Кітай спрабуе выступіць у ролі міратворцы ва Украіне. Вось як выглядае гэта прапанова
Пакуль ЗША і Расія рыхтуюцца да перамоў па ўрэгуляванні вайны ва Украіне, Кітай спрабуе заняць ролю пасрэдніка. Што ён прапануе і што за гэтым стаіць?

Як піша The Wall Street Journal са спасылкай на крыніцы ў Пекіне і Вашынгтоне, кітайскія чыноўнікі неафіцыйна прапанавалі камандзе Трампа правесці амерыкана-расійскі саміт для абмеркавання ўрэгулявання вайны. У планах Кітая таксама згадваецца магчымасць удзелу ў міратворчых намаганнях пасля магчымага перамір’я.
Аднак гэтая ініцыятыва выклікала скепсіс у ЗША і Еўропе. Галоўная прычына — блізкае партнёрства Кітая і Расіі, якое ўзмацнілася пасля пачатку вайны. Захад разглядае Кітай не як пасярэдніка, а як саюзніка Пуціна, які можа выкарыстоўваць сітуацыю для пашырэння свайго ўплыву.
Згодна з інфармацыяй крыніц у Пекіне і Вашынгтоне, кітайская прапанова прадугледжвае амерыкана-расійскі саміт без удзелу Украіны. Гэта выклікала рэзкую рэакцыю ў Еўропе, бо супярэчыць прынцыпу, што будучыня Украіны павінна вырашацца з яе ўдзелам.

Месяц таму, выступаючы на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе, Трамп заявіў: «Спадзяюся, што Кітай дапаможа нам спыніць вайну паміж Расіяй і Украінай».
Некаторыя эксперты па Кітаі ў Вашынгтоне мяркуюць, што Трамп можа выкарыстоўваць пагрозу гандлёвых тарыфаў на кітайскі імпарт, каб прымусіць Сі Цзіньпіна дапамагчы ўрэгуляваць канфлікт.
Кітайская прапанова адлюстроўвае жаданне Пекіна пазбегнуць эканамічнага супрацьстаяння з Вашынгтонам. ЗША ўжо ўвялі 10% дадатковыя тарыфы на кітайскія тавары і пагражаюць іх павысіць да 60%.
Кітайская эканоміка перажывае найгоршы спад за апошнія дзесяцігоддзі, таму Сі Цзіньпін зацікаўлены ў тым, каб пераканаць Трампа не ўзмацняць эканамічны ціск.
Аднак Сі не хоча, каб дапамога ў спыненні канфлікту паставіла пад пагрозу цесныя адносіны Кітая з Расіяй, кажуць людзі, знаёмыя з ходам думак у Пекіне. Таму кітайская прапанова не ўключае ў сябе ніякіх абавязацельстваў Пекіна па скарачэнні сваёй вялізнай эканамічнай падтрымкі Масквы.
Паводле Рыка Уотэрса (Rick Waters), кіраўніка кітайскага аддзела Eurasia Group і былога высокапастаўленага чыноўніка Дзярждэпартамента ЗША, Кітай гатовы прапанаваць Трампу тактычныя саступкі, такія як арганізацыя саміту з Пуціным або ўдзел у пасляваенных стабілізацыйных місіях. Аднак, адзначае эксперт, Пекін не будзе ціснуць на Пуціна, каб дабіцца спынення агню.
Адмова Пекіна дыстанцыявацца ад Масквы падрывае давер да яго ў заходніх краінах і можа абмежаваць яго магчымасці па ўплыве на Расію. У Еўропе асцерагаюцца, што Кітай зацікаўлены ў зацягванні вайны, бо гэта аслабляе як ЗША, так і ЕС, робіць Расію больш залежнай ад Пекіна.
Тым не менш, некаторыя ўплывовыя чыноўнікі ў Берліне і Парыжы ў розны час заяўлялі, што Кітай можа стаць важным элементам устойлівага мірнага пагаднення, бо валодае магутнымі рычагамі ўплыву на Маскву. Таму Еўропа не адкідае поўнасцю кітайскі ўдзел у мірных перамовах і нават прысутнасць у забеспячэнні яго захавання.
Па словах людзей, знаёмых з сітуацыяй, Кітай у рамках сваёй ініцыятывы прапануе выступіць у ролі «гаранта» міру, адпраўляючы міратворчыя войскі ў рэгіён.

Аднак у Еўропе ўзрастае трывога наконт магчымага пагаднення паміж буйнымі дзяржавамі, якое ігнаруе патрабаванні Кіева. Любы трохбаковы саміт пад кіраўніцтвам Кітая з удзелам Пуціна і Трампа, верагодна, узмоцніць гэтыя асцярогі, бо многія еўрапейскія чыноўнікі лічаць, што Трамп можа адсунуць еўрапейскія інтарэсы ў бок у рамках «вялікай здзелкі» з Пекінам.
Кітай пачаў прапаноўваць краінам сваё фінансаванне замест USAID
У Кітаі будуецца самы вялікі камандны штаб у свеце для патэнцыйнай ядзернай вайны
Ці могуць еўрапейскія войскі на тэрыторыі Украіны дапамагчы гарантаваць яе бяспеку? І колькі іх спатрэбіцца?
Планы Трампа па Украіне азначаюць рахунак на $3 трыльёны для еўрапейскіх саюзнікаў
Каментары