Як навучыцца казаць «не» і дзе мяжа паміж клопатам пра сябе і эгаізмам
Можна пражыць усё жыццё па сцэнарах, навязаных грамадствам і блізкімі, і так не даведацца свае сапраўдныя жаданні. Што трэба рабіць, каб усё ж змяніць сваё жыццё да лепшага і жыць так, як хочаш ты, а не як трэба іншым?

Тлумачыць Вікторыя Сідаровіч, псіхалагіня і выкладчыца курса «Унутраная сіла» ў адукацыйным хабе «Нацыя лідараў».
Ужо цяпер можна запісацца на бясплатны анлайн-курс «Унутраная сіла». Рэгістрацыя працягнецца да 29 сакавіка, а заняткі пачнуцца ад 30 сакавіка. Курс разлічаны на тры тыдні.
«Ці спрабавалі вы зрабіць хаця б тры канкрэтныя крокі, перш чым здацца?»
Як адчуць свае сапраўдныя жаданні? Як іх фармуляваць?
Калі вы робіце «ўсё правільна», але адчуваеце ўнутраную пустату і пастаянную стомленасць — гэта галоўны маркер таго, што вы ідзяце не сваім шляхам.
Каб адчуць сваё, трэба спачатку адключыць «шум» чужых парад. Можна паспрабаваць выканаць практыкаванне «А што, калі можна ўсё?». Калі б у вас было бясконца грошай і ўсе вакол вас падтрымлівалі б, чым бы вы заняліся ў аўторак аб 11‑й раніцы?
Але тут трэба разумець, што знаёмства з сабой — гэта паступовы працэс. Спачатку вы зразумееце, што не любіце каву і папросіце зрабіць вам замест яе зялёную гарбату. Пасля — пабачыце сябе ў люстэрку і рашыцеся на тое, каб апрануць сёння тую самую спаднічку, якая сто гадоў вісіць у шафе без справы, бо «занадта яркая», а ўжо потым усё іншае.
Дзе знаходзіць унутраную сілу, каб змяняць сваё жыццё да лепшага?
Унутраная сіла часта ўяўляецца нам як велізарны рэзервуар, які трэба недзе «адшукаць» або «адкрыць» у сабе адным магутным рухам. Але насамрэч яна больш падобная да мускулаў, якія мацуюцца паступова.
Самая вялікая ўцечка сілы адбываецца тады, калі мы спрабуем апраўдаць перад сабой тое, што нам не падабаецца. Калі мы прызнаем, што мы не на сваім месцы і нам ад гэтага дрэнна, мы перастаем выдаткоўваць энергію на падтрыманне ілюзіі. Гэтае прызнанне і становіцца першай кропкай апоры.
Таксама сіла часта знаходзіцца ў прыняцці сваёй уразлівасці. Калі мы дазваляем сабе стаміцца, паплакаць ці папрасіць аб дапамозе, мы не становімся слабейшымі, мы проста даем сваёй псіхіцы час на перазагрузку.
Ці заўжды ўнутраная сіла — гэта пра нешта незвычайнае?
Зусім не. Часта мы чакаем натхнення, каб змяніць усё адразу, але сіла нараджаецца ў працэсе дзеяння.
Калі вы вырашылі змяніць жыццё, не шукайце сіл на ўвесь шлях, знайдзіце сілу толькі на сённяшні дзень: зрабіць адзін званок, напісаць адну старонку, прайсціся пешшу 15 хвілін. Кожнае выкананае абяцанне, дадзенае сабе, папаўняе ваш рахунак унутранай упэўненасці.
Што важней для зменаў — натхненне ці сістэмнасць?
Натхненне — гэта іскра, яна дапамагае пачаць, але толькі сістэмнасць дазваляе агню гарэць доўга. Калі ў вас ёсць сістэма, вы больш не залежыце ад зменлівага настрою і можаце ісці ў зададзеным кірунку, нават калі вы спатыкаецеся на шляху.

Унутраная сіла — гэта не адсутнасць страху або стомленасці, а здольнасць ісці наперад разам са сваім страхам, ведаючы, што вы ў сябе самая галоўная падтрымка.
Як адрозніць рэальную адсутнасць магчымасцяў ад унутранай устаноўкі, што ўсё роўна нічога не атрымаецца?
Рэальнасць — гэта факты, якія мы не можам змяніць проста зараз: законы фізікі, надвор'е ці мінулае. Усё астатняе — зона нашых гіпотэз.
Устаноўка — гэта калі фактаў яшчэ няма, а прысуд ужо вынесены. Напрыклад, калі вы кажаце: «Я не магу змяніць працу, бо зараз крызіс», — гэта будзе ўстаноўка. Аднак калі вы адправілі 50 рэзюмэ і атрымалі 50 адмоў з канкрэтнымі прычынамі — гэта ўжо факты, з якімі можна працаваць. Галоўны крытэр: ці спрабавалі вы зрабіць хаця б тры канкрэтныя крокі, перш чым здацца?
«Кожнае ваша «так», сказанае праз сілу, — гэта «не», сказанае сабе»
Часам кажуць, што «не» — слова, якое прамовіць складаней за ўсё. Чаму з ім усё так няпроста?
Рэч у нашым страху быць адрынутымі, бо эвалюцыйна застацца па-за «зграяй» азначала смерць. Сёння мы баімся не фізічнай смерці, а сацыяльнай ізаляцыі. Мы баімся, што пасля нашага «не» мы страцім сувязь з чалавекам, станем «дрэннымі» ці непрыдатнымі.
Як навучыцца гаварыць «не»?
Пачніце з дробязяў: адмоўцеся, напрыклад, ад сустрэчы, на якую сапраўды не хочацца ісці. Не тлумачце адмовы доўга. І вы самі і людзі вакол вас павінны звыкнуць, што ваша нежаданне — гэта ўжо важная прычына не рабіць штосьці.
Галоўнае — разумець: кожнае ваша «так», сказанае праз сілу, — гэта «не», сказанае сабе, свайму часу і здароўю. Таму кажучы «не» іншым, вы кажаце «так» самім сабе.
Мы не нясем адказнасці за чужыя пачуцці, калі наша адмова была карэктнай.
А ўвогуле, жаданне падабацца людзям — гэта зло?
Гэта не зло, а прыродны механізм сацыялізацыі, пытанне ў цане. Дрэнным гэтае жаданне робіцца тады, калі вы пачынаеце здраджваць сваім каштоўнасцям дзеля чужой усмешкі.
Калі вы падабаецеся ўсім, акрамя сябе — гэта пастка. Але калі вы гатовыя да таго, што камусьці вы можаце не падабацца, і гэта ніяк не разбурае вашу самаацэнку, жаданне падабацца людзям — цалкам добрая рэч.
Што такое сапраўдны клопат пра сябе і свае патрэбы?
Сапраўдны клопат пра сябе — гэта здольнасць быць сабе адначасова і клапатлівай маці, і мудрым настаўнікам. Ён падобны да паводзінаў мудрага дарослага ў адносінах да самога сябе: рабіць тое, што прынясе карысць у перспектыве, нават калі зараз гэта патрабуе намаганняў.
Клопат пра сябе не заўсёды бывае прыемным. Часам гэта пра тое, каб своечасова легчы спаць, запісацца да лекара, якога баішся, або скончыць стасункі, якія цягнуць на дно.
Дзе мяжа паміж клопатам пра сябе і эгаізмам?
Эгаізм — гэта калі вы чакаеце, што іншыя павінны ахвяраваць сабой дзеля вашага камфорту. Здаровы эгаізм, які насамрэч з'яўляецца нормай, — гэта калі вы самі распараджаецеся сваім жыццём і рэсурсамі, не дазваляючы іншым садзіцца вам на шыю. Менавіта ён з’яўляецца падмуркам для таго самага клопату пра сябе.

Калі вы жывяце так, як хочаце вы, не замінаючы іншым — усё супер, вы не перайшлі мяжу.
«Важна памятаць: людзі не чытаюць нашы думкі»
Зараз шмат гавораць пра асабістыя межы, тое, як важна іх абараняць. З чаго трэба пачаць у гэтай справе?
Самае важнае і адначасова цяжкае у гэтым — вызначэнне таго, дзе гэтыя межы ўвогуле праходзяць. Не ведаючы гэтага, неяк дэклараваць свае межы і тым больш іх абараніць проста немагчыма. Таму першае, што трэба зрабіць — гэта намаляваць мапу свайго ўнутраннага свету і вызначыцца, дзе і як гэтыя межы на ёй існуюць.
Пачніце з назірання за сваім целам. Калі ў размове з кімсьці вы адчуваеце камяк у горле, напружанне ў плячах або раздражненне — гэта сігнал, што вашы межы толькі што парушылі. Агучце гэта адразу: «Мне непрыемна гэта абмяркоўваць», «Са мной нельга размаўляць у такім тоне». Гэта і будзе першым крокам для разумення сябе і сваіх межаў.
Хто больш адказны за парушэнне асабістых межаў — той, хто гэта робіць, ці той, хто не здолеў іх правільна агучыць, паказаць іншаму чалавеку?
Кожны чалавек «навобмацак» шукае мяжу дазволенага ў адносінах. Важна памятаць: людзі не чытаюць нашы думкі. Мы ўсе выраслі ў розных сем'ях з рознымі правіламі і тое, што для аднаго норма, для іншага можа быць грубым умяшаннем у яго жыццё. Таму на вас ляжыць адказнасць за тое, каб даць іншаму «інструкцыю» па абыходжанні з вамі. Што можна заўсёды, што — толькі пры адпаведных умовах, а што ўвогуле нельга.
Калі вы маўчыце, робячы выгляд, што ўсё добра, ці крыўдзіцеся і злуецеся, не выходзячы на размову і не тлумачачы чалавеку прычыны свайго стану, не даючы яму ніякай інфармацыі пра тое, што ён зрабіў не так і якіх змен у яго паводзінах вы хочаце — то і чакаць ад яго павагі да сваіх межаў нібыта няма чаго. У гэтым выпадку вы адказныя за свой дыскамфорт, які назапашваецца ўнутры.
З іншага боку, быць дарослым — значыць мець эмпатыю і павагу. Калі чалавек бачыць, што вы зачыніліся, змянілі тон або адвялі вочы, яго адказнасць — заўважыць гэта і спыніцца. А калі вы ўжо акдрыта сказалі: «Мне непрыемна гэта абмяркоўваць», — а чалавек працягвае ціснуць — вось тут уся адказнасць за парушэнне кладзецца на яго. Гэта ўжо не выпадковасць, а свядомая непавага.
Самае здаровае ўзаемадзеянне выглядае так: я бяру на сябе адказнасць агучыць сваю мяжу спакойна і ясна, а іншы чалавек бярэ на сябе адказнасць пачуць мяне і скарэктаваць свае паводзіны.
Ці можа ў справе межаў быць перабор? Маўляў, ці можна іх абараняць занадта моцна?
Так, і гэта часта здараецца, калі чалавек толькі пачынае імі займацца, калі доўга маўчаў і цярпеў, а потым «прарвала». Тады межы ператвараюцца ў бетонны плот з калючым дротам. Гэта выглядае як пастаянная агрэсія і чаканне нападу.
Здаровыя межы як скура: яны не прапускаюць інфекцыю, але дазваляюць адчуваць дотык і цяпло. Яны павінны быць гнуткімі, каб мы маглі ўпускаць у сваё жыццё блізкіх людзей і любоў.

Важны прыклад парушэння межаў — гэта нетактоўныя пытанні накшталт «колькі зарабляеш?», «калі ўжо народзіш?» і гэтак далей. Ці можна выпрацаваць нейкі прынцып узаемадзеяння з імі?
Найлепшы прынцып ў такой сітуацыі — не апраўдвацца. Можна адказаць сустрэчным пытаннем: «Чаму ты пытаешся?», «Навошта табе гэтая інфармацыя?». Ці проста: «Я не гатова абмяркоўваць гэтую тэму, давай пагаворым пра нешта іншае». У вас няма абавязка карміць чужую цікаўнасць сваім жыццём.
Каб разабрацца ў гэтых пытаннях, запісвайцеся на бясплатны анлайн-курс «Унутраная сіла» ад адукацыйнага хаба «Нацыя лідараў». Гэта курс, дзе вам дапамогуць будаваць жыццё ў адпаведнасці са сваімі каштоўнасцямі і патрэбамі. Вы зразумееце, як знайсці ў сабе крыніцу ўнутранай сілы, дадзіце рады абароне сваіх межаў і нарэшце навучыцеся казаць «не» так, каб потым не было балюча.
Курс распачнецца 30 сакавіка і будзе доўжыцца тры тыдні.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
І падрыхтуйцеся да таго, што людзі навокал таксама будуць практыкаваць здаровы эгаізм у адносінах да вас. Кожны ж мае права клапаціцца пра сябе, так?
На гэтым курсе як навучаюць - можна іншымі карыстацца, ці не?