Грамадства1414

Абяцаў, што расійскія войскі не застануцца пасля вучэнняў, хацеў быць пакараным за вернасць і разводзіў курэй. 10 фактаў пра Уладзіміра Макея

Уладзімір Макей памёр у 64 гады. Міністрам замежных спраў ён быў больш за 10 гадоў. Кар'еру кіраўніка ведамства пачаў з лібералізацыі і наладжвання адносін з Захадам. Але за апошнія два гады адзначыўся пагрозамі грамадзянскай супольнасці і канфліктамі з усімі суседзямі, акрамя Расіі. Чым запомніўся Макей? 

Быў блізкім да Лукашэнкі

У дыпламатыю Уладзімір Макей прыйшоў у 1993 годзе — з грознага савецкага ГРУ, вайсковай выведкі. 20 жніўня 2012 года Макея прызначылі міністрам замежных спраў. Да таго ён 8 гадоў быў памочнікам Лукашэнкі, а таксама 4 гады ўзначальваў яго Адміністрацыю. 

З яго прыходам на пасаду кіраўніка замежнапалітычнага ведамства пачаўся чарговы этап размарожвання адносінаў з краінамі Захаду, якія ўвялі санкцыі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.

Перыяд лібералізацыі, якую звязваюць з імем Макея, доўжыўся да 2020 года. У 2016-м Захад прыпыніў санкцыі супраць урадоўцаў рэжыму Лукашэнкі.

Прызнаваўся ў любові да вышыванкі

Да палітычнага крызісу 2020 года Макей падкрэсліваў, што Беларусь настроена на шматвектарнасць знешняй палітыкі. У 2014 годзе, гаворачы пра расійскую інтэрвенцыю ва Украіну, ён настойваў на тым, што «калі гінуць людзі, трэба садзіцца разам за стол і дамаўляцца».

У тыя часы пачынаўся трэнд на прасоўванне беларушчыны. Улады таксама сталі гаварыць пра беларускую мову, традыцыі. Уладзімір Макей выходзіў у свет у вышыванцы.

«Вышыванка для нас — гэта нацыянальны сімвал. Арнамент гэтай кашулі ніколі не прапаведаваў гвалт і зло, а, наадварот, прапаведаваў мір, дабро і спакой. Ён адпавядае менталітэту беларускага народа, яго душы», — казаў ён у 2017 годзе.

Тады ж у вышыванкі ён апрануў і замежных дыпламатаў. На працягу наступных двух гадоў Макей падкрэсліваў важнасць нацыянальных атрыбутаў для беларусаў.

«Нам трэба часцей хадзіць у вышыванках», — даводзіў ён у 2019 годзе. На адну з імпрэзаў, арганізаваную Міністэрствам замежных спраў, у вышыванках прыйшла жонка Макея і ягоныя дзеці.

Уладзімір Макей пагаджаўся на інтэрвʼю для незалежных медыя.

Малодшы сын — фанат Цімаці

Ва Уладзіміра Макея двое сыноў.

Малодшы сын Арцём — прыхільнік творчасці расійскага спевака Цімаці. У 2019 годзе падчас імпрэзы, прысвечанай вышыванцы, пасол Расіі Дзмітрый Мезенцаў падарыў Арцёму плакат з аўтографам гэтага музыканта.

Сям'я Уладзіміра Макея. Яго малодшы сын Арцём на заднім плане

У 2019 годзе Уладзіміра Макея заўважылі на раздачы бясплатных бургераў у жылым квартале «Маяк Мінска». Міністр замежных спраў знаходзіўся ў віп-зоне ў чаканні канцэрта Цімаці.

Макей на раздачы бургераў. Фота: «Еўрарадыё»

Старэйшы сын звольніўся з МЗС пасля паслявыбарчага гвалту

Старэйшы сын Віталь у верасні 2020 года звольніўся з Міністэрства замежных спраў, пайшоў у IT — кампанію IBA Group.

Ён быў старшым дарадцам упраўлення ўстойлівага развіцця галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі. Да гэтага папрацаваў дарадцам па эканамічных і экалагічных пытаннях у прадстаўніцтве Беларусі пры ААН. А яшчэ раней быў першым сакратаром пасольства Беларусі ў Аўстрыі.

Віталь Макей

Пасля адной са скандальных заяў Міністэрства замежных спраў Віталь Макей апублікаваў допіс з крытыкай.

«Мне сумна, што мае былыя калегі, да многіх з якіх я адчуваю шчырыя сяброўскія пачуцці, вымушаныя мірыцца з сітуацыяй, пры якой немагчымая свабодная стваральная творчасць. Вельмі хацелася б, каб у гэты задушлівы час прафесіяналы захавалі свае веды, навыкі, досвед і маральныя арыенціры», — пісаў ён.

Макей пра ўчынак сына і адносіны з ім пазбягаў гаварыць з прэсай.

«Што тычыцца маіх асабістых адносін, маёй сямʼі, я аддаю перавагу не распаўсюджваць інфармацыю на гэты конт. Гэта мае асабістыя праблемы, з якімі я павінен жыць і спраўляцца сам», — адрэагаваў ён на пытанне пра сям'ю на прэс-канферэнцыі.

Жонка ўзначаліла Тэатр юнага гледача 

Актрыса Вера Палякова-Макей узначаліла ТЮГ у красавіку 2022 года.

Яна казала, што тэатр павінен адмовіцца ад працы выключна на беларускай мове: «Я лічу, спектаклі павінны быць на дзвюх мовах: і на беларускай, і на рускай. Тады ў тэатра ёсць камерцыйная гісторыя».

Скрын: відэа на АНТ

Прэм'еру па Быкаве — спектакль «Альпы. Сорак першы» — паставілі на рускай мове.

Казаў, што нікога ў Беларусі не пасадзілі за палітыку

Рыторыка і паводзіны Макея мяняліся разам з генеральнай лініяй Аляксандра Лукашэнкі.

У 2021-м на Усебеларускім сходзе ён заявіў, што імкненне Беларусі да нейтралітэту не адпавядае бягучай сітуацыі. Тады ён прапанаваў сканцэнтраваць на расійскім напрамку палову знешняга гандлю, а астатняе падзяліць паміж Еўрасаюзам і трэцімі краінамі.

Ён страшыў Захад поўным разрывам дыпламатычных адносін з Еўрасаюзам пры ўвядзенні санкцый.

У студзені 2021 года Макей абвінаваціў замежных дыпламатаў у распаўсюджванні заклікаў да ўдзелу ў акцыях пратэсту і размяшчэнні імі інфармацыі «канкрэтнай антыдзяржаўнай накіраванасці».

Уладзімір Макей дзеянні рэжыму Лукашэнкі ў поствыбарчы перыяд лічыў «празмернымі, але адэкватнымі».

«Так, магчыма, улада часам дзейнічала празмерна», — казаў ён. Паводле яго, гэта «была адэкватная рэакцыя на ўсе нямірныя гвалтоўныя пратэсты, якія мелі месца». Гэта былі заведама хлуслівыя заявы: народныя дэманстрацыі ў Беларусі былі падкрэслена, выключна мірныя.

Макей настойваў, што ніхто ў Беларусі не быў пакараны за свае палітычныя погляды.

Паводле яго, у беларускім заканадаўстве няма палітычных артыкулаў, а таму казаць пра наяўнасць палітвязняў недарэчна.

«Як мы можам назваць палітвязнямі тых людзей, хто падрываў міліцэйскія машыны, хто падрываў адміністрацыйныя будынкі, хто рыхтаваў замахі на міліцыянтаў, хто рабіў спробы арганізаваць тэрарыстычныя акты на чыгунцы і г. д. Я лічу, што ў Францыі за гэтыя ж правіннасці пакаранне было б вельмі суровым», — даводзіў ён. Гэта таксама заведама хлуслівыя словы. У Беларусі ніхто не падрываў ні машын, ні адміністрацыйных будынкаў. Не было і «тэрактаў» на чыгунцы.

Абяцаў, што расійскія салдаты пакінуць Беларусь пасля вучэнняў

16 лютага 2022 года, падчас сумесных расійска-беларускіх вучэнняў «Саюзная рашучасць — 2022», Макей абяцаў, што расійскія вайскоўцы з'едуць.

«Пасля вучэнняў у Беларусі не застанецца ніводнага расійскага вайскоўца і ніводнай адзінкі баявой тэхнікі Расіі», — заяўляў ён.

Як цяпер вядома, салдаты не толькі засталіся, але і праз тыдзень напалі на Украіну з беларускай тэрыторыі.

Макей разумеў, у што ўцягнулі Беларусь Масква і Аляксандр Лукашэнка. У пачатку красавіка 2022-га ў яго вырвалася дзіўнае выказванне: «Лепш быць пакараным смерцю за вернасць, чым за здраду».

У кулуарах прасіў Захад ратаваць Лукашэнку ад Расіі

Віну за вайну ва Украіне ўсклаў на «калектыўны Захад».

«Менавіта Захад зрабіў гэты канфлікт непазбежным — не толькі сваім рашэннем па пашырэнні NATO, але і адмовай разглядаць прапановы сваіх апанентаў», — казаў ён.

Калі Расія праводзіла на акупаваных тэрыторыях Украіны так званыя рэферэндумы, Макей заявіў, што Беларусь будзе назіраць за сітуацыяй і прыме рашэнне аб прызнанні іх вынікаў «у адпаведнасці з нацыянальнымі інтарэсамі».

Дарадца Святланы Ціханоўскай — Франак Вячорка сцвярджаў, што ў кулуарах ААН Макей сустракаўся з прадстаўнікамі замежных дэлегацый і пераконваў іх, што наспеў час перагарнуць старонку, бо трэба ратаваць Лукашэнку ад Расіі. Іначай адбудуцца такія ж рэферэндумы, як ва Украіне.

Згаджаўся з Пазняком, каб аслабіць Ціханоўскую

У чэрвені 2020-га Макей пагадзіўся з Пазняком.

«Ведаеце, мне вельмі спадабаліся ацэнкі Зянона Пазняка, ацэнкі некаторых сітуацый у Беларусі, некаторых кандыдатаў. Я шмат у чым з ім згодны, гэта тое, што называецца «бачыць здалёк — бачыць трапна», ён бачыць дакладна, што адбываецца, і ацэнкі дае адэкватныя. Думаю, калі б ён быў у Беларусі і меў больш інфармацыі, ён даў бы яшчэ больш дакладную ацэнку сітуацыі».

А вось Ціханоўскую і каманду называў «мадам і дзеці рэвалюцыі».

«Я хачу сказаць, што мадам адчувае сябе вельмі нервова. З улікам таго, што нічога, напэўна, не атрымліваецца з іх абяцанняў. Я так зразумеў, што вельмі многія досыць скептычна ацэньваюць наогул дзейнасць гэтых дзяцей рэвалюцыі», — выказваўся ён.

Завёў курэй

У інстаграме Макей хваліўся, што мае курыную гаспадарку — 10 курэй-нясушак і 1 пеўня. Штотыдзень куры прыносяць 40—45 яек.

Фота: інстаграм Макея

А таксама дзяліўся філасофскімі развагамі.

«Вельмі многае залежыць ад лідара. Быў бы певень слабак — не было б зімой, у халодны час, яечні на патэльні. А так ёсць. Увогуле, лідары павінны быць у любой гаспадарцы!»

Чытайце таксама:

Стала вядомая імаверная прычына смерці Макея

Рука Масквы, помста Лукашэнкі ці проста інфаркт?

Як Макей правёў свой апошні тыдзень

Ціханоўская выказалася пра смерць Макея

Каментары14

  • Грышка
    26.11.2022
    Насіць вышыванку прыемна. Але размаўляць па-беларуску ўвесь час лепш. І быць верным беларускаму народу, а не дыктатару, найлепш.
  • Спадар Б
    27.11.2022
    [Рэд. выдалена]
  • ром
    27.11.2022
    в бел революции как раз лидера и небыло! в этом и проблема
    если бы луку свергли путин бы за 3 дня взял беларусь и за три дня референдумы провели бы) и Беларуси уже небыло бы

Мінскаму бізнэсмену Саўрыцкаму і ягонай сям'і пагражае па 12 гадоў за «распальванне варожасці»2

Мінскаму бізнэсмену Саўрыцкаму і ягонай сям'і пагражае па 12 гадоў за «распальванне варожасці»

Усе навіны →
Усе навіны

На Палессі сёння было мінус 8

У Бабруйску на 13-гадовай дзяўчынцы загарэлася адзенне, калі яна варыла пельмені

Сенсацыя ў Мастацкім музеі — пад «Дзяўчынай» рускага мастака Малявіна знайшлі іншую карціну6

84-гадовая жанчына падавілася чырвонай ікрой і памерла

Ва Украіне самымі небяспечнымі для ворага аператарамі дронаў сталі геймеры3

У Мазырскім раёне сусед шуфлікам забіў пажылую пару і забраў 500 рублёў1

Калі стануць вядомыя вынікі прэзідэнцкіх выбараў у ЗША?3

Рэзка вырасла колькасць аўтобусаў і легкавікоў на польскай мяжы

Праз 70 гадоў насельніцтва Кітая можа скараціцца ўдвая. Як палітыка аднаго дзіцяці траўмавала мільёны жанчын10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мінскаму бізнэсмену Саўрыцкаму і ягонай сям'і пагражае па 12 гадоў за «распальванне варожасці»2

Мінскаму бізнэсмену Саўрыцкаму і ягонай сям'і пагражае па 12 гадоў за «распальванне варожасці»

Галоўнае
Усе навіны →