З букіністычных крам па ўсёй Германіі масава скупляюць кнігі. У чым прычына?
У Германіі букіністы сутыкнуліся з нечаканым попытам на старыя навуковыя і спецыялізаваныя кнігі. За кароткі час невядомыя пакупнікі скупілі тысячы выданняў у розных крамах краіны. Спачатку прадаўцы толькі радаваліся прыбытку, але пазней пачалі задавацца пытаннем, хто і навошта збірае гэтыя кнігі. Разабрацца ў гэтым паспрабавалі журналісты Tagesspiegel.

Адной з першых з незвычайнымі заказамі сутыкнулася берлінская букіністычная крама Hennwack. Спачатку некалькі дзён запар сюды паступалі заказы амаль па два дзясяткі кніг. Потым канадская кампанія даслала ліст з прапановай выкупіць палову асартыменту, а пасля — і ўсе астатнія кнігі.
Больш за ўсё пакупніка цікавілі не каштоўныя рарытэты, а спецыялізаваныя выданні: па машынабудаванні, літаратуразнаўстве, гісторыі мастацтва і іншых вузкіх тэмах.
У Hennwack мяркуюць, што пакупнік дзейнічаў па загадзя падрыхтаваных спісах ISBN. Паколькі ўсе кнігі былі аплачаныя загадзя, іх без затрымкі адпраўлялі па ўказаным адрасе ў ЗША. Тады ў кнігарні яшчэ не разумелі, хто стаіць за гэтымі пакупкамі і навошта яны патрэбныя.
Неўзабаве высветлілася, што Hennwack — далёка не адзіная такая крама. Паводле старшыні Асацыяцыі нямецкіх гандляроў антыкварнымі кнігамі (Verband Deutscher Antiquare, VDA) Маркуса Брандыса, яму вядома пра шмат падобных выпадкаў па ўсёй краіне. Па яго словах, некаторыя букіністы за некалькі тыдняў дзякуючы масавым продажам атрымалі даход па 10 тысяч еўра, 20 тысяч ці нават 50 тысяч.
Самі ж члены асацыяцыі, паводле Брандыса, не былі галоўнай мэтай пакупнікоў, бо гандлююць пераважна старымі і каштоўнымі кнігамі. У масавых заказах найбольшым попытам карысталіся навуковыя і спецыялізаваныя выданні другой паловы ХХ стагоддзя.
Уладальнікі крам адзначаюць, што з пункту гледжання даходаў гэта было падобна да пачатку навучальнага семестра і каляднага гандлю разам узятых.
Паводле аднаго з кнігагандляроў, масавыя закупкі сталі магчымымі дзякуючы Abe Books — платформе, якая з 2008 года належыць інтэрнэт-гіганту Amazon. З аднаго боку, яна гарантуе прадаўцам імгненную аплату, з другога — адкрывае шлях для аўтаматызаваных заказаў.
Для чаго патрэбныя старыя кнігі
Адназначнага адказу на гэтае пытанне няма. Аднак многія антыквары і журналісты звязваюць гэтыя масавыя закупкі з навучаннем мадэляў штучнага інтэлекту. Мяркуецца, што кнігі спачатку легальна купляюць, а пасля алічбоўкі знішчаюць. Такое выкарыстанне можа падпадаць пад амерыканскі прынцып «добрасумленнага выкарыстання» (Fair Use).
Падставы для такіх падазрэнняў ужо былі. У студзені 2026 года The Washington Post у сваім расследаванні раскрыла дэталі «Праекта Панама» кампаніі Anthropic. Паводле выдання, стартап выдаткаваў мільёны даляраў на закупку мільёнаў кніг па ўсім свеце. Іх разразалі, сканавалі і выкарыстоўвалі для навучання мадэляў штучнага інтэлекту, пасля чаго папяровыя асобнікі ўтылізавалі.

Пра існаванне гэтага праекта стала вядома падчас разгляду пазову, які супраць Anthropic падалі аўтары праз парушэнне аўтарскіх правоў.
Старыя друкаваныя кнігі лічацца асабліва каштоўнымі для навучання моўных мадэляў. Многіх з іх няма ў адкрытым доступе ў інтэрнэце, таму папяровыя асобнікі могуць быць адзінай крыніцай тэксту. Акрамя таго, гэтыя кнігі былі напісаныя яшчэ да з'яўлення генератыўнага штучнага інтэлекту. Як адзначае адзін з берлінскіх антыквараў, гэта «чыстыя» тэксты, створаныя людзьмі без удзелу нейрасетак.
Аднак кампанія Zoom Books у каментары галіноваму выданню Publishers Lunch абвергла інфармацыю пра тое, што яна лічбуе ці знішчае ўжываныя кнігі для навучання ШІ. На запыт Tagesspiegel наконт гэтых падзей канадская кампанія не адказала. Запыт у Abe Books таксама застаўся без адказу.
Лёгкія грошы і цяжкія пытанні
Нягледзячы на нечаканы прыбытак, многія нямецкія букіністы ставяцца да такіх закупак скептычна. Яны лічаць, што букіністычныя кнігарні існуюць дзеля таго, каб кнігі працягвалі жыць у чытацкім абароце, а не знішчаліся пасля алічбоўкі. Таму выкарыстанне кніг для навучання штучнага інтэлекту яны называюць маральна складаным пытаннем.
Паводле букіністаў, многія аўтары таксама не хочуць, каб іх творы выкарыстоўваліся для навучання мадэляў ШІ, бо асцерагаюцца, што тыя будуць пераймаць іх аўтарскі стыль.
Берлінская кнігарня Hennwack, якая атрымала прапанову выкупіць амаль увесь яе асартымент, у выніку адмовілася. У кнігарні палічылі, што гэта супярэчыць таму, якім яны бачаць свой бізнэс.
Каментары
А если даже в самом деле для машинного обучения, то что в этом плохого? Миллиарды людей получат доступ к этой информации, а в виде книги она будет пылится на полках еще годы