Грамадства3737

«Гэты хлопец, відаць, падасланы — у яго боты начышчаныя»: Севярынец расказаў гісторыю з’яўлення Дашкевіча ў «Маладым фронце»

Палітык і былы палітвязень Павел Севярынец у новым выпуску ТОКа падзяліўся ўспамінамі пра тое, як у 2000 годзе ў шэрагі «Маладога фронту» прыйшоў Зміцер Дашкевіч, як ён прайшоў праверку і не падпарадкаваўся партыйнай дысцыпліне на Дзень Волі ў 2003 годзе.

Паводле слоў Севярынца, Зміцер прыйшоў у «Малады фронт» у 2000 годзе на хвалі акцый пратэсту.

«Да мяне падыходзіць кіраўнік дружыны, спартовага аддзела — гэта бяспека ў Маладым Фронце — і кажа:

— Паша, слухай, гэты хлопец, відаць, падасланы.

— А чаго?

— Ну паглядзі, як ён акуратна апрануты, пастрыжаны. І боты начышчаныя. Ты ведаеш, у іх там [у КДБ] чысцяць боты. Гэта кепская прыкмета».

Як тлумачыць Севярынец, сваім знешнім выглядам Дашкевіч сапраўды вельмі адрозніваўся ад астатніх удзельнікаў «Маладога фронту»:

«У нас была агромная маса нефармалаў: смаленых, паленых, валасатых. Можна сабе ўявіць, што такое моладзевы рух пратэсту. І тут раптам такі акуратны, пастрыжаны, у начышчаных ботах чалавек».

Каб праверыць настойлівасць навічка, кіраўніцтва вырашыла зладзіць яму своеасаблівы тэст: Змітра пакінулі чакаць, пакуль ішла нарада. Дашкевіч дачакаўся. Па словах Севярынца, былі спадзяванні на тое, што Зміцер «сам адваліцца, калі яны праявяць яго сутнасць» у будучым. Аднак першае ўражанне аказалася памылковым:

«Потым бачым: ну нармальны хлопец. Класны, ва ўсім удзельнічае, размаўляе па-беларуску. Не, мусіць, начышчаныя боты не азначаюць, што чалавек з КДБ».

«Не трэба апускаць сцяг!»

Сапраўдны пераломны момант, пасля якога стала зразумела, што Дашкевіч — прыроджаны лідар, адбыўся праз тры гады, падчас дэманстрацыі на Дзень Волі ў 2003 годзе:

«Сітуацыя была такая. Мы ідзём па праспекце Скарыны (цяпер — Незалежнасці — НН). Міліцыя пачынае нас папярэджваць: «Вось дойдзеце да вуліцы Варвашэні (цяпер — праспект Машэрава) — і вас пачнуць браць. Калі выпусціце сцягі і пройдзеце гэта скрыжаванне, туды да плошчы Якуба Коласа, куды вы хочаце ісці, вы даберацеся».

Кіраўніцтва «Маладога фронту» вырашыла пагадзіцца на гэты кампраміс:

«Мы раімся: «Добра, давайце мы апусцім сцягі на скрыжаванні, а пасля іх падымем зноў. Усё будзе добра». Ну і вось я хаджу, папярэджваю ўсіх пра гэтую сітуацыю, усе спускаюць сцягі».

Аднак, як згадвае Севярынец, Зміцер Дашкевіч адмовіўся выконваць гэты загад:

«Зміцер Дашкевіч адзін ідзе з вялікім сцягам.

— Зміцер, апусці сцяг!

— Гэта не сцяг.

— Як не сцяг?

— Гэта нацыянальная святыня! Не апушчу.

— Зміцер, ну тут жа проста зараз будуць разганяць народ, ты што? Партыйны загад!

— Ды ідзі ты падалей са сваім партыйным загадам».

У выніку спецназ разагнаў акцыю, і ўсе актывісты апынуліся ў адной камеры на Акрэсціна. Павел Севярынец прызнаецца, што хацеў там правесці выхаваўчую гутарку з Дашкевічам. Аднак рэакцыя сукамернікаў была нечаканай.

«Кажу: «Зміцер, слухай, ну ты разумееш, што з-за твайго аднаго сцяга мы ўсе загрымелі сюды?»

Уся камера хорам: «Зміцер малайчына! Усё правільна! Не трэба апускаць сцяг нават на хвіліну!»

Як даводзіць Севярынец, гэты выпадак стаў для яго ўрокам:

«Я зразумеў, што памыляўся. Такія тактычныя хады і меркаванні могуць далёка завесці, а народ са Змітром аказаўся».

З таго часу Зміцер Дашкевіч стаў адным з безумоўных лідараў моладзевага руху і ў свой час яго ўзначаліў.

Зміцер Дашкевіч. Фота Надзеі Бужан

Сцяг на акцыі «Горад наш»

Як згадвае Павел Севярынец, у свой час «Малады фронт» рэгулярна ладзіў акцыю «Горад наш», падчас якой у розных гарадах развешваліся бел-чырвона-белыя сцягі:

«Мы падымалі бел-чырвона-белыя сцягі на ключавых пунктах беларускіх гарадоў. Часам былі дзясяткі гарадоў. На Дзень святога Валянціна мы любілі гэта рабіць, на Дзень Волі. Ну і проста абазначаць бел-чырвона-белымі сцягамі, сцягамі Хрыста вышыні над Беларуссю».

Менавіта такія акцыі былі нагодай праверыць перспектыўных навічкоў — наколькі здольны чалавек, наколькі ён далёка можа пайсці ў змаганні.

Заданне атрымаў і Зміцер Дашкевіч. Як згадвае Севярынец, лакацыю яны абралі цікавую:

«Гэта было ў квартале, дзе Дом друку знаходзіцца. І дом адным бокам выходзіць на вуліцу Сурганава, там БелаПАН, а другім бокам выходзіць на «Савецкую Беларусію», «Рэспубліку», усе дзяржаўныя выданні. І вось на гэтай пяціпавярхоўцы трэба было вывесіць сцяг».

Сітуацыя ўскладнялася зімовым надвор'ем.

«Знаходзім пад’езд, падымаемся на дах. А зіма, ды яшчэ такое тыпова беларускае надвор’е — дах як шкло. І дах круты. Выглядваем, я кажу: «Зміцер, давай вешаць з гэтага боку, на борціку, «Савецкая Беларусія» убачыць».

Ён кажа: «Не-не-не, трэба на самы дах, там маланкаадвод, я пачаплю там!»

У выніку хлопцы палезлі на дах без ніякай страхоўкі:

«Абсалютна без нічога (…) Вылазім на дах. (…) Я ўжо проста на пузе літаральна паўзу на гэты дах. А Зміцер караскаецца на самы канёк, бярэ ў адну руку заплечнік свой, у другую сцяг (даволі вялікі быў сцяг) і, балансуючы па гэтым коніку, ідзе да маланкаадвода. Спакойна прывязвае там сцяг на вачах усіх рэдакцый і мінакоў. І вяртаецца назад».

Павел Севярынец прызнаецца, што гэта была адна з самых небяспечных прыгодаў у ягоным жыцці:

«Як мы спаўзлі — там яшчэ спаўзці назад была праблема, — да гэтага часу не памятаю».

Як даводзіць Севярынец, гэты ўчынак паказаў непахіснасць і мужнасць Змітра Дашкевіча, які быў гатовы ісці на рызыку дзеля сваіх ідэалаў.

«Зміцер проста паказаў клас. Зміцер рэальна адважны хлопец. І дзеля Беларусі, дзеля сцяга Хрыста, ён гатовы рызыкаваць жыццём, гэта яшчэ тады я зразумеў».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары37

  • КДБ
    05.01.2026
    А все ли помнят признания жены Дашкевича, как она стучала в КГБ (чтобы снять подозрения с самого Дмитрия)? Может всё-таки начищенные ботинки и есть тот самый триггер?
  • Неяк дажылі
    05.01.2026
    Да 2020 праіснавала апазіцыя, але што рабіць цяпер незразумела і ніхто з лідараў апазыцыі, покуль не можа сфармуляваць праграму што нам рабіць. Я няведаю наколькі гэта лідарскія якасці, што сцяг не прыбяру, і камера хорам крычыць Так, але па выніках што? Трэба глядзець на рэзультат. Ну няхай кепскі рэзультат, але які небудзь план, нерэалістычны і г.д, але штось павінна быць, калі чалавек завецца лідарам. Успаміны былых дзён гэта добра, але калі акрамя ўспамін няма нічога, кепскі знак.
  • AlexxelA
    05.01.2026
    прадэманстраваць бчб сцяг у людным месцы - памятаю-памятаю, дзесьці ў тым жа годзе, калі Дашкевіч прыйшоў у МФ, мяне таксама агітавалі туды. Гутарыў якраз з маладафронтаўцамі, і тыя наракалі, што прыехалі ў Берасць, прайшліся па цэнтры з бчб сцягамі, і іх заграблі мянты. Яшчэ падумаў тады, што гэта ж відавочна лезці на ражон, вынік якога будзе зразумелы. Хіба няможна неяк іначай дзейнічаць... Па выніку да МФ тады не далучыўся (хаця там яшчэ і другія абставіны сыгралі сваю ролю).
    А так, нефармалаў тамака было тады і праўда дафіга. Гэта ўжо пазней гадоў праз 10 пры Дашкевічу МФ скалапсіраваў да квазі-секты.

Цяпер чытаюць

Трамп заклікаў іранцаў захопліваць дзяржаўныя будынкі. «Дапамога ўжо блізкая!»

Трамп заклікаў іранцаў захопліваць дзяржаўныя будынкі. «Дапамога ўжо блізкая!»

Усе навіны →
Усе навіны

Анатоль Вайцяхоўскі спакойна прыехаў у Беларусь рэйсавым аўтобусам7

«Такіх скоцкіх адносін, як у баранавіцкім СІЗА, я нідзе не сустракала». Пенсіянерка Алена Гнаўк расказала, як з яе здзекаваліся за кратамі6

На БТ заявілі, што шпіён Уладзімір Усер пісаў з Польшчы ў камісію па вяртанні6

Расійскі дыпламат, які загінуў на Кіпры, хутчэй за ўсё, працаваў на ГРУ. Магчыма, ён хацеў перабегчы на Захад1

Расійская разведка рэзка наехала на канстанцінопальскага патрыярха23

Мая Санду выступіла за аб'яднанне Малдовы з Румыніяй15

Іранскія ўлады навязваюць кантакты з кіраўніцтвам ЗША2

На радзіме апошняга караля Рэчы Паспалітай прадаюць будынак былой плябаніі2

Ці не зашмат «засталічаная» Беларусь? Сяргей Навумчык дыскутуе з Адамам Глобусам26

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп заклікаў іранцаў захопліваць дзяржаўныя будынкі. «Дапамога ўжо блізкая!»

Трамп заклікаў іранцаў захопліваць дзяржаўныя будынкі. «Дапамога ўжо блізкая!»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць