Кабінет хоча стварыць Фонд для беларусаў. Расказваем, каму ён будзе дапамагаць
Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы АПК Вольга Зазулінская плануе, што структура з'явіцца і пачне працу напрыканцы 2025 года. «Наша Ніва» пацікавілася, якая мэта Фонду і адкуль плануецца фінансаванне.
![](http://nashaniva.com/img/w840d4webp1/photos/z_2024_09/screenshot2024-09-20at145956-8qd56.png.webp)
«Ветэранам патрэбна рэабілітацыя, якую ў ідэальнай сітуацыі можна будзе ўключаць у гэты Фонд»
Фонд будзе дапамагаць пенсіянерам, людзям з інваліднасцю, дзецям, жанчынам, ЛГБТК+, якія тэрмінова эмігравалі з Беларусі праз рэпрэсіі ці пагрозы крымінальнага пераследу, і іх базавыя патрэбы не закрытыя. Гэта наяўнасць арэнднага жытла, ежы, медыцынскай дапамогі. Падтрымка для такіх людзей стане комплекснай: прававая, фінансавая, псіхалагічная, медыцынская.
«Ёсць дыскрымінацыя па ўзросце, калі беларусаў у пенсійным узросце не бяруць на працу. Для кожнай групы будзе выпрацаваны свой пакет дапамогі з улікам таго, дзе знаходзіцца чалавек, якія ў яго патрэбы і гэтак далей. Напрыклад, чалавек не можа ўладкавацца на працу, легалізавацца. Адпаведна, калі няма працы, то не можаш плаціць падаткі, а гэта значыць, што няма доступу да базавай медыцыны.
Асноўная ідэя даць сацыяльныя гарантыі, якія звычайна дае дзяржава, і стварыць механізм устойлівай падтрымкі для беларусаў у складаных сацыяльных умовах.
Таксама ў нас ёсць такая ўразлівая група як ветэраны, якія вярнуліся з вайны ва Украіне. Ім патрэбная рэабілітацыя, якую ў ідэальнай сітуацыі можна будзе ўключаць у гэты Фонд», — кажа яна.
Вольга звяртае ўвагу на тое, што беларусы апынуліся ў сітуацыі, калі ініцыятывы, НДА бяруць на сябе кропкавую дапамогу такім людзям.
«Наша задача зрабіць гэта структурна і сістэмна, — кажа Вольга. — Вось як, напрыклад, Міжнародны гуманітарны фонд, ён закрывае патрэбы палітвязняў, ствараўся канкрэтна пад гэтую групу. Там дапамогай забяспечваюцца як людзі ўнутры краіны, так і людзі па-за межамі».
«Пенсіянеры ў Беларусі маюць сваё жытло, а ў тых, хто ў эміграцыі, ні кватэры, ні пенсіі»
Цяпер існуе толькі ідэя такога Фонду. Распрацоўка праекта зойме шмат часу. Напрыклад, для стварэння Міжнароднага гуманітарнага фонду спатрэбілася больш за год — ад канцэпцыі до запуску.
«На гэты момант мы не ведаем, колькі людзей патрабуюць дапамогі, якія канкрэтныя ў іх патрэбы. Для гэта будзе праводзіцца прадстаўніцтвам Кабінета па сацыяльнай палітыцы даследаванне, якое стане асновай для фармавання бюджэту і структуры Фонду: вывучыць поле, зразумець, колькі людзей маюць патрэбу ў такой абароне і далей працаваць з гэтым», — тлумачыць Вольга.
Адпаведна пасля даследавання стане зразумела, якія аб’ёмы фінансавання мусяць быць у такога Фонду.
«Спачатку створым Фонд, прыцягнем сродкі, а пасля на аснове тых механізмаў, якія былі выпрацаваныя, зробім бяспечны пратакол дапамогі людзям.
У першую чаргу адпрацоўваць усю сістэму будзем па-за Беларуссю, таму што людзі ўнутры краіны, напрыклад, пенсіянеры, маюць сваё жытло, пенсію. А тыя, хто ў эміграцыі, — не», — расказвае яна.
Стваральнікі разважаюць пра гібрыднае і празрыстае фінансаванне Фонду, уключаючы міжнародныя гранты, партнёрства з існуючымі фондамі і дабрачынныя ахвяраванні беларускай дыяспары.
«Такая мадэль дазволіць забяспечыць устойлівасць, пазбегнуць залежнасці ад аднаго донара і стварыць эфектыўную сістэму дапамогі для ўразлівых груп. Усе фінансавыя патокі будуць празрыстымі і падсправаздачнымі, што павысіць давер да працы Фонду і эфектыўнасць.
У маім ідэальным уяўленні кожны беларус, які працуе, можа ў той ці іншай ступені дапамагаць таму, у каго такой магчымасці няма. Я асабіста веру, што беларуская салідарнасць можа стаць асновай устойлівай сацыяльнай падтрымкі для тых, хто ў гэтым мае патрэбу», — кажа яна.
Над канцэпцыяй Фонду каманда працуе прабона (бясплатна). Вольга патлумачыла чаму.
«Для таго, каб атрымаць грошы на працу каманды, трэба цалкам прапісаць якасны праект, зараз ствараем чарнавы варыянт канцэпцыі. Пасля гэтага канцэпт павінны паглядзець эксперты, унесці свае праўкі ў дакумент.
Далей з канцэпцыі будзе стварацца паўнацэнны праект. Потым працэс па рэгістрацыі юрыдычнай формы. Для гэтага трэба знайсці партнёра, як было з Міжнародным гуманітарным фондам, які змог бы ўзяць на сябе функцыю адміністравання арганізацыі. Яшчэ варыянт — рэгістраваць асобную юрыдычную асобу.
Тут, канешне, таксама буду слухаць парады юрыстаў, як яны парэкамендуюць, будзем выбіраць, што для нас лепш. І толькі потым можам казаць аб пошуку фінансаў на каманду, якая будзе працаваць у самім Фондзе», — падсумоўвае яна.
Каментары
Делайте взносы, господа