Вайна11

УСУ ўпершыню знішчылі расійскі верталёт оптавалаконным дронам

Генштаб Узброеных сіл Украіны паведаміў пра знішчэнне расійскага ўдарнага верталёта «Ка-52 «Алігатар» у Данецкай вобласці. Камандуючы Сіл беспілотных сістэм Роберт Броўдзі («Мадзяр») удакладніў, што знішчыць верталёт удалося з дапамогай оптавалаконнага дрона. Гэта першы такі выпадак за час расійска-ўкраінскай вайны, піша Украінская служба Бі-бі-сі.

Расійскі ўдарны верталёт Ка-52 у аб’ектыве камеры ўкраінскага оптавалаконнага FPV-дрона. Фота: Сілы беспілотных сістэм УСУ

Камандаванне СБС таксама апублікавала відэа збівання. На кадрах відаць, як міма ўкраінскага FPV-дрона нізка над зямлёй пралятаюць два расійскія верталёты. Аператару ўдаецца атакаваць сустрэчным курсам адзін з іх. Траплянне прыйшлося ў боекамплект ракет пад левым крылом, які імгненна ўспыхнуў. Страціўшы кіравальнасць, Ка-52 упаў на зямлю.

Падбіты Ка-52 падае на зямлю на Пакроўскім кірунку. Яго пілот і штурман выжылі, але пасля былі ліквідаваныя ўкраінскімі FPV-дронамі. Фота: Сілы беспілотных сістэм УСУ

«У выніку аварыйнай пасадкі экіпаж верталёта спрабаваў выратавацца, аднак быў своечасова выяўлены і ліквідаваны пілотамі са складу 414‑й брыгады «Птушкі Мадзяра», — гаворыцца ў паведамленні Генштаба.

Кіравалі FPV-дронам аператары батальёна «Драпежнікі вышынь» 59‑й асобнай штурмавой брыгады беспілотных сістэм. Для гэтага падраздзялення гэта ўжо другое знішчэнне расійскага верталёта. У верасні 2025 года ім удалося звычайным FPV-дронам «упаляваць» транспартна-баявы верталёт Мі-8 на Пакроўскім кірунку.

Увечары 20 сакавіка прэзідэнт Уладзімір Зяленскі выдаў указ аб узнагароджанні чатырох байцоў экіпажа дронаў, якія збілі Ка-52. Яны ўзнагароджаныя ордэнамі «За мужнасць» II ступені.

Што гэта за верталёт

Ка-52 (Hokum B па класіфікацыі НАТА, таксама вядомы як «Алігатар») — расійскі разведвальна-баявы верталёт коштам каля 16 мільёнаў даляраў. Армія РФ актыўна яго выкарыстоўвае з пачатку вайны для абстрэлаў украінскіх пазіцый і тэхнікі.

З узбраення ён мае хуткастрэльную гарматную ўстаноўку і супрацьтанкавы ракетны комплекс (СТРК) «Вихрь» з лазернай сістэмай навядзення. Ка-52 можа дадаткова браць на борт кіраваныя ракеты класа «паветра — паветра» блізкага бою Р-73 і «Игла-В», а таксама некіраваныя ракеты «паветра — зямля». Верталёт абсталяваны ўласнай радарнай сістэмай і мае браняваную капсулу для экіпажа, якая катапультуецца. Гэты верталёт вырабляецца ў Расіі з 2008 года.

Чым ён быў знішчаны

Збіты ўдзень 20 сакавіка верталёт стаў 350-м, які Расія страціла ва Украіне з пачатку вайны, згодна са статыстыкай Генштаба УСУ. Аднак большасць з іх былі збітыя ракетным узбраеннем, а таксама ПЗРК (пераноснымі зенітна-ракетнымі комплексамі).

Упершыню з дапамогай звычайнага радыёкіраванага FPV-дрона ўдалося збіць расійскі верталёт у жніўні 2024 года. Гэта быў Мі-8 паблізу Данецка. У верасні 2025 года верталёт Мі-8 быў збіты паблізу вёскі Катляроўка (Данецкая вобласць) з дапамогай FPV-квадракоптара. У лістападзе 2025 года ўкраінцам удалося паразіць яшчэ адзін Мі-8 у небе над Растоўскай вобласцю з дапамогай deep-strike дрона.

У пачатку сакавіка Вайскова-марскія сілы Украіны правялі аперацыю па знішчэнні расійскага супрацьлодкавага верталёта Ка-27, які садзіўся на буравую платформу «Сіваш» у Чорным моры. Украінскі безэкіпажны катар (БЭК), імаверна, даставіў у мора на адлегласць амаль 100 км ад берага ўдарны FPV-дрон, які атакаваў верталёт у палёце.

Ка-52 «Алігатар» — асноўны ўдарны верталёт арміі РФ. Аднак, паводле падлікаў аналітыкаў, за 4 гады яна страціла падчас баявых дзеянняў амаль 100 такіх машын. Фота: Мінабароны РФ

Оптавалаконныя FPV-дроны з’явіліся на фронце ў другой палове 2024 года. Іх пачалі масава выкарыстоўваць расіяне для атак на ўкраінскія машыны, бранятэхніку і жывую сілу. Праз тое, што оптавалаконныя дроны няўразлівыя да сістэм РЭБ, ім цяжка супрацьдзейнічаць.

Аднак яны маюць і недахопы. Оптавалакно далікатнае і ломкае, а таксама мае абмежаваны радыус дзеяння. Кіраванне такім дронам патрабуе майстэрства аператара, бо манеўранасць беспілотніка абмежаваная. У 2025 годзе Украіна пачала нарошчваць вытворчасць сваіх сістэм на оптавалакне і да канца года змагла запусціць у серыйную вытворчасць адразу некалькі вырабаў.

Дрон, які знішчыў расійскі верталёт Ка-52, мае кошт каля 1 тысячы даляраў. Ён ляціць з хуткасцю каля 110 км/г на адлегласць да 20 км на вышыні да 1 км.

Каментары1

  • Беларус з-пад Вільні
    21.03.2026
    Данаціў, даначу і буду данаць на дроны і дапамогу ўкраінскім ваярам!

Цяпер чытаюць

Сёння Мінск прачнуўся ўначы ад гучнага гука, падобнага да дрона9

Сёння Мінск прачнуўся ўначы ад гучнага гука, падобнага да дрона

Усе навіны →
Усе навіны

Палякі купляюць дамы ў Беларусі — цікавяцца, ці хопіць на жыццё еўрапейскай пенсіі, і радуюцца смешным выдаткам25

Міністр адказаў на чуткі пра скарачэнне дэкрэтнага адпачынку ў Беларусі

Аляксандр Авечкін стаў другім хакеістам у гісторыі НХЛ, які закінуў 1000 шайб3

Перад сустрэчай з Лукашэнкам Коўла забаўлялі расказамі пра зімовую рыбалку5

Беларускі мотагоншчык цудам выжыў пасля падзення са скалы 1

Заходнія дыпламаты паўдзельнічалі ў жалобных мерапрыемствах у Хатыні10

Не толькі ў Беларусі. Продажы кітайскіх аўто ў Еўропе растуць шалёнымі тэмпамі4

Пашынян у метро эмацыйна паспрачаўся з пасажыркай наконт Карабаха7

Падрабязнасці дыверсіі ў Чэхіі: падпалены завод вырабляў цеплавізары для УСУ2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сёння Мінск прачнуўся ўначы ад гучнага гука, падобнага да дрона9

Сёння Мінск прачнуўся ўначы ад гучнага гука, падобнага да дрона

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць