Сёння той самы дзень, калі беларусам настойліва не рэкамендавалася хадзіць у лес
27 верасня праваслаўныя, якія трымаюцца юліянскага календара, адзначаюць адно з сваіх найбольшых свят — Узвіжанне Святога і Жыватворнага Крыжа Гасподняга (Звіжанне ў народзе). Праваслаўныя краіны Еўропы, што жывуць па новаюліянскім календары, адзначалі яго 14 верасня.
Святкаванне Узвіжання запачаткаванае царквой пасля таго, як маці рымскага імператара Канстанціна Алена здзейсніла паломніцтва ў Іерусалім у пошуках крыжа, на якім быў распяты Ісус.
Алена насамрэч знайшла крыж, а ў 325 г. яе сын імператар Канстанцін даў загад усталяваць крыж на Галгофе, каб усе ахвотныя маглі пакланяцца яму.
Беларусы лічаць, што ў гэты дзень у лясах усе змеі збіраюцца разам, каб адправіцца на зімовы сон, таму 27 верасня людзі не рызыкавалі хадзіць у лес.
«Ва Узвіжання пару гадзюкі і вужакі хаваюцца ў нару».
Таксама гэты дзень лічыцца канчатковым развітаннем з летам.
Беларусы казалі: «На Узвіжанне халат з плеч, а кажух на плечы».
Так яно і будзе: на выходных пахаладае.
Каментары