Еўрапейская камісія абвясціла тэндар на стварэнне ў Еўропе сямі буйных гігафабрык штучнага інтэлекту. Такім чынам Еўрасаюз хоча скараціць залежнасць ад ЗША і Кітая ў сферы перадавых вылічальных тэхналогій і стварыць уласную інфраструктуру для распрацоўкі магутных мадэляў ШІ, піша Euronews.

Гігафабрыкі ШІ — гэта вялікія вылічальныя цэнтры, абсталяваныя спецыялізаванымі сучаснымі чыпамі. Яны будуць выкарыстоўвацца для навучання найноўшых мадэляў штучнага інтэлекту, у тым ліку вялікіх моўных мадэляў, здольных апрацоўваць трыльёны адзінак даных.
Праект з'яўляецца часткай стратэгіі ЕС па дасягненні тэхналагічнага суверэнітэту. Еўропа імкнецца паменшыць залежнасць ад замежных пастаўшчыкоў воблачных сэрвісаў, вылічальнай інфраструктуры і чыпаў.
План стварэння еўрапейскіх гігафабрык упершыню прадставіла старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен на саміце AI Action у Парыжы ў лютым 2025 года. Ініцыятыва выклікала вялікую цікавасць: 76 кампаній папярэдне заявілі пра зацікаўленасць ва ўдзеле.
Першапачаткова ЕС разглядаў будаўніцтва чатырох або пяці такіх аб'ектаў, аднак пазней колькасць павялічылі да сямі. Гэта звязана як з вялікай колькасцю заявак ад бізнэсу, так і з жаданнем забяспечыць больш раўнамернае геаграфічнае размяшчэнне вылічальных магутнасцяў.
Агульны аб'ём інвестыцый ацэньваецца прыкладна ў 30 мільярдаў еўра. Каля 5 мільярдаў павінен выдзеліць сам Еўрасаюз, яшчэ каля 5 мільярдаў — краіны-ўдзельніцы праекта, а прыкладна 20 мільярдаў еўра павінны забяспечыць прыватныя інвестары.
Пры гэтым фінансавы ўдзел ЕС істотна скараціўся ў параўнанні з першапачатковымі планамі. Спачатку Еўракамісія заяўляла пра гатоўнасць накіраваць на праект да 20 мільярдаў еўра, але пазней дзяржаўную долю скарацілі прыкладна да траціны агульных укладанняў.
Закупачная працэдура будзе праходзіць у дзве паслядоўныя фазы. Гэта павінна дазволіць паступова нарошчваць вылічальныя магутнасці на працягу наступных шасці з паловай гадоў.
У цяперашнім бюджэце ЕС можа гарантаваць толькі каля 1 мільярда еўра. Астатнія дзяржаўныя сродкі чакаюцца ў рамках наступнай шматгадовай фінансавай праграмы ЕС, якая пакуль застаецца прадметам перамоў паміж краінамі-членамі.
Узамен на дзяржаўныя інвестыцыі ЕС і краіны-ўдзельніцы атрымаюць адпаведную долю доступу да вылічальных магутнасцяў. Яны змогуць выкарыстоўваць іх для дзяржаўных праектаў, навуковых даследаванняў і працы лабараторый штучнага інтэлекту.
Аперацыйныя выдаткі павінны несці прыватныя кампаніі. У Еўракамісіі разлічваюць, што гігафабрыкі будуць фінансава ўстойлівымі дзякуючы камерцыйным паслугам, бо попыт на магутнасці для распрацоўкі ШІ цяпер значна перавышае прапанову.
Сваю зацікаўленасць у размяшчэнні гігафабрык ужо выказалі дзесяць краін: Германія, Італія, Францыя, Польшча, Чэхія, Данія, Фінляндыя, Грэцыя, Партугалія і Іспанія. Удзельнічаць у конкурсе змогуць як асобныя дзяржавы, так і міжнародныя кансорцыумы. Францыя ўжо дала зразумець, што мае намер рэалізоўваць уласны праект самастойна.
Адначасова праект сутыкнуўся з крытыкай. Адна з праблем заключаецца ў тым, што стварэнне еўрапейскай інфраструктуры ШІ ўсё адно будзе залежаць ад замежных вытворцаў спецыялізаваных чыпаў. Еўракамісія ўжо падпісала мемарандумы аб супрацоўніцтве з Nvidia, AMD і Qualcomm.
Умовы конкурсу прадугледжваюць таксама меры, якія павінны не дапусціць празмернай залежнасці ад аднаго пастаўшчыка тэхналогій.
У Бруселі прызнаюць гэтую супярэчнасць: Еўропа хоча развіваць уласныя магутнасці, але не можа чакаць поўнага стварэння ўласнай тэхналагічнай базы і павінна развіваць ШІ ўжо цяпер.
Паводле цяперашняга графіка, пераможцы тэндару павінны пачаць фізічнае будаўніцтва гігафабрык у пачатку 2027 года. Запуск першых аб'ектаў у эксплуатацыю плануецца на сярэдзіну 2028 года.
У школах увядуць абноўленую праграму па інфарматыцы з акцэнтам на ШІ
У Германіі мужчына «наняў» ChatGPT у якасці адваката. Яму ўдалося выйграць справу
З букіністычных крам па ўсёй Германіі масава скупляюць кнігі. У чым прычына?
Штучны інтэлект ад OpenAI выйшаў з ізаляванага асяроддзя і ўзламаў іншую кампанію падчас тэсту на кібербяспеку
Каментары
Кроме того, крайне "умная" политика в области энергии (ставка на "зеленую энергию" и отказ от дешевых российских энергоносителей) сделали энергию в ЕС в несколько раз дороже, чем в США и Китае, а один такой центр потребляет энергии как один большой город