Чарнагорскія памежнікі знайшлі зброю ў машыне ганаровага консульства Беларусі ў Босніі і Герцагавіне
На мяжы Чарнагорыі і Босніі і Герцагавіны на памежным пераходзе «Шчэпан Поле» затрымалі аўтамабіль, які належыць ганароваму консульству Беларусі ў Босніі і Герцагавіне. Пра гэта паведаміла МУС Чарнагорыі, заўважыла выданне Reform.news.

У ноч з 26 на 27 сакавіка супрацоўнікі памежнай паліцыі Чарнагорыі праводзілі праверку ў межах барацьбы з трансмежнай злачыннасцю. Яны спынілі аўтамабіль Audi A8, за рулём якога быў 44‑гадовы грамадзянін Босніі і Герцагавіны, жыхар Сараева.

Пры аглядзе ў багажніку і дарожнай сумцы паліцыя знайшла пісталет Glock 45 FS з магазінам і 17 патронаў. Пра здарэнне паведамілі дзяржаўнаму пракурору ў Нікшычы. Кіроўцу затрымалі, а зброю і патроны канфіскавалі.
Па інфармацыі пасольства Беларусі ў Венгрыі, ганаровым консулам Беларусі ў Босніі і Герцагавіне з’яўляецца Нядзелька Элек, які ў 2024 годзе разам з прэзідэнтам Рэспублікі Сербскай Мілярадам Додзікам наведваў Беларусь.
Каментары