Культура1616

Страх пустой прасторы. Што яднае готыку і савецкі бабушатнік?

Гэтая культурная з'ява пранізвае ўсю гісторыю мастацтва, але чаму чалавек ва ўсе эпохі імкнецца запоўніць кожны сантыметр прасторы — застаецца не да канца вытлумачаным.

Каланада Львінага дворыка ў рэзідэнцыі Насрыдаў у Альгамбры. Дэкаратыўнае ісламскае мастацтва — выдатны прыклад страху пустой прасторы

У выпуску ТОКу з беларускай нобелеўскай лаўрэткай Святланай Алексіевіч пісьменніца згадала ў якасці метафары «паніку незапоўненай прасторы», пра якую пачула ад гіда ў адной старадаўняй мячэці. Тэлеграм-канал «Спадчына» звярнуў увагу на тое, што гэта не проста прыгожы выраз, а сапраўдны тэрмін, якім апісваецца незвычайная з'ява ў сусветным мастацтве.

Упершыню ідэю выказаў, відаць, старажытнагрэчаскі філосаф Арыстоцель, калі, спрачаючыся з магчымасцю існавання вакууму, заявіў, што «прырода не церпіць пустаты».

Тую ж ідэю, «Natura abhorret vacuum», у сваім рамане «Гарганцюа і Пантагруэль» пераказаў выдатны французскі пісьменнік Франсуа Рабле ў першай палове XVI стагоддзя.

Тэорыя была падтрыманая Галілеа Галілеем у пачатку XVII стагоддзя — «Resistenza del vacuo».

Каменныя карункі на фасадзе гатычнага Руанскага сабора. Фота: Wikimedia Commons
«Дама з аднарогам» — шэдэўр позняй готыкі. Музей Клюні ў Парыжы. Фота: Wikimedia Commons

Але выявілася, што не цярпіць пустаты і чалавечая натура. Італьянскі гісторык мастацтва Марыа Прац у XX стагоддзі, звярнуў увагу на празмерную перагружанасць інтэр'ераў віктарыянскай эпохі дробнымі прадметамі і дэталямі, якая нярэдка стварала адчуванне візуальнага хаосу.

Гэтую з'яву ён назваў horror vacui — страх пустой прасторы.

Калі пачаць прыкладаць гэты тэрмін да розных эпох і культур, то выяўляецца, што horror vacui пануе амаль над любым традыцыйным візуальным мастацтвам, скульптурай і архітэктурай.

Столя храма Хатхор у Дэндэры. Кожны сантыметр паверхні егіпецкіх храмаў пакрывалі рэльефы і іерогліфы. Калі заставалася пустая прастора, то іерогліфы дублявалі ці ўводзілі неабавязковыя сімвалы. Фота: Wikimedia Commons
Саркафаг Людавізі, выраблены ў рымскі час, каля 250 н.э. Палаца Альтэмпс. Фота: Wikimedia Commons

На сценах егіпецкіх храмаў, у рымскім інтэр'ерах, у раманскіх мазаіках, у ісламскім мастацтве, у персідскіх дыванах, у гатычных манускрыптах і разьбе па камені, у архітэктуры храмаў Паўднёвай і Усходняй Азіі, у жывапісе рэнесансу і барока, у эклектыцы, мадэрне, арт-дэко — паўсюль мы адчуваем імкненне мастакоў запоўніць кожны сантыметр прасторы чымсьці.

«Мадонна каноніка ван дэр Пале». Ян ван Эйк, каля 1434-1436. Музей Грунінгэ ў Бругэ. Фота: Wikimedia Commons
Фрагмент трыпціха «Сад зямных асалод». Геранім Босх, 1500-1510. Музей Прада ў Мадрыдзе. Фота: Wikimedia Commons

Сапраўдная рэвалюцыя адбылася ў пачатку XX стагоддзя, калі авангард адмовіўся ад упрыгажальніцтва, аддаўшы перавагу чыстым формам. Перажыўшы перыяд рэакцыі ў сярэдзіне стагоддзя, мастацтва вярнулася да мінімалізму мадэрнізму. Можа быць, чалавецтва ўпершыню пераступіла праз сябе і свой страх пустаты.

Барочныя роспісы і архітэктурныя дэталі пакрываюць усе паверхні ў інтэр'еры касцёла Святога Станіслава ў Магілёве
Сабор Святой Сям'і ў Барселоне. Антоніа Гаўдзі. Фота: Wikimedia Commons

Але пераступіць не значыць перамагчы. Мы пастаянна бачым спробы заляпіць усё арнаментам, купіць шпалеры ў вялікія кветкі, зрабіць на дачы карнізы, пілястры і нават вежку.

А што калі не horror vacui нашыя «бабушатнікі»? У тыповай мадэрнісцкай скрыні жалезабетонных сцен хаваюцца пакоі, застаўленыя сервантамі з хрусталём і масай кніг, на падлозе, сценах, канапе і крэсла — рознакаляровыя дываны, вялікая мудрагелістая люстра, карункавыя дарожкі на століках, статуэткі з мясцовага фарфоравага завода на паліцах.

«Бабушатнікі», як і інтэр'еры ў стылі «цыганскага барока», добры прыклад сучаснага horror vacui. Фота: mydecor.ru
Віктарыянскія інтэр'еры, для апісання якіх спатрэбіўся тэрмін horror vacui, мала чым адрозніваюцца ад бабушатнікаў

Уласна, таму мы, відаць, так любім гістарычную архітэктуру, а ўсіх гэтых штук са шкла і бетону не заўважаем. Яны служаць толькі абрамленнем, прымусовым падкрэсліваннем чагосьці каштоўнага. Вам хочацца быць бліжэйшымі да карціны Босха, якая вісіць на велізарнай пустой сцяне музея, каб у полі вашага зроку заставаўся толькі яе перапоўнены дэталямі хаос. І тое самае працуе з гістарычнай архітэктурай у сучасным абрамленні.

Страх пустой прасторы для стварэння невытлумачальнага пачуцця трывожнасці выкарыстоўвалі і некаторыя сучасныя мастакі. Сярод такіх твораў карціны амерыканскіх мастакоў — «Свет Крысціны» Эндру Уаета ці «Паўночнікі» Эдварда Хопера.

«Свет Крысціны» Эндру Уаета гуляе на страху пустой прасторы для стварэння невытлумачальнага пачуцця трывожнасці
«Паўночнікі» Эдварда Хопера. Творы Хопера пакідаюць трывожнае ўражанне сваімі пустымі прасторамі

Прычыны гэтага псіхалагічнага эфекту да канца не зразумелыя, але аўтары канала выказваюць здагадку, што на людзей могуць уплываюць эвалюцыйныя чыннікі: на адкрытым полі нашыя продкі станавіліся ўразлівымі, а ў лясным стракацені галін, лісця, імхоў і грыбоў наадварот — абароненымі.

Каментары16

  • E
    24.11.2024
    Цікава, буду ставіцца да бабушатнікаў цяпер з павагай.
  • CV
    24.11.2024
    Мыш, гаворка не пра метражы, а пра візуальную загрувашчанасць
  • Мыш
    24.11.2024
    Upd: не Алексіевіч, а аўтар артыкула
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

З Лондана Мельнікава вылецела на Шры-Ланку, у яе быў каханак спартовага выгляду з Беларусі55

З Лондана Мельнікава вылецела на Шры-Ланку, у яе быў каханак спартовага выгляду з Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Новы кіраўнік фонду Мельнікавай можа атрымаць доступ да рахункаў цягам некалькіх тыдняў1

«Добры дзень для Германіі». Рэакцыі нямецкіх партый на правал Фрыдрыха Мерца на выбарах канцлера1

Вайсковы парад 9 мая ў Мінску пройдзе позна вечарам11

Сталі вядомыя новыя прозвішчы затрыманых топ-менеджараў Мазырскага НПЗ

Тур не будзе насіць георгіеўскую стужку, але прычына не тая, што вы падумалі15

Ціманоўская абвінаваціла былога мужа ў супрацы з КДБ25

Экс-ідэолага прызначылі кіраўніком Белгідрамета7

Фота моманту замаху на Трампа атрымала Пулітцэраўскую прэмію1

Выбух 4 мая ў Маскве адбыўся ў кватэры электрыка з пуцінскай рэзідэнцыі на Валдаі5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

З Лондана Мельнікава вылецела на Шры-Ланку, у яе быў каханак спартовага выгляду з Беларусі55

З Лондана Мельнікава вылецела на Шры-Ланку, у яе быў каханак спартовага выгляду з Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць