У будынку, дзе раней быў дзіцячы сад, цяпер поўным ходам рамонт. Пра гісторыю піша BGmedia.

Што адбылося?
Беларус падзяліўся відэаролікам у TikTok, у якім расказаў пра спаўненне мары многіх дарослых — пакупку будынка, з якім звязаныя ўспаміны першых гадоў жыцця. Па словах аўтара відэа, тыдзень таму ён стаў уладальнікам будынка дзіцячага садка, з якога выпусціўся 30 гадоў таму.
Былы Аранчыцкі дзіцячы сад № 16, які спыніў працу два гады таму, размяшчаецца ў аднайменнай вёсцы Пружанскага раёна па адрасе вул. Працоўная, 13. Будынак аднапавярховы, цагляны, быў узведзены ў 1972 годзе.
Мужчына прадэманстраваў падпісчыкам свае новыя ўладанні: збудаванне прыйшло ў заняпад, хоць сцены і дах візуальна цэлыя. Тэрыторыя абгароджана драўляным плотам жоўта-сіняга колеру. На галоўным уваходзе наведвальнікаў сустракае аўтэнтычная разьбяная брама з вавёрачкай і экс-назвай дзіцячага сада «Ваверчаня». Выглядае яна цалкам ахайна: быццам афарбаваная зусім нядаўна.

«Тут былі домікі, арэлі, цяпер гэтага нічога няма. Застаўся толькі будынак, пустка, вось так ён выглядае», — каментуе аўтар.
Аранчыцкі дзіцячы сад быў зачынены ў 2023 годзе, установа адукацыі «злілася» з дзіцячым садам у суседнім аграгарадку Лінова. У ім маецца спартыўная і музычная залы, басейн, медыцынскі блок, ды і будынак выглядае больш цывільна. Відавочны мінус — цяпер, каб трапіць у дзіцячы сад, жыхарам Аранчыц даводзіцца пераходзіць чыгунку.
У іншых відэа беларус паказаў інтэр'ер дзіцячага садка, а дакладней тое, што ад яго засталося.
Ля ўваходу знаходзіцца распранальня з рознакаляровымі шафкамі, знаёмымі мужчыну яшчэ з дзіцячых гадоў. Захавалася карціна з пальмамі, дзіцячыя малюнкі і стэнд з надпісам «Нашы справы».

Другі пакой збольшага пусты, у ім дзеці гулялі і прымалі ежу. У ваннай і прыбіральні захавалася савецкая кафля. Зараз ва ўсіх памяшканнях ідзе дэмантаж пакрыцця і ўстаноўка падлогі з падагрэвам.
«Паралельна прыбіраецца плітка, падлога. Усё гэта будзе развальвацца, выносіцца і рабіцца цёплая падлога», — расказвае ўладальнік нерухомасці.
Нягледзячы на цікавасць гледачоў, сваю задумку, што ж у рэшце рэшт адкрыецца на месцы дзіцячага садка ў будучыні, аўтар відэа трымае ў сакрэце.
У асобнай публікацыі беларус паказаў памятную пліту студэнцкага будаўнічага атрада «Брыганціна», урэзаную ў цагляны фасад. Ён дапускае, што за ёй можа знаходзіцца капсула часу, якія часта пакідалі ў савецкіх установах адукацыі.
Што вядома пра аб'ект?
Са звестак Беларускай універсальнай таварнай біржы вынікае, што акрамя будынка дзіцячага садка плошчай 313,2 кв.м, на тэрыторыі знаходзіцца хлеў з падвалам, дзве летнія веранды, плот, дарожка, каналізацыйная сетка, кацёл і помпа. Прадавец — аддзел па адукацыі Пружанскага райвыканкама.
Зямельны ўчастак дазволена выкарыстоўваць для размяшчэння аб'ектаў прамысловай вытворчасці, грамадскага харчавання, аказання паслуг, гандлю, будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома. Тэрмін арэнды — 20 гадоў.
Участак выстаўлялі на продаж некалькі разоў. Стартавая цана была 69 702 рублі (у сакавіку 2024 года). Апошні раз у лістападзе аб'ект прадавалі за тры базавыя велічыні.
Мужчына піша, што купіў былы дзіцячы садок у снежні.
Каментары