З Мінска і Пінска на ўвесь свет: як сям’я Бэнэнсанаў-Саламон змяніла бізнес, дабрачыннасць і праваабарончы рух
Гісторыя сям’і Бэнэнсанаў-Саламон пачынаецца ў беларускіх гарадах Менск і Пінск, каб потым разгарнуцца ў маштабах цэлага свету. Гэта захапляльны аповед пра тры пакаленні адной сям’і: ад мільянера і заснавальніка фінансавай імперыі Рыгора Бэнэнсана і легендарнай «лэдзі з чарпаком» Флоры Саламон, якая прыдумала і ўвасобіла першую ў Вялікабрытаніі канцэпцыю сацыяльна адказнага бізнэсу, да стваральніка міжнароднай арганізацыі Amnesty International Пітэра Бэнэнсана. Даследчыкі эміграцыі Наталля Гардзіенка і Лявон Юрэвіч расказваюць цікавую гісторыю сям’і Бэнэнсанаў-Саламон, піша «Будзьма».
Гісторыя поспеху Рыгора Бэнэнсана
Гісторыя пачалася ці то ў 1860-м, што выглядае больш верагодным, ці ў 1865 г. у Менску (даты розняцца) з нараджэннем Рыгора (Гершона) Бененсона (але будзем называць яго на пазнейшы англіцызаваны манер — Бэнэнсанам).
З маладых гадоў ён дапамагаў бацьку ў сямейным бізнэсе — лясной прамысловасці, чым Бэнэнсаны былі вядомыя на ўвесь Паўночна-Заходні край, але напрыканцы 1880‑х перабраўся ў Баку, дзе збудаваў завод па перапрацоўцы рысу з персідскай сыравіны і неўзабаве заняў адно з вядучых месцаў сярод экспарцёраў у Расіі.

Праз дзесяць гадоў, у 1899-м, набыў газавы завод — тады месца называлася Чорны горад, сёння Баку паглынуў яго — і справы пайшлі нагэтулькі спраўна, што праз год спатрэбілася збудаваць другі завод па перапрацоўцы нафты. Гэтак пачалася самастойная кар’ера Рыгора Бэнэнсана, што дазволіла не толькі заснаваць гандлёва-прамысловае акцыянернае таварыства, якое ён назваў сваім імем, але і зрабіцца купцом 1‑й гільдыі.
Прыналежнасць да 1‑й гільдыі сведчыла, безумоўна, пра багацце, але была і нечым значна большым: давала габрэям права вольнага перамяшчэння — пакідаць межы аселасці разам з сям’ёй і прыслугаю і весці справы на ўсёй тэрыторыі Расейскай імперыі, а таксама на гандаль па-за яе межамі. Не дзіва, што ў Менскай губерні ўсе купцы першай гільдыі былі габрэямі, а ў Віцебскай і Гродзенскай — больш за 90%.
Гэтае права, канчаткова аформленае законам 1859 г., спрыяла русіфікацыі значнай часткі габрэйскага насельніцтва — да таго ж добраахвотнай, і прывяло да таго, што ў Пецярбург, цэнтр фінансавага і эканамічнага жыцця імперыі, пачалі імкнуцца найбольш паспяховыя габрэі-бізнесмены. Вядомы тагачасны жарт: «Чым раней быў Пецярбург? Пустэльняй. А цяпер жа гэта Бярдзічаў!».
У 1906 г. пераехаў туды і Рыгор Бэнэнсан. Жыла яго сям’я ва ўласным доме на Неўскім праспекце, першы паверх якога займаў гандлёвы дом «Рыгор Бэнэнсан».
У 1911 г. ён ужо дырэктар Расійска-Англійскага банка, праз год браў удзел у заснаванні ў Лондане расійскай крэдытнай і фінансавай кампаніі. Пераезд на стала ў Брытанію быў пытаннем часу, і з пачаткам Першай сусветнай вайны сям’я эмігравала ў Лондан.
Ні вайна, ні Кастрычніцкі пераварот у Расіі і страта ўсяго там — і фінансаў, і нерухомасці — не былі здольныя спыніць бізнэсмена з Менска.
І вось ён ужо пашырае сваю дзейнасць на Амерыку: у Нью-Ёрку валодае пірсамі і складамі даўжынёю некалькі кіламетраў уздоўж Бруклінскага маста.
У 1919 г. Wall Street Journal паведаміў пра набыццё ім за 10 мільёнаў даляраў аднаго з першых гарадскіх хмарачосаў — трыццацітрохпавярховага City Investing Building на 165 Broadway, які быў перайменаваны ў Benenson Building (новы ўласнік быў вымушаны прадаць яго ў 1930-я, а ў 1968 г. будынак быў зруйнаваны).

Нядоўга пасля продажу Benenson Building — флагмана сваёй фінансавай імперыі — Рыгор Бэнэнсан памёр у Лондане — 4 красавіка 1939 г. І цяпер самы час распавесці пра яго сям’ю, чацвёра дзяцей, якіх меў з жонкаю — пінчанкаю Соф’яй Гольдбэрг.

Флора Саламон — абаронца правоў габрэяў
Пра старэйшага, адзінага сына Якава, вядома тымчасам няшмат: вывучаў хімію за мяжой, падчас Першай сусветнай вайны памёр ад гішпанкі.
Зусім іншая гісторыя з старэйшай дачкою — Флораю, па-сямейнаму — Феадосія, Феня.
Яна нарадзілася ў матчыным Пінску 28 верасня 1895 г. У 1905 г. бацькі выправілі яе ў Вісбадэн у Акадэмію для маладых габрэйскіх дзяўчат, дзе яна навучалася цягам пяці гадоў.

Трэба сказаць, часу ў родным Пінску або Баку ці імператарскім Санкт-Пецярбургу яна пражыла нядоўга. У маі 1914 г. бацькава каханка пырснула таму ў твар кіслатою, і Феня мусіла суправаджаць таго на лячэнне ў Нямеччыну. Адтуль яны праз Гамбург і пераехалі ў Англію.
Новае кола знаёмцаў было адмысловым: будучы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман, з якім можна было згадваць пінскія вулкі, і яго жонка Вера — з гэтай сям’ёю дачка Бэнэнсана пасябравала на даўгія гады.
І адбылося хіба немінучае: Флора сталася актыўнай удзельніцаю і прапагандысткаю сіянісцкага руху з мараю жыць у Ерусаліме. Дачка аднаго з найбагацейшых бізнэсменаў свету, як яна думала пра бацьку, сталася сацыялісткаю.

У міжчасе яна выйшла замуж за афіцэра брытанскай арміі Гаральда Саламона, які праз два гады, не без удзелу жонкі, быў прызначаны на дыпламатычную працу ў падмандатнай Палесціне.
Сям’я пераехала ў Ерусалім, там у іх 1921 г. нарадзіўся сын. Але спакойнае жыццё не задоўжылася: на Каляды 1923 г. Гаральда скінуў жарабец. Нібыта хутка акрыяўшы, увесну наступнага года афіцэр, якога чакала бліскучая кар’ера, стаўся спаралізаваным ад поясу да ног. Сям’я вярнулася ў Лондан, дзе ён і памёр у 1930 г.
Але яшчэ да яго смерці, як пісала Флора ва ўспамінах, у іх з мужам адносінах было неагучанае паразуменне: кожны жыве сваім жыццём што датычыць прыязнасцей і сэксу.

Раман з Керанскім
У 1927 г. яна суправаджала бацьку ў камандзіроўцы ў Нью-Ёрк. У адзін з вечароў, каб зрабіць перапынак у дзелавых спатканнях, той пайшоў на сустрэчу з Аляксандрам Керанскім і ўзяў дачку з сабой. Шматлюдная сустрэча адбывалася ў Century Theatre ў Цэнтральным Парку, на рагу 62‑й вуліцы і Central Park West, а пасля было прыняццё для абраных.
З яго Флора Саламон і старэйшы ад яе на чатырнаццаць гадоў Аляксандр Керанскі сышлі ўдваіх і на таксі прыехалі ў гатэль Плаза, дзе жанчына спынілася, і дзе яны засталіся на ноч разам.
Іх раман доўжыўся болей за дзесяць гадоў, але Флора сама скончыла адносіны, бо лічыла, што Керанскі ў душы антысеміт, які, да таго ж, мала пераймаўся лёсам габрэяў у тагачаснай Германіі. Сама ж жанчына ў 1930‑х гг., перад Другой сусветнай вайной, дапамагала знаходзіць прытулак у Брытаніі для дзяцей габрэйскіх бежанцаў з Еўропы.
Флора стварыла першую ў Вялікабрытаніі канцэпцыю сацыяльна адказнага бізнэсу
Неяк на адным званым лонданскім абедзе Флора Саламон сядзела побач з Сайманам Марксам, адным з заснавальнікаў крамы Marks & Spencer (варта адзначыць, што ля вытокаў крамы стаяў ягоны бацька Майкл (Міхал) Маркс — нараджэнец Слоніма). Крама спецыялізавалася на продажы вопраткі, парфумы, ежы. Усяго ў Брытаніі налічвалася каля 160 аддзяленняў гэтае фірмы.
І вось падчас абеду Флора кінула Сайману, што ў таго, маўляў, шакуючая рэпутацыя ў краіне і такія, як ён, псуюць рэпутацыю габрэям, бо ўмовы працы ў ягонай краме пякельныя.
Той быў зазлаваў, але стрымаў сябе й спытаў: «Ты маеш нейкія ідэі?».

Так Флора атрымала першую працу ў сваім жыцці, якую ўспрыняла вельмі сур’ёзна. Найперш яна выправілася ў кантынентальную Еўропу паглядзець, як працуюць там вялікія крамы. Па вяртанні яна арганізавала ў Marks & Spencer Камітэт па дабрабыце (Welfare Committee).
Ніхто, адпрацаваўшы ў краме мінімум пяць гадоў, не мог быць звольнены без узгаднення з Камітэтам.
У кожным аддзяленні з’явіліся дактары і дантысты. Кожная супрацоўніца, што сыходзіла на пенсію, замуж ці ў дэкрэт, атрымлівала ад фірмы грашовую так званую «ўдзячнасць». Быў і яшчэ шэраг сацыяльных новаўводзінаў, такіх як праграмы навучання і дамы адпачынку для супрацоўнікаў, фінансаванне сталовых, аплочаны адпачынак, нават цырульні ў крамах.
Фактычна гэта была першая ў Вялікабрытаніі канцэпцыя сацыяльна адказнага бізнэсу, якую ў газетах назвалі «новым марксізмам».
У выніку прыбыткі крамы пачалі імкліва расці, на працу ў Marks & Spencer было немагчыма ўладкавацца праз колькасць ахвотных, а яе вопыт пачалі пераймаць іншыя фірмы. ё
Варта дадаць, што сістэма, створаная і ўведзеная Флорай Саламон, фактычна працуе ў Marks & Spencer і па сёння.
Падчас Другой сусветнай стварыла дабрачынныя месцы харчавання
У сваёй кнізе ўспамінаў (у ЗША яна мела назву «A Woman’s way» (1984), брытанскае выданне называлася «Baku to Baker Street») Флора Саламон пісала: «Назавіце гэта кнігаю пра дабрачыннасць, калі хочаце, ці пра класавую барацьбу, ці нават аповедам пра выратаванне. Для мяне гэта было прыгодаю. Я была матыльком у вогнішчы Першай сусветнай вайны, лэдзі з чарпаком супу і жаданнем дапамагаць людзям у зруйнаваных гарадах у час Другой сусветнай вайны».

Так, яе сапраўды называлі «лэдзі з чарпаком». Калі Вялікабрытанія была ў надзвычай складаным эканамічным становішчы з пачаткам Другой сусветнай вайны, у краіне былі ўведзеныя карткі — на мяса, цукар і падобнае.
Натуральна, яны не маглі выратаваць сітуацыю, і тады на вуліцах пачалі з’яўляцца кухні, празваныя British Restaurants — дабрачынныя месцы харчавання для мінакоў. Запачаткавала гэта менавіта Флора Саламон з дапамогаю супрацоўніц Marks & Spencer. 'ё
Ідэю за Лонданам падхапілі іншыя гарады, ініцыятыва знайшла падтрымку ва ўрадзе, і ў 1943 г. у Брытаніі дзейнічалі ўжо 2160 гэткіх «Брытанскіх рэстарацый», якія штодня гатавалі 600 000 абедаў за амаль сімвалічную плату.
За гэтую дзейнасць, а таксама за працу па ўратаванні габрэйскіх уцекачоў Флора была ўганараваная Ордэнам Брытанскай імперыі.
Дапамагала выжылым у Халакосце
Пасля вайны Флора Саламон шмат разоў ездзіла ў Ізраіль, звычайна спыняючыся ў тых самых сваіх блізкіх сяброў Вейцманаў (Хаім стаў прэзідэнтам у 1949 г.). Голда Меер, тагачасны міністр працы, паклікала яе дапамагаць тым, хто выжыў у Халакосце і жыў у лагерах для бежанцаў.
Абапіраючыся на свой значны арганізацыйны вопыт, Саламон стварыла бясплатныя сталовыя і медыцынскія службы, выкарыстоўвала метады Marks & Spencer для аптымізацыі пастаўшчыкоў і, што не менш важна, развівала рамесную прамысловасць для жанчын — ткацтва дываноў і выраб керамікі. Яе намаганні прывялі да прыкметнага павышэння маральнага духу сярод бежанцаў.

Брытанская шпіёнка?
Але дзейнасць Флоры Саламон была заўважаная не толькі брытанскім урадам. І тут трэба патлумачыць, чаму пры пошуку яе імя Google часта выдае з пазнакаю British spy — брытанскі шпіён. Шпіёнкаю яна, безумоўна, не была, але дачыненні з адным мела сапраўды.
Імя яму — Кім Філбі.
З Кімам Флора пазнаёмілася яшчэ ў Ерусаліме ў 1920-х, калі ён, адзінацацігадовы, з бацькамі завітаў у дом Саламонаў. Пазней у Лондане знаёмства аднавілася. Нават болей, менавіта Флора пазнаёміла Філбі з яго другой жонкаю Эйлін Фёрс, супрацоўніцай службы аховы ў Marks & Spencer, дэтэктывам, якая ў непрыкметным цывільным гарнітуры шпацыравала па залях крамы й рабілася практычна нябачнаю, але заўважала ўсё — так характарызавалі яе сведкі.
Мо і так, але свайго абранніка яна дакладна прагледзела, зачараваная аповедамі пра карэспандэнцкую працу ў Іспаніі. Іх жыццё не было шчаслівым, Эйлін пачала выпіваць, ужываць антыдэпрэсанты, і калі яна памерла 12 студзеня 1957 г., сябры вінавацілі ў гэтым яе лад жыцця, а вось псіхіятар Эйлін выказаў нават здагадку, што тут мог мець дачыненне сам Філбі.

Дык вось, прыкладна ў 1937 г. падчас сумеснага абеду — выглядае, у тым коле aбеды значылі значна больш, як простае падсілкаванне — Філбі і расказаў Флоры, што выконвае вельмі адказную і небяспечную працу ў імя міру, і было б надзвычайна, каб і яна, з яе сувязямі і веданнем людзей, далучылася. Як потым яна сцвярджала, намёк быў празрысты і зразумелы, але вялікай увагі пачутаму жанчына не надала і адказала, што занадта занятая ратаваннем габрэяў Еўропы.
Усё змянілася ў 1960-я, калі Філбі працаваў карэспандэнтам «Observer’a» (сённяшні «Guardian») у Бейруце. Флору раззлавалі яго публікацыі, якія яна палічыла праарабскімі і антыізраільскімі, антысеміцкімі, і калі ў жніўні 1962 г. яна чарговы раз адведала Ізраіль, на адным з прыёмаў у Інстытуце Хаіма Вейцмана, сустрэўшы свайго даўняга знаёмца Віктара Ротшыльда, спыталася: «Чаму газета карыстаецца паслугамі такога чалавека?! Ён жа камуніст, спрабаваў завербаваць мяне, ён ужо трыццаць гадоў як працуе на Саветы».
На той час Філбі быў пад падазрэннем у MI6, але не ставала канкрэтных доказаў, і сведчанне Саламон запусціла ланцужок новага росшуку, роспытаў і пошуку фактаў. Чым гісторыя скончылася, сёння добра вядома.
У адным з апошніх сваіх інтэрв’ю Філбі на пытанне, ці згодны ён, што менавіта сведчанні Флоры Саламон зрабіліся крытычнымі ў яго выкрыцці, адказаў: «Так, і гэта было даволі нечакана. Я з дзяцінства ведаў Флору. Бачыце, яна была левых перакананняў, але пазней, праз свае праізральскія погляды, вельмі змянілася».

Флора Саламон пражыла даўгое жыццё і памерла 18 ліпеня 1984 г. І цяпер час распавесці пра яе дзвюх сёстраў.
Фіра — вядучая мадэльерка ЗША
Фіра (1898—1977), з пачаткам Першай сусветнай вайны эмігравала разам з сям’ёй у Лондан, але абрала для жыцця Нью-Ёрк, куды пераехала напрыканцы 1920-х. У 1931 г. яна выйшла замуж за польскага графа Януша Ільінскага. Пачаўшы з набыцця крамы эксклюзіўнай вопраткі ў Манхэтане, яна з часам зрабіла сабе імя дызайнеркі, а ў паваенны час стварыла ўласны брэнд Fira Benenson Inc. У 1950‑х яе імя згадвалася ў пераліку вядучых мадэльераў ЗША.

Маня — заснавальніца вядомага выдавецтва і перакладчыца
Самая малодшая сястра, Маня (1905—1969), зрабілася вядомай пад прозвішчам мужа Харары як сузаснавальніца выдавецтва Harville Press, а таксама як перакладчыцца з расейскай мовы «Доктара Жывага» Барыса Пастэрнака, твораў Ільі Эрэнбурга, Яўгеніі Гінзбург, Андрэя Сіняўскага (Абрама Тэрца) і іншых.

Яе ўспаміны («Memoirs. 1906—1969») былі выдадзеныя пасмяротна ў ейным выдавецтве ў 1972 г.
Пітэр — заснавальнік Amnesty International
Застаецца сказаць колькі словаў пра адзінага сына Флоры Саламон, якому прысвечаныя яе ўспаміны, — Пітэра.
Ён нарадзіўся 31 ліпеня 1921 г. у Лондане і зрабіўся вядомы свету пад дзедавым прозвішчам Бэнэнсан. Гэта ён заснаваў у 1961 г. добра знаёмую і беларусам арганізацыю «Міжнародная амністыя» (Amnesty International) — міжнародную няўрадавую арганізацыю, якая займаецца абаронай правоў чалавека.

Арганізацыя атрымала ў 1977 г. Нобелеўскую прэмію за сваю кампанію супраць катаванняў, а ў 1978 г. — прэмію ААН у галіне правоў чалавека. Памёр Пітэр Бэнэнсан 25 лютага 2025 г.
Вось такая сям’я, гісторыя якой пачалася ў Мінску і Пінску.
Цяпер чытаюць
Праектавалі кароўнікі і акумулятарны завод, а цяпер узяліся за барока. З велічнага езуіцкага калегіума ў Пінску збіраюцца збіць увесь тынк — а ён быў распісаны фрэскамі
Каментары