Трагічны выпадак з расіянкай у Тбілісі выклікаў шмат пытанняў да бяспечнасці гарадскога асяроддзя. Паспрабавалі разабрацца, наколькі бяспечна хадзіць па беларускіх вуліцах і не глядзець пад ногі.
Маладая расіянка Арына Глазунова ўначы гуляла па цэнтры грузінскай сталіцы з сяброўкай. Дзяўчаты былі ў гуморы, слухалі музыку і здымалі шпацыр на тэлефон. У той момант, як на тэлефоне расіянкі грала вядомая песня «У апошні раз», яна аступілася і звалілася ў падземны пераход. Глазунову шпіталізавалі з пераломам зводу чэрапа, яна памерла.
У сацсетках жыва абмяркоўваюць гэты выпадак. Многія пішуць, што трэба пад ногі глядзець, а не падавацца задам, здымаючы тыктокі. Але ж і праекціроўшчыкі павінны праектаваць бяспечнае для ўсіх асяроддзе.
Небяспечнае асяроддзе
На фотаздымках перахода ў Тбілісі добра відаць, што парапет вакол яго вельмі нізенькі, ён ледзь дасягае лыткі. З такой вышынёй агароджы ў падземны пераход можа лёгка зваліцца дзіця, або чалавек, якому стала блага, або той, хто проста не заўважыў невысокую перашкоду.
Парапет злашчаснага перахода абліцаваны звыклым для рэгіёна бурым туфам, які пад начнымі ліхтарамі зліваецца па колеры з гранітнымі плітамі тратуара — заўважыць яго можна занадта позна.
Тое ж самае тычыцца, напрыклад, слупоў на тратуарах, у якія час ад часу ўпісваюцца пешаходы, занураныя ў экраны сваіх тэлефонаў. Чалавек занурыўся ў тэлефон, бо лічыў тратуар бяспечным для сябе месцам, ніяк не чакаў і не змог заўважыць шэры бетонны слуп на фоне шэрай бетоннай пліткі.
Але такая сітуацыя, як у Грузіі, наўрад ці магла б адбыцца ў Беларусі, бо ў нашай краіне дзейнічаюць добра распрацаваныя і даволі строгія будаўнічыя нормы, за выкананнем якіх дбайна сочаць розныя структуры.
Якія ж нормы берагуць беларусаў ад выпадковых падзенняў?
Для гарадскога асяроддзя дзейнічае некалькі нарматыўных дакументаў, асноўны — СН 3.02.01-2019 «Вуліцы населеных пунктаў», таксама некаторыя карысныя палажэнні змешчаны ў СН 3.02.12-2020 «Асяроддзе пражывання для фізічна аслабленых асоб». Гэтыя дакументы збольшага захоўваюць палажэнні, якія былі закладзены яшчэ ў савецкіх нормах (але нямала і тых нарматыўных актаў, што з'яўляюцца дакладнымі перакладамі еўрапейскіх стандартаў — такія маюць у назве скарачэнне EN).
Якраз «Вуліцы населеных пунктаў» рэгламентуюць падземныя пераходы ў беларускіх гарадах. У падраздзеле, прысвечаным ім, напісана, што лесвічныя сходы і пешаходныя пандусы падземных пераходаў могуць быць адкрытымі і закрытымі (павільёны і навесы). Калі яны адкрытыя, то пункт 6.5.1.11 патрабуе наступнае:
«Для адкрытых лесвічных сходаў прадугледжваюць агароджы парапетамі і парэнчамі агульнай вышынёй не менш за 1,1 м ад паверхні тратуара або адмосткі, пры гэтым вышыню парапета прымаюць ад 0,3 да 0,5 м».
Як бачым, па беларускіх нормах агароджа вакол лесвіцы, якая вядзе ў падземны пераход, у разы большая, чым тая, што ёсць вакол перахода ў Тбілісі.
Чаму агароджа мусіць быць такой высокай?
Рэч у эрганоміцы чалавечага цела: цэнтр цяжару прыходзіцца на ўзроўні хвастца — у мужчын звычайна трохі вышэй. Калі гэта месца акажацца над прорвай, то туды паляціць і ўсё цела. Сярэдні рост жанчын — каля 165 см, мужчын — каля 175 см. А цэнтр цяжару размешчаны амаль пасярэдзіне — адпаведна, агароджа мусіць быць не меншай за 90 см, а лепш з запасам, бо ёсць нямала больш высокіх людзей.
Сёння ў Беларусі амаль не будуюць адкрытыя падземныя пераходы — яны ствараюць шмат нязручнасцяў і небяспечныя ў эксплуатацыі зімой. Але нямала адкрытых падземных пераходаў пабудавалі за савецкім часам, у тым ліку на ажыўленым праспекце Незалежнасці.
Дзе ўсё ж можна зваліцца?
Варта адразу адзначыць, што падземныя пераходы, якія пабудаваныя за савецкім часам, не адпавядаюць сучасным нормам. Агароджа вакол іх не мае парэнчаў, а цалкам складаецца з парапетаў, якія вышэй за нарматыўныя 0,3—0,5 м. Пераробліваць іх наўрад ці будуць, бо яны адпавядаюць тым нормам, па якіх іх узводзілі.
Што тычыцца пераходаў савецкіх часоў, то там агароджа дасягае 0,9—1,0 м, што трохі менш за сучасную норму, але не крытычна. Дзякуючы ёй проста так у пераход з вышыні не звалішся. Але небяспека палягае ў іншым — існуе спакуса прысесці на плоскі верх парапета. А з яго якраз лёгка паляцець спінай уніз.
У новых адкрытых пераходах большую частку агароджы мусяць складаць парэнчы, якія не выглядаюць надзейна і сядзець на якіх нязручна. Але нават савецкія нормы, як бачна, у цэлым ствараюць бяспечныя ўмовы для людзей у беларускіх гарадах, чаго нельга сказаць пра гарады Грузіі.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Сама ідэя дурная - рабіць з вуліц хуткасныя шасэ для машын, а людзям ускладняць перасоўванне.
Да таго ж усё роўна трэба рабіць (і ўжо робяць) там ліфты.