Свет

Як Іран адключыў інтэрнэт? І як тады іранцы змаглі перадаць інфармацыю?

Іран апошнімі днямі зрабіў тое, да чаго рыхтаваўся гадамі: амаль цалкам адключыў інтэрнэт, арганізаваўшы адзін з найглыбейшых і найбольш тэхналагічна складаных блэкаўтаў у гісторыі. Нават у такіх умовах актывісты і звычайныя іранцы знаходзяць шляхі, каб інфармацыя ўсё ж прасочвалася вонкі. З падрабязнасцямі знаёміць Financial Times.

Пратэстоўцы падпалілі фатаграфію аяталы Алі Хаменеі ля будынка амбасады Ірана ў Лондане, 12 студзеня 2026 года. Фота: AP Photo/Alastair Grant

Іран амаль дзесяць гадоў распрацоўваў Нацыянальную інфармацыйную сетку (NIN) — паралельную версію інтэрнэту, якую ў народзе празвалі «халяльнай». Мэта была простай: у часы беспарадкаў адключыць краіну ад знешняга свету, захаваўшы пры гэтым працаздольнасць урада і эканомікі ўнутры краіны.

Аднак у лістападзе 2019 года тагачасны міністр сувязі Махамад Джахрамі быў шакаваны: пратэстоўцы каардынаваліся праз чат звычайнай відэагульні, ухваленай рэжымам. Гэта фіяска прывяло да радыкалізацыі тактыкі: калі «халяльны» інтэрнэт не працуе, то ў наступны раз давядзецца яго цалкам адключыць.

«Наступны раз» адбыўся ў мінулы чацвер, 8 студзеня. Эксперты, якія вывучаюць лічбавыя рэпрэсіі, назвалі адключэнне адным з самых глыбокіх і складаных у гісторыі.

Блакада была настолькі татальнай, што абезгаловіла нават дзяржаўныя структуры. На пачатковым этапе адключылася ўсё: банкі, банкаматы, аплатныя сістэмы на запраўках і ўрадавыя сайты навін. Нават уладальнікі прывілеяваных «белых» сім-карт, якія мелі доступ да сеткі падчас ваеннага канфлікту Ірана з Ізраілем у 2025 годзе, гэтым разам апынуліся ў інфармацыйным вакууме.

Так выглядала адключэнне інтэрнэту ў Іране 8 студзеня 2026 года. Фота: NetBlocks

Даследчыкі з Project Ainita тлумачаць, што такая лёгкасць адключэння была закладзена ў дызайн іранскай сеткі яшчэ ў 1990-х. У той час адзіным лічбавым каналам сувязі Ірана са знешнім светам была невялікая лабараторыя фізікі элементарных часціц Інстытута даследаванняў фундаментальных навук. Пазней улады дазволілі яшчэ адзін дадатковы канал да глабальнага інтэрнэту праз «Кампанію тэлекамунікацыйнай інфраструктуры». У параўнанні з іншымі густанаселенымі краінамі, якія маюць сотні пунктаў доступу, гэта стварае ідэальныя ўмовы для дзяржаўнай цэнзуры.

Як адзначаюць аўтары, рэзкае адключэнне дало ўраду магчымасць потым зноў падключыць часткі NIN, захоўваючы строгі кантроль над навінамі і паступова аднаўляючы функцыянальнасць частак эканомікі.

Згодна з інфармацыяй ад жыхароў краіны, дзейнасць банкаўскай сістэмы ў асноўным адноўлена, хоць і з абмежаваннямі на тое, колькі наяўных грошай могуць здымаць фізічныя асобы. Запраўкі таксама апрацоўваюць плацяжы, аднаўляюцца некаторыя дзяржаўныя паслугі.

На погляд эксперта Хесама Наўруз Пура, які кансультаваў іранскі ўрад на старце стварэння NIN у пачатку 2010-х, з пункту гледжання палітыкі ўлады дасягнулі таго, чаго хацелі — часткі Нацыянальнай інфармацыйнай сеткі зноў працуюць, а краіна ўсё яшчэ амаль адрэзаная ад глабальнага інтэрнэту.

Шляхі абыходу

У такіх умовах адным з ключавых каналаў перадачы інфармацыі стала спадарожнікавая сувязь Starlink. Як адзначае FT, выкарыстанне гэтых тэрміналаў у краіне стала магчымым пасля таго, як у 2022 годзе адміністрацыя Джо Байдэна ўвяла санкцыйнае паслабленне, што дазволіла амерыканскім тэхналагічным кампаніям перадаваць Ірану інструменты камунікацыі. Неўзабаве пасля гэтага Ілан Маск актываваў для краіны доступ да спадарожнікавай сеткі SpaceX Starlink.

Гэта рашэнне спарадзіла цэлую сетку кантрабанды. Тэрміналы Starlink пачалі таемна ўвозіць праз межы з Арменіяй і Іракскім Курдыстанам. Спачатку прылады траплялі да праваабаронцаў, але потым узнік чорны рынак, і тысячы прылад былі ўвезены ў краіну для звычайных іранцаў, каб тыя маглі глядзець Netflix, посціць у Instagram і гандляваць крыптавалютай. Аднак уладальнікі тэрміналаў цяпер вымушаныя хаваць антэны ад дронаў і суседзяў-даносчыкаў.

У мінулы аўторак SpaceX паведаміла аб тым, што зрабіла доступ да Starlink у Іране бясплатным. Аднак у апошнія дні групы, якія выкарыстоўваюць гэтую сувязь для абыходу блэкаўту, паведамлялі пра збоі. Гэта можа быць вынікам выкарыстаннем сродкаў радыёэлектроннай барацьбы ваеннага класа, што выкарыстоўвае Расія ў вайне з Украінай.

Паралельна, як адзначае аўтар, іншыя людзі — многія з іх эмігранты з іранскага прадпрымальніцкага сектара кібербяспекі і тэлекамунікацый — стваралі або адаптавалі праграмнае забеспячэнне для пераадолення дзяржаўнага блакавання.

Адзін з сэрвісаў абмену паведамленнямі «паразітуе» на самай прымітыўнай інтэрнэт-інфраструктуры, якую рэжым пакінуў працоўнай, ператвараючы невялікую ўхваленую ўрадам паштовую сетку ў сродак сувязі са знешнім светам. Блакаванне таксама дазваляе абыходзіць просты тэкставы браўзерны сэрвіс.

Са слоў экспертаў, ключавая небяспека не толькі ў самім адключэнні, але і ў тым, як будзе выглядаць інтэрнэт, калі ён вернецца. Іран стаў значна больш дасведчаным у тым, як рэалізаваць адключэнні.

Каментары

Цяпер чытаюць

Пратасевіч зноў жэніцца — цяпер з таролагам Настассяй, якая працавала ў элітным медцэнтры «Мерсі»40

Пратасевіч зноў жэніцца — цяпер з таролагам Настассяй, якая працавала ў элітным медцэнтры «Мерсі»

Усе навіны →
Усе навіны

Эйсмант заявіла, што разглядаецца магчымасць сустрэчы Лукашэнкі з Трампам3

Эйсмант: Мы заўсёды будзем рады бачыць Кім Чэн Ына ў Беларусі7

Колькасць насельніцтва Гомеля апусцілася ніжэй за 500 тысяч1

Топ-25 гарадоў Беларусі па колькасці насельніцтва. Вось свежыя падлікі2

За мінулы год насельніцтва Беларусі скарацілася яшчэ на 53 тысячы чалавек23

У Мінску адкрылі кавярню, дзе за каву можна плаціць колькі хочаш1

Былому топ-менеджару ProStore і IT-кампаніі далі тры гады калоніі па палітычным артыкуле

У Празе закідалі кактэйлямі Молатава Рускі дом7

Кім Чэн Ын зладзіў раскошны прыём у гонар Лукашэнкі10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пратасевіч зноў жэніцца — цяпер з таролагам Настассяй, якая працавала ў элітным медцэнтры «Мерсі»40

Пратасевіч зноў жэніцца — цяпер з таролагам Настассяй, якая працавала ў элітным медцэнтры «Мерсі»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць