Здароўе

Ці можна назапасіць сон наперад?

Ідэя так званага «банкінгу сну» — калі чалавек спіць больш звычайнага перад перыядам недасыпання, — становіцца ўсё больш папулярнай. Ці сапраўды можна назапасіць сон і што пра гэта кажуць даследаванні? З падрабязнасцямі знаёміць BBC.

Фота: Guido Mieth / Getty Images

Тэрмін «банкінгу сну» з’явіўся ў навуковым ужытку ў 2009 годзе дзякуючы даследчыкам з Армейскага навукова-даследчага інстытута імя Уолтэра Рыда ў ЗША, якія шукалі спосабы павысіць уважлівасць і працаздольнасць вайскоўцаў перад баявымі заданнямі.

Навукоўцы правялі эксперымент з салдатамі, падзяліўшы іх на дзве групы: адна спала па сем гадзін, а другая — па дзесяць. Калі пазней абедзве групы на тыдзень абмежавалі ў сне да трох гадзін на суткі, тыя, хто спаў больш на папярэднім тыдні, прадэманстравалі значна лепшую канцэнтрацыю ўвагі і хутчэй вярнуліся да нормы пасля заканчэння выпрабаванняў.

Наступныя даследаванні паказалі, што гэтая стратэгія працуе не толькі для вайскоўцаў. Напрыклад, у 2023 годзе назіранне за дактарамі ў бальніцы Маямі паказала, што дадатковыя 90 хвілін сну на працягу трох сутак палепшылі іх працаздольнасць падчас наступных двух тыдняў работы ў начныя змены.

Асабліва ярка карысць «банкінгу сну» выяўляецца ў спорце. Назапашванне сну — звычайная практыка сярод удзельнікаў парусных рэгат, якая дапамагае знізіць колькасць памылак і паскорыць рэакцыю. Вучоныя выявілі, што прафесійныя рэгбісты, якія на працягу трох тыдняў спалі па 10 гадзін за ноч, адчувалі меншы фізічны стрэс. Тыдзень дзевяцігадзіннага сну палепшыў дакладнасць падач у тэнісістаў, а баскетбалісты пасля пяці-сямі тыдняў падоўжанага сну пачалі больш трапна кідаць мяч і хутчэй бегаць.

Не ўсё так адназначна

Тым не менш у навуковым асяроддзі няма адзінага меркавання наконт канцэпцыі банкінгу сну. Спрэчка ідзе вакол таго, ці сапраўды мы ствараем «запас», ці проста закрываем старыя даўгі перад арганізмам.

Агляд даследаванняў сярод людзей са зменным графікам працы звяртае ўвагу на магчымыя метадалагічныя скажэнні і адзначае, што прамую прычынна-выніковую сувязь даказаць складана.

У цэнтры дыскусіі стаіць пытанне: навошта нам наогул патрэбны сон? Дацэнт кафедры медыцыны сну Медыцынскай школы Хакенсак Мерыдыян Пітэр Полас тлумачыць, што падчас сну вырашаюцца метабалічныя, гарманальныя і кагнітыўныя задачы. Для мозгу гэта час упарадкавання інфармацыі і «архівавання» важнага.

Прафесар неўралогіі з Універсітэта Мінесоты Майкл Хоўэл тлумачыць гэта яшчэ і фізіялагічна: на працягу дня ў арганізме назапашваюцца адходы жыццядзейнасці, якія мозг «вымывае» менавіта падчас адпачынку. Большасці дарослых, паводле яго слоў, патрэбна ад сямі да дзевяці гадзін сну за ноч, а людзі, якім хапае чатырох-пяці гадзін, — вялікая рэдкасць.

Фота: vecteezy.com

Для тых, хто ўсё ж жадае паспрабаваць гэты метад перад іспытамі ці доўгай паездкай, Майкл Хоўэл раіць на працягу аднаго-двух тыдняў штодня спаць на 30—60 хвілін даўжэй. На яго думку, для большасці людзей прасцей зрушыць час пад’ёму, бо заснуць раней увечары значна складаней, чым паспаць даўжэй раніцай.

Пітэр Полас, наадварот, мяркуе, што лепш класціся раней, бо біялагічныя рытмы могуць прымусіць вас прачнуцца ў звыклы час нават без званка будзільніка. Дзённы сон таксама можа быць карысным інструментам, калі ён кароткі і не парушае начны рэжым.

Галоўнае пытанне, якое падзяляе навукоўцаў: ці працуе банкінг, калі ў вас ужо ёсць вялікі недахоп сну? Элізабэт Клерман з Гарвардскай медыцынскай школы катэгарычна аспрэчвае гэтую ідэю. Яна параўноўвае сон не са скарбонкай, а з крэдытнай карткай. Вы можаце назапасіць доўг сну, але не можаце стварыць яго прафіцыт.

«Каб даказаць існаванне «банкінгу сну», неабходна пацвердзіць, што чалавек здольны спаць, нават калі не адчувае стомленасці, аднак доказаў гэтаму не існуе», — кажа яна, спасылаючыся на эксперыменты, дзе ўдзельнікам вылучалі больш часу на адпачынак, але яны так і не пачалі спаць даўжэй.

Клерман непакоіцца, што вера ў банкінг сну дасць людзям ілжывае адчуванне дазволу пазбаўляць сябе адпачынку ў будучыні. Яна выступае за пагашэнне сонных даўгоў, але перасцерагае ад дзённага сну даўжэй за 45 хвілін, каб пазбегнуць «інерцыі сну» — пачуцця млявасці пасля абуджэння.

Нягледзячы на дыскусіі, навукоўцы сыходзяцца ў адным: дадатковыя паўгадзіны сну штодня звычайна прыносяць карысць, калі толькі чалавек не мае патрэбы ў звышдоўгім сне, што можа быць сігналам праблем са здароўем. І нават калі «банкінг сну» сапраўды працуе, яго не варта ўспрымаць як універсальнае рашэнне.

Як падкрэслівае Пітэр Полас, значна важней выбудаваць устойлівыя адносіны са сном: прытрымлівацца рэгулярнага графіку, забяспечваць дастатковую працягласць і якасць адпачынку.

Каментары

Цяпер чытаюць

Маўрыкій, Сейшэлы, Шры-Ланка і не толькі: паглядзелі, куды збеглі ад беларускіх маразоў праўладныя артысты і вядучыя13

Маўрыкій, Сейшэлы, Шры-Ланка і не толькі: паглядзелі, куды збеглі ад беларускіх маразоў праўладныя артысты і вядучыя

Усе навіны →
Усе навіны

У мінскай Малінаўцы на месцы даўгабуда пабудуюць новы гандлёвы цэнтр і паркінг1

Украінскія хакеры высветлілі, як аператары расійскіх дронаў выкарыстоўваюць Беларусь11

Замежныя дыпламаты, якія працуюць у Мінску, на Дзень роднай мовы падзяліліся неперакладальнымі словамі са сваіх моў3

Сям'я з шасці чалавек атруцілася грыбным супам у Ваўкавыскім раёне1

Зяленскі: ЗША патрабуюць аддаць Данбас Расіі48

Да Дня роднай мовы «Луч» выпусціў лімітаваную калекцыю гадзіннікаў4

Ёханес Клэба заваяваў шосты залаты медаль на Алімпіядзе-2026 і 11‑ы ў кар'еры

Фіца: Славакія прыпыніць пастаўкі электраэнергіі ва Украіну, калі Кіеў будзе перашкаджаць пастаўкам нафты праз «Дружбу»3

Выдавецтва «Тэхналогія» прыпыніла працу10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Маўрыкій, Сейшэлы, Шры-Ланка і не толькі: паглядзелі, куды збеглі ад беларускіх маразоў праўладныя артысты і вядучыя13

Маўрыкій, Сейшэлы, Шры-Ланка і не толькі: паглядзелі, куды збеглі ад беларускіх маразоў праўладныя артысты і вядучыя

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць