Малады мінскі рэкламіст мае ўнікальную здольнасць чуць у беларускіх словах і выразах патэнцыйныя, часам геніяльна абсурдныя сэнсы. Свой інстаграм-праект ён жартаўліва называе «Хутчэй славар, чым слоўнік».

Незвычайнае прачытанне звыклых беларускіх слоў можна пабачыць у інстаграм-акаўнце «Гульня слоў» (hulnia.slou), які вядзе Ягор Яраш-Каранец. Хлопец вучыўся ў Расіі на балетмайстарскім аддзяленні пецярбургскай Акадэміі імя Ваганавай, але працаваў у сферы таргетаванай рэкламы.
А ў вольны час ён вядзе свае шматлікія сацыяльныя сеткі, прысвячаючы тэме беларускай мовы нямала часу. Нядаўна хлопец дасціпна патроліў непісьменную маці школьніка, якая не змагла адолець беларускі вершык Уладзіміра Карызны з падручніка 2 класа.
Яраш-Каранец мае ўнікальную, амаль паэтычную здольнасць чуць у беларускіх словах і выразах патэнцыйныя, часам геніяльна абсурдныя сэнсы. Свой інстаграм-праект ён трапна падпісаў «Хутчэй славар, чым слоўнік».
Этымалогія абсурду
Гэтая лінгвістычная гульня нагадвае так званае перараскладанне, добра вядомае мовазнаўцам. Напрыклад, калісьці гамбургер, які першапачаткова азначаў проста страву з Гамбурга, быў у народнай свядомасці лагічна, хоць і памылкова, падзелены на зразумелы «ham» (шынка) і «burger». У выніку гэты самы «бургер» стаў новым словам і абавязковай часткай сэндвічаў з рознай начынкай.
Нешта падобнае, але ўжо наўмысна і з вялікай доляй гумару, робіць і Яраш-Каранец з беларускім слоўнікам.

Архіварыус — стары кухар. Фота з інстаграма «Гульня слоў»
Так паважнае слова «архіварыус» пазбаўляецца свайго стоса папер і ператвараецца ў старога кухара, бо Яраш-Каранец пераасэнсоўвае яго як аднакаранёвае са словам «варыць».
Небяспечныя «наркотыкі» дзякуючы нечаканаму пераасэнсаванню становяцца максімальна ўтульнымі: проста народнымі, ці дваровымі, коцікамі, па тым жа прынцыпе як «народны камісар» скарачаецца да «наркама».
А калі вы наіўна лічылі, што «заўзятар» — гэта гарачы спартыўны фанат, то моцна памыляліся: у новай рэальнасці гэта той чалавек, які сядзіць або ўжо сядзеў за хабар — за ўзяткі.
У слове «вінаватасць» аўтар бачыць выключна ўзровень віна ў сваім арганізме. Больш за тое, такі герой гатовы шчыра прызнаць сябе сапраўдным «вінасховішчам», асабліва ўвечары ў пятніцу.
З надыходам халадоў гэты тыпаж назапашвае «зазімак» — набраны за зіму тлушч, а ягоны святочны стан ідэальна апісваецца тэрмінам «навагодні настрой», які расшыфроўваецца лаканічна як нешта, чаго ў прынцыпе няма.

«Байструк» быў падзелена на беларускі дамен by і струк, набыўшы сэнс беларускага чэлеса, а такое інтымнае слова як «мастурбацыя» было па-савецку абагулена, стаўшы турбаваннем народных мас.

Нават прадметы гардэроба набываюць новае гучанне, дзе «світшот» — гэта ўжо зусім не вопратка, а чарачка салодкай настойкі, утвораная ад англійскіх слоў sweet і shot, пасля якой можна смела адпраўляцца ў «бірку» — класічны піўны бар. А калі ж вечарына зацягваецца, надыходзіць «заліў» — дзень максімальнага алкагольнага пагружэння.

Калі вам доўга і нудна расказваюць гісторыі пра дасягненні кіраўніцтва, будзьце ўпэўненыя — вам робяць «прапанову», то-бок расказваюць пра паноў.
Калі ж жанчына не можа спыніцца ў сваім жаданні вучыць іншых жыццю, яна бязлітасна маркіруецца як «парадзіха».
Аматары новых тэхналогій абавязкова ацэняць «Галінкавічы» — беларускі адпаведнік дадатка Threads, які адсылае да перакладу англійскага слова.
Хаатычны працэс раскідвання рэчаў па сумках лагічна вызначаецца як «памяшканне», а слова «аўтамат» — шчырай лаянкай у свой жа адрас.
Нават звычайнае «аддзімацца» знаходзіць сваё месца ў складанай сацыяльнай камунікацыі, азначаючы працэс унікання сяброўства з Дзімамі. А чалавек, які любіць гамаць або гаманіць, аб'ядноўваецца ў паняцці «гаманец».

Калі наступны раз у ваша жыццё вернецца чалавек, якога вы зусім не чакалі і не жадалі бачыць, дзякуючы славару Яраша-Каранца вы будзеце ведаць, што гэта не проста жыццёвая непрыемнасць — гэта «вызнова».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
Цяпер чытаюць
«Трэба сесці і размаўляць. Калі не атрымліваецца — устаць і пайсці». Коўл заявіў пра неабходнасць дыялогу паміж Беларуссю і Літвой на ўзроўні міністраў замежных спраў
Каментары
— Значит, дело табак туально. Так… Понял я вас. Может, хочешь про Ллойд-Джорджа? Например, — целлуллойдджоржик … Или про Чемберленские прииски, то бишь происки… Или…
— Я спешу на заседание.
— Заселибердание …
— Вы мне надоели!
— Канада ели, в Канаде ели, надоели менты платить. Плати елименты, редактор!
— Пустите меня, ч-черт, я позову милицию.
— Ваше милицо мне знаркомо …
— Вон!!! — гаркнул я.
Он захохотал.
— Телевон, ха-ха-ха, пиксавон, ха-ха, Джойсвон, Хикс, хи-хикс, хи-хи-хи-хикс, хигрек, хизет, хиклозет … хо-хо-хо…