Грамадства66

Што рабіць бацькам, калі іх дзіця цкуюць у школе, каб булінг не скончыўся трагедыяй? Тлумачыць псіхолаг

Нядаўна ў Брэсце дзесяцікласнік-кадэт скончыў жыццё самагубствам. Прычынай трагедыі называюць булінг у школе.

Ці можа булінг сапраўды давесці дзіця да крайніх крокаў, чаму некаторыя дзеці становяцца мішэнямі, а школа не заўсёды спраўляецца з цкаваннем і што ў гэтай сітуацыі могуць зрабіць дарослыя? Пра гэта мы пагутарылі з псіхолагам, спецыялісткай па кагнітыўна-паводніцкай тэрапіі Ліліяй Хедзінай.

Лілія Хедзіна. Фота з асабістага архіву

Калі дарослым трэба ўмяшацца

— Наколькі цкаванне ў школе сапраўды можа давесці дзіця да суіцыду?

— Можа! Калі казаць у лічбах, у агульнай структуры суіцыдаў булінг рэдка выступае асобна: у розных аналізах яго згадваюць як адзіную прычыну прыкладна ў 6-8% выпадкаў смерцяў падлеткаў, тады як значна часцей фігуруюць дэпрэсія, трывожныя расстройствы, сямейныя канфлікты і іншыя псіхасацыяльныя фактары. Аднак даследаванні паказваюць, што падлеткі, якія падвяргаюцца булінгу, маюць у разы вышэйшую рызыку суіцыдальных думак і спробаў у параўнанні з равеснікамі, якія не сутыкаюцца з цкаваннем. Гэта значыць, булінг не «адзіны вінаваты», але ён з’яўляецца моцным фактарам рызыкі, які можа стаць апошняй кропляй у сітуацыі, калі дзіця ўжо знаходзіцца ў стане ўнутранай бездапаможнасці і ізаляцыі. Працяглае цкаванне фарміруе ў дзіцяці стабільныя негатыўныя перакананні: «я нікчэмны», «са мной нешта не так», «гэта ніколі не скончыцца».

Узрост 12‑16 гадоў — гэта яшчэ і той перыяд, калі дзіцю асабліва патрэбна адчуць сябе часткай калектыву яго аднагодкаў, і негатыўны досвед тут значна ўплывае на пачуццё ўласнай вартасці. Дадайце катастрафізацыю і максімалізм, уласцівы падлеткам, плюс рамантызацыя дэпрэсіі, сэлфхарму і суіцыдальных паводзінаў у культуры — усё гэта фактары, якія павялічваюць рызыку.

— Што сёння лічыцца булінгам, а што — звычайным канфліктам паміж дзецьмі? Дзе праходзіць мяжа, калі дарослым трэба ўмяшацца?

— Канфлікт — гэта сутыкненне двух адносна роўных бакоў. Ён можа быць эмацыйным, але не мае сістэматычнасці і мэты прынізіць. Пасварыліся, штосьці не падзялілі, пахваляваліся з-за гэтага, можа быць, нават спынілі сяброўства — але далей ідзе звычайнае жыццё. Дзіця можа быць расчараваным, занепакоеным, знерваваным, але гэта нармальныя эмоцыі для канфлікту.

Булінг жа мае тры ключавыя прыкметы:

1. Сістэматычнасць. Гэта ўжо не разавая сварка, а штораз чалавека піхаюць, абражаюць, псуюць яго рэчы, дражняць, шукаюць любую зручную нагоду прынізіць.

2. Няроўнасць сіл — фізічная, сацыяльная або псіхалагічная. Напрыклад, адзін з ўдзельнікаў канфлікту настройвае цэлую групу супраць другога. Ці, маючы уплывовых бацькоў, рэгулярна пагражае нашкодзіць.

3. Мэта прынізіць або выключыць. Папулярны від псіхасацыяльнага булінгу накіраваны менавіта на гэта — распаўсюджанне чуллівай далікатнай інфармацыі (якая можа быць праўдай, а можа быць і не).

То бок, булінг накіраваны не на вырашэнне канфліктнае сітуацыі, а на атруту існавання асобы. На жаль, часта паспяховую.

Калі дзіця баіцца хадзіць у школу, мяняе паводзіны, скардзіцца, што яго сябры сталі яго ворагамі — дарослым трэба ўмешвацца, бо калі вы заўважылі змены, працэс яшчэ толькі набірае абароты. Вось чаму даверлівыя размовы са сваім дзіцём штодня такія важныя.

Хто становіцца ахвярай і адкуль бяруцца агрэсары

— Чаму некаторыя дзеці становяцца мішэнямі? Ці ёсць тыповыя фактары рызыкі?

— Мішэнню часцей становіцца не слабы ў нейкім абсалютным сэнсе, а той, хто выбіваецца з негалоснай нормы групы. Любая адрознасць — знешнасць, акцэнт, інтарэсы, поспехі або, наадварот, цяжкасці ў вучобе — можа зрабіць дзіця больш прыкметным. У падлеткавым калектыве, дзе высокая патрэба ў аднолькавасці і прыналежнасці, інакшасць лёгка ператвараецца ў падставу для выключэння.

Сацыяльная ізаляванасць таксама павышае рызыку: калі ў дзіцяці няма аднаго-двух стабільных саюзнікаў, агрэсару прасцей пачаць і падтрымліваць цкаванне. Група рэдка атакуе таго, хто мае выразлівую і устойлівую падтрымку.

Трывожныя дзеці або дзеці з нізкай самаацэнкай часта паводзяць сябе напружана, могуць чырванець, губляцца, замыкацца. З пункту гледжання псіхалогіі паводзін, гэта можа міжвольна «падмацоўваць» агрэсара: ён бачыць рэакцыю і атрымлівае адчуванне кантролю. Пры гэтым важна падкрэсліць: гэта не віна дзіцяці, а асаблівасць дынамікі сітуацыі.

І яшчэ адзін фактар — цяжкасці з устойлівым адказам. Калі дзіця не ўмее ўпэўнена сказаць «стоп», не трымае кантакт вачыма, не можа звярнуцца па дапамогу, яно выглядае менш абароненым.

У кагнітыўна-паводніцкай тэрапіі мы гаворым пра дэфіцыт навыкаў асертыўнасці (асертыўнасць — гэта здольнасць чалавека ўпэўнена адстойваць свае правы, межы, інтарэсы і меркаванні, не паддаючыся ціску і не выкарыстоўваючы агрэсію. — НН), а не пра «слабасць характару». Гэтыя навыкі можна трэніраваць з псіхолагам ці па матэрыялах самадапамогі. Пашукайце разам з дзіцём трэнінг навыкаў асертыўнасці. Гэта, дарэчы, можа дапамагчы не толькі пазбегнуць статусу ахвяры, але і наадварот, пераходу да ролі агрэсара.

— Якія дзеці часцей становяцца агрэсарамі? І як фарміруецца групавое цкаванне, калі ў яго ўцягваецца цэлы клас?

— Агрэсары у школьнай гісторыі нам звычайна малююцца такімі злыднямі, адмоўнымі персанажамі, а можа нават псіхапатамі. Але у абсалютнае большасці выпадкаў гэтае дзіця не прачнулася з жаданнем кагосьці пакрыўдзіць, а да гэтага стану яго прывялі ланцужкі пэўных падзей і фактараў, і яно праз агрэсію спрабуе вырашаць свае псіхалагічныя задачы.

Па-першае, гэта дзеці з высокай патрэбай у статусе, бо ў падлеткавым узросце статус у групе — гэта самая значная валюта. Камусьці ён дастаецца праз поспехі, камусьці — праз харызму, а камусьці прасцей атрымаць яго праз дэманстрацыю сілы.

Гэта залежыць ад суадносін біяпсіхасацыяльных фактараў. Прынізіць іншага — хуткі спосаб паказаць: «я наверсе». Група смяецца, падтрымлівае, маўчыць — і паводзіны падмацоўваюцца. Калі агрэсія прыносіць сацыяльны «прыбытак», яна замацоўваецца.

Значную рызыку для развіцця агрэсіўных паводзін стварае жыццё у мадэлі сілавых адносін. Калі дома канфлікты вырашаюцца крыкам, прыніжэннем або ціскам, дзіця засвойвае гэта як норму, бо іншых мадэляў яно не бачыла. У яго карціне свету адносіны — гэта канкурэнцыя за дамінаванне. Вось чаму школа становіцца месцам, дзе гэтая мадэль прайграецца.

Некаторыя дзеці дрэнна распазнаюць эмоцыі іншых або не ўмеюць спыняцца, калі бачаць боль. Гэта можа быць звязана з недастатковым развіццём эмацыйнай кампетэнтнасці, імпульсіўнасцю, часам — з уласнай трывогай або ўнутранай уразлівасцю, якая маскіруецца жорсткасцю. Агрэсія становіцца спосабам знізіць уласнае напружанне.

Групавы булінг узнікае, калі клас асвойвае негалосную норму: «гэта дазволена і гэта працуе». Да таго ж яшчэ уплываюць і механізмы канфармізму і дэперсаналізацыі — адказнасць размываецца, пры гэтым кожны з булераў атрымлівае пачуццё перамогі.

Я не заклікаю «зразумець агрэсара», тлумачэнне — не апраўданне. Але калі мы хочам спыніць булінг, нам трэба працаваць не толькі з ахвярай, а і з тымі, хто атакуе, і з групавымі нормамі. Інакш мы лечым сімптом, пакідаючы механізм нязменным.

Як зразумець, што дзіця цкуюць

— Цкаванне ў школах, здаецца, існавала заўсёды. Што прынцыпова змянілася ў школьным асяроддзі і ў жыцці дзяцей сёння? 

— Тут адразу некалькі аспектаў, і далёка не ўсе негатыўныя.

З аднаго боку, даступнасць гаджэтаў і сацсетак павялічвае колькасць выпадкаў кібербулінгу — цкавання праз інтэрнэт, публічнага ці прыватнага. І тое, наколькі гэта проста зрабіць пры магчымасці застацца ананімным, дадае ўпэўненасці і рашучасці агрэсарам.

Да таго ж інтэрнэт дае доступ да розных радыкальных ідэяў: напрыклад, як у нашумелым серыяле «Пераходны ўзрост» галоўны герой папаў пад уплыў ідэй рэальнага інфлюэнсера Эндру Тэйта, вядомага жанчынаненавісніка, які распаўсюджвае прынцыпы варожасці гендараў і пашырае тэорыі так званай манасферы (манасфера — гэта тэрмін, які абазначае сетку анлайн-супольнасцей, якія прасоўваюць ідэі маскуліннасці і дамінавання мужчын, крытыкуюць фемінізм і часта прапагандуюць жанчынаненавісніцкія погляды. — НН).

Але з іншага боку, асветніцкая дзейнасць у гэтым напрамку дае пра сябе ведаць, і значна больш дзяцей разумее спосабы супрацьстаяць булінгу, валодае пэўнымі навыкамі эмацыйнага рэгулявання, мае высокі эмацыйны інтэлект. Заходнім краінам больш пашчасціла ў гэтым кірунку: Еўропа і Злучаныя Штаты шмат часу і высілкаў укладаюць у працу па супрацьстаянні агрэсіі. Школы праводзяць трэнінгі сацыяльных навыкаў, прафілактыку булінгу. Бацькі больш уважліва і з разуменнем ставяцца да ўнутраных, эмацыйных працэсаў сваіх дзяцей.

Агульны выхаваўчы накірунак дзяржавы мае значны уплыў на сацыяльны вектар. На жаль, беларуская рэчаіснасць адрозніваецца ад заходніх суседзяў, і прынцып «у каго зброя — той і мае рацыю» ў краіне падтрымліваецца фактычна на ўзроўні дзяржсістэмы, што б ні намагаліся данесці да вучняў супрацоўнікі сферы адукацыі. Дзеці глядзяць, як працуе сусвет, і бяруць мадэль паводзінаў з таго, што бачаць.

— Па якіх прыкметах бацькі могуць зразумець, што дзіця цкуюць, калі яно само пра гэта не распавядае? Што павінна насцярожыць? 

— Назірайце за зменамі у паводзінах вашага падлетка. Няхай вас насцярожаць:

  • Раптоўная адмова ісці ў школу. Так, вучыцца падабаецца далёка не ўсім, але калі ў класе пануе добразычлівая атмасфера, дзіцё будзе цягнуцца туды. 
  • Скаргі на здароўе без медыцынскай прычыны. Скаргі могуць быць паросту нагодай пазбегнуць з’яўлення ў класе, а могуць быць і сапраўдным адчуваннем болю ці напружання псіхагеннага характару.
  • Парушэнні сну. Калі ў чалавека актыўная сістэма выжывання, нервовая сістэма заўсёды ва ўзбужданым стане, таму спакойна адпачываць можа быць праблематычна.
  • Рэзкія змены настрою. Любая згадка пра школу, сяброў, стасункі можа парушыць нават пазітыўны настрой, калі гэтыя тэмы звязаны з пачуццём страху, самоты, прыніжанасці.
  • Сістэматычная страта рэчаў. Дзіця можа быть і безуважлівым, канешне, але калі раней не было з гэтым праблемаў, а тут знянацку то пенал згублены, то заплечнік сапсаваны, то фізкультурную форму не можа знайсці — гэта можа быць знак, што яго рэчы шкодзяць у школе.
  • Сацыяльная ізаляцыя. Чаму можа не цягнуцца да дзяцей падлетак, калі гэта ўзрост будавання свайго кола, сваёй зграі? Толькі калі ў яго ёсць пагроза адхілення, сораму, уразлівасці.

Чаму дзеці так рэдка расказваюць дарослым пра булінг?

— Дзеці рэдка распавядаюць, бо, па-першае, баяцца помсты, баяцца пагоршыць свой стан, думаюць, што дарослыя ўсё толькі сапсуюць. Таксама значную ролю у сакрыцці граюць сорам і віна: яны не хочуць паўставаць перад бацькамі як тыя, каго адхіліла, закэнсэліла зграя.

Размову з пазіцыі «Я бачу, што табе цяжка. Я на тваім баку» ніколі не позна пачаць. Але гэтая пазіцыя з боку бацькоў павінна быць шчырай і ісці ў нагу з наступствамі. Інакш можна страціць давер дзіцяці.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: LookByMedia

Што рабіць дарослым — бацькам і настаўнікам

— Якія памылкі часцей за ўсё робяць бацькі, калі даведваюцца пра цкаванне ў школе? Ці трэба адразу ісці ў школу «разбірацца» — і як гэта рабіць правільна?

— Першая рэакцыя бацькоў часта эмацыйная, а эмоцыі нашы прапаноўваюць нам усяго тры варыянта дзеянняў: біць, бегчы ці замерці.

Найбольш распаўсюджаныя рэакцыі — абясцэньванне («не звяртай увагі», «усе праз гэта праходзілі»), абвінавачванне дзіцяці («можа, ты сам правакаваў?»), патрабаванне «быць мацнейшым» або імпульсіўны паход у школу з агрэсіяй. Усё гэта, нават з добрых намераў, можа пагоршыць сітуацыю: дзіця адчуе сябе яшчэ больш самотным або будзе баяцца, што канфлікт толькі ўзмацніцца.

Больш эфектыўная стратэгія выглядае інакш. Спачатку спакойна выслухаць і пацвердзіць эмоцыі: «Я бачу, што табе цяжка, і я на тваім баку». Далей ацаніць, ці ёсць пагроза бяспецы, зафіксаваць факты (калі гаворка пра кібербулінг, варта зрабіць скрыншоты), і толькі пасля гэтага камунікаваць са школай у канструктыўным фармаце, не пагрозамі, а пошукам варыянтаў супрацоўніцтва.

Пры неабходнасці варта падключыць школьнага псіхолага або незалежнага спецыяліста. Мэта дарослых — не «пакараць вінаватых любой цаной», а спыніць шкодныя паводзіны і аднавіць для дзіцяці адчуванне бяспекі і годнасці.

Можна пры неабходнасці перавесці дзіця ў іншую школу. Але калі не вучыць яго навыкам камунікацыі і асабістай устойлівасці, то праблема можа паўтарыцца ў новым калектыве.

— А як навучыць дзіця правільна рэагаваць на цкаванне і абараняць сябе? Ці варта вучыць «даваць здачы»? 

— Ідэя «даваць здачы» гучыць проста і, здаецца, лагічна, але ў рэальнасці фізічная агрэсія амаль заўсёды пагаршае сітуацыю: канфлікт эскалуе, дзіця можа атрымаць дысцыплінарныя наступствы, а група яшчэ мацней уцягваецца ў супрацьстаянне.

Варта трэніраваць (менавіта трэніраваць!) упэўненыя, кароткія адказы без апраўданняў, уменне ігнараваць правакацыі там, дзе агрэсар шукае менавіта эмацыйнай рэакцыі, умацоўваць сацыяльныя сувязі і падтрымку. Дзіця, якое не адно, значна менш уразлівае.

У кагнітыўна-паводніцкай тэрапіі мы працуем з трыма ўзроўнямі: думкі, эмоцыі і паводзіны. Важна дапамагчы дзіцяці не прыняць чужыя словы як «доказ» уласнай нявартасці. Бо калі ўнутраная формула становіцца «са мной нешта не так», агрэсія пачынае разбураць знутры і становіцца кіроўцай. Таму нельга раіць цярпець моўчкі або саромецца прасіць дапамогу. Шукаць падтрымку — гэта не слабасць, а дарослая і здаровая стратэгія.

— Чаму настаўнікі часта не заўважаюць або ігнаруюць булінг? Чаму школа часта не спраўляецца з булінгам і што павінна рабіць, калі цкаванне ўжо адбываецца?

— Калі казаць агулам, ігнараваць складаны працэс, пазбягаць яго — прасцей, чым уключацца ў яго: там жа патрэбна нешта рабіць. А каб рабіць, трэба разумець, што дакладна. З гэтага пункту гледжання я таксама маю хутчэй песімістычны погляд на сітуацыю ў Беларусі, бо каб быць не проста выкладчыкам свайго прадмету, а педагогам, патрэбен высокі ўзровень адукацыі і асабістая праактыўная пазіцыя, але адпаведныя гэтым крытэрыям людзі ў большасці сваёй могуць прэтэндаваць на рынку працы на добры ўзровень даходу, які, у сваю чаргу, не можа забяспечыць дзяржаўная сістэма. Да таго ж гэтая сістэма цісне нязручную ёй ініцыятыву, спрабуючы замяць непрыглядную для статыстыкі сітуацыю. Канешне, ёсць выключэнні, але мы ж гаворым пра агульную праблему.

Булінг ніколі не з’яўляецца гісторыяй толькі пра ахвяру і агрэсара — гэта заўсёды сігнал пра тое, як функцыянуе ўся група. Калі клас маўчыць, смяецца або робіць выгляд, што нічога не адбываецца, агрэсія атрымлівае маўклівую падтрымку. Таму школа павінна мець выразны пратакол рэагавання, каб кожны дарослы разумеў, што і як рабіць, працаваць з класам як з сістэмай — змяняць групавыя нормы, уключаць назіральнікаў, фарміраваць адказнасць за агульную атмасферу. І асабліва важна не ігнараваць дробязі: менавіта з жартаў, падколаў і ізаляцыі часта пачынаецца тое, што пазней становіцца сістэмным цкаваннем.

Што можна рабіць у сям’і, каб знізіць рызыку таго, што дзіця стане ахвярай або агрэсарам?

— Прафілактыка булінгу пачынаецца не ў школьным калідоры, а дома. Стабільная эмацыйная сувязь з бацькамі — гэта базавая псіхалагічная падушка бяспекі. Калі дарослыя рэгулярна цікавяцца яго жыццём, слухаюць без асуджэння і не абясцэньваюць перажыванні, у дзіцяці фарміруецца ўнутранае адчуванне апоры: «Cа мной «нешта не так» не таму, што я дрэнны, а таму, што сітуацыя складаная».

Не менш важна развіваць навыкі рэгуляцыі эмоцый і асертыўнасці. Дзіця павінна вучыцца распазнаваць свой гнеў, страх, сорам, умець пра гэта казаць і абараняць асабістыя межы без агрэсіі. Калі ў сям’і канфлікты вырашаюцца з павагай, без прыніжэння і крыкаў, гэта становіцца натуральнай мадэллю паводзінаў і для дзіцяці ў школе. Пазашкольныя заняткі могуць уключаць трэнінг кіравання агрэсіяй і трэнінг сацыяльных навыкаў.

І, магчыма, галоўнае: гаворка ідзе не толькі пра фізічную бяспеку, але і пра годнасць. Дзіця павінна дакладна ведаць — прыніжэнне не з’яўляецца нормай, нават калі «ўсе так жартуюць». І маўчаць пра несправядлівасць — гэта не моц, і не абавязак перад групай. Адчуванне ўласнай каштоўнасці будуецца і падтрымліваецца ў сям’і, і хоць гэта не бронекамізэлька ад усяго, але вельмі моцная ўнутраная апора.

Каментары6

  • Ван
    23.02.2026
    Буду казаць только пра свой досьвед.
    Тры вучнi штодзенна цкавалi майго сына. Гэта цягнулася зпаугода, мо крыху болей. Мой хлопец доуга трывау, не скардзiуся мне, але у адзiны дзень прыйшоу дамоу з разадранай кашулей.
    Цяжка, але я разгаварыу сына, дазнауся прозвiшчы траiх вучняу якiя датычылiся да цкавання. Некалькi разоу размауляу з класным кiраунiком - сэнсу нуль. Троiца не звяртала увагi на класнага кiраунiка i на яе папярэджаннi. Тады я взярнуся да дырактара школы. Па тэлефоне толькi дамовiуся на сустрэчу, а размауляу з дырэктарам непасрэдна на сустрэчы.
    Апасля тэлефанавання да дырэктара да мяне тэлефанавалi бацькi гэтай троiцы каб "дамовiцца" i не праводзiць сустрэчу, а на самой справе спрабавалi адбялiць сваiх дзiцяткау, але мая пазiцыя была нязменнай.
    Сустрэча адбылася, прытнiчау псiхолаг таксама. I ведаеце што? Усе добра! Бацькi троiцы былi вусна папярэджаны пакуль на узроунi навучальнай установы, але гэтага было дастаткова, как цкаваннi спынiлiся як i не было нiчога.
    Пагэтаму я так буду казаць: не саромейцеся зьвяртацца вышэй чым бацькi дрэннага падлетка, чым класны кiраунiк. Хто як ня бацькi абароняць свае дзiця?
  • Санта Бэрримор
    23.02.2026
    Песталлоци, опять мнение того, кто Европу только в передачах азаренка видит. Сочувствую.
  • Песталоцци
    23.02.2026
    Санта Бэрримор,кто ты? Читать умеешь? Дочитал до конца то, что написано. [Рэд. Выдалена]

    [Зрэдагавана]

Цяпер чытаюць

«Лукашэнка мне сказаў: «Хочаш — можаш адказаць нам, ударыць па Мазыры, па заводзе» — Зяленскі32

«Лукашэнка мне сказаў: «Хочаш — можаш адказаць нам, ударыць па Мазыры, па заводзе» — Зяленскі

Усе навіны →
Усе навіны

«Калі даведаліся, што да чаго, былі ў шоку». Мінская рыэлтарка цудам выратавала дзяўчыну ад страты кватэры4

Нямецкі палітык выкрыў расійскую шпіёнку на сустрэчы Зяленскага і Мерца ў Берліне3

«Ёй казалі: «Вы прыдурваецеся?» Золатава расказала пра палітзняволеную Вольгу Чукараву з інсультам, што аслепла ў калоніі1

Маёр з Гродзенскай вобласці скраў у палка амаль мільён рублёў і сеў у турму1

Венгрыя не разблакуе прыняцце 20‑га пакета санкцый да аднаўлення працы трубаправода «Дружба»3

Ганна Златкоўская і яе сям'я больш за суткі правялі ў венскім аэрапорце. Ці заплацяць ім кампенсацыю?6

Маркава зноў спыталі, ці плануе Мінінфарм пашыраць беларускую мову на тэлебачанні26

Найгоршае месца для захоўванне ровараў у Мінску ФОТАФАКТ2

У Мінску затрымлівалі ўсю сям’ю выдаўцоў Багдановічаў1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Лукашэнка мне сказаў: «Хочаш — можаш адказаць нам, ударыць па Мазыры, па заводзе» — Зяленскі32

«Лукашэнка мне сказаў: «Хочаш — можаш адказаць нам, ударыць па Мазыры, па заводзе» — Зяленскі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць