Швейцарскі бар, у якім згарэлі на Новы год 40 чалавек, не правяраўся на працягу пяці гадоў
Бенгальскія агні, якія, як мяркуецца, сталі прычынай пажару, будуць забароненыя ў мясцовых забаўляльных установах.

Швейцарскі бар, у якім адбыўся пажар, што забраў жыцці 40 чалавек і прывёў да траўмавання 116-ці, на працягу пяці гадоў не праходзіў праверкі бяспекі, паведамляюць улады, піша Бі-бі-сі.
Мэр Кран-Мантаны Нікаля Феро на прэс-канферэнцыі ў аўторак заявіў, што не можа патлумачыць, чаму бар La Constellation так доўга не правяраўся, аднак падкрэсліў, што гарадская рада «глыбока шкадуе» пра тое, што адбылося.
«Мы шкадуем пра гэта — мы абавязаныя сем’ям і возьмем на сябе адказнасць», — сказаў ён.
Феро дадаў, што бенгальскія агні, якія, як мяркуецца, сталі прычынай пажару, будуць забароненыя ў мясцовых забаўляльных установах.
Мясцовыя ўлады таксама прыцягнуць знешняга падрадчыка для праверкі і аўдыту ўсіх 128 устаноў у рэгіёне. Ён прызнаў, што каманда з пяці чалавек правярала больш за 10 000 будынкаў, і патлумачыў, што ў 2016 годзе чатыры вясковыя рады аб’ядналіся ў адзін большы орган улады — Кран-Мантану.
Адказваючы на шматлікія пытанні пра тое, чаму бар так доўга не правяраўся, Феро сказаў: «Сёння ў мяне няма адказу».
«Мы глыбока шкадуем пра гэта і разумеем, наколькі цяжка будзе сем’ям».
«Я не збіраюся сыходзіць у адстаўку — не, і не хачу гэтага рабіць», — дадаў ён пазней.
Таксама ён адзначыў, што «гэта будзе вырашаць суд», маючы на ўвазе, ці стане гарадская ўлада бокам у справе ў межах крымінальнага расследавання, распачатага швейцарскімі пракурорамі.
Каментары