Таццяна Заміроўская напісала, чаму яна прыходзіць у каменты да людзей, якія ставяць у сябе ў сацсетках пасты, напісаныя ШІ
«Я і жыць калі-небудзь перастану — а пакуль не перастаю», — кажа пісьменніца.

Усё часцей бачу ў стужцы мастацкія і паўмастацкія (скажам, эсэістычныя) тэксты, напісаныя ШІ і выдаваныя за аўтарскі прадукт. І пастаянна пішу пра гэта поўныя ныцця допісы. Але тут размова не пра гэта, я хачу падзяліцца назіраннямі.
Увогуле, дзякуючы падобным тэкстам некаторы час таму збянтэжана адкрыла, што функцыяную ў рэжыме біявіруса: чамусьці заўсёды я, як дурань, прыходжу і ў нейкай амаль скандальнай форме маркірую гэтыя тэксты як ШІ. Маўчаць я не магу, мабыць, таму, што мяне стваралі як такі вось біявірус, штосьці жывое, нелагічнае і непераканаўчае, што прыходзіць у чыстае-светлае і ўцямнае, па пункціках слушна і правільна напісанае, і пакідае там смецце, пыл і хлусню, а таксама несправядлівае абвінавачанне.
Сацыяльны капітал мой гэта не павышае, наадварот: фрэнды альбо баняць мяне (некалькі чалавек забанілі; у асноўным, нейкія мега-вядомыя асобы, тысячнікі!), альбо з іроніяй і апломбам пішуць, маўляў, Таццяна, вось вы затупілі, вядома, я ж жывы чалавек, мяне ўсе ведаюць і бачылі ўжывую і пілі са мной! Таццяна, вядома, тут жа раскланьваецца і адказвае: ваў, вы жывы чалавек, не ведала! Прабачце, вядома! Я да гэтага думала, што ШІ выкарыстоўваюць толькі мёртвыя людзі, а вы вось патлумачылі! Трэба было мне патлумачыць, што гэта жывы чалавек промпт напісаў, а ШІ мастацкі тэкст стварыў па промпце, і я б адчапілася ад вас адразу! Прасвяцілі!
Часам мне з некаторым дакорам адказваюць, што ўжо так крытыкаваны мной (маркіраваны, насамрэч) тэкст усё роўна, хай і напісаны з некаторай доляй ШІ, слушны і правільны, напісаны пра важнае і падымае сапраўды сур'ёзныя і сацыяльна вострыя пытанні, якія калі б аўтар падняў у сваім звычайным стылі, выглядалі б, верагодна, як некаторая алагічная бязглуздзіца, а тут ШІ дапамог і ўпарадкаваў. Тут мне адказаць няма чаго: у мяне няма прэтэнзій узроўню правільны ці няправільны тэкст, пра важнае ён ці не, мой біявірус імчыцца адрозніваць жывое ад нежывога і маркіруе нежывое нежывым у межах тэкстаў публіцыстычнай, творчай ці эсэістычнай прыроды, на астатняе я і не прэтэндую. А так то так, нежывое бывае вельмі важнае, паверце мне! Я не адмаўляю важнасць вашага тэксту, я проста павінна прыйсці і сказаць, што яго напісаў ці склаў ці моцна адрэдагаваў ШІ. Але не, я ўжо не сябар. Позна.
Часам мне ў адказ пішуць маё любімае гэта вось усё пра тое, усю гэтую лічбавую рамантыку новага стагоддзя; што ШІ — проста магутны інструмент ва ўмелых творчых руках; што вось усё, што мы самі з сябе ўяўляем і наша ўнутраная ззяючая сутнасць цалкам раскрываецца ў нашым дыялогу з ШІ; што ШІ гэта проста люстэрка, і калі ты тупы і неразумны, то і твой ШІ-тэкст тупы і неразумны, а калі ты разумніца і геній, то і твой ШІ-тэкст будзе спрытны і неадрозны ад пульсацыі жыцця вечнага. Тут мне крыць няма чым. Я даволі тупая, увесь кантэнт, які я рабіла нават з жартаўлівай мэтай у ШІ, атрымліваўся і праўда ідыёцкім.
Але я і не хачу напісаць, што я самая разумная! Якая ж я разумная, калі не магу стварыць з ШІ класны кантэнт! Вы ўсе за мяне рэальна разумнейшыя, раз пішаце з ШІ разумныя тэксты. Мая мэта проста маркіраваць жывое і нежывое, мяне для гэтага стваралі. Але не, не патлумачыш. Вось ужо чарговы сябар-таварыш тлумачыць мне, што ШІ ва ўмелых прасунутых руках робіць карысныя добрыя рэчы, вось глядзі, Таццяна, вайбкодынг, вось ШІ у медыцыне, а вось як ён працуе з базамі даных, а вось візуальнае мастацтва, а вось відэакліп які класны.
Тут я нават не ведаю, што сказаць. Я ўсяго толькі ў мастацкіх і калямастацкіх тэкстах маркірую жывое і нежывое, а мне ў адказ тлумачаць, навошта патрэбныя ЛЛМ у навуцы і медыцыне. Патрэбныя, вядома! Ну дык і вось, пішуць мне, патрэбныя! Таму хай усе чытаюць у сацсетках калямастацкія тэксты, напісаныя з ЛЛМ. Для мяне гэта аргументацыя, вядома, узроўню «ў медыцыне нам патрэбныя скальпелі, таму я вазьму скальпель і парэжу ім кніжыцу і мячык», але, можа, я штосьці не да канца разумею.
(Што тычыцца кіно, музыкі і відэа, там усё складаней; з музыкай у мяне таксама падключаецца гэта штука з люстэркавымі нейронамі, якія не актывуюцца — згенераваную жанравую музыку адрозніваю імгненна — з гібрыднымі жанрамі ўсё, вядома, інакш, і я разумею пра інструмент; зараз ужо, напэўна, хто-небудзь піша мне каментар пра нейкія крутыя візуальныя ці музычныя праекты, дзе ШІ менавіта што інструмент; я бачыла мноства такіх праектаў! Я з вамі згодна! Гэта крутыя праекты! Я пішу пра іншае!).
Таксама мне мякка, але няўхільна даюць зразумець, што ШІ хутка навучыцца пісаць дакладна так жа, як я, проста не адрозніць. Я заўсёды ветліва дзякую і адказваю, што безумоўна навучыцца. Для мяне гэта камплімент: маё пісьмо лічаць сістэмным, прадказальным і матэматычна вывераным. Гэты аргумент для мяне не значыць роўна нічога; я маркірую жывое і нежывое, і тут мне хтосьці кажа: ды вы таксама будзеце нежывое, мы ўсе памром. Памром, ясная рэч. Але бачыце, пакуль не паміраю, хаджу маркірую. Усе там будзем.
Яшчэ адна з маіх любімых рэакцый — прапанаваць мне ўгадаць, напісаны нейкі тэкст з ЛЛМ ці не. Не паверыце, было і такое! Адзін знаёмы даслаў мне свой мастацкі тэкст у жанры аўтафікшна, напісаны ШІ. Толькі не трэба мне зараз тлумачыць, што ён мабыць, разумнік, промпт даваў, сам пра свой вопыт напісаў, патлумачыў ШІ, што павінна быць у тэксце і таксама руку да гэтай літаратурнай працы прыклаў; безумоўна, гэта так, там быў апісаны яго асабісты вопыт, даволі траўматычны і страшны.
Але тут праблема (зноў мая праблема, не ваша!): я не магу чытаць тэксты, напісаныя ШІ, у мяне не актывуюцца люстэркавыя нейроны. Прабачце ўжо мяне, што я такая паламаная. Я адказала, што тэкст, вядома, класны, але я вось не магу чытаць ШІ-тэксты наогул зусім, таму, на жаль, прыйдзецца паказаць тэкст камусьці яшчэ. І ён не пакутуе ад гэтага, таму што гэта толькі я такая нейраадметная, усім астатнім падабаецца і ўсе ад такога ў захапленні!
Аўтар захапіўся, маўляў, трэба ж, як гэта я ўгадала! Ніхто не здагадаўся, а я ўгадала! Фокус спрытны паказала! І выслаў мне яшчэ адзін свой тэкст, папрасіўшы ўгадаць, напісаны ён ШІ ці не. Я страшна абурылася: што гэта за непавага да жывога чалавека, які пісаў жывыя кніжкі, як можна мяне прасіць патраціць мой час вот такім чынам, я што, вучоны сабака, які будзе вам зараз паказваць фокусы? Ды і з сабакам так нельга, зразумелая рэч. Хоць я, безумоўна, трохі сабака; але, баюся, менавіта той, якога новым фокусам вы наўрад ці навучыце.
Ды добра, не сабака. Я ўспомніла архетып, з якога расце гэты хтанічны жах. Гэта казляня, якое ўсіх палічыла. Я сябе рэальна ім адчуваю (тут, вядома, нам належыць успомніць выдатнае эсэ пра казляня, напісанае Елізаравым, а таксама падняць усю эпістэмалогію казляняці і яго глыбінных значэнняў, але ў мяне ўжо няма сіл), і нават гэты допіс мне рабіць трохі трывожна; але я прачытала сёння ў Аляксандра Гарбачова выдатны допіс пра музыку і падумала, што і праўда, трэба калі-небудзь пісаць тэксты пра тое, што цябе хвалюе, каб зусім не развучыцца пісаць у эпоху разумнага, эмпатычнага, ідэальнага ШІ-суразмоўцы.
Таксама казляняці многія спяшаюцца паведаміць, што хутка ён ужо перастане ўсіх лічыць; то-бок перастане адрозніваць жывое ад нежывога; таму што ШІ хутка будзе наогул ідэальна імітаваць усе-ўсе аўтарскія тэксты.
Не выключана, што перастане. Ды дакладна перастане! Але бачыце, пакуль не перастаў. Я і жыць калі-небудзь перастану — а пакуль не перастаю. Калі штосьці непазбежна скончыцца, гэта не значыць, што няма сэнсу працягваць гэта рабіць.
Учора на аўтарскай сустрэчы з беларускім пісьменнікам Сашам Філіпенкам хтосьці задаў яму гэтае ўжо абавязковае пытанне пра тое, ці знішчыць ШІ прафесію пісьменніка і ці баіцца ён гэтага. Саша адказаў, што не баіцца (і ўдакладніў, што ШІ можа, напрыклад, дапамагаць у працы з архівамі і рысэрчы, але часта памыляецца). Я злавіла сябе на тым, што мой унутраны адказ — я не баюся; але не баюся толькі таму, што пісьменнік — не прафесія. Ну, ці такі пісьменнік, як я — гэта не прафесія.
Але калі я не баюся, навошта я пра гэта пішу? А таму і пішу, што не баюся. Пра ўсё, чаго я баюся, я маўчу, і гэта разбівае мне сэрца.
Каментары
І гэта праблема не з вобласці "сапраўднае"-"штучнае", а з вобласці адносін да людзей, з якімі ты камунікуеш: падманваеш іх ці не.
У выпадках, калі доля тваёй працы 1%, чэсна будзе выкласці і промпт побач з адказам.