Расійскі журналіст і пісьменнік Міхаіл Зыгар у рамках свайго цыкла «Чалавечая гісторыя Расіі» апублікаваў відэа, прысвечанае мінуўшчыне Беларусі. Зыгар імкнецца дэканструяваць масквацэнтрычны погляд на рэгіён, малюючы Беларусь як еўрапейскую дзяржаву з глыбокімі прававымі традыцыямі і старажытнай культурай, якую імперыя стагоддзямі спрабавала падпарадкаваць праз сілу, русіфікацыю і фізічнае знішчэнне эліт.

Полацк як альтэрнатыўная лінія гісторыі Старажытнай Русі
Зыгар пачынае з удару па звыклай для расіян мадэлі: пакуль іх падручнікі зацыкленыя на Рурыку, ён высоўвае наперад асобу полацкага князя Рагвалода, якога называе адным з заснавальнікаў беларускай дзяржаўнасці. Полацк у ягоным выкладзе — не правінцыя, а самастойны цэнтр, які супернічаў з Кіевам.
Гісторыя Рагнеды і Уладзіміра падаецца аўтарам не як паэтычная легенда, а як «фрэйдысцкі сюжэт» пра гвалт і палітычную помсту. Зыгар акцэнтуе на тым, што прыход у Полацк Уладзіміра Краснага Сонейкі, вакол якога цяпер выбудаваны культ у Расіі, забойства бацькі Рагнеды і гвалт над ёй самой сталі кропкай адліку для дзвюх розных дынастый.
Полацкая лінія, праз Ізяслава, які стаў на бок маці, падаецца як старэйшая і незалежная, што тры стагоддзі апаніравала Кіеву — «палітычнаму папярэдніку сучаснай Украіны».
Постаць Усяслава Чарадзея Зыгар апісвае праз нечаканы вобраз — «пярэваратня ў пагонах». Аўтар тлумачыць: гэта не пра містыку, а пра неверагодны палітычны дар перавярбоўваць праціўнікаў і мяняць стратэгіі хутчэй, чым хтосьці мог чакаць. Менавіта пры ім Полацк, па словах пісьменніка, стаў трэцяй па велічыні сталіцай Русі.
Кіеўскае паўстанне 1068 года Зыгар тлумачыць праз сучасныя рэаліі: «грамадзянская супольнасць падымае паўстанне супраць карупцыі і некампетэнтнасці вялікакняскай сям'і». Так вызваленне Чарадзея з турмы і яго абранне князем па волі народа робіць беларускага князя сімвалам ранніх дэмакратычных працэсаў у рэгіёне.
ВКЛ — рэгіянальная звышдзяржава
Пераходзячы да перыяду Вялікага Княства Літоўскага, Зыгар з іроніяй выкрывае масквацэнтрычнасць расійскай гістарычнай навукі. У той час як Масква заставалася «акупацыйнай адміністрацыяй Залатой Арды», ВКЛ стала адной з самых развітых і свабодных дзяржаў Еўропы.

Аўтар акцэнтуе ўвагу на тым, што прыход Міндоўга не быў акупацыяй славян:
«Князь Міндоўг, яго сям'я, яго войска гавораць на балцкай мове, аднак абсалютная большасць насельніцтва дзяржавы — славяне. Іх мова тады называецца «руська мова». У сённяшняй гістарыяграфіі яе называюць старабеларускай. Менавіта на гэтай мове вядуцца летапісы, складаюцца законы, пішуцца граматы і вядзецца ўсё справаводства».
Зыгар з іроніяй праходзіцца па расійскай гістарычнай міфалогіі, дзе цэнтральнае месца займае Лядовае пабоішча.
На ягоную думку, калі б расійскія прапагандысты ведалі гісторыю, яны б спасылаліся на Грунвальдскую бітву, бо менавіта яна была «ідэальнай ілюстрацыяй прыдуманага імі вечнага супрацьстаяння Расіі і Захаду».
З аднаго боку — войска Вітаўта, значная частка якога гаварыла на старабеларускай мове, з другога — Тэўтонскі ордэн як сімвал германскай экспансіі.
Інтэлектуальных лідараў той эпохі Зыгар падае праз максімальна блізкія сучасніку аналогіі. Вынаходніцтва друкаванага станка параўноўвае з сённяшняй «рэвалюцыяй мабільных тэлефонаў і штучнага інтэлекту», якая цалкам змяніла спосабы перадачы інфармацыі, а Францыска Скарыну называе «Гутэнбергам Усходняй Еўропы».

Не меншае захапленне ў аўтара выклікае Леў Сапега, якога ён называе «Томасам Джэфэрсанам сярэднявечнай Еўропы». Статут 1588 года апісваецца як адзін з самых прагрэсіўных юрыдычных дакументаў свету, дзе за два стагоддзі да эпохі Асветніцтва было замацавана вяршэнства права.
Зыгар акцэнтуе ўвагу на тым, што Беларусь ужо тады мела высокую прававую культуру і законы ствараліся «не дзеля караля, а дзеля айчыны», каб панаваў не манарх, а закон.
Масква — галоўны антаганіст беларускай гісторыі
Раздзел пра канфлікты з Масквой у XVII стагоддзі ў роліку Зыгара самы бескампрамісны. Аўтар падрабязна спыняецца на кампаніі цара Аляксея Міхайлавіча 1654 года, якую ён апісвае як катастрофу нацыянальнага маштабу для Беларусі.
Цэнтральнай кропкай становіцца «Трубяцкая разня» ў Мсціславе: Зыгар нагадвае, што горад быў цалкам знішчаны, загінула каля 15 тысяч жыхароў, а нешматлікіх выжылых гналі ў якасці рабоў углыб маскоўскіх земляў.
Яшчэ больш змрочным для расійскага гледача выглядае расповед пра захоп Вільні ў 1655 годзе: сталіца ВКЛ гарэла 17 дзён, былі разрабаваныя ўсе касцёлы, кляштары і друкарні, зніклі неацэнныя архівы і бібліятэкі.
Асаблівы акцэнт Зыгар робіць на рэлігійным парадоксе: большасць жыхароў Вільні ў той час былі праваслаўнымі, але для маскоўскіх стральцоў, казакоў і татараў гэта не мела ніякага значэння — яны не лічылі мясцовых аднаверцамі.
Аўтар параўноўвае гэтыя падзеі з набегамі крыжакоў, заўважаючы істотную розніцу: калі рыцары-каталікі нападалі на праваслаўных свядома, то тут гвалт быў абсалютна ірацыянальным і пазбаўленым рэлігійнай матывацыі.
Вынік гэтай вайны аўтар падсумоўвае страшнай лічбай — загінула каля 40% насельніцтва рэгіёна. Зыгар дадае, што следам ідзе татальная паланізацыя і афіцыйная забарона старабеларускай мовы ў дзяржаўным справаводстве ў 1696 годзе.
Не менш крытычна Зыгар ацэньвае наступнае стагоддзе, згадваючы загад Пятра I спаліць Магілёў у 1708 годзе.
Аўтар адкрыта кажа, што да сярэдзіны XVIII стагоддзя Рэч Паспалітая практычна перастала існаваць як вялікая дзяржава праз «выдаткі дэмакратыі» — адсутнасць «цвёрдай рукі» і вертыкалі ўлады, чым і скарысталася Кацярына II.
Падзелы Рэчы Паспалітай і анексія беларускіх земляў Расіяй падаюцца не як «уз'яднанне», а як гвалтоўнае паглынанне, якое сустрэла адчайны супраціў.
Анэксія беларускіх земляў Расійскай імперыяй у канцы XVIII стагоддзя падаецца ў фільме праз вострае супрацьстаянне двух антаганістаў — Тадэвуша Касцюшкі і Аляксандра Суворава. Зыгар малюе Касцюшку як героя барацьбы за незалежнасць, які прайшоў праз вайну ў Амерыцы пад камандаваннем Джорджа Вашынгтона і спрабаваў перанесці гэты досвед на радзіму.

Аўтар робіць прынцыповую заўвагу для расійскага гледача: «Для беларускай гістарычнай памяці Сувораў, вядома, ніякі не герой, а відавочна адмоўны персанаж».
Зыгар без купюр апісвае штурм прадмесця Варшавы, дзе салдаты Суворава забілі каля 15 тысяч чалавек, пераважна цывільных, і згадвае цынічную ўзнагароду палкаводцу — маёнтак у Кобрыне, на той самай зямлі, якую ён толькі што «замірыў» крывёй.
Падобным чынам Зыгар дэканструюе і міф пра «Айчынную вайну» 1812 года. Для расійскай традыцыі гэта патрыятычны эпас, але для жыхароў тагачаснай Беларусі гэта была «чужая вайна», дзе абедзве арміі — і Напалеона, і Аляксандра I — дзейнічалі як акупанты.
Аўтар нагадвае, як французскія войскі забіралі апошняе збожжа і палілі дамы, а расійскія і казацкія атрады нішчалі млыны і каралі смерцю ўсіх, каго падазравалі ў супрацоўніцтве з ворагам. У выніку Беларусь у чарговы раз ператварылася ў выпаленую зямлю.
XIX стагоддзе ў выкладзе Зыгара — гэта час сістэмнага і бязлітаснага вынішчэння беларускай ідэнтычнасці. Аўтар падрабязна апісвае палітыку Мікалая I, які пасля паўстання 1830 года пачаў татальную русіфікацыю: закрыццё Віленскага ўніверсітэта, які быў інтэлектуальным сэрцам рэгіёна, адмена Статута ВКЛ, поўнае выцісканне старабеларускай мовы з афіцыйнага ўжытку і ліквідацыя ўніяцтва.
Нараджэнне нацыі
Кульмінацыяй супраціву імперыі ў XIX стагоддзі ў роліку Зыгара становіцца паўстанне 1863—1864 гадоў і постаць Кастуся Каліноўскага. Аўтар вылучае яго як першага палітыка рэгіёна, які свядома звярнуўся не да шляхты, а да народа, выдаючы «Мужыцкую праўду» на простай мове.
Зыгар цытуе ягоныя перадсмяротныя «Лісты з-пад шыбеніцы» і знакамітае «Я паміраю, каб вы маглі жыць», называючы гэты тэкст адным з ключавых дакументаў беларускай гісторыі.

Антыподам Каліноўскага выступае генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў з мянушкай «Вешальнік». Зыгар прыводзіць характэрную цынічную цытату Мураўёва: «Я не з тых, каго вешаюць, а з тых, хто вешае», — і апісвае ягоную кампанію запалохвання як паслядоўны этнацыд: праз забарону беларускай лацінкі, закрыццё школаў і гвалтоўны перавод уніятаў у праваслаўе.
Наступны этап — нараджэнне сучаснай беларускай нацыі — Зыгар шчыльна звязвае з газетай «Наша Ніва», якая пачала выходзіць у 1906 годзе. Ён падкрэслівае, што гэта была не проста газета, а маштабная «культурная праграма для новай нацыі», якая фармавалася намаганнямі Луцкевіча, Купалы і Коласа.
Асабліва важны для расійскага гледача акцэнт аўтар робіць на сацыяльным паходжанні гэтай эліты: амаль усе яны былі нашчадкамі збяднелай шляхты, якія ў маладосці гаварылі па-польску, але пасля свядома абралі беларускую мову. Гэты працэс інтэлектуальнага выбару прывёў да абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў сакавіку 1918 года.

Хоць Зыгар называе БНР хутчэй сімвалічным крокам, ён прызнае яе найважнейшым прэцэдэнтам для беларускай незалежнасці, які бальшавікі таўравалі як «контррэвалюцыю», а польскія сацыялісты — як «буржуазны сепаратызм».
Завяршаецца відэа расповедам пра трагічны фінал беларускага адраджэння ў складзе СССР. Зыгар апісвае кароткі перыяд карэнізацыі 1920‑х гадоў, які змяніўся крывавым сталінскім тэрорам. Ключавым момантам для яго становіцца Ноч расстраляных паэтаў у кастрычніку 1937 года, калі за адну ноч НКУС знішчыла ўвесь цвет беларускай літаратуры і навукі.
Аўтар праводзіць прамую лінію ад гэтых расстрэлаў да Курапатаў, называючы іх самым страшным месцам масавых пахаванняў. Менавіта з расследавання пра Курапаты ў 1988 годзе, на думку Зыгара, пачалася перабудова і «галоснасць» у Беларусі, калі незалежныя журналісты адкрылі грамадству праўду пра тое, як імперыя спрабавала канчаткова вырашыць «беларускае пытанне».
Гісторыя, кажа Зыгар, якую Расія спрабуе прысвоіць ці забыць, заўсёды вяртаецца праз такія страшныя знаходкі як Курапаты, прымушаючы новыя пакаленні нарэшце паглядзець на сябе з боку.
Відэа Міхаіла Зыгара становіцца важнай прышчэпкай ад імперскасці для расійскай аўдыторыі. Нават пры наяўнасці пэўных прабелаў агульны пасыл відавочны. Аўтар паказвае Беларусь не як правінцыю імперыі са сталіцай у Маскве, а як самадастатковую еўрапейскую нацыю з глыбокімі дэмакратычнымі каранямі.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ-
Тадэвушу Касцюшку — 280 гадоў. Герой двух кантынентаў, але не шчаслівы чалавек
-
Знайшліся фонды пінскай бібліятэкі ордэна францысканцаў. Яны ў Санкт-Пецярбургу
-
Дзеці злізвалі з бруднай падлогі пралітае малако. Якой пабачыў замежнік Беларусь, спустошаную расійскімі і шведскімі войскамі ў час Паўночнай вайны
Цяпер чытаюць
Агентка Кардаш выкарыстоўвала сэкс, каб збіраць інфармацыю пра каліноўцаў і завербаваць украінскага камандзіра. А куратару КДБ пісала пра яго: «Мой лох»
Каментары
Дадайце, кл, сюды спасылку на ваш матэрыял з аглядам беларускіх гістарычных каналаў. Можа не ўсім яны трапляюцца ў рэкамендацыях. Дзякуй.