Грамадства55

Мілінкевіч: Не можа быць думак, а ці правільная цана, а ці трэба ціснуць руку Лукашэнку?

Адзіны кандыдат у прэзідэнты ад аб’яднанай апазіцыі ў 2006 годзе і дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандр Мілінкевіч у інтэрв’ю «Салідарнасці» — пра апошнія беларускія падзеі, Міколу Статкевіча і нашу будучыню.

 Нядаўна, дзякуючы перамовам амерыканскага боку, на свабоду выйшлі 52 палітвязня. Усе яны, акрамя Міколы Статкевіча, які адмовіўся пакідаць Беларусь, былі прымусова вывезеныя ў Літву. З якімі пачуццямі вы сачылі за гэтым?

— За 30 гадоў майго дысідэнцтва, для мяне заўсёды галоўным былі лёсы беларусаў, якія пераследуюцца. Сёння вельмі шмат людзей за кратамі — і гэта не турма, а канцлагер са страшнымі пакутамі, са здзекамі. 

Тое, што мы зараз чуем, і што я чую пры асабістых размовах, — у мяне валасы дыбкі ўстаюць, і гэта пры ўсіх маіх ведах. Гестапа не заўсёды так сябе паводзіла, як сёння паводзяць уладныя бандыты.

Таму першае пачуццё — вялікае шчасце. Кожная асоба, якая выходзіць — гэта свята. Не можа быць думак, ці правільна зрабілі, а ці правільная цана, а ці трэба ціснуць руку Лукашэнку? 

Ведаеце, калі вызваляюць сяброў, братоў, то ўсё маральна. Тым больш, што людзі гінуць за кратамі. Я меў добрыя блізкія адносіны з Алесем Пушкіным, з Вітальдам Ашуркам… Тое, што яны і іншыя палітвязні загінулі ў турме — гэта нацыянальная трагедыя. 

Я б адзначыў, што ў мяне скептычнае стаўленне да Трампа. Але я ацэньваю з беларускай перспектывы. Зараз, калі амерыканскі лідар ініцыяваў перамовы і вызваленне людзей, мне ўсё роўна, што ён называе Лукашэнку вялікім прэзідэнтам. Пытанне тут, ці будуць вызваленыя ўсе.

Мілінкевіч прыгадвае, што Лукашэнка падчас свайго кіравання толькі двойчы вызваляў усіх палітвязняў — у 2008 і 2015 гадах:

— Першы раз падчас вайны ў Грузіі. Саакашвілі пераканаў Лукашэнку, што трэба сябраваць з заходнім светам — і тады ёсць шанец, што ён захавае пасаду. А для Лукашэнкі гэта самае важнае. 

Тое самае было ў 2015 годзе пасля анексіі Крыма. Ён зноў спалохаўся, што Пуцін захоча яго змяніць.

І зараз, я думаю, ёсць пэўная інтэнцыя: Лукашэнка адчувае, што Пуцін можа прайграць вайну, нават эканамічна. І ён выпускае людзей, каб мець маральную падтрымку з боку ЗША. Гэта добры знак для нас — спадзяюся, вызваляць усіх.

— Мікола Статкевіч, якога вы добра ведаеце, адмовіўся з'язджаць з Беларусі. Больш за два тыдні невядома, дзе яго ўтрымліваюць. Як вы ставіцеся да яго ўчынку? 

— Кожны чалавек, калі мы змагаемся за свабоду і дэмакратыю, мае права на выбар. Я ведаю Міколу вельмі даўно, глыбока паважаю яго. Можа, не заўсёды з ім згодны, але з кім жа мы заўсёды згодныя? 

Ён чалавек высока маральны, чалавек ідэі, чыну, перш за ўсё гонару і годнасці. Ён хоча зрабіць рэчы, якія натхняюць іншых і пераконваюць самога сябе ў тым, што ён лідар. А ён, несумненна, лідар. І калі чалавек ставіць гэта галоўнай мэтай, то ён зрабіў абсалютна слушна. Не ўсе так могуць, калі даецца шанец на свабоду, хоць і абмежаваную, у вымушанай эміграцыі.

Нікога не трэба асуджаць — ні Міколу, ні тых, хто так не зрабіў. Добра, што такія, як Мікола Статкевіч, ёсць. Гэта прыклад абсалютна маральнай палітыкі. 

Я вельмі турбуюся, каб яму канчаткова не папсавалі здароўе. Але ганаруся ім. Такія людзі натхняюць — і новых людзей, і тых, хто ўжо змагаецца за дэмакратыю.

— Вызваленыя і дэпартаваныя палітзняволеныя з ліку пенсіянераў паднялі праблему нявыплаты пенсій. Людзі застаюцца без выплат, на якія маюць права. І гэта ўжо не першы падобны выпадак — Станіслаў Шушкевіч таксама ў свой час атрымліваў пенсію не больш за 3$ з-за ўказу Лукашэнкі. Чаму ўлады працягваюць так помсціць сваім апанентам? 

— Я гаварыў пра гэта са Станіславам Станіслававічам. Калі б ён напісаў пакаянны ліст і папрасіў даць яму трошкі падвышаную пенсію, чаго ад яго патрабавалі, то можа і атрымаў бы ў 10 разоў больш — не 3, а 30 даляраў. Але гэта так амаральна, калі першы кіраўнік незалежнай Беларусі не можа атрымаць годную пенсію. Гэта спецыяльнае прыніжэнне чалавека. Так было з Шушкевічам і з многімі іншымі. 

Я сам не атрымліваю пенсію, бо патрабуюць, каб паехаў у Беларусь і аднавіў банкаўскі рахунак.

Калі ўлады зараз вызваляюць людзей, то іх мэта — не вызваленне. Мэта —прынізіць, зламаць дух. Тое, што Лукашэнка называе загнаць пад плінтус. Але не вельмі атрымліваецца: людзі могуць маўчаць, не пратэставаць, бо ім рэальна страшна, але дух не ламаецца. 

У мяне шмат кантактаў у Беларусі. Людзі не расчараваліся, гатовыя змагацца за сваю годнасць. Калі была нямецкая акупацыя, людзі таксама не выходзілі на пратэст. І мы самі кажам: беражыце сябе для добрых справаў.

— Калі пенсіянеры застаюцца без пенсій, то моладзь у сваю чаргу страчвае магчымасці для адукацыі, і гэта таксама праблема. Асабліва цяжка ў гэтым годзе было паступаць у Польшчы з-за зменаў правіл.

— Вельмі многа праблем і ў Польшчы, і ў Літве, бо ў гэтых краінах больш за ўсё беларусаў. Часткова гэтыя праблемы праз бюракратыю, часткова —праз унутраную палітычную барацьбу, калі розныя палітычныя групы прымаюць законы, каб змагацца з міграцыяй. 

А страх міграцыі ёсць і ў Літве (у большай ступені), і ў Польшчы (у меншай). Зразумела, што кожная дзяржава мае права сябе бараніць. Лічу, што велізарная адказнасць у гэтых выпадках на незалежнай прэсе і палітыках. 

Пры ўсёй вялікай павазе да палякаў, якія так шмат робяць для беларусаў, я лічу, што велізарнай палітычнай памылкай было змяніць правілы для паступлення ў гэтым годзе, калі людзі ўжо прайшлі адбор. Правілы можна было змяніць у наступным годзе, але не ў гэтым.

— Частка моладзі зараз навучаецца ў Расіі. Таксама шмат беларусаў ездзяць туды ў падарожжа, бо ёсць складанасці з атрыманнем віз у еўрапейскія краіны. Вы чалавек, які выступае за вяртанне Беларусі ў Еўропу. Як вы лічыце, як паўплываюць на беларусаў такія сувязі з Расіяй?

— Большасць людзей, якія зараз едуць у Расію, насамрэч хацелі б паехаць у Еўропу, бо ведаюць, што там лепш. Маю надзею, што не ўсе паддадуцца ўплыву расійскай прапаганды. Мы ведаем, што беларусы масава ездзілі за мяжу, а да вайны мы больш за ўсіх у свеце атрымлівалі шэнгенскія візы. Таму я спадзяюся, што ў большасці ёсць закладзены еўрапейскі код.

Шчыра кажучы, гэта амаль трагічная сітуацыя. Бо быў час перад агрэсіяй ва Украіне, калі беларусы часцей ехалі вучыцца ў Еўропу, чым у Расію, нягледзячы на тое, што там былі ўсім забяспечаны стыпендыі і не трэба было вучыць новую мову. Тое, што зараз адбываецца — гэта барацьба за розумы, за свядомасць, паўзучая анэксія. 

Вядома, расійская ўлада — антыбеларуская. Але будзем спадзявацца, што людзі чытаюць інтэрнэт і крытычна мысляць. 

— Ведаю, што на беларускую будучыню вы глядзіце з аптымызмам. Можаце патлумачыць, чаму? Бо зараз нам вельмі не хапае пазітыўнай думкі.

— У мяне ёсць шчырае пачуццё, што ў нас велізарныя шансы. Некаторыя думаюць: калі я ўжо столькі гадоў супрацьстаю дыктатуры, мог бы стаміцца і сказаць, што тады не атрымалася і потым не атрымаецца, сам хадзіў на выбары — не выйграў, і гэтак далей. Ведаеце, наадварот. 

У нас ёсць досвед, у нас быў фантастычны 2020 год, калі кожны ўнёс сваю кропельку ў беларускі дух і жаданне адстаяць сваё «я», праўду, свабоду. Пасля 2020 года я абсалютны аптыміст, бо нарадзіўся зусім іншы народ. Людзі перамаглі страх — гэта самае галоўнае. Зараз я бачу адукаваную, актыўную і адказную моладзь. Гэта мне дадала духу. 

Чаму я па-ранейшаму веру? Тое, што зараз адбываецца ў свеце, я называю гібрыднай і нават трэцяй сусветнай вайной. Нават дроны без выбухоўкі наганяюць страх. Крэмль хоча дамагчыся, каб Еўропа стамілася. Але гэтага нельга дапускаць. 

З Расіяй здарылася трагедыя, бо Пуцін — гэта Гітлер XXI стагоддзя. Адпаведна нам трэба ведаць, што пакуль у Расіі не знішчыцца фашысцкі рэжым, беларускай перамогі не будзе. 

Ёсць вялікі шанец, што ў гэтай вайне пераможа Украіна. І калі Еўропа рэальна аб'яднаецца, яна дапаможа Украіне, а мы будзем побач з ёй. Мы таксама павінны прайсці шлях змагання з імперыяй зла. Нельга не сказаць пра Трампа — ён зрабіў вельмі слушную рэч, бо падштурхнуў Еўропу станавіцца больш сучаснай і рэальна бараніць каштоўнасці, на якіх яна аб’ядналася.

Каментары5

  • да люди ли они вообще?
    02.10.2025
    цена этой "сделки" - новые заключенные. Это полностью игнорируется грантовыми дельцами, потому что дискредитирует их удачно придуманную схему. Так сказать, это несущественная плата за наши успехи
  • .
    02.10.2025
    Ён працаваў у Беларусі і з яго грошай папаўнялі ФСАН.
    (Калі згуляць у гульню, што Вы нібыта не ведалі тое).
  • Паляк
    02.10.2025
    Беларус, Мілінкевіч прасіў у цябе сваю беларускую пенсію?

Цяпер чытаюць

Паступова выйшлі на волю арыштаваныя па «Справе кнігароў». Акрамя аднаго5

Паступова выйшлі на волю арыштаваныя па «Справе кнігароў». Акрамя аднаго

Усе навіны →
Усе навіны

Ва ўрадзе загаварылі пра вяртанне да ўнутраных авіярэйсаў1

У Мінску літаральна за палову дня здалі ў арэнду кватэру без аздаблення. Але людзі абураюцца4

Марыю Калеснікаву віталі апладысментамі падчас канцэрту ў Берліне8

Вяртанне дадому можа стаць самай небяспечнай часткай місіі для касманаўтаў «Артэміды-2»

Беларуска ўклала каля пяці тысяч еўра ў сэканд-хэнд у Польшчы, а цяпер спрабуе яго прадаць1

Праўладная спявачка праспявала на хакейным матчы «Белоруссія» — і атрымала заслужаную тону хейту22

Аказваецца, на Нямізе, калі гарэў аўтамабіль, узрываліся пальчыкавыя батарэйкі1

Беларус паехаў ваяваць за Расію, падарваўся на міне і здаўся ў палон. Украінскі баец нёс яго на спіне 10 км16

З дырэктара мінскага прадпрыемства будуць спаганяць $8 мільёнаў шкоды

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Паступова выйшлі на волю арыштаваныя па «Справе кнігароў». Акрамя аднаго5

Паступова выйшлі на волю арыштаваныя па «Справе кнігароў». Акрамя аднаго

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць