«Хворага паклалі на аперацыйны стол, а дактароў няма». Медык са «справы артапедаў» расказаў, як адкупляліся ад крымінальнай справы
Вясной 2022 года Артура затрымалі супрацоўнікі КДБ па «справе артапедаў». Доктара з велізарным стажам змясцілі ў СІЗА, а пазней запатрабавалі «выкуп» — як пакрыццё шкоды. Праз год доктар змог выехаць з Беларусі і расказаў «Медыязоне» гэтую гісторыю.
«Трэба было нешта зляпіць, і яны зляпілі»
— Быў выпадак, што некалькі калегаў «узялі» ў адзін дзень і высветлілася, што хворага паклалі на [аперацыйны] стол, а дактароў няма.
Да затрымання Артур працаваў у траўматолага-артапедычным аддзяленні мінскай бальніцы. Займаўся эндапратэзаваннем суставаў больш за 10 гадоў, выпусціў некалькі навуковых артыкулаў, выступаў на міжнародных форумах.
Вясной 2022 у бальніцу прыйшлі супрацоўнікі КДБ. Доктара затрымалі на працоўным месцы — прыехаў, а яго ўжо чакалі. Адтуль адвезлі ў СІЗА КДБ і выставілі абвінавачванне.
— Нібыта пацыентам ставілі імпланты замежнай вытворчасці за грошы (замест бясплатных беларускіх), а дактары атрымлівалі за гэта ганарар. Я не ставіў платных пратэзаў. Але ўсё роўна на мяне нешта знайшлі: напісалі нейкіх пацыентаў, якія да платных паслуг ніякага дачынення не мелі — трэба было нешта зляпіць, і яны зляпілі.
Тады намеснік начальніка следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак паведаміў, што па «справе артапедаў» затрымалі 35 работнікаў медустаноў і пяць прадстаўнікоў камерцыйных структур. Супраць іх распачатая крымінальная справа аб атрыманні хабару і дачы хабару, а таксама аб незаконнай грашовай узнагародзе.
Артур займаўся пратэзаваннем за кошт бюджэту — гэта аперацыі, дзе пратэзы закупляліся за кошт дзяржавы і на куплю ён ніяк не ўплываў.
«Хтосьці быў зацікаўлены»
Чарга на аперацыю дасягала ад 3 да 5 гадоў, яе кантралявала спецыяльная камісія.
Артур кажа, што беларускія пратэзы па якасці не саступалі імпартным, але былі пацыенты, якія прынцыпова не хацелі ставіць беларускі варыянт. Тады яны маглі замовіць пратэз замежнай фірмы, але на чаргу гэта ніяк не ўплывала.
— Калі ў клініцы быў пазабюджэтны аддзел, то ён звязваўся з пастаўшчыкамі і закупка праходзіла афіцыйна праз аптэку бальніцы з рахункаў клінікі. Чуў, што ў некаторых рэгіёнах пацыентаў накіроўвалі адразу на фірму. Людзі аплачвалі пратэз і прадстаўнікі фірмы яго прывозілі.
Па словах доктара, тады КДБ затрымаў шмат дактароў, якія мала займаліся платным пратэзаваннем — усяго 2-3 аперацыі за сваю практыку.
— Платным пратэзаваннем займалася значна больш людзей, чым прайшлі па справе. Былі людзі, якія відавочна ў гэтым маглі быць задзейнічаныя, але справа іх ніяк не кранула. Другое пытанне: чаму накрылі толькі дзве фірмы, якія прадавалі пратэзы, хоць іх было больш. Чаму не ўсё? Чаму да іншых не прыйшлі? Гэта значыць, зноў жа — хтосьці быў зацікаўлены, хто з кім супрацоўнічае. Напэўна, былі бенефіцыяры гэтай справы не толькі ў Камітэце, а можа быць і сярод камерсантаў. Але гэтая інфармацыя недакладная, ніхто не ведае адказаў на гэтыя пытанні.
«Дзеля чаго ўсё гэта было?»
У красавіку 2022 года намеснік начальніка следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак пракаментаваў «справу артапедаў».
Паводле яго слоў, дактароў і кіраўнікі медустаноў атрымлівалі хабару за тое, што «дзейнічаючы ў інтарэсах замежных камерцыйных арганізацый і выкарыстоўваючы сваё службовае становішча», прапаноўвалі пацыентам купіць замежныя эндапратэзы канкрэтных фірмаў. «За гэтыя дзеянні прадстаўнікі замежных кампаній перадавалі беларускім дактарам незаконнае грашовае ўзнагароджанне з разліку па 200 еўра за кожную праведзеную аперацыю», — сцвярджаў Бычак.
У маі 2023 года ў Брэсце асудзілі двух дактароў, якіх затрымалі ў канцы сакавіка 2022 года ў рамках «справы артапедаў». На судзе адзін з абвінавачаных — доктар Сяргей Кісель — распавёў, што асаблівага выбару эндапратэзаў у пацыентаў не было: імпартныя пастаўляліся толькі ад двух вытворцаў — Waldemar Link праз «Медлінк» і DePuy Synthes праз «Джонсан & Джонсан». Можна было бясплатна атрымаць пратэз беларускай вытворчасці ад ЗАТ «Алцімед», але іх трэба было чакаць і яны падыходзілі не ўсім.
Улетку 2022 Беларускі расследвальніцкі цэнтр выпусціў відэа, дзе сцвярджаў, што ад «справы артапедаў» выйграла сяброўка Віктара Лукашэнкі Людміла Няронская, чыя клініка «Мерсі» адзіная ў Беларусі працягвае ставіць імпартныя пратэзы. У дзяржаўных жа бальніцах з імпартнымі пратэзамі больш не працуюць.
Артур кажа, што бачыў гэтае расследаванне, але з высновамі не згодны.
— Каб хтосьці выйграў, на гэтым падняўся, атрымаў вялікія перавагі… так, усе закупкі эндапратэзаў пайшлі праз УП «Медтэхніка». Нюансы з'явіліся, чэргі не скараціліся, працэс трапляння пацыента на аперацыю затрымліваецца. Усё ўскладнілася. І дзеля чаго ўсё гэта было?
Доктар кажа, што беларускі вытворца пратэзаў таксама часова прыпыняў пастаўкі сваіх вырабаў — пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Ці было звязана гэта са «справай артапедаў», невядома.
«Былі сітуацыі, калі пацыентам сапраўды адмаўлялі ў аперацыях проста таму, што няма чаго было ставіць», — кажа Артур.
«І памножце цяпер гэта ўсё на 10»
Пасля затрымання Артура змясцілі ў СІЗА КДБ.
— Нікога не білі, не душылі, але псіхалагічны ціск быў каласальным. Мне пагражалі, што гэта доўга працягнецца і будзе сур'ёзнае пакаранне. Для СІЗА вельмі падыходзіць слова «бязлітасны». Гэта не гасцініца — там канвеер, і нікому няма справы, хто чым займаўся і кім быў у «тым» жыцці.
Артур некалькі тыдняў правёў у СІЗА, пасля даў прызнальныя паказанні і яго адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе і невыдаванні інфармацыі. Доктар кажа, што ўсе затрыманыя артапеды тады прызналі віну.
— Можна было не прызнавацца, але гэта б не паўплывала на вынік, таму прызналіся ўсе. Хтосьці адразу, хтосьці не адразу, хтосьці рабіў выгляд, што не прызнаўся, але, па-мойму, прызналіся ўсе. У нашым прафесійным асяроддзі гэтыя пытанні абмаўляць было не прынята — хто што пісаў, каму колькі выставілі, які рахунак.
Таксама КДБ выставіла ўсім лекарам «суму шкоды», якія тыя, па словах Артура, павінны былі пагасіць у дзесяціразовым памеры.
— Каэфіцыент быў 10. Сумы прыкладна па ўсіх былі ад 500 да 5 000 даляраў. І памножце зараз гэта ўсё на 10.
Адкуль браліся гэтыя сумы шкоды — доктар дагэтуль не зразумеў. Але ўсе, хто праходзіў па справе, павінны былі выплаціць кампенсацыю ў дзесяціразовым памеры на рахунак КДБ і пасля прынесці «плацёжку» ў Следчы аддзел.
— Плюс тыя, хто прайшоў праз суд, атрымліваў яшчэ штраф, умоўныя тэрміны з адтэрміноўкай альбо хатнюю хімію. На дадзены момант усім дазволілі прыступіць да працы.
Увесь крымінальны працэс па «справе артапедаў» заняў каля паўтары гадоў. Праз год з часткі затрыманых, са слоў Артура, крымінальныя артыкулы і абмежаванні былі знятыя. Андрэя Варановіча і Сяргея Кісяля суд прысудзіў да 1,5 года хатняй хіміі і 4 гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на два гады.
Артур трапіў у спіс тых, у каго крымінальная справа была спыненая. Калі з доктара знялі абмежаванні на выезд, ён з'ехаў з краіны. Мужчына кажа, што яму вядома яшчэ пра аднаго доктара, які праходзіў па «справе артапедаў» і змог уцячы з краіны, знаходзячыся яшчэ пад падпіскай. Яшчэ пару чалавек пакінулі Беларусь пасля зняцця абмежаванняў. Адзін доктар выехаў з Беларусі, але пасля вярнуўся.
Цяпер доктар працуе ў еўрапейскай клініцы, займаецца пацвярджэннем дыплома, каб вярнуцца да сваёй медыцынскай спецыялізацыі ў працы.
Каментары