У складзе Заходняга аператыўнага камандавання (ЗАК) фармуецца новае падраздзяленне — Зенітны ракетны полк (вайсковай СПА), в/ч 96871, піша Беларускі Гаюн.
Задача падраздзяленняў вайсковай СПА — прыкрыццё войскаў ад дзеянняў сродкаў паветранага нападу праціўніка пры вядзенні баявых дзеянняў агульнавайсковымі аб'яднаннямі і злучэннямі.
Вядома, што полк будзе дыслакавацца ў ваенным гарадку № 99 «Вішнявец» (Гродна, вул.Славінскага, 2/1). Для гэтага ідзе падрыхтоўка адпаведнай інфраструктуры. Не выключана, што ў будучыні в/ч 96871 зменіць пункт пастаяннай дыслакацыі.
Зараз у ваенным гарадку № 99 «Вішнявец» ужо раскватараваныя падраздзяленні ЗАК: адзін з батальёнаў 557-й інжынернай брыгады, 74-ы асобны полк сувязі, 250-ы асобны батальён аховы і абслугоўвання, 22-я асобная рота спецыяльнага прызначэння, а таксама Гродзенская ваенная камендатура (апошняя ў склад ЗАК не ўваходзіць).
Выбар месца размяшчэння палка не з'яўляецца выпадковым. Так, да свайго расфарміравання ў 2011 г.у ваенным гарадку № 99 «Вішнявец» дыслакавалася 62-я зенітная ракетная брыгада ВС РБ (в/ч 16377, на ўзбраенні — ЗРК «Аса»).
Аб узбраенні, якое атрымае в/ч 96871, пакуль нічога невядома. Зыходзячы са свайго прызначэння (вайсковая СПА) ёсць здагадку, што полк атрымае ЗРК «Аса-АКМ» або яго мадэрнізаваныя на прадпрыемствах беларускага ВПК версіі (ЗРК «Аса—1б», ЗРК «Аса—2б»).
У структуры кожнага аператыўнага камандавання Сухапутных войскаў УС РБ ёсць зенітны ракетны полк. Так, у склад ЗАК уваходзіць 147-ы зенітны ракетны полк (в/ч 96869, Бабруйск). На ўзбраенні палка знаходзіцца ЗРК «Аса-АКМ».
Каментары