Днямі тэлеграм-канал «Дзікая прырода побач» атрымаў прыемную навіну ад настаўніцы з Затур'янскай школы Нясвіжскага раёна Таццяны Міхайлаўны Халопіцы.

У ваколіцах Затур'я знаходзіцца адна з трох апошніх калоній рабога сусліка. Гэты від вымірае не толькі ў Беларусі, але і ў свеце.
Раней прыродаабаронцы разам з Праграмай развіцця ААН зрабілі і павесілі стэнд пра сусліка ў дзвюх школах, якія суседнічаюць з гэтымі мілымі грызунамі. Вясной правялі брэйн-рынгі і фінал паміж школамі на веданне акалічнасцяў біялогіі і гісторыі звярка.
І недарэмна: сямікласніца Затур’янскай школы Карына Дзерве заўважыла рабога сусліка каля норкі недалёка ад школы! Дзяўчынка зняла яго на фота і відэа.
Каб дабрацца да школы, сусліку давялося прайсці як мінімум 2 кіламетры ад найбліжэйшай вядомай калоніі, прайшоўшы мостам праз рэчку-канал: вады гэтыя грызуны не любяць.
Хоць, магчыма, гэта «апошні магіканін» з іншай знішчанай трактарамі невялічкай калоніі бліжэй да Затур’я яшчэ гады з 4 назад. Калонію гэту перадалі пад ахову, але мясцовая інспекцыя яе не маніторыла і не зберагла. Аднак жа і адтуль не менш за кіламетр да новай лакацыі.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары