Спорт33

Кім быў барэц Аляксандр Мядзведзь? Згадваем безліч медалёў, падтрымку Лукашэнкі і няўдалы серыял

Памёр Аляксандр Мядзведзь — 86-гадовая легенда барацьбы, адзін з топавых спартсменаў у беларускай гісторыі. Згадваем яркія моманты з жыцця трохразовага алімпійскага чэмпіёна.

Аляксандр Мядзведзь у 2023-м. Фота: НАК Беларусі

Для разумення асобы Мядзведзя і яго пазіцыі варта ўсведамляць: хоць ён і застанецца ў гісторыі як легендарны беларускі спартсмен — і бадай адзін з самых пазнавальных прадстаўнікоў Беларусі ў свеце, — беларусам ён не быў, ні этнічна, ні палітычна. Савецкі Саюз даў Мядзведзю ўсё, і гэта заканамерна прадвызначыла яго разуменне, што такое добра, а што такое дрэнна. Ён лічыў сябе савецкім чалавекам. І заўсёды падтрымліваў уладу, якой бы яна ні была.

Аляксандр Мядзведзь фармальна родам з Украіны, ён нарадзіўся 16 верасня 1937-га ў горадзе Белая Царква пад Кіевам. Але па нацыянальнасці ён усё ж рускі — яго дзед і бабуля прыехалі ва Украіну з Расіі, а бацька быў ляснічым.

У дзяцінстве Аляксандр паспрабаваў сябе ў розных відах спорту, але падлеткам пайшоў працаваць на завод, дзе запісаўся ў секцыю па барацьбе — так усё і пачалося. 

Дарэчы, пазней Мядзведзь расказваў, што пасля вайны спрабаваў сябе ў дваравых бойках: «Мы хлопцамі хадзілі вуліца на вуліцу. Такія тады былі забавы».

@nashaniva Памёр легендарны #беларускі #спортсмен #александрмедведь #борьба #беларусь #вольнаяборьба #беларускітыкток ♬ Last Hope - Steve Ralph

У канцы 50-х хлопец з Кіеўскай вобласці трапіў у Мінск на тэрміновую службу, ды так і застаўся ў Беларусі. У 1961-м прывёз першы медаль з чэмпіянату свету — бронзу, якую ўзяў у японскай Якагаме. Далей былі яшчэ восем медалёў з сусветных першынстваў (з іх сем залатых), тройчы Мядзведзь станавіўся чэмпіёнам Еўропы і тройчы — алімпійскім чэмпіёнам. Было багата і чэмпіёнстваў на савецкім узроўні.

Пра Мядзведзя расказваюць нямала гісторый і баек, і большая частка з іх датычыць яго спартовых поспехаў. Напрыклад, у фінале барцоўскага турніру Алімпіяды-1968 ён сустрэўся з немцам Дытрыхам, якому саступіў за сем гадоў да таго на чэмпіянаце свету. Падчас барацьбы Дытрых выбіў Мядзведзю палец на руцэ, але той сам сабе ўправіў вывіх, каб не даваць суперніку час аднавіць сілы. Пасля некалькіх атак Мядзведзя Дытрых спыніў барацьбу.

Паўфінал барцоўскага турніру на Гульнях у Мюнхене, Мядзведзь супраць амерыканца Крыса Тэйлара.

Наступная Алімпіяда, у Мюнхене, была для Мядзведзя больш скандальнай. У паўфінале ён сустракаўся з амерыканцам Крысам Тэйларам — з вагой 187 кг Тэйлар да 2008 года ўвогуле лічыўся найцяжэйшым алімпійцам у гісторыі.

Лёс бою вырашыўся праз адзін бал — рэферы пакараў Тэйлара быццам бы за пасіўнасць у сутычцы і праз гэта падарыў бал Мядзведзю. Пазней рэферы прызнаўся, што вырашыў падсудзіць Аляксандру, таму што пашкадаваў яго з-за фізічнай масіўнасці Тэйлара. Мядзведзь узяў золата турніру, Тэйлар — бронзу. Амерыканец памёр праз сем гадоў пасля той гісторыі, мюнхенская бронза была яго адзіным алімпійскім медалём.

Пасля Мюнхенскай алімпіяды, у 1972-м, барэц скончыў кар’еру. Аднак застаўся ў спорце — ён выкладаў барацьбу ў БДУІРы, а таксама стаў трэнерам беларускай алімпійскай зборнай па барацьбе. Яшчэ ў 1970-м у Беларусі сталі праводзіць міжнародны турнір па барацьбе ў гонар Мядзведзя.

Дарэчы, пра трэнерства Мядзведзя расказваюць яшчэ адну байку. Маўляў, у 1972-м амерыканцы прапаноўвалі яму тры мільёны даляраў за пераход у прафесійны рэслінг. Але, як расказваў сам барэц за год да смерці, Машэраў даручыў яму працаваць з беларускай зборнай, і Мядзведзь яе прыняў.

З цягам часу былы алімпіец ператварыўся ў спартовага функцыянера: ён узначальваў Беларускую федэрацыю барацьбы, таксама ў свой час быў віцэ-прэзідэнтам НАК. І як шматлікія іншыя функцыянеры, Аляксандр у 2020-м падпісаў адкрыты ліст беларускіх спартоўцаў, якія пасля пачатку рэпрэсій выступілі за афіцыйную ўладу ў краіне.

Той подпіс — не адзіны выпадак, калі Мядзведзь падтрымаў Лукашэнку. Напрыклад, у 2017-м барэц казаў, што Лукашэнка ў сферы спорту «дапамагае нам урэгуляваць шматлікія арганізацыйныя пытанні ў маштабе краіны». А ў жніўні 2020-га, пасля пачатку пратэстаў, Мядзведзь выказваўся так:

«Мне вельмі крыўдна, што падбухторваюць нашу моладзь, каб яна бегала па вуліцах. Мне б хацелася, каб нашы ўнукі, дзеці займаліся спортам, збіралі ўраджай».

Некалькі гадоў таму пра Мядзведзя вырашылі зняць серыял — маўляў, ператварыць гісторыю яго жыцця ў камп’ютарную гульню і прадаць гэта расійскім кінаплатформам. Але ж у праекта атрымаўся няпросты лёс, і гаворка не толькі пра тэндар Мінкульту, дзе серыялу давялося перамагаць двойчы. Яшчэ на этапе вытворчасці прадзюсара Віктара Лабковіча, топ-менеджара «Модума», затрымалі, ён выйшаў з-пад варты праз год – і серыял шмат у чым давялося рабіць без яго.

У 2022-м праект «Дзесяць жыццяў Мядзведзя» лёг на паліцу, дзе і знаходзіцца дагэтуль — верагодна, гэта звязана з тым, што ў ім здымаўся акцёр з былых купалаўцаў, які пазней трапіў у чорныя спісы. Зрэшты, кажуць, што серыяльны свет не шмат страціў: кінакрытык Тарас Тарналіцкі, які здолеў паглядзець праект, характарызуе яго як «няякасна зроблены дзіцячы серыял, дзе праблемы ва ўсім».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары3

  • Acab
    02.09.2024
    Вечны бюджэтнік быў, што там разглядацца
  • Лукашызм гэта самая вялiкая бяда беларусаў
    02.09.2024
    Абiральшчыкi лукашэскi пакрыху адыходзяць у iншы свет, але бяда ў тым, што iхнiя дзеткi i унучкi цяпер гойсаюць на канцэртах бузавай.
  • Гном
    03.09.2024
    Гном

Жываглод прызнала рассылку праз чат-бот «Сумленных людзей» карыстальнікам у Беларусі: Але не ў працоўны час, пасля 18 гадзін9

Жываглод прызнала рассылку праз чат-бот «Сумленных людзей» карыстальнікам у Беларусі: Але не ў працоўны час, пасля 18 гадзін

Усе навіны →
Усе навіны

Брытанскі блогер, які змагаўся за беларускі ДНЖ і хадзіў да Кубракова, усё ж выехаў з Беларусі. Выпусцілі не з першай спробы15

Шрайбман адказвае, ці могуць перамовы па Украіне прайсці ў Беларусі9

Трамп заявіў, што чакае сустрэчы з Пуціным, каб хутчэй скончыць вайну ва Украіне15

Блогер паказаў, як выглядае найгоршая шаурма ў Мінску3

На вакзале ў Варшаве памёр беларус21

Некаторым катэгорыям кіроўцаў забаранілі карыстацца каршэрынгам на пяць гадоў1

Пуцін сустрэўся з прэм'ерам Славакіі Робертам Фіца19

«Мы бясконца смяёмся з Макса Каржа. А хто раскупіў усе квіткі на яго канцэрт?» Найлепшыя твіты тыдня3

Сукенкі за 135 рублёў, футболкі — за 120. У Мінску адкрылася новая крама беларускіх дызайнераў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Жываглод прызнала рассылку праз чат-бот «Сумленных людзей» карыстальнікам у Беларусі: Але не ў працоўны час, пасля 18 гадзін9

Жываглод прызнала рассылку праз чат-бот «Сумленных людзей» карыстальнікам у Беларусі: Але не ў працоўны час, пасля 18 гадзін

Галоўнае
Усе навіны →