага рэжыму. Тое самае адбылося з многімі з «пакалення 2000-х» у Беларусі. Такую эвалюцыю перажылі Дзермант, Пятроўскі. Той жа Прэйгерман таксама пачынаў з Раманчуком, АГП, перш чым аказацца запатрабаваным ведамствам Макея», — кажа былы калега Мельянцова.
Чым аналітык займаецца сёння?
Кірунак прац Мельянцова звужаўся паралельна з тым, як звужалася разнастайнасць міжнароднай палітыкі Беларусі. Так, ён працягвае весці, напрыклад, свой тэлеграм-канал «Беларусь у рэальнай палітыцы» з разважаннямі на розныя бягучыя тэмы — ад падзей у Курскай вобласці да вынікаў візіту Пуціна ў Мінск. Твары ж «Мінскага дыялогу» з’яўляюцца ў эфіры ў штотыднёвых падкастах «Апошні панядзелак» ці падобным праекце, з тымі ж удзельнікамі — «Кава — Post Scriptum».
Будучы раней нярэдкім госцем на Tut.by ці «Еўрарадыё», цяпер аналітык дае інтэрв’ю АНТ і «Мінскай праўдзе». У сітуацыі, калі незалежныя СМІ маюць статус экстрэмістаў і працуюць з выгнання (як і многія незалежныя аналітыкі), прапаганда і Мельянцоў знаходзяць адзін аднаго.
«Ён перастаў быць аналітыкам, бо ў публічнай прасторы я не бачыў асабліва новых яго даследаванняў. Ён, хутчэй, стаў публіцыстам ці, як сказалі б хейтары, прапагандыстам», — абвінавачваюць былыя калегі.
Затое, дзякуючы абранаму боку, палітолаг можа разам са сваёй сям’ёй заставацца ў Беларусі. Мельянцоў жанаты з сацыёлагам Аленай Арцёменка, у мінулым — таксама аналітыкам BISS і даследчыцай у «Гендарных перспектывах», што займаліся пытаннямі хатняга гвалту і дыскрымінацыі жанчын. Улады гэтую арганізацыю ліквідавалі, як і многія НДА, пасля 2021-га.
Сям’я Мельянцовых перабралася жыць на ўлонне прыроды — у вёску Журавок, што ў Смалявіцкім раёне.
«У раннім дзяцінстве я шмат часу праводзіў у бабулі і дзядулі ў вёсцы. І жыццё на прыродзе заўсёды моцна мяне вабіла. Мне хацелася менавіта адасобленага жыцця на прыродзе, каб быў абавязкова лес і прастора, шмат зямлі і ніякіх суседзяў», — тлумачыў свой выбар Мельянцоў.
Любоў да прыроды ў палітолага праяўляецца і ў нямірным рэчышчы. Валодаючы самазарадным гладкаствольным ружжом з паляўнічым прыкладам «Сайга-12», Мельянцоў любіць пастраляць жывёл. Таксама на ім зарэгістраваны рэвальвер Umarex Röhm RG59. Вобраз «бэд гая» дапаўняе выбар маркі машыны — Kia Retona — і 19 адміністрацыйных парушэнняў па лініі ДАІ, па інфармацыі Belpol.
Пасля 2020 года аналітыку Мельянцову прыйшлося заняць адназначную пазіцыю — унутры Беларусі цяпер не дапускаецца існаванне адценняў. Таму ў сваіх тэкстах ці падкастах эксперты «Мінскага дыялогу» не дазваляюць сабе ацэнкі дзеянняў Лукашэнкі і асноўных кірункаў дзяржаўнай палітыкі — якімі б яны ні былі.
Так ці інакш, калі ў 2013-м годзе ён яшчэ абмяркоўваў плюсы далучэння Беларусі да ЕС на кантрасце з партнёрствам з Расіяй, то цяпер дазваляе сабе разважаць пра нацыяналізацыю замежных кампаній і ўзмоцнены паток іракскіх мігрантаў як правільны адказ на «ўмяшанне ва ўнутраныя справы апошняй суверэннай краіны ва Усходняй Еўропе». Тым часам у турмах гэтай самай суверэннай дзяржавы сядзяць у тым ліку тыя, хто лічыў Мельянцова добрым калегам.
«Мінскі дыялог» працягвае выпускаць рэгулярны аналітычны прадукт — значыць, мае пастаяннае фінансаванне. А таксама Прэйгерман і Мельянцоў застаюцца пастаяннымі суразмоўцамі заходніх амбасадаў у Мінску, як тое было і да 2021-га і ў чым і заключалася ratio essendi «Мінскага дыялогу». Для іншых беларусаў камунікацыя з заходнімі дыпламатамі немінуча азначае павышаную ўвагу спецслужбаў.
Трэба прызнаць, што пры гэтым, у адрозненне ад Шпакоўскага, Гігіна, Дзерманта і Пятроўскага, Дзяніс Мельянцоў не заклікаў да масавых рэпрэсій унутры краіны і расправы з Украінай. Ізноў жа — па ўнутраных перакананнях ці таму што функцыя ў «Мінскага дыялогу» іншая? Ці першае шчасліва супадае з другім?
«Яго ідэя фікс — каб ва ўсіх быў чып». Раней Пятро Пятроўскі хадзіў у шапцы з Пагоняй, а цяпер марыць пра еўразійскую будучыню Беларусі
Як Азаронак стаў такім? Новыя факты з біяграфіі самага адданага Лукашэнку прапагандыста
Як спадчынны пажарнік стаў галоўным камсамольцам краіны. Гісторыя жыцця кіраўніка БРСМ Аляксандра Лук'янава
Абяцаў, што расійскія войскі не застануцца пасля вучэнняў, хацеў быць пакараным за вернасць і разводзіў курэй. 10 фактаў пра Уладзіміра Макея
Каго сёння можна назваць сапраўдным патрыётам Беларусі? Гутарка з філосафам Баркоўскім
Каментары