Вайна33

Сакрэтны канал абмену палоннымі паміж Расіяй і Украінай. Невядомыя раней дэталі аперацыі

Украіна і Расія правялі адзін з найбуйнейшых абменаў ваеннапалоннымі ў Еўропе з часоў Другой сусветнай вайны. З пачатку поўнамаштабнай вайны яны ўжо вярнулі больш за 10 000 чалавек — практыка, амаль беспрэцэдэнтная ў сучасных канфліктах. Як гэта атрымалася рэалізаваць?

Украінскія ваеннапалонныя, якія вярнуліся на радзіму па абмене. Фота: Ukrainian Presidential Press Office

Як піша The Wall Street Journal, найбуйнейшая ў Еўропе хваля абменаў палоннымі з часоў Другой сусветнай вайны пачалася з выпадковай знаходкі: украінскі салдат дастаў з кішэні забітага расійскага афіцэра тэлефон.

Прылада трапіла да брыгаднага генерала Дзмітрыя Усава, намесніка кіраўніка Галоўнага ўпраўлення разведкі Украіны, які нядаўна страціў двух сваіх людзей у баях на паўночны захад ад Кіева. На той момант прайшло тры тыдні з пачатку расійскай агрэсіі, і тэлефон стаў магчымасцю вярнуць целы загінулых.

Кадравы афіцэр разведкі Усаў прагледзеў тэлефонную кнігу загінулага і націснуў «патэлефанаваць» кантакту, чые званкі сведчылі аб тым, што гэта мог быць расійскі камандзір на перадавой.

«Ваш афіцэр мёртвы», — сказаў ён збянтэжанаму расіяніну пасля таго, як прадставіўся. Затым даслаў паведамленне з фотаздымкам цела і прапанаваў угоду: целы вашых за нашых.

Тое, што адбылося пасля, ператварылася ў адзін з найбольш незвычайных эпізодаў найбуйнейшай вайны ў Еўропе з 1940-х: серыю абменаў, якія пачаліся з некалькіх загінулых, але паступова выраслі ў рэгулярны гандаль сотнямі палонных, многія з якіх былі знясіленыя, ледзь трымаліся на нагах і нагадвалі жывых шкілетаў.

Як адзначае выданне, нягледзячы на працяглы канфлікт і тупік на перамовах, абодва бакі называюць свой неафіцыйны канал абмену палоннымі, якім непасрэдна кіруюць афіцэры ваеннай разведкі, эфектыўным і прафесійным, а ваенныя гісторыкі адзначаюць, што падобная зладжанасць і рытмічнасць падчас баявых дзеянняў — выключная з’ява.

Для параўнання: СССР трымаў нямецкіх палонных гадамі пасля Другой сусветнай, і некаторыя былі вызвалены толькі ў 1956 годзе. ЗША і Паўночны В’етнам пачалі рэгулярныя абмены палоннымі толькі ў 1973-м, праз два дзесяцігоддзі пасля пачатку ўдзелу амерыканцаў і пасля працяглага мірнага працэсу. Іран і Ірак, чыя вайна скончылася ў 1988 годзе, адпусцілі апошніх палонных толькі за тры дні да пачатку амерыканскага ўварвання ў Ірак у 2003 годзе.

Украінскі палонны вярнуўся ва Украіну, 9 чэрвеня 2025 года, Чарнігаўская вобласць. Фота: Ukrainian Presidential Press Office via AP

Каб зразумець, як два варагуючыя бакі здолелі адкласці ўбок рознагалоссі дзеля вяртання сваіх ваеннапалонных, журналісты The Wall Street Journal пагутарылі больш чым з дзясяткам украінскіх, расійскіх і еўрапейскіх чыноўнікаў, наведалі пункты абмену на лініі фронту і месцы ўтрымання палонных па ўсёй Украіне. Яны таксама пабывалі ў падвале кіеўскага офіса ваеннай разведкі, які з’яўляецца цэнтрам аперацый па пошуку салдат, захопленых Расіяй.

Вытокі: Мінск, 2014

Пачатак каналу для абмену ваеннапалоннымі быў закладзены больш за дзесяць гадоў таму ў «Прэзідэнт-гатэлі» ў Мінску.

У 2014 годзе Украіна спрабавала вярнуць усходнія тэрыторыі, занятыя прарасійскімі баевікамі. Пад ціскам заходніх лідараў урад пагадзіўся на перамовы, каб вырашыць палітычныя, эканамічныя і культурныя спрэчкі.

Паводле швейцарскага дыпламата Тоні Фрыша, які курыраваў сустрэчы, бакі спрачаліся літаральна па кожным пытанні, аднак атрымалася падрыхтаваць глебу для серыі невялікіх абменаў палоннымі, якія адбыліся ў канцы 2014 і пачатку 2015 года.

Перамовы былі цяжкімі, часам, як згадваў Фрыш, «нагадвалі гандаль на рынку ў Марока», але ў выніку ўдалося абмяняць каля 600 чалавек.

У 2022 годзе, напярэдадні ўварвання, працэс спыніўся, і пасля пачатку вайны сувязь давялося аднаўляць з нуля.

Вялікая гульня

Праз менш чым месяц пасля пачатку ўварвання брыгаднага генерала Усава выклікалі ў офіс кіраўніка ГУР Кірылы Буданава: украінская ваенная разведка не мела спосабаў выйсці на сувязь з расійскімі калегамі.

Старыя каналы былі зачынены, новыя спробы правальваліся. «Даверу не было. Баявыя дзеянні ішлі пад Кіевам, і трэба было схіліць іх да абмену», — успамінаў Буданаў. — «Але мы не верылі адно аднаму».

У гэтай сітуацыі кітайскі тэлефон Xiaomi ў руках Усава стаў рэдкім каналам для аднаўлення сувязі. У размовах з расейцамі Усаў рэдка выкарыстоўваў свой пазыўны «Стаер» (марафонец) і сваё сапраўднае імя. Ён ніколі не паведамляў свой нумар тэлефона.

Праз два месяцы пасля пачатку вайны Расія раскрыла імя суразмоўцы са свайго боку — генерал-лейтэнант ГРУ Аляксандр Зорын, які быў асноўным кантактам Расіі ў Лівіі, прадстаўляў Маскву на перамовах па Сірыі ў Жэневе і нават прыносіў журналістам піцу. Усаў апісаў 56-гадовага Зорына, які старэйшы за яго на 12 гадоў і нарадзіўся ў савецкай Украіне, як адкрытага і прамога чалавека.

«Тое, як ён гаварыў і абмяркоўваў рэчы, адпавядала яго генеральскаму званню», — сказаў Усаў. «Ён быў на галаву вышэйшы за тых, з кім я размаўляў да гэтага моманту».

Гэтая размова з Зорыным стала пачаткам працяглых працоўных адносін, якія натхнілі Усава ўзяць на сябе новую ролю перамоўшчыка.

генерал Дмитрий Усов General Dmytro Vusiv генерал Дзмітрый Усаў
Генерал Дзмітрый Усаў сустракаецца з роднымі ваеннапалонных. Фота: koordshtab / Fecabook

Украінскі генерал вучыўся непасрэдна ў працэсе, разбіраючыся ў складанай лагістыцы бяспечнай арганізацыі абмену і звяртаючыся па парады да Джонатана Паўэла — цяперашняга дарадцы па нацыянальнай бяспецы Вялікабрытаніі, які калісьці дапамог спыніць канфлікт у Паўночнай Ірландыі.

Па словах Усава, ён прачытаў копію дысертацыі Зорына, у якой, паводле яго слоў, апісваўся досвед вядзення перамоў па канфліктах на Блізкім Усходзе.

«Калі я гэта прачытаў, то зразумеў, як магу наладзіць з ім працоўныя адносіны», — адзначыў Усаў.

Сустрэча генералаў

Праз месяц украінскі генерал накіраваўся ўглыб тэрыторыі, падкантрольнай расійскім войскам, каб асабіста сустрэцца з Зорынам у разбураным Марыупалі. Яго суправаджалі два расійскія браневікі «Тыгр», а над яго аўтамабілем развіваўся белы сцяг.

Паводле слоў чалавека, які прысутнічаў там, у той дзень Усаў паціснуў руку Зорыну, якога акружалі чатыры расійскія афіцэры, і сеў насупраць яго за стол у канферэнц-зале за горадам. У выніку перамоваў 2 500 украінскіх абаронцаў Марыупаля ў маі 2022 года пагадзіліся на капітуляцыю, пасля чаго пачаліся пошукі міжнародных пасярэднікаў для іх вяртання.

Кіеў шукаў краіну, якая магла б стаць пасярэднікам у абмене, але Швейцарыя, якая садзейнічала ў абмене палоннымі падчас канфлікту на Данбасе, цяпер была ў спісе недружалюбных Маскве краін за далучэнне да еўрапейскіх санкцый. Замест гэтага ён звярнуўся да Катара, Саудаўскай Аравіі і Турцыі.

У верасні 2022 года Турцыя правяла найбуйнейшы абмен з пачатку вайны: Украіна атрымала пяць сваіх камандзіраў, а Расія — прарасійскага палітыка Віктара Медведчука. Саудаўская Аравія і Катар таксама ўключаліся ў перамовы.

Новая інфраструктура

З цягам часу першыя абмены прывялі да стварэння новай інфраструктуры. У зялёным раёне Кіева, побач з хіпстарскімі кавярнямі і салонамі прыгажосці, непрыкметны трохпавярховы будынак стаў Каардынацыйным штабам ГУР па справах ваеннапалонных.

На верхнім паверсе Усаў і яго падначаленыя рэгулярна сустракаюцца з сем’ямі палонных у канферэнц-зале. У падвале аналітыкі даследуюць расійскія сайты і сацсеткі ў пошуках інфармацыі пра месцазнаходжанне і стан палонных. Яны стварылі вялікую базу даных з 200 параметраў на кожнага — ад росту і колеру вачэй да адказаў Расіі на запыты Чырвонага Крыжа.

Вызваленыя ўкраінцы часам выносілі з няволі спісы з імёнамі таварышаў па камеры. Фотаздымкі гэтых спісаў становяцца доказамі, каб пераканаць расіян, што пэўны чалавек сапраўды ў іх палоне.

Аналітыкі выявілі амаль 200 месцаў утрымання палонных па ўсёй Расіі і на акупаваных тэрыторыях Украіны, дзе ўкраінскія байцы часта знаходзяцца ў цяжкіх умовах.

Ва Украіне ёсць пяць спецыяльных лагераў для палонных — у асноўным былыя турмы, дзе расіяне працуюць за грошы: шыюць, сякуць дровы або робяць мэблю для продажу ў мясцовых крамах. Кіеў імкнецца паказаць заходнім партнёрам сваю маральную перавагу, дэманструючы, што ставіцца да палонных лепш, чым Расія.

Расійскія палонныя, перададзеныя Украінай у рамках абмену 23 мая 2025 года. Скрын з відэазапісу Міністэрства абароны Расіі

Лагістыка абменаў няпростая. У студзені 2024 года самалёт з 65 украінскімі палоннымі быў збіты на мяжы — Масква абвінаваціла ў гэтым Кіеў. Часам ГУР прапаноўваў у абмен нават парэшткі даўно памерлых савецкіх разведчыкаў.

Расія адхіліла гэтыя прапановы. Але калі гэтай вясной у Стамбуле забуксавалі мірныя перамовы, абодва бакі пагадзіліся на чарговы, найбуйнейшы на сёння абмен, і генерал Усаў зноў сустракаў сотні вызваленых салдат, якія пыталіся, калі дадому вернуцца іх таварышы.

Каментары3

  • Иван
    14.08.2025
    На передвой, видя смерть друзей каждый день люди могут о чем-то договорится. А сидя в офисах, на диванах или в бункерах только и кричат с обеих сторлн о славе, величии и войне до победы. "Чем дальше в тыл тем жирней генералы"
  • Чакаем на нашых герояў
    14.08.2025
    Гэта ўсё цудоўна, канечне, але нават праз такі канал не выцягнутыя нашы палонныя каліноўцы.
  • Имя
    14.08.2025
    Чакаем на нашых герояў, скорек всего их уже нет в живых.

Цяпер чытаюць

«Як толькі чуюць пра Расію — дык усё… У чым праблема?» У Мінску не хочуць здаваць кватэру чалавеку з расійскім пашпартам7

«Як толькі чуюць пра Расію — дык усё… У чым праблема?» У Мінску не хочуць здаваць кватэру чалавеку з расійскім пашпартам

Усе навіны →
Усе навіны

Літва прыгразіла Беларусі новым закрыццём мяжы10

«Я ўжо развітаўся з жыццём». Беларус прайшоў пешшу ад Вены да Стамбула6

У 2023‑м у Празе раптоўна памёр 35‑гадовы беларускі журналіст Ануфрыенка. Былая калега кажа, што яго маглі атруціць3

У Баранавічах на снезе знайшлі жывога кажана, хоць для іх цяпер не сезон1

У Вільні малыя дзеці замежнікаў будуць хадзіць толькі ў літоўскамоўныя школы. Але для беларускамоўнай гімназіі зробяць выключэнне17

Трамп выставіў Ірану ультыматум на фоне набліжэння да яго берагоў «вялізнай армады»11

Роберт Фіца назваў хлуслівай публікацыю, што ён нібыта кепска выказваўся пра псіхалагічны стан Трампа2

Тамара Эйдэльман расхваліла кнігу Насты Рагатко4

Памёр Анатоль Сахаруша1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Як толькі чуюць пра Расію — дык усё… У чым праблема?» У Мінску не хочуць здаваць кватэру чалавеку з расійскім пашпартам7

«Як толькі чуюць пра Расію — дык усё… У чым праблема?» У Мінску не хочуць здаваць кватэру чалавеку з расійскім пашпартам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць