Грамадства22

«Хоць цэглай сцірай», або нізкі статус». Гутарка з хлопцам, якога прымусілі ў калоніі знішчыць тату з Пагоняй

Радыё Свабода пагутарыла з Іллёй Дубскім — хлопцам, якога ў калоніі прымусілі жыўцом зрэзаць на сабе татуіроўку з «Пагоняй», пра Эдуарда Бабарыку, пагрозы і як падзяліць 84 рублі на дваіх.

«Для мяне пяць гадоў — гэта было «ніколі»

Іллю 28 гадоў. Ён з Асіповічаў Магілёўскай вобласці. Расказвае, што іх у шматдзетнай сям’і дзевяцёра, Ілля — трэці. Ён вывучыўся на зваршчыка. Два гады адседзеў у Беларусі за наркатычныя «закладкі», трапіў на «хімію» за «злоснае хуліганства». Працаваў у Расіі на будоўлі, у Польшчы — на дэмантажы будынкаў з дапамогай выбухаў. Восенню пасля выбараў 2020 года вярнуўся ў Беларусь. Тады ў Асіповічах, паводле яго слоў, ужо «нічога не адбывалася».

Хлопца амаль адразу, у лістападзе, арыштавалі на 13 дзён за каментар у Telegram. Ён кажа, што пісаў каментары, бо не мог стрымаць абурэння несправядлівасцю, якая адбывалася ў Беларусі.

У пастарунку, як расказвае суразмоўца, яго збілі сілавікі, тушылі аб яго твар акуркі. Ягоны родзіч раней расказваў, што Ілля выйшаў адтуль іншым чалавекам, прыгнечаным, зломленым. Пасля гэтага малады чалавек баяўся сустрэчы з міліцыянерамі, хаваўся ад іх. Тыя некалькі разоў прыходзілі ў кватэру да іх сям’і.

У сакавіку 2021 года Іллю затрымалі паўторна. На яго завялі крымінальныя справы за «пагрозу гвалтам у дачыненні да службовай асобы» і за «распальванне варожасці». Падставай сталі 16 каментароў у Telegram, напрыклад: «ганьба МУС і вайскоўцам», а таксама галасавое паведамленне ў Viber з пагрозамі афіцэру спецназу.

Іллю асудзілі на пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Тады яму было 24 гады.

«Для мяне пяць гадоў — гэта было «ніколі», для мяне тады час спыніўся… Калі я зайшоў у камеру, усе звярнулі ўвагу, што я белы. Мяне абкалвалі супакаяльнымі два ці тры тыдні, каб я нічога з сабой не зрабіў. Ніколі ў жыцці не думаў, што за такія рэчы могуць даць такі доўгі тэрмін у невыносных умовах, дзе будуць здзекавацца», — прызнаецца Ілля. Яго накіравалі ў калонію № 5 у Івацэвічах. Калі тую калонію расфармавалі, Іллю перавялі ў Оршу.

Зрэзаць татуіроўку

Фота Іллі з рубцом на плячы абляцела сеціва. Пяць гадоў таму на тым месцы была «Пагоня».

«Гэта наш герб», — тлумачыць Ілля, чаму вырашыў зрабіць такую татуіроўку.

На татуіроўку звярталі ўвагу ўсе сілавікі ў розных установах, дадае ён.

«Я быў для іх як пракляты. «Экстрэміст», «бэчэбэшнік», «здраднік», — пералічвае хлопец, як яго называлі з-за тату і палітычных артыкулаў. — «Спаць абавязкова будзеш на другім паверсе, на самым нязручным месцы. Будуць шукаць нагоды падкалоць, прынізіць, паказаць, што ты ніхто»».

Калі Ілля быў у Івацэвічах, супрацоўнікі калоніі параілі яму забіць татуіроўку квадратам. Ён некалькі разоў адмаўляўся. Нарэшце, паводле яго слоў, яго паставілі перад выбарам: або «выдаляеш, як хочаш, хоць цэглай сцірай», або «нізкі статус», або «ты ніколі не выйдзеш». Ілля ім паверыў.

«У турме «нізкі статус» — даволі непрыемная рэч. Ты не такі, як усе. Цябе ўсе прыніжаюць. У цябе няма права голасу. Ніякіх правоў у цябе няма», — тлумачыць палітвязень.

На ягоную думку, у будучыні, на волі, некаторыя таварышы перасталі б з ім кантактаваць, калі б ён сядзеў у «нізкім статусе». Да таго ж, ён мяркуе, што не вытрымаў бы да канца тэрміну ў такім становішчы.

«Я знайшоў — не памятаю, ці саляную, ці азотную — кіслату. Іголкай надрапаў драпінкі, змазаў кіслатой, каб спаліць нервовыя канчаткі, каб не так балела. І кусачкамі для пазногцяў надразаў, зубамі трымаў, нацягваў і зразаў. Было балюча і непрыемна. Мазгі не давалі зрабіць такое… Уся рука была ў крыві. Хтосьці побач сядзеў, курыў. Так на мяне паглядзеў, быццам так і трэба, абыякава», — расказвае Ілля.

Працэдура, паводле яго, заняла каля гадзіны. Рабіў ён гэта ўвечары ў альтанцы на лакальным участку. Кажа, што на гэта пайшло каля 40 станкоў для галення, бо яны ўсе былі дрэннай якасці. Праз некалькі дзён звярнуўся ў санчастку, калі рана пачала гніць.

«Лекары былі ў шоку. Яны перабінтоўвалі рану, апрацоўвалі перакісам. Нават далі перакіс, бінт, мазь. Зажыла, дзякуй Богу», — кажа ён.

Пасля гэтага, паводле яго, сілавікі на нядоўгі час яго пакінулі ў спакоі.

Павесіўся ад холаду

Адным з найцяжэйшых выпрабаванняў у калоніі быў штрафны ізалятар. Ільля кажа, што яго і іншых маглі «пасадзіць», хоць яны і так ужо сядзелі. Гэта ён называе ШЫЗА.

Ён трапляў туды некалькі разоў за дробныя парушэнні: не павітаўся, знайшлі пыл на ложку, няправільна надзеў шалік. Аднойчы ў Івацэвічах яго пасадзілі на 60 дзён запар.

«Там халодна. ШЫЗА — гэта сапраўдная лядоўня. Камера — шэсць на восем метраў. Туды запіхвалі 35 чалавек. Спалі сядзячы, валетам, на падлозе, на стале, на лаўцы, пад сталом. Батарэя не грэе ўвогуле. На адной сцяне — тры сантыметры лёду, па другой цячэ вада», — апісвае ён ізалятар.

Спалі 10—15 хвілін пасля яды. На 15‑я суткі ад стомы гублялі прытомнасць. Людзі разбівалі галавы аб сцены, вешаліся. Супрацоўнікі здымалі іх толькі калі сінелі, і пакідалі ляжаць у камеры.

Ён кажа, што многія рэжуць вены — або з цяжару, або каб на іх звярнулі ўвагу. Яго самога ў СІЗА таксама прымусілі. Ён трымаў галадоўку пяць дзён, рэзаў вены — як пратэст. Яго за гэта пакаралі карцарам.

«Эдуард Бабарыка не ведаў, ці жывы ягоны бацька»

Ілля расказвае, што трымаўся ў калоніі разам з яшчэ адным палітвязнем. Яны падтрымлівалі адзін аднаго. Таму гэтаму вязню забаранілі грашовыя пераводы — ён нічога не мог сабе набыць у турэмнай краме. Ілля ж мог купляць тавары на 84 рублі ў месяц, што таксама лічыцца вельмі мала. Але ён дзяліўся з таварышам гарбатай, сродкамі гігіены — хоць перадаваць свае рэчы іншаму зняволенаму было забаронена. Ён прызнаецца, што часам паводзіць сябе па-чалавечы ў калоніі было вельмі страшна.

«Ён такі ж, як я, з такімі ж поглядамі. Гэта было б не па-чалавечы… Я быў бы больш рады, калі б замест мяне яго выпусцілі», — тлумачыць суразмоўца, чаму, сам будучы ў складанай сітуацыі, вырашыў падтрымліваць іншага чалавека.

У Оршы Ілля перасякаўся з Эдуардам Бабарыкам.

«З ім было вельмі небяспечна кантактаваць. Маглі і пасадзіць (у ШЫЗА), маглі «раскруціць» па 411‑м артыкуле (дадаць новы тэрмін за парушэнне правілаў). Мы з ім пазнаёміліся, камунікавалі. На той момант ён не меў паняцця, ці жывы ягоны бацька. Яму ні лісты не даходзілі, ні званкі, нічога. За ім усе сочаць. Але ён трымаецца, на пазітыве», — расказвае Дубскі.

«Я не мог стрымаць слёз»

Ілля кажа, што трымацца яму дапамагала вера: што яго чакаюць і што ўсё ўрэшце наладзіцца. Яго выпусцілі з калоніі № 8 уОршы сёлета 11 верасня.

Яго аднаго ў той дзень вывозілі з гэтай калоніі легкавой машынай — сілавікі былі ў масках. Ён апынуўся ў аўтобусе з іншаземцамі — іх вывозілі ў Літву. Замежнікі па-польску пачалі ў яго пытацца, што адбываецца, бо нічога не разумелі.

Маладзён успамінае адчуванне нерэальнасці сітуацыі, калі пачаў здагадвацца, што іх вызваляюць. Самы кранальны момант здарыўся, калі ў аўтобус зайшоў прадстаўнік Белага дому і паведаміў, што яны цяпер свабодныя.

«Я не мог стрымаць слёз. Апусціў галаву, каб не было відаць, і слёзы пацяклі. Я да гэтага часу не магу ачомацца», — успамінае хлопец.

Цяпер Ільля ў Вільні. Ён кажа, што і так хацеў выехаць за мяжу, калі б выйшаў з калоніі па заканчэнні тэрміну, бо мяркуе, што сілавікі не пакінулі б яго ў спакоі на Радзіме.

«Я вельмі хачу, каб усіх вызвалілі», — кажа ён у канцы гутаркі.

Каментары2

  • Поспехаў цябе, хлопец!
    18.09.2025
    Доўгіх гадоў жыцця і магутнага здароўя! Ты герой
  • Злобный вожык
    18.09.2025
    Набей новую на второй руке — больше, ярче, со смаком.

Цяпер чытаюць

Трамп расказаў падрабязнасці захопу Мадура. Асноўнае12

Трамп расказаў падрабязнасці захопу Мадура. Асноўнае

Усе навіны →
Усе навіны

«Яна не дачакала гэтага дня, але гэты дзень дачакаў яе»: Ларысе Геніюш пасмяротна выдалі Нацыянальны пашпарт Беларусі24

Еўракамісія пачала расследаванне з-за тыктокаў, створаных з дапамогай штучнага інтэлекту, якія заклікаюць да выхаду Польшчы з ЕС9

Расійскія войскі ўдарылі па шматпавярховіку ў гістарычным цэнтры Харкава

ГУР раскрыла падрабязнасці інсцэніроўкі гібелі камандзіра РДК, за якую атрымала $500 тысяч ад заказчыкаў ВІДЭА1

Дзмітрый Мядзведзеў: Фінляндыі давядзецца заплаціць за сваю мярзотную русафобію15

Дарожныя штрафы будуць спісваць з карткі аўтаматычна. Але не ва ўсіх выпадках2

«Змена даты ў календары не спыняе вайны ні на хвіліну». Як сустракалі і што елі на Новы год ваяры Палка Каліноўскага?2

Стрыжак запускае новую дабрачынную ініцыятыву40

Кірыла Буданаў узначаліў Офіс прэзідэнта Украіны19

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп расказаў падрабязнасці захопу Мадура. Асноўнае12

Трамп расказаў падрабязнасці захопу Мадура. Асноўнае

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць