Грамадства1818

Выйшаў на свабоду беларус, якога ў свой час прысудзілі да пажыццёвага зняволення. Гэта першы вядомы такі выпадак

У пачатку нулявых жыхар Пружан Юрый Бяскроўны атрымаў пажыццёвае зняволення за жахлівае злачынства — ён згвалтаваў дзвюх 17-гадовых дзяўчат, адну з якіх у выніку жорстка забіў. Пазней Вярхоўны суд змякчыў яму прысуд. Цяпер гэты чалавек на свабодзе. «Наша Ніва» пагутарыла з яго былымі суседзямі і расказвае, як на чалавечай псіхіцы адбіваецца чвэрць стагоддзя за кратамі.

Юрый Бяскроўны. Калаж

Некалькі тыдняў таму на свабоду выйшаў 47-гадовы жыхар Пружанаў Юрый Бяскроўны. Гэты чалавек правёў за кратамі палову жыцця. Бяскроўны — бадай першы беларус, хто быў прысуджаны да пажыццёвага зняволення, але ўрэшце змог адчуць паветра свабоды. Як так выйшла?

Права на свабоду для пажыццёва зняволеных

Да 2001 года ў Беларусі ўвогуле не існавала пажыццёвага зняволення. Дзейнічаў Крымінальны кодэкс БССР, паводле якога максімальны тэрмін пазбаўлення волі складаў 15 гадоў. Апроч таго, натуральна, існавала і смяротнае пакаранне.

Новы Крымінальны кодэкс, які ўступіў у сілу ў 2001 годзе, захоўваў магчымасць расстрэлаў, дазваляў прысуджаць за некаторыя злачынствы аж да 25 гадоў зняволення, а таксама ўводзіў паняцце «пажыццёвае зняволенне». За наступны час назбіралася больш за 160 чалавек, якія атрымалі менавіта гэты пажыццёвы прысуд.

Беларускае заканадаўства пакідае шанец выйсці на свабоду нават такім людзям. Калі яны адседзяць 20 гадоў, то з улікам іх паводзін, стану здароўя і ўзросту ім могуць сказаць, што трэба правесці за кратамі яшчэ нейкі час — да пяці гадоў, — а пасля можна будзе вызваліцца. Аднак гэта толькі тэарэтычная магчымасць — суд не абавязаны задавольваць хадайніцтва аб вызваленні.

З улікам таго, што новы Кодэкс існуе толькі з 2001 года, першыя такія пажыццёвыя зняволеныя маглі пачаць грукацца ў суды ў 2021 годзе. Аднак выглядае, што дзяржава пакуль не гатовая ісці на падобны эксперымент — няма інфармацыі, каб сілавікі і суддзі далі дазвол на ўмоўна-датэрміновае вызваленне кагосьці, асуджанага да пажыццёвага зняволення.

Выратавальная аперацыя

Сітуацыя Бяскроўнага ўсё ж іншая. У 2002 ці 2003 годзе Брэсцкі абласны суд прысудзіў яго да пажыццёвага тэрміну за забойства, спробу забойства і згвалтаванне. Бяскроўнага нейкі час утрымлівалі з іншымі такімі ж зняволенымі, ён насіў такую ж форму «ПЗ», як і астатнія. Але ўрэшце Вярхоўны суд прыняў да ўвагі яго апеляцыю і змякчыў яму прысуд — замяніў яго на 25 гадоў зняволення.

Чаму суддзі прынялі такое рашэнне? Магчыма, таму што на сумленні Бяскроўнага была адна ахвяра, а не дзве. Хоць тое, што другая дзяўчына выжыла, хутчэй, выпадковасць.

У выніку Бяскроўны правёў за кратамі каля 23 гадоў. Яшчэ два гады яму скінулі па амністыях, якія ў пачатку стагоддзя прымяняліся амаль да ўсіх катэгорый злачынцаў, у тым ліку і да забойцаў. Апроч таго, час знаходжання ў СІЗА мусілі пералічыць з разліку дзень за паўтара.

Што ж нарабіў Бяскроўны?

…У пружанскую міліцыю прыбегла 17-гадовая дзяўчына, якая сказала, што цудам уратавалася ад маньяка. А вось яе сяброўку ён забіў. 

Дзве непаўналетнія сяброўкі позна ўвечары вярталіся з дыскатэкі ў Пружанах у суседняе ўрочышча Пясчына. Побач спыніўся аўтамабіль: давайце падвязу. За рулём быў той самы Юрый Бяскроўны — 24-гадовы жыхар Пружанаў, якога дома чакалі жонка і маленькі сын.

Па дарозе Юрый заехаў у краму па віно з півам, а пасля прапанаваў прадоўжыць знаёмства каля возера. Бяскроўны палічыў, што перад ім прастытуткі. Але калі дзяўчыны заявілі, што не плануюць ніякага інтыму, то раззлаваўся і вырашыў дабіцца свайго сілай. У ход пайшоў нож.

Пакуль Бяскроўны гвалціў адну з дзяўчат — і нават у парыве шаленства адкусіў ёй смочкі, — другая выбралася з машыны і схавалася ў кустах.

Каб схаваць згвалтаванне, Юрый забіў першую дзяўчыну — 30 удараў нажом і каменем.

Пасля пачаў шукаць другую, але не заўважыў яе ў цемры. Ён вырашыў, што яна пабегла па дарозе ў горад і паехаў за ёй. Калі зразумеў, што памыліўся, то вярнуўся, але яна паспела схавацца больш надзейна. Маньяк да раніцы шукаў другую дзяўчыну, але так і не знайшоў.

Гэта выпадковасць выратавала жыццё дзяўчыны — але ў некаторым сэнсе выратавала і самога Бяскроўнага. Так, калі б ён не пакінуў сведку ў жывых, яго б не арыштавалі так хутка. Але калі б яго ўрэшце знайшлі, то за двайное забойства са згвалтаваннямі яго, хутчэй за ўсё, расстралялі б.

Пад раніцу Бяскроўны закінуў труп першай дзяўчыны ў багажнік, адвёз яго далей у лес кінуў у яму. Пасля чаго нарэшце паехаў дадому. Там яго ў той жа дзень і затрымалі.

Побыт асуджанага да 25 гадоў 

У нас няма інфармацыі, у якіх турмах і калоніях Бяскроўны спачатку адбываў сваё пакаранне, але ў выніку ён трапіў у бабруйскую калонію №2.

У адным атрадзе з ім апынуўся палітзняволены блогер Вадзім Vadimati Ермашук, асуджаны за абразу Лукашэнкі і здзек з дзяржаўных сімвалаў. Ён расказаў «Нашай Ніве» свае ўражанні ад камунікацыі з Бяскроўным. Расповед Ермашука дапоўніў іншы зняволены Андрэй Маёраў (імя зменена), які быў асуджаны па эканамічным артыкуле.

Абодва адзначаюць, што ўмовы ўтрымання забойцы і гвалтаўніка Бяскроўнага былі нашмат лепшыя, чым у палітвязняў — людзей, пакараных за удзел у маршах пратэсту ці за неасцярожны каментар у інтэрнэце.

Нягледзячы на тое, што ў Бяскроўнага ёсць артыкул за згвалтаванне (на турэмны слэнгу ён так званы «трусадзёр» — чалавек, асуджаны за сэксуальныя дзеянні, «здзіранне трусоў» з кагосьці), адміністрацыя не пераводзіла яго ў нізкі статус.

Больш за тое, ён атрымаў даволі прэстыжную працу — стаў адказным за захоўванне і выдачу іншым вязням асабістых рэчаў у гаспадарчым атрадзе, а таксама выдаваў нажы. Праца без выходных, але ўсё ж няпыльная — некалькі разоў на дзень трэба адкрыць пакой і сачыць, каб ніхто не залез у чужую сумку. Зрэшты, ніхто і не парушае правілы, каб не набыць рэпутацыю «пацука».

«Як я зразумеў, ён атрымаў такую класную пасаду сваёй супрацай з мянтамі. Хадзіў як блатны. Усе хавалі інфу, што ён гвалтаўнік. Яго зэкі недалюблівалі, але асабліва таго не паказвалі, бо ён быў пад дахам», — кажа Ермашук.

Ён адзначае, што праз тое, што Бяскроўны сам моцна баяўся перайсці ў нізкі статус, ён асабліва грэбліва ставіўся да такіх, як Вадзім:

«Калі я прыходзіў, ён пачынаў крычаць: «Ты, ідзі апошнім у чаргу!» Я ў адказ не маўчаў, і ён тады ішоў скардзіцца мянтам. Асноўны канфлікт у нас з ім здарыўся, калі я ў туалеце выкідваў смецце і не заўважыў, што ён ззаду, таму крыху зачапіў. І ён адразу мне: «Ты што, ты, б*я, сваё месца ведай». А я яму: «Слухай, за*упа, паглядзі на свой артыкул і потым вякай». Але ўсё так ці інакш даходзіла да адміністрацыі».

У абавязках Бяскроўнага таксама была выдача зняволеным лістоў, якія прыйшлі ім з дому. Раніцай супрацоўнікі адміністрацыі аддавалі яму лісты, і ён трымаў у сябе, пакуль людзі, вярнуўшыся з працы, не забяруць іх.

Маёраў расказвае, што неяк Бяскроўнага злавілі на тым, што ён у сваім пакоі чытае чужыя лісты і разглядвае чужыя фотаздымкі — абсалютна недапушчальная рэч у калоніі, дзе кожны павінен дбаць пра прыватнасць іншага. Аднак адміністрацыя нават не пакарала яго за гэта.

Палітычныя погляды

«Людзі кшталту гэтага Бяскроўнага ўнікальныя, бо на іх прыкладзе можна пабачыць, што робіць з чалавечым мозгам прапаганда. Я не ведаю, што было ў яго галаве, калі ён сядаў у турму. Але цяпер гэта чалавек, цалкам выгадаваны Кісялёвымі, Салаўёвымі і Маргарытай Сіманьян, проста эталонны ўзор. Разбудзі яго пасярод ночы — будзе з гонарам расказваць, як «нашы» ўзялі Бахмут. І нічога дзіўнага няма — чалавек на працягу 20 гадоў не спажывае нічога, апроч тэлевізара, — расказвае Маёраў. —

Я яго запомніў чалавекам, які ўвесь свабодны час праводзіў у пакоі, дзе па тэлевізары круцілі навіны. Скончыліся навіны на РТР — бярэ пульт пераключае на НТВ, каб пачуць тое самае. А пасля і па АНТ, каб замацаваць. Можа, гэта нейкае адхіленне, не ведаю».

«Ён быў за Расію, за Пуціна, за вайну. Пастаянна падтакваў навінам: «О, правільна Пуцін робіць!» — згадвае Ермашук.

Былы палітвязень перакананы, што Бяскроўнага натрэніравалі шкодзіць палітычным. У прыватнасці, ствараць умовы для іх трапляння ў ШІЗА. А той і сам быў не супраць — усё ж гэта ягоныя ідэйныя палітычныя ворагі.

«Напрыклад, прыйдзе палітычнаму пасылка, і Бяскроўны адразу кліча мянтоў, каб тыя праверылі — ці супадае змесціва сумкі са спісам. Ясна, што ты не паспяваеш адразу ўсё запісаць. Але калі нешта не так — цябе ў ШІЗА саджаюць», — кажа Ермашук.

Маёраў узгадвае, што пасля пачатку вайны Бяскроўны склаў спіс тых, хто пры праглядзе навінаў публічна падтрымліваў Украіну і абураўся расійскай агрэсіяй, і перадаў яго адміністрацыі. Усе гэтыя людзі трапілі ў ШІЗА. А ён працягнуў глядзець навіны і з усмешкай падтрымліваць Расію.

Праблемы з сацыялізацыяй

«Калі Бяскроўны сядаў, у яго былі жонка і сын. Але якая адэкватная жанчына будзе 25 гадоў чакаць забойцу і гвалтаўніка? Натуральна, яна развялася і знайшла нармальнага мужа. Сын? Ды ён апошні раз бачыў бацьку, калі яшчэ быў немаўлём. Карацей, ніякіх паўнавартасных сацыяльных сувязяў не засталося, — разважае Маёраў.

— На спатканні да яго прыязджала маці — як і ў большасці падобных выпадкаў, маці не выракаюцца сыноў, якія б жахлівыя ўчынкі яны не здзейснілі. Мы смяяліся, што калі Юра вяртаецца са спаткання, то ён заўсёды нервовы — бо маці ж усё адно неяк карыстаецца інтэрнэтам, то ведала больш праўды пра вайну, у тым ліку і пра адступленні Расіі. А Юра адмаўляўся ў гэта верыць, да апошняга пераконваў сябе, што ўся праўда толькі ў яго тэлевізары. І наколькі я разумею, яго стрыечны брат удзельнічаў у 2020-м у пратэстах, а пасля папрасіў палітычны прытулак у Польшчы. Гэта таксама шакавала Бяскроўнага».

Суразмоўца не ўяўляе, як зможа адаптавацца да нармальнага жыцця чалавек, які адстаў ад дасягненняў цывілізацыі на 25 гадоў — не бачыў ні супермаркетаў, ні мабільнікаў: «Не здзіўлюся, калі адправіцца на вайну — калі паспее да перамір'я».

Дарэчы, чалавек, падобны да Бяскроўнага, быў у Расіі. Анвар Масалімаў у 1990-я ўвогуле быў прысуджаны да расстрэлу, але праз увядзенне мараторыя яму спачатку замянілі пакаранне на пажыццёвае зняволенне, а пасля гуманізацыі заканадаўства адпусцілі праз 25 адседжаных гадоў. На свабодзе ён пратрымаўся два гады, а пасля парэзаў нажом сабутыльніка і вярнуўся ў звыклую для сябе турму.

На пытанне, што Ермашук сказаў бы Бяскроўнаму пры сустрэчы на свабодзе, былы палітвязень адказаў лаканічна: «Нічога. Я б выбіў яму сківіцу, управіў бы яе ў адваротны бок. Пасля б штраф заплаціў ці што там трэба. Але зрабіў бы тое». Ён лічыць Бяскроўнага адным з самых агідных персанажаў, з якімі яму даводзілася сустракацца ў жыцці.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары18

  • Nie
    20.03.2025
    Не першы. Да пажыццевага быў асуджаны жыхар Салігорска. Прозвішча Бутгусаім. Ен быў невінаваты. Быў егерам. На паляванні высокі чын з Беларуськалія застрэліў чалавека. Звалілі на Бутгусаіма. Ен ніколі не прызнаваў віны. Адседзеў 15 гадоў. Яго не апраўдалі рашэннем суда. Вызвалілі па нейкай хітрай схеме. Памер праз 2 гады пасля вызвалення.
  • Чавус
    20.03.2025
    Прапаную прызначыць яго у дэлегаты так званага "ВНС". Палітыку улады ён актыўна падтрымлівае і г.д.
  • Жвір [Рэд. выдалена]
    20.03.2025
    Ніфіга не выдалена. Усе нашыя думкі жывуць, іх не магчыма сьцерці ці выдаліць. Ну, хіба дзьверы перад імі зачыніць, на уваход, можна, а выдаліць - не. Няхай тое спраўдзіцца!
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

50 тысяч даляраў за квіткі: беларуска не можа трапіць на лячэнне ў Кітай праз шалёны цэннік авіякампаніі1

50 тысяч даляраў за квіткі: беларуска не можа трапіць на лячэнне ў Кітай праз шалёны цэннік авіякампаніі

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі ствараюць «адукацыйны хаб не горшы за Гарвард». Што гэта будзе?8

Сяброўка Веры Паляковай-Макей спрабуе прадаць элітны салон прыгажосці больш чым за мільён даляраў22

Трамп ліквідаваў міністэрства адукацыі ЗША66

У кітайскіх рэстаранах замест бараніны і ялавічыны могуць падаваць мяса янотаў і ліс8

Дыягнастычная загадка: пасля аперацыі 17-гадовы падлетак мог гаварыць толькі на замежнай мове5

Беластоцкі эмігрант пахваліў прапагандысцкі фільм «Чужое неба», які нават не глядзеў — за 30 еўра22

Стаў вядомы прысуд мытніку Скубілаву, абвінавачанаму ў «здрадзе дзяржаве»2

У гродзенскім гандлёвым цэнтры лавілі папугая ВІДЭА

У Гродне людзей і катоў тэрарызуюць лісы2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

50 тысяч даляраў за квіткі: беларуска не можа трапіць на лячэнне ў Кітай праз шалёны цэннік авіякампаніі1

50 тысяч даляраў за квіткі: беларуска не можа трапіць на лячэнне ў Кітай праз шалёны цэннік авіякампаніі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць