Грамадства44

«Злятаў на Балі — зрабіў усё, што трэба». Як рэлаканты ездзяць на лячэнне ў іншыя краіны

Devby.io пагутарыў з айцішнікамі, якія, жывучы ў адной лакацыі, ездзілі на лячэнне ў іншую.

«Злятаў у адпачынак — і зрабіў усё, што трэба, за €450 на Балі»

— Я жыву ў Нідэрландах ужо 4 гады, але часта лячуся ў іншых краінах.

Аднойчы я зламаў вялікую галёнкавую костку. На жаль, мясцовы доктар не паверыў у пералом, а праводзіць абследаванне, відаць, яго не навучылі. Накіраванне да траўматолага ён выдаць адмовіўся. Таму я звярнуўся да дактароў… у Літве.

Ляцець туды было нядорага (памятаю, што дарога абышлася мне ў €150 у абодва бакі), і я люблю Вільню. Трапіць на прыём таксама аказалася не складана — я запісаўся загадзя. Колькі каштаваў прыём, ужо і не памятаю — усе выдаткі на лячэнне былі кампенсаваны па страхоўцы з Allianz.

Пералом, вядома, пацвердзіўся. Цяпер гэтым доктарам зоймецца мясцовая tuchtcollege — гэта ўрачэбная камісія, якая разглядае скаргі на работнікаў медыцыны. Падаць скаргу каштуе €50, якія вернуць, калі скарга будзе цалкам або часткова абгрунтаванай.

Таксама мне не раз даводзілася ездзіць у іншыя краіны па лекі: за мометазонам, напрыклад, я ездзіў у Бельгію, бо тут яго без рэцэпта не купіш, а рэцэпт трэба «вытрымаць» (маёй калезе не давалі нават пры запушчаным гаймарыце).

Мне аднойчы давялося на працягу тыдня кожны дзень тэлефанаваць да доктара — у выніку яна сказала, што рэцэпт усё ж такі выпіша, але «лічыць, што гэта рана». А ў Бельгіі я купіў лекі без рэцэпта ў першай жа аптэцы, якая трапілася.

Калі патрэбныя антыбіётыкі, я магу замовіць іх з іншых краін. Напрыклад, «Сумамед» мне прывозілі з Расіі. Калі патрэбна прызначэнне — бяру выпадковы білет кудысьці, куды прасцей/танней: у Літву, Чэхію ці Польшчу.

Зубы ў Нідэрландах лячыць складана і дорага. Каб прыпісацца да стаматолага, трэба заплаціць €150 за агляд — пры першым наведванні і пры наступных, калі даўно не быў. Усё астатняе яшчэ даражэй. У нейкі момант я нават атрымаў «план лячэння на N тысяч».

Але я злятаў у адпачынак — і зрабіў усё, што трэба, за €450 на Балі. Абышлося танней, нават калі ўлічыць кошт білета.

Я таксама лячыў зубы ў Празе і Вільні. У Празе шмат рускамоўных дактароў — і паслугі там таннейшыя. Я рабіў чысткі і ставіў пломбы. Да таго ж проста пагуляць па Празе цікава — там прыгожа.

У Інданезіі, дарэчы, я лячыў зубы ў вельмі добрай клініцы — туды запісацца няпроста, асабліва ў хай-сезон, калі там наплыў аўстралійцаў. А лечаць там так акуратна, што я адмаўляўся ад анестэзіі, калі рабілі пломбы. Кошт пломбы там каля €41,5, і ў мясцовай валюце ён не змяняўся з 2018 года.

«Ездзіла на агляд з Літвы ў Польшчу, кожны візіт — 350 злотых»

— Падчас другой цяжарнасці я ездзіла да акушэра-гінеколага з Літвы ў Польшчу.

Любая жанчына вам скажа: калі табе пашанцавала знайсці добрага гінеколага — трымайся за яго. А мне вельмі пашанцавала. Я пачала хадзіць да яе яшчэ тады, калі жыла ў Беларусі (яна была вельмі папулярная як лекар). Гэтая доктар вяла маю першую цяжарнасць — і я была ад яе ў захапленні.

У 2021 годзе я пераехала ў Літву разам з кампаніяй мужа (мая кампанія, на жаль, не рэлакавала супрацоўнікаў, але дазваляла працаваць на дыстанцыйцы з любой краіны). І зноў зацяжарала. Устала на ўлік у Літве. Але з літоўскім спецыялістам у нас «мэтча» не адбылося — на любую маю скаргу (а ў мяне быў такі жахлівы таксікоз, што я скардзілася пастаянна) ён казаў, што «гэта нармальна». І нічога больш.

Я пастаянна пісала ў тэлеграм свайму акушэру-гінеколагу, і шчасце, што яна адказвала (хоць не была абавязана), давала парады, якія аналізы здаць і іншае. Адзін раз я нават хацела паехаць у Беларусь, каб яна мяне агледзела, але муж палічыў, што гэта можа быць небяспечна, — і не адпусціў.

Неўзабаве мая доктар таксама з'ехала з Беларусі — у Польшчу. І я пачала ездзіць да яе на агляд — кожны візіт абыходзіўся ў 350 злотых (плюс дарога — калі на аўтобусе, то гэта каля 20 еўра ў адзін бок).

Хтосьці палічыць гэта маім капрызам. А я адкажу: вы, напэўна, проста не былі цяжарнымі. Мне трэба было цалкам давяраць урачу — і шчасце, што ў мяне была магчымасць наведвацца не толькі да літоўскага спецыяліста.

Мая акушэр-гінеколаг прызначыла мне прэпарат, які не прадаваўся ў Літве, — і за ім таксама трэба было ездзіць у Польшчу. Звычайна я закуплялася, калі ехала да яе на прыём — амаль «мяшкамі» (жартую, але ўпаковак і праўда было нямала). Але аднойчы я дзесьці згубіла апошнюю ўпакоўку лекаў (учора была на тумбачцы — а сёння няма). Таму давялося з самай раніцы тэрмінова адправіць мужа на аўтобусе ў Сувалкі — гэта найбліжэйшы да Літвы польскі горад.

Я б і нараджала ў Польшчы, але муж палічыў, што гэта лішняе. Да таго ж роды пачаліся раптоўна — на тры тыдні раней за тэрмін. Сярод ночы ў мяне адышлі воды.

Пакуль ехалі ў бальніцу, я скардзілася, што лепш бы мы на ўсю хуткасць ехалі да майго ўрача. Але муж не паддаўся на мае ўгаворы і «бурчанне» — а ўжо праз пару гадзін нарадзіўся наш малы.

«Албанскі доктар прапанаваў памяняць каронкі, якія я ставіла ў Польшчы. Бо яны — «shit»

— Я займалася галоўным чынам стаматалагічным турызмам. Перад ад’ездам з Беларусі (ён быў планавы, i здарыўся на пачатку 2020 года) думала, што добра палячыла зубы. 

Але ўвосень 2021 года выпала пломба. Прыйшла ўжо да польскага доктара — і мне сказалі, што трэба палячыць каналы ў трох зубах мінімум. А далей — ставіць каронкі. Адзін канал каштуе 600 злотых (140 еўра). Каронка — ад 2 тысячаў (465 еўра). 

Я паўсміхалася, выйшла з кабінету стаматолага і адразу напісала сябрам у Львове і Кіеве з пытаннем: «За колькі і дзе вы лечыце зубы?» Яны выслалі некалькі кантактаў. 

Па прыкладных ацэнках лячэнне зуба ў Львове выходзіла ў 4 разы танней за Польшчу. 

Самалёт (а тады ва Украіну ляталі цывільныя самалёты) каштаваў у два бакі 80 злотых (19 еўра). Жыць я магла ў сяброў. Выходзіла ну вельмі выгадна. Я выбрала клініку ва Львове, мы камунікавалі праз Facebook-мэсанджар. Усё было вельмі пільна і аператыўна. Я пісала ім па-беларуску, яны мне — па-украінску. У выніку я прыляцела першы раз, мне пачысцілі некаторыя каналы. Складана сказаць колькі агулам я заплаціла, бо тады я кайфавала ад Львова. Памятаю, што адзін візіт каштаваў недзе 6 тысяч грывень (тады 180 еўра) гэта было ў лістападзе 2021 года), а агулам іх было 4 або 5. 

За гэты час я паставіла 2 каронкі, пералячыла ўсе каналы, зрабіла чыстку. Сэрвіс найвышэйшага ўзроўню! Камунікацыя, абсталяванне, падыход да пацыентаў… Плюс ачараванне майго любімага Львова.

Я ездзіла ва Украіну лячыць зубы тройчы. У лістападзе, снежні і лютым 2022 года. З’ехала адтуль 16 лютага, наступны візіт быў запланаваны на сакавік. На жаль я туды ўжо не вярнулася — беларусам уезд ва Украіну забаронены. Ды й кошты на стаматалогію ва Украіне моцна выраслі. 

Мне засталося паставіць ва Украіне дзве каронкі. Я вырашыла зрабіць гэта ў Польшчы. Адна каштавала 1400 злотых (325 еўра). Зрабіла — і думала што забыла пра іх.

Увесну мой хлопец схадзіў да стаматолага і высветлілася, што ў яго праблемы з зубамі. Лячэнне будзе каштаваць каля 4 тысячаў злотых (930 еўра). Памятаючы пра свой досвед стаматалагічнага турызму, я прапанавала яму пашукаць альтэрнатыву за мяжой. Знаёмыя нешта пісалі пра Албанію, вось я і вырашыла звярнуцца да тутэйшых лекараў. Супольна можна пачыліць на моры. 

Мы шмат перабралі клінік, нават шукалі на Reddit. Усе прыгоды апісваць не буду, усё-такі балканскі падыход да працы — гэта выпрабаванне да ўсходняславянскай душы. 

У выніку трапілі ў клініку ў Ціране па рэкамендацыі жанчыны, у якой мы здымалі кватэру. Вельмі спадабаўся лекар: спакойны, разважны, нават падтруніваў над намі. Пломба каштавала ў яго 30 еўра, вырваць зуб мудрасці — 50 еўра. 

Мне лекар прапанаваў памяняць каронкі, якія я ставіла ў Польшчы. Бо яны — «shit» (гэта я цытую). Адна full zirconia каронка каштавала 200 еўра.

Пасля візіту ў Албанію я вырашыла, што да польскіх стаматолагаў больш не пайду. У мяне выявілася праблема, і ўсё, што я атрымлівала ад палякаў — істэрыка і прапановы вырваць зубы і паставіць імпланты (і тое, «калі атрымаецца»). Албанцы і ўкраінцы хутчэй кажуць: «Не перажывай, калі не баліць, то можна жыць». Гэтая стратэгія мне больш падыходзіць. 

Іншага досведу ў мяне не было. Наўрад ці я б паехала па аперацыі або планаваныя абследаванні ў іншую краіну. Толькі калі буду там знаходзіцца даволі доўгі час. 

Але мая знаёмая полька нараджала дзіцё ў Чэхіі. Кажа, што там значна лепей. Асабліва калі ўлічваць польскую сітуацыю з абортамі — калі нешта пойдзе не так, памрэ і маці, і дзіця. У Чэхіі такая сітуацыя немагчымая.

Каментары4

  • Индеец
    18.10.2024
    Ойти бояре катаются по всему свету туды-сюды когда хотят "погулять и зубы полечить", даже из России лекарства заказывают. Как им плохо здесь жилось при рэжыме, черная икра в гордо не лезла.
  • -_-
    18.10.2024
    "ў мяне быў такі жахлівы таксікоз, што я ..."
    ездзіла ажна ў Польшчу на агляд
  • ойти трест
    18.10.2024
    Индеец, Максимка, а ты где свои зубы лечишь - за пыльным московским мкадом?

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?18

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?

Усе навіны →
Усе навіны

Расійскі тыктокер Азамат Айталіеў вярнуўся ў Мінск раздражняць беларусаў: танчыць у вышыванцы, шукае жонку18

За вечар у Мінску патанулі ў ванне два чалавекі4

У Расіі жанчына забіла сяброўку пасля таго, як тая напалохала яе прароцтвам аб хуткім пазбаўленні волі1

Аўтагіганты «Хонда», «Нісан» і «Міцубісі» рыхтуюць гістарычнае зліццё3

Ля берагоў Іспаніі затанула расійскае судна, якое забяспечвала групоўку ў Сірыі2

Мінчанка перавяла гадалцы-таролагу ў тыктоку больш за 70 тысяч рублёў за зняцце сурокаў і іншыя абрады

Сёння католікі, пратэстанты і частка праваслаўных святкуюць Раство4

Колькі ў Беларусі каштуюць табі — модны абутак, які шмат у каго асацыюецца з капытамі4

Сотні хрысціян выйшлі на акцыю пратэсту ў цэнтры Дамаска5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?18

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?

Галоўнае
Усе навіны →