Грамадства22

Стала вядома, дзе цяпер працуе былы высокапастаўлены губазікавец Ціхіня, якога абвінавачвалі ў карупцыі

Уладзімір Ціхіня шмат гадоў узначальваў 2-е ўпраўленне ГУБАЗіК МУС. У канцы 2019 года ён пайшоў у адстаўку, а ў студзені 2020-га стаў фігурантам гучнай «цукровай справы». Тады КДБ назваў Ціхіню «фактычным апекуном» злачыннай схемы — аднак у судзе ён так і не з'явіўся. Цяпер выданне «Люстэрка» высветліла, дзе гэты былы сілавік прыстроіўся пасля таго.

Былы намеснік начальніка ГУБАЗіК МУС Уладзімір Ціхіня, Мінск, 2017 год. Фота: sputnik.by

Прыватны медцэнтр з вядомымі імёнамі

Пры дапамозе «Кіберпартызан» «Люстэрка» атрымала даныя рэестраў, у якіх пазначаныя афіцыйныя працоўныя месцы былога сілавіка. Самы актуальны запіс аб працы цяпер 61-гадовага Уладзіміра Ціхіні — беларускае ТАА «Медвайз». Гэта цэнтр мікрахірургіі вока, які прапануе паслугі па лазернай карэкцыі зроку пад брэндам Voka. Былы сілавік пачаў сваю працу там з ліпеня 2022 года.

Журналістка «Люстэрка» звярнулася ў прыёмную медцэнтра як грамадзянка. Там пацвердзілі, што такі супрацоўнік працуе ва ўстанове і цяпер. Аднак пасаду яго не назвалі і звязаць з ім не змаглі, бо ў яго «раз'язны від працы».

Медцэнтрам Voka валодае Алег Пазняк. Цікава, што сярод супрацоўнікаў медцэнтра значыцца афтальмолаг Дзмітрый Абельскі. Гэта старэйшы сын Ірыны Абельскай — кіраўніцы Рэспубліканскага клінічнага медцэнтра і маці малодшага сына Аляксандра Лукашэнкі Мікалая.

«Зорка крымінальнага вышуку»

Да «цукровай справы» Уладзімір Ціхіня доўгія гады рухаўся ўверх па кар'ернай лесвіцы МУС. Ён пачаў працаваць у мінскай міліцыі з пасады старшага оперупаўнаважанага як мінімум з 1996 года. Імя сілавіка гучала ў сувязі з такімі гучнымі расследаваннямі, як «справа марозаўцаў», «справа пасялковых», а таксама па справах усіх вядомых у Беларусі «крымінальных аўтарытэтаў».

Міліцэйская прэса называла Ціхіню «легендарным барацьбітом і пагрозай злодзеяў у законе», «зоркай крымінальнага вышуку». Да 2007 года ён даслужыўся да пасады намесніка начальніка Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй.

«Напэўна, ён быў самым уплывовым чалавекам у ГУБАЗіК, — успамінаў прадстаўнік арганізацыі «Байпол» і экс-начальнік 3-га ўпраўлення ГУБАЗіК Аляксандр Азараў. — Ён праслужыў больш за ўсіх кіраўнікоў і, напэўна, больш за ўсіх супрацоўнікаў. Яго ведаў, як той казаў, кожны сабака. Любы раней судзімы чалавек ведаў прозвішча Ціхіня».

У снежні 2019 года — неўзабаве пасля 56-годдзя сілавіка — афіцыйна абвясцілі пра ягоную адстаўку. А на ягонае месца прыйшоў Дзяніс Чамаданаў, муж на той момант прэс-сакратаркі МУС Вольгі Чамаданавай, а цяпер кіраўніцы Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама.

Уладзімір Ціхіня. Скрыншот з відэа СТБ

«Фактычны апякун» хабарнікаў

З даных рэестраў вынікае, што пасля звальнення з ГУБАЗіКа Уладзімір Ціхіня перайшоў у Дэпартамент фінансаў і тылу МУС. Аднак лічыўся там ён нядоўга. Ужо праз месяц, у студзені 2020 года, з'явілася інфармацыя пра затрыманне сілавіка.

Неўзабаве КДБ выпусціў на дзяржаўным ТБ фільм «Цукровая мафія». У ім ён абвінаваціў дырэктараў усіх цукровых заводаў і некалькіх бізнэсменаў у нелегальных схемах і хабарніцтве. Ціхіню ў сюжэтах дзяржаўнага тэлебачання называлі самым дасведчаным удзельнікам групы і яе фактычным апекуном. Паводле даных КДБ, ён паведамляў дырэктарам заводаў пра вышуковыя мерапрыемствы, якія праводзіліся адносна іх, даваў парады па канспірацыі, вучыў вычышчаць сляды, гарантаваў ім спыненне праверак і за гэта атрымліваў незаконнае грашовае ўзнагароджанне.

Апошняе даручэнне для Ціхіні — не дапусціць на пасаду дырэктара «Белдзяржхарчпрама» непажаданага чалавека, пры якім схема не магла б існаваць.

«На жаль, але легендарны барацьбіт з бандытызмам і карупцыяй у 90-х і нулявых згаджаецца за ўзнагароджанне страхаваць цукровую мафію і яе схему», — казаў у лютым 2020-га года закадравы голас у адным з тэлесюжэтаў.

Далей ішла аператыўная здымка: Ціхіня і маскоўскі бізнэсмен Сяргей Кананенка ў гандлёвым цэнтры, сілавік нешта кладзе ў сваю кішэню. КДБ тлумачыць: хабар ён ужо чакаў.

Кадр аператыўнай здымкі КДБ, паказаны ў фільме «Цукровая мафія». КДБ сцвярджае, што на відэа экс-дырэктар Гарадзейскага цукровага камбіната Міхаіл Крыштаповіч кладзе грошы ў кішэню Уладзіміру Ціхіню. Скрыншот з ютуб-канала NEWS.BY

І зноў оперупаўнаважаны

Нягледзячы на сур'ёзныя абвінавачванні, у жніўні 2020 года стала вядома, што былы намеснік начальніка ГУБАЗіК выйшаў на волю пад падпіску аб нявыездзе. Цікава, што падчас меркаванага знаходжання пад вартай Ціхіня афіцыйна быў аформлены ў МУС як «галоўны спецыяліст; дзяржаўны служачы, які не з'яўляецца прадстаўніком улады».

У кастрычніку 2020 года (ужо пасля вызвалення) яго зноў запісалі «старшым оперупаўнаважаным МУС» — па ўсёй бачнасці, гэта была пасада ў структуры ГУУС Мінгарвыканкама. У 56 гадоў Уладзімір Ціхіня зноў апынуўся на той жа пасадзе, з якой пачынаў кар'еру ў сілавых ведамствах.

Экс-супрацоўнік ГУБАЗіК Станіслаў Лупаносаў, які далучыўся да «Байпола» і цяпер завочна асуджаны ў Беларусі да 18 гадоў калоніі, успамінаў пра вызваленне Ціхіні ў інтэрв'ю «Нашай Ніве».

«З Ціхінем я амаль не перасякаўся, яго выпусцілі з СІЗА, каб праводзіць езуіцкую работу з крымінальнымі элементамі, якіх ён ведаў па сваёй ранейшай дзейнасці. Ім выдалі арыенціроўкі на бізнэсменаў, з якіх яны павінны былі вытрасаць грошы нібыта на «фінансаванне пратэстаў».

Разлік быў на тое, што камерсанты пайшлі б з заявамі ў міліцыю, і асабоваму складу іншых падраздзяленняў было б прадэманстравана, якімі метадамі дзейнічаюць прыхільнікі перамен — праз крымінальных аўтарытэтаў. Але «блатныя» або сабатавалі заданне, або папярэдзілі бізнэсменаў, адкуль растуць ногі. Ён так і прасядзеў усе падзеі на сваёй дачы».

Суд па «цукровай справе» ішоў з ліпеня да снежня 2021-га. На лаве падсудных было дзесяць чалавек, яны атрымалі тэрміны ад 3 да 13 гадоў пазбаўлення волі.

А што Ціхіня? Дакладна невядома.

Расійскае агенцтва Sputnik са спасылкай на інфармаваныя крыніцы паведамляла, што справа высокапастаўленага сілавіка, хутчэй за ўсё, вылучаная ў асобную вытворчасць. Аднак пасля гэтага ў публічным полі не з'яўлялася ніякай інфармацыі пра яе разгляд.

Паводле інфармацыі арганізацыі «Белпол», у траўні 2021 года вытворчасць у дачыненні да Ціхіні была прыпыненая паводле п. 5 ч. 1 арт. 246 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса — праз «немагчымасць правядзення следчых дзеянняў, без якіх не можа быць прынятая пастанова аб заканчэнні папярэдняга следства».

Прадстаўнік «Белпол» выказаў здагадку, што былы сілавік пазбег пакарання.

«Мабыць, вельмі цесна супрацоўнічаў са следствам. Ды і пытанне там па справе тычылася 2000 даляраў, якія ён нібыта павінен быў камусьці перадаць у АУС», — адзначыў ён.

Каментары2

  • даведка
    13.02.2025
    Он был и первым заместителем начальника, начальником 1-го управления ГУБОПиК.
  • пеця
    13.02.2025
    от анi усе, одна кампашка, этыя усе пазьнякi, лукашэнкi, цiхiнi, абельскiя
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Трамп заявіў, што ён «вельмі раз’юшаны» паводзінамі Пуціна17

Трамп заявіў, што ён «вельмі раз’юшаны» паводзінамі Пуціна

Усе навіны →
Усе навіны

Навукоўцы знайшлі спосаб, як знішчаць «вечныя хімікаты» ў вас дома1

Сёння ўвечары прапануюць часова выключыць электрычнасць2

У Ганконгу прадалі працу Шагала за 4,5 мільёна даляраў

«70% мала, давайце 90%». Як Шпілеўская патрабавала ад Коршунава змяніць вынікі сацапытання14

Беларускія блогеры знялі пад Мядзелам вялізную чараду дзікіх гусей ВІДЭА4

Сацыяпатамі (як і прэзідэнтамі) не нараджаюцца, сацыяпатамі становяцца11

Муж Бондаравай расказаў, за што яе пасадзілі на 13 сутак21

Давыдзька паехаў у Расію пабірацца па старых сябрах і перастаў плаціць за мабільны — яго падхапіў крыптабізнэсмен10

Каардынацыйная рада спрабуе даведацца, ці былі на рахунак фонду Анжалікі Мельнікавай пераведзеныя грошы для дзейнасці КР13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп заявіў, што ён «вельмі раз’юшаны» паводзінамі Пуціна17

Трамп заявіў, што ён «вельмі раз’юшаны» паводзінамі Пуціна

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць