«Праект «Канец свету» з Раянам Гослінгам — чаму гэта сентыментальная фантастыка вам дакладна спадабаецца
«Праект «Канец свету» — галоўны галівудскі блакбастар сакавіка з зорным Раянам Гослінгам у галоўнай ролі. Гэта кіно пра космас, якога вы даўно не бачылі: замест разваг а-ля «Інтэрстэлар» і «Прыбыццё» будуць сяброўства, гумар і аптымізм, і пры гэтым элементы жорсткай палітычнай драмы.

Мала хто з пісьменнікаў так верыць у навуку, як амерыканец Эндзі Веер. Яшчэ ў 2011‑м ён напісаў бестсэлер «Марсіянін» — гісторыю пра тое, як веданне навукі выратавала астранаўта Марка Уотні, якога забылі на Марсе на некалькі гадоў. У 2015‑м «Марсіяніна» экранізавалі. Вы маглі бачыць той фільм Рыдлі Скота з Мэтам Дэйманам у галоўнай ролі, дзе ён вырошчваў на Марсе бульбу — аптымістычную, поўную надзеі стужку пра чалавечую моц.
У 2021‑м Веер выпускае раман «Праект «Аве Марыя» (Project «Hail Mary»), і гэта гісторыя пра свет, які чакае апакаліпсіс. У Сонечнай сістэме з’яўляюцца дзіўныя мікробы, якія харчуюцца сонечнай энергіяй, а значыць, хутка Сонца стане нашмат халаднейшым. Пасля гэтага стане холадна і на Зямлі, пачнуцца праблемы з ураджаем і багата людзей загінуць.
Ёсць, аднак, змрочная надзея. Навукоўцы бачаць, што хаця багата іншых зорак таксама пакутуюць ад той касмічнай інфекцыі, ад яе нейкім чынам збераглася падобная да Сонца зорка Таў Кіта. Найлепшыя розумы Зямлі не прыдумалі нічога лепшага, каб даслаць туды касмічны карабель з трыма астранаўтамі, якія мусяць на месцы разабрацца, што ж ратуе Таў Кіта, а потым гераічна загінуць у космасе, бо ім не могуць закласці паліва на адваротны шлях.
Сярод тых астранаўтаў аказаўся просты выкладчык біялогіі Райланд Грэйс. На сваю бяду, ён мае доктарскую ступень і заадно некалі напісаў дысертацыю па іншапланетных арганізмах, якія існуюць без вады ў сваім складзе. Таму Грэйса і ўцягваюць у той праект, што прывядзе яго за 12 светлавых гадоў ад Зямлі і падорыць яму ледзь не самае незвычайнае сяброўства ў фантастыцы апошніх гадоў — але пра гэта пазней.

Пра тое, што кнігу экранізуюць, стала зразумела яшчэ ў 2020-м, да яе выдання — тады кінастудыя Metro-Goldwyn-Mayer за тры мільёны даляраў вырвала ў бойцы з канкурэнтамі правы на экранізацыю. 26 сакавіка фільм выходзіць у беларускім пракаце — праўда, чамусьці пад назвай «Праект «Канец свету».
Сцэнарысты паставіліся да кнігі з павагай, прыбраўшы, аднак, багата навуковых дэталяў, якія так любіць Веер. Але нават з гэтым пастаноўшчыкам спатрэбілася дзве з паловай гадзіны, каб расказаць гісторыю — менавіта столькі ідзе фільм.
На першым плане ў фільме топавая галівудская зорка Раян Гослінг, які і грае Райланда Грэйса. Большая частка фільма — акцёрская праца аднаго Гослінга, бо ў сістэме Таў Кіта ён аказаўся адзін.
Але «Праект «Канец свету» — гэта не толькі фільм пра адзіноту, гэта і стужка пра сяброўства. Яе стваральнікі свядома заспойлерылі ў трэйлеры яшчэ аднаго персанажа, цэнтральнага для гэтай гісторыі, як і Грэйс. Гаворка пра Рокі — маленькага іншапланецяніна з каменнымі шчупальцамі і без твару. Як трапна заўважае Грэйс, твары пераацэненыя.

Рокі прылятае да Таў Кіта з той жа місіяй, што і Грэйс: яму трэба выратаваць родную зорку ад касмічных мікробаў. Рокі і Грэйс выглядаюць па-рознаму, жывуць у розных атмасферах і маюць абсалютна розныя мовы. Але, даведзеныя адзінотай да адчаю, яны знаходзяць адно ў адным сяброў. І раптам аказваецца, што навука, вядома, дапамагае выратаваць свет, але разам з сяброўствам усё гэта працуе нашмат лепш.
Персанажа Рокі рабілі з дапамогай лялькі і камп’ютарнай графікі, то-бок зразумела, што Гослінгу давялося іграць без партнёра па пляцоўцы. І тым больш дзіўна, якім чынам ён здолеў стварыць тую хімію, якая адчуваецца паміж ім і Рокі, і ўтрымліваць увагу паўтары гадзіны, іграючы з лялькай у кампаніі.
Ёсць у фільме, аднак, і менш адназначны персанаж, чым Грэйс і Рокі. Гэта Ева Страт, кіраўніца таго самага праекта «Аве Марыя», што мусіць выратаваць наша Сонца. Там, дзе Грэйс можа дазваляць сабе сумневы, Страт мусіць быць нязломным палітыкам, хаця ёй відавочна няпроста прымаць рашэнні, важныя для выратавання свету. Яе персанаж у фільме адказвае за этычныя пытанні: што дазволена зрабіць, калі на тваіх плячах — лёс чалавецтва?

«Праект «Канец свету» шмат параўноўваюць з «Інтэрстэларам» – іншай касмічнай сагай пра тое, як астранаўт пакідае Зямлю, каб выратаваць чалавецтва ад апакаліпсісу. І ёсць думка, што ў яго стваральнікаў атрымаўся анты-«Інтэрстэлар». Замест навуковых дэталяў — жарты і хімія паміж персанажамі, замест пафасу і гераізму — просты чалавек, які нічога гэтага не хацеў, але проста не мае шляху назад.
За першыя выходныя ў сусветным пракаце «Праект «Канец свету» зарабіў 141 мільён даляраў, і пакуль што гэта самы касавы дэбют гэтага года. Бенефіс Гослінга абышоў ранейшых канкурэнтаў па жанры, у тым ліку «Марсіяніна» і «Інтэрстэлар».
Крытыкі, як і першыя гледачы, адзінадушныя наконт фільма. 95% ухвалення на платформе Rotten Tomatoes, 8,5 бала з 10 на буйным рэсурсе IMDb — большасці блакбастараў пра гэта толькі марыць. Гледачы тым часам дзеляцца захапленнем у сацсетках — вось толькі некалькі водгукаў з Threads:
«Не глядзела трэйлер загадзя, вельмі спадабалася. Захапленне, захапленне, захапленне».
«Добры фільм, які зачароўвае».
«Шыкоўны, упершыню столькі слёз праліла ад смеху».
Звычайна да вялікіх рэйтынгаў на міжнародных платформах даходзіць або культавая класіка, або складаная філасофія накшталт «Інтэстэлара», але мы ўжо разабраліся, што гэта не той выпадак. Адкуль жа народная любоў?
Усё праз тое, што сучасны глядач стаміўся ад цынічнага і занадта філасофскага кіно, якое пакідае цябе з унутраным крызісам. «Праект «Аве Марыя» — іншы фільм, да краёў напоўнены надзеяй і верай у лепшае, таму ён блізкі і фанатам фантастыкі, і больш простым гледачам. І тое, як пераканаўча ён гаворыць з тымі рознымі гледачамі, робіць гэты фільм падзеяй.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
[Зрэдагавана]