Свет6363

Расійскі апазіцыянер Яшын расказаў, чаму не хоча распаду Расіі і як думае працаваць з беларускімі палітыкамі — рэпартаж

Расійскі апазіцыйны палітык Ілля Яшын сустрэўся ў Вільні са сваімі прыхільнікамі. Гаварыць планавалі пра будучыню Расіі, але згадалі і Марыю Калеснікаву, і беларускую апазіцыю. «Наша Ніва» прыводзіць самае цікавае.

Сустрэча з Іллём Яшыным у Вільні, 21 верасня 2024. Фота: «Наша Ніва»

Каб задаць пытанні Яшыну, які паўтара месяца таму быў выменяны з калоніі, на сустрэчу 21 верасня ў вялікую аўдыторыю сабралася 250 чалавек. Апроч расійскіх эмігрантаў, былі беларусы, літоўцы і ўкраінцы. Шмат моладзі — 20—30-ці гадовых.

На сустрэчы Ілля Яшын расказаў, што сваёй місіяй бачыць тлумачыць расейцам, што вайна б’е не толькі па Украіне, але і наносіць шкоду нацыянальным інтарэсам Расіі. З’язджаюць людзі, церпіць эканоміка, а аголены ўсход краіны можа быць захоплены Кітаем. З такім пасылам ён спадзяецца дагрукацца да людзей унутры Расіі.

Чаму расейцы ідуць на вайну

Яшын згадаў, што ў калоніі сустрэў каля 30 чалавек, якія вярнуліся з вайны або збіраліся туды ехаць. Ён пытаў іх: што яны забылі на фронце?

«І дзіўна, што ніводзін з іх не паўтараў тое, што кажа Пуцін. Ніхто, натуральна, не кажа ні пра якую дэмілітарызацыю Украіны, ніхто не кажа пра дэнацыфікацыю, ніхто не кажа ні пра якіх бандэраўцаў, ні пра якую хунту ў Кіеве, ні пра рускі свет. Ніхто не ўспрымае гэтую вайну як абарону Радзімы».

Матывацыі было дзве — грошы і тое, што людзі знаходзяць у гэтым нібы сэнс жыцця. 

«Чалавек жыве ў сваім маленькім горадзе, у сваім маленькім пасёлку, і ў яго жыцці нічога не адбываецца. Ён ходзіць на нейкую сумную працу, у яго ёсць сям'я ці няма сям'і, у яго нейкія сумнеўныя сябры, і кожны дзень падобны да іншага. Калі ён аказваецца на вайне, ён атрымлівае ўладу, таму што яму даюць у рукі зброю і даюць права вырашаць, каму жыць, а каму паміраць. У яго з'яўляецца адчуванне баявога братэрства, бо тыя людзі, якія сядзяць разам з ім у акопах, успрымаюцца як сапраўдныя сябры, і ваша сяброўства змацаванае не алкаголем ці паходам у лазню, яно змацаваная крывёю».

За спінай палітыка на экранах паказвалі яго турэмны малюнак. Фота: «Наша Ніва»

Яшын падзяліўся, што збіраецца праз міжнародную супольнасць дабівацца палітычнай амністыі ў Расіі да 9 Мая — для тых, хто выступаў супраць вайны, у прыватнасці, асуджаных па артыкулах пра фэйкі аб арміі і дыскрэдытацыі ўзброеных сіл.

«Наша бяда з беларусамі вельмі падобная»

Палітык казаў таксама, што адчувае салідарнасць з беларусамі. 

«Таму што наша бяда з беларусамі вельмі падобная. І там, і тут звар'яцелы дзед, які гвалтуе сваю краіну, гвалтуе свой народ і бярэ свой народ у закладнікі. І там, і тут палітвязні, вялікая колькасць. У нас 1300 палітзэкаў. І ў Беларусі больш за тысячу палітвязняў дагэтуль (1324 чалавекі ў спісе «Вясны» — НН). Але там людзі яшчэ горш сядзяць».

Калі ў Расіі да палітвязняў пускаюць адвакатаў, заўважыў Яшын, то ў Беларусі — не. Ніхто не бачыў даўно Марыю Калеснікаву, Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку.

«Я абсалютна перакананы, што мы павінны дзейнічаць кансалідавана з беларускай апазіцыяй, якая дамагаецца вызвалення палітвязняў. Гэта вось тая кропка судакранання, у якой мы павінны працаваць разам. Гэта правільна, гэта разумна. І гэта павінна абавязкова прынесці вынік».

Пра ўкраінскіх салдат у Курскай вобласці і што рабіць з прыхільнікамі вайны

Ахвотных задаць пытанні было шмат. Хлопец з Кіева пацікавіўся, ці ўхваляе Яшын пастаўкі нямецкіх ракет Taurus Украіне, якія дапамагаюць знішчаць вайсковыя склады ў Расіі. Яшын адказаў, што Украіна цалкам мае права атрымліваць ваенную дапамогу, каб абараняць сябе ад агрэсара.

«Вядома, мне балюча і цяжка ўсведамляць, што наносяцца ўдары па тэрыторыі маёй краіны. Вядома, мне балюча ад таго, што ў Курскай вобласці людзі вымушаныя пакідаць свае дамы, бегчы, губляць сваю маёмасць, гінуць. Мне балюча гэта ўсведамляць, таму што гэта мая краіна, і яна гарыць.

Але я выдатна разумею, чаму гэта адбываецца. Я выдатна разумею, што калі б 24 лютага Пуцін не пачаў ваенную агрэсію, нічога б гэтага не было.

Больш за тое, калі заўтра Пуцін ці нейкі іншы прэзідэнт, які яго зменіць, падпіша загад аб вывадзе расійскіх войскаў з тэрыторыі Украіны, усё скончыцца ў адзін дзень».

А што рабіць з расейцамі, якія за вайну — прагучала яшчэ адно пытанне. Яшын заўважыў: ён гутарыў з такімі людзьмі за кратамі і гэта не абавязкова прыхільнікі ўлады.

«Гэта людзі, якія самі сабе наўме, якія едуць на вайну па сваіх прычынах, (…) а не таму, што іх паклікаў Пуцін.

Гэта людзі, якія да ўлады ставяцца вельмі скептычна. Калі вы, напрыклад, пачытаеце нават ідэалагічных прыхільнікаў улады, вось гэтыя ўсе Z-каналы, (…) нават там называюць генералаў карупцыянерамі, нават там крытыкуюць уладу за тое, што яна крадзе, бярэ хабары. І насамрэч вялікае пытанне, куды павернуць гэтыя людзі сваю зброю, калі ў краіне пачнуцца нейкія перамены».

«Я спрабаваў тэсціраваць, як з імі можна выбудоўваць дыялог, — працягнуў Яшын. — Галоўнае маё назіранне заключаецца ў тым, што яны насамрэч гатовыя чуць. Калі ты не падыходзіш да іх са словамі, што ты ваенны злачынец, цябе трэба судзіць, пакараць смерцю і гэтак далей. Калі ты пачынаеш чалавеку задаваць пытанні, у вас выбудоўваецца дыялог. І ты можаш паспрабаваць хаця б зразумець, што ў галаве ў гэтага чалавека. (…) І зразумець, як ты можаш з ім суіснаваць». 

Аб'яднаць расійскую апазіцыю? «Бессэнсоўная ідэя»

Малады чалавек з Іванава спытаў, хто можа аб’яднаць расійскую апазіцыю. Яшын адказаў, што стварыць нейкую аб’яднаную палітычную структуру немагчыма — занадта вялікія канфлікты, у тым ліку асабістыя, сярод апазіцыі.

«Проста нават не трэба марнаваць на гэты час.

З майго пункту гледжання, адзіны момант, калі трэба структурна аб'ядноўваць апазіцыю, гэта момант прэзідэнцкіх выбараў. Вось калі з'яўляецца шанец на вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнцкія выбары, тады трэба сядаць за стол, неяк адсоўваць у бок усе супярэчнасці і дамаўляцца пра тое, хто можа быць такой фігурай, вакол якой мы можам кансалідавацца.

І, дарэчы, гэта можа быць нейкая нечаканая фігура. Ёсць прыклады нашых калег з Беларусі, якія кансалідаваліся вакол Святланы Ціханоўскай, якую ніхто нават падчас выбараў і не ведаў. Склаліся абставіны такім чынам, што яна была вылучаная на першы план, яна стала кампраміснай фігурай, вакол якой аб'ядналася, па сутнасці, усё беларускае грамадства».

Палітык адзначыў, то расійскі апазіцыянеры згодныя ў дзвюх рэчах — што расійскія войскі павінны пакінуць Украіну і што Пуцін павінен перасесці з Крамля ў Гаагу. І гэтага пакуль дастаткова. А ідэю аб’яднаць любой цаной апазіцыю ён назваў бессэнсоўнай.

«Таму што ўсе гэтыя дыскусіі, спробы задушыць адно аднаго ў абдымках, яны скончацца яшчэ большай бітвай».

Пра памілаванне беларускіх палітвязняў, Калеснікаву і Лукашэнку 

Яшчэ адно пытанне, якое прагучала — што беларуская апазіцыя можа зрабіць, каб уключыць у абмен сваіх палітвязняў. Яшын адказаў, што з яго досведу трэба праводзіць вялікія грамадзянскія палітычныя кампаніі і нагадваць пра лёсы палітвязняў. Ён згадаў Марыю Калеснікаву, якую мучаць за кратамі, і назваў яе вобразам сучаснай Беларусі.

«Усе кампаніі ў падтрымку палітвязняў, якія ініцыюе беларуская апазіцыя, будуць намі падтрыманыя. Мы зробім усё магчымае, каб прыцягнуць да гэтага ўвагу.

Больш за тое, цяпер я і мае калегі сустракаемся з рознымі прадстаўнікамі заходніх краін, у тым ліку на самым высокім узроўні. Вы ведаеце, што Юлія Навальная і Уладзімір Кара-Мурза ў апошнія тыдні правялі сустрэчы з прэзідэнтам Байдэнам, з прэзідэнтам Макронам і з канцлерам Шольцам. Юлія нядаўна сустракалася ў Канадзе, яе прымалі на самым высокім узроўні. Я вас запэўніваю, на кожнай гэтай сустрэчы гаворка ідзе ў першую чаргу пра палітвязняў. І ў тым ліку гучаць прозвішчы палітвязняў з Беларусі.

Мы са свайго боку робім усё для таго, каб у спісы наступнага абмену былі ўключаныя беларускія палітвязні нароўні з расійскімі. Зразумела, што гэта не так проста зрабіць, таму што не вельмі зразумела, што, уласна, Захад можа прапанаваць Лукашэнку ў абмен».

Яшын згадаў нядаўнія памілаванні, калі Лукашэнка адпускаў людзей партыямі па 30 чалавек.

«Як мне патлумачылі, ён літаральна абменьвае людзей на дэталі для самалётаў. У яго праблема з «Белавія», і яму трэба рамантаваць самалёт, яму патрэбныя нейкія дэталі, якія ён не можа атрымаць праз санкцыі.

І ён літаральна абменьвае жывых людзей на дэталі для самалётаў. Але зразумелая справа, што ні Марыю Калеснікаву, ні Ціханоўскага, ні Бабарыку ні на якія дэталі ён не абмяняе. Ну, значыць, Пуцін хай на яго націсне. Яны там потым разбяруцца».

А які сцэнарый змены ўлады?

Мужчына з Санкт-Пецярбурга пацікавіўся — які сцэнарый змены ўлады ёсць? Яшын сцэнарыя не меў: патлумачыў, што не палітолаг, каб іх распрацоўваць. А сваю ролю бачыць у тым, каб сфармаваць умовы, у якіх змена ўлады можа адбыцца, займацца палітычнай асветай.

«Якія сцэнары? Я не ведаю. Я магу сказаць, якія я хацеў бы сцэнары. Я б хацеў, каб усё прайшло мірна, наколькі гэта магчыма. Я хачу, каб не было крыві ў маёй краіне. Я хачу, каб мая краіна не скацілася да грамадзянскай вайны. (…) Ці магчыма гэта? Ды чорт яго ведае. Вельмі спадзяюся, што магчыма».

Распаду Расіі Яшын не жадае.

«Я думаю, што распад Расіі стаў бы велізарнай катастрофай і для грамадзян, якія жывуць у Расіі, таму што нанёс бы велізарную псіхалагічную траўму нашаму народу і спарадзіў бы вельмі шмат псіхалагічных комплексаў, з якімі б потым прыйшлося б яшчэ разбірацца. Па-першае. 

Па-другое, гэта паставіць пад пагрозу ўсю сістэму міжнароднай бяспекі. Бо распад Расіі прывёў бы да велізарнай колькасці лакальных кровапралітных канфліктаў. А вось дзе павінна праходзіць мяжа паміж адным рэгіёнам і іншым, паміж адной рэспублікай і іншай? «А вось гэты вось кавалачак зямлі — гэта гістарычна наша, а не ваша. І мы будзем ваяваць і праліваць кроў за гэты кавалачак зямлі». А ядзерная зброя незразумела куды сышла. (…)

Я думаю, што дабром і для расійскага народа, і для свету быў бы не распад Расіі, а нармальная, цывілізаваная федэралізацыя нашай краіны, дэцэнтралізацыя. Магчыма, перанос сталіцы з Масквы ў нейкі іншы рэгіён, не выключана. Узаемапавага да нацыянальных культур, да нацыянальных звычаяў, да нацыянальных моў».

Пазней літоўскі юрыст паспрачаўся з Яшыным — маўляў, калі вы паглядзіце на расійскую гісторыю, то пабачыце, што змены мірна не праходзілі.

У Яшына ўдакладнілі з залы — ці правільна разумець, што ён не вітае з’яўленне новых дзяржаў на тэрыторыі Расіі? Палітык адказаў, што сепаратысцкіх рухаў ён не бачыў — толькі запыт на федэралізацыю. І таму лічыць ідэю пра жаданне народаў аддзяліцца надуманай праблемай.

Літоўскі актывіст Жыльвінас Світоюс (беларусы маглі бачыць яго на сустрэчах з Пазняком і Арловым, дзе ён пытаўся пра ліцвінізм) спытаў, ці верыць Яшын у калектыўную адказнасць і ці павінна Расія пасля выплаціць рэпарацыі Украіне. З рэпарацыямі, адзначыў Яшын, відавочна — Расія павінна іх будзе выплаціць. Што да калектыўнай адказнасці, то, казаў ён, Пуцін абвесціў вайну, не спытаўшы волю народа: «Нас падманулі, нас увязалі ў гэту вайну».

«Разумеючы тую адказнасць, якую прыйдзецца несці нашай краіне, у тым ліку эканамічную, палітычную, культурную адказнасць, я ўсё ж хачу нагадаць, што галоўны агрэсар у гэтай вайне мае імя і прозвішча. І зваць яго Уладзімір Пуцін».

Ці стануць Яшына слухаць унутры Расіі? Адзін з хлопцаў на сустрэчы заўважыў, што яго рыторыка гучыць адрозна ад той больш радыкальнай, якая ў некаторых расійскіх палітыкаў за мяжой. «Гэта можна прадаць». Хтосьці, сыходзячы, бурчэў, што Яшын захрас недзе ў 2021 годзе.

Сам жа палітык плануе тур з больш чым 40 гарадоў, каб сустрэцца з расейцамі за мяжой для дыялогу.

Каментары63

  • Вайшнарыт
    22.09.2024
    Ці вызнае ён незалежнасьць Вайшнорыі са сталіцай ў Варуце ад Белорусскае Імпэрыі і богаабранасьць Вайшнорскага Караля Ягомосьці Андруся І Пачобута?!
  • Вслед за руским кораблем.
    22.09.2024
    верните его взад.
  • Волю народам!
    22.09.2024
    Хоча ці не хоча, а ўсё ўжо прадвырашана - імперыя зла б'ецца ў агоніі перад сконам.

Халезін: Неўзлін фінансуе Хартыю'97 яшчэ з прэзідэнцкіх выбараў 2010 года11

Халезін: Неўзлін фінансуе Хартыю'97 яшчэ з прэзідэнцкіх выбараў 2010 года

Усе навіны →
Усе навіны

Украінскія беспілотнікі атакавалі Казань2

Сёння самы кароткі дзень у годзе і самая доўгая ноч1

Школьніка затрымалі за інтэрнет-афёру на 90 тысяч рублёў

Рэцэпт на выхадныя: французскія калядныя пячэнькі «Сабле»1

Дзяўчына ў Расіі пакінула водгук пра касіра, які пахне як скунс. А пасля закруцілася — псіхбальніца, хэйт, вэбкам-мадэль і нават суіцыд13

Фрыдман: Уся гэтая рыторыка пра ўдзел Лукашэнкі ў перамовах ужо надакучыла ўкраінцам7

Наезд на людзей у Магдэбургу зрабіў мужчына родам з Саудаўскай Аравіі17

Пад пераслед трапіў вядомы віцебскі блогер3

МНС: Уладальнік згарэлага ГЦ у Віцебску не ліквідаваў раней выяўленыя парушэнні1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Халезін: Неўзлін фінансуе Хартыю'97 яшчэ з прэзідэнцкіх выбараў 2010 года11

Халезін: Неўзлін фінансуе Хартыю'97 яшчэ з прэзідэнцкіх выбараў 2010 года

Галоўнае
Усе навіны →