Культура1414

Заміроўская: Пакуль я не пішу кнігі

«Тыя, хто з’ехаў, нібыта памерлі для тых, хто застаўся. І наадварот», — кажа пісьменніца Таццяна Замірoўская. Упершыню за 11 гадоў пасля эміграцыі ў ЗША яна прыехала ў Еўропу. Як прайшла сустрэча з чытачамі ў Берліне — у рэпартажы DW.

«Сёння ў нас будзе сумная сустрэча», — так сустракае сваіх чытачоў у кнігарні Babel Books Store у Берліне пісьменніца Таццяна Замірoўская. 20 ліпеня тут адбылася першая еўрапейская прэзентацыя яе кнігі «Эўрыдыка, правер, ці выключыла ты газ», якая выйшла ў 2024 годзе.

Таццяна эмігравала ў ЗША 11 гадоў таму і роўна столькі ж не пакідала межы краіны. Пра эміграцыю, трывогу, якая дапамагае пісаць кнігі, і страх жыць сёння ў ЗША яна размаўляла з чытачамі ў Берліне.

«Добра, што мы разам»

Большасць тых, хто прыйшоў на сустрэчу з пісьменніцай Таццянай Замірoўскай у Берліне, чакаюць пачатку на вуліцы. Многія абдымаюцца і суцяшаюць адно аднаго: літаральна за дзве гадзіны да прэзентацыі стала вядома, што ў Варшаве памерла беларуская пісьменніца Святлана Курс.

Унутры кнігарні ідуць размовы пра жыццё і яго складанасці. Дзяўчына з Расіі на першых шэрагах цікавіцца ў выпадковых суседзяў, якія санкцыі цяпер дзейнічаюць супраць Беларусі: пытаецца, бо плануе там доўгачаканую сустрэчу з бацькамі.

«Калі вас няма ў базе вышуку і вам бяспечна ехаць, то Беларусь — цудоўная краіна для сустрэчы, — кажа беларус, які сам ужо пяць гадоў не быў дома. — Мяжа цяпер не вельмі загружаная, за 4—5 гадзін пройдзеце».

«Чатыры-пяць гадзін на цягніку?» — здзіўлена пытаецца расіянка.

«Цягнікі ўжо шэсць гадоў як не ходзяць», — спакойна тлумачыць беларус.

Памяшканне кнігарні невялікае, і ў гэты вечар у ім збіраецца поўная зала — некаторым нават даводзіцца стаяць на вуліцы. У руках у многіх — кнігі Таццяны Замірoўскай з закладкамі, рознакаляровымі стыкерамі і падкрэсліваннямі.

«Калі ў кнізе ёсць падкрэсліванні алоўкам, міжволі хочацца падгледзець, што чалавек вылучыў для сябе», — завязвае размову з мужчынам побач адна з чытачак.

Як высвятляецца, ён родам з Аргенціны, але жыве ў Германіі, дзе вывучыў нямецкую і рускую мовы. Замірoўская — адна з яго любімых сучасных пісьменніц.

Сустрэчу Таццяна пачынае са слоў пра Святлану Курс.

«Вы ведаеце, сёння ўсё пайшло не так, — кажа Таццяна. — Толькі што мы даведаліся, што Святлана памерла. Гэта сумны дзень для ўсіх, хто мае дачыненне да беларускай літаратуры. Але добра, што ў гэты дзень мы разам і можам падумаць пра Свету, можам сказаць, як мы яе любім, што смерці няма і што мы будзем працягваць яе любіць».

«Пакуль я не пішу кнігі»

На самым пачатку Таццяна Замірoўская просіць публіку задаваць ёй шмат пытанняў. І сустрэча сапраўды праходзіць у форме дыялогу. Яе пытаюцца пра выбар жанру, характэрныя толькі для яе мастацкія прыёмы, тэму эміграцыі, якая, паводле яе слоў, ніяк не скончыцца ў яе творчасці, а таксама пра родны горад Барысаў.

Здаецца, пісьменніцу нават расчульвае, што ў зале столькі людзей, якія так добра ведаюць яе кнігі.

Зборнік эсэ «Эўрыдыка, правер, ці выключыла ты газ», які Таццяна прэзентавала ў Берліне, быў надрукаваны яшчэ ў 2024 годзе. Паводле Замірoўскай, ён нарадзіўся дзякуючы хатняму заданню на курсе, які яна вяла для людзей, што апынуліся ў эміграцыі.

Таццяна выканала гэта заданне разам з усімі — напісала пра свой 2022 год і пра канцэрты, на якія яна хадзіла, каб вывесці сябе са стану абыякавасці.

«У кожнага з нас ёсць версія сябе, з якой мы развіталіся, — кажа Таццяна. — Для мяне гэта была ідэнтычнасць беларускай музычнай крытыкіні — да эміграцыі з Беларусі я шмат пісала пра музыку. У 2022 годзе я працавала ў медыя, праз мяне праходзілі вялікія патокі жудасных навін, і мне здавалася, што я развучылася плакаць. Я стала хадзіць на канцэрты сваіх любімых гуртоў і запісваць, дзе я плакала, а дзе — не. Так нарадзілася вялікае эсэ, з якога пачалася гэтая кніга».

Адкуль такая незвычайная назва? Таццяна расказвае, што, калі выбірала загаловак, выпісала некалькі фраз з будучай кнігі. Калі прачытала гэтую, яе «як апарыла».

«Для мяне разрыў з Беларуссю заўсёды выяўляўся праз трывожнасць, калі мы ўвесь час нібыта азіраемся, вяртаемся і правяраем, ці выключылі мы гэты самы газ. Трывога для мяне стала вельмі наратыўным станам, яна натхняе мяне перакладаць свае перажыванні ў словы. А вось страх паралізуе. І пакуль я не пішу кнігі: апошні год быў для мяне цяжкім у сувязі з тым, што адбываецца ў Амерыцы. Страшна жыць у краіне, дзе цябе не хочуць бачыць. Я не хачу ў гэта паглыбляцца, але Амерыка цяпер — не самае радаснае месца», — кажа пісьменніца.

«Нібыта гляджу фільм пра сваё лічбавае ўваскрашэнне»

З Беларусі Таццяна Замірoўская з’ехала ў 2015 годзе. Паводле яе слоў, менавіта эміграцыя сфармавала яе як беларускую пісьменніцу.

«Мне здаецца, усім трэба прайсці праз нешта разбуральнае, каб стаць аўтарам», — кажа яна.

Пры гэтым тэма эміграцыі застаецца адной з цэнтральных у яе кнігах.

«Цяпер у мяне такі эмацыйны момант, калі я ўпершыню за 11 з паловай гадоў перасекла мяжу з Еўропай — нібыта мяжу паміж жыццём і смерцю. Я заўсёды думала: як гэта будзе, калі я ўпершыню выеду з Амерыкі? І вось я прыехала ў Еўропу, бачу ўсіх вас і нібыта гляджу фільм пра сваё лічбавае ўваскрашэнне.

Мне здаецца, што ўвогуле ўсе тыя, хто з’ехаў, нібыта памерлі для тых, хто застаўся, і наадварот. Паміж намі ёсць лічбавая, вербальная сувязь, але мы нібыта сталі прывідамі адно аднаго на экранах».

Паводле Таццяны, у эміграцыі яна стала больш смелай у тым, як і пра што піша.

«Раней я нібыта хавалася за нейкімі будысцкімі прытчамі, не магла пісаць ад першай асобы. У Нью-Ёрку я зразумела, што магу рабіць гэта прама, там няма сэнсу пытацца сябе, што пра цябе падумаюць — ніхто нічога не падумае, усім усё роўна».

Таццяну пытаюцца, ці стаў ужо Нью-Ёрк героем яе кніг. Паводле яе слоў, у апошняй кнізе яго няма ўвогуле, нават нягледзячы на апісанні.

«Гэтая кніга для мяне — пра спробы ўспомніць Мінск. Я памятаю яго фрагментамі, але калі спрабую скласці іх у маршрут, ён распадаецца».

«А Барысаў?» — удакладняюць з залы.

«Барысава тут таксама шмат. Я пражыла там 17 гадоў і ў Мінску 17 гадоў. І нешта мне падказвае, што і ў Нью-Ёрку я пражыву 17 гадоў. Шчыра кажучы, у эміграцыі фотаздымкі Мінска не выклікаюць у мяне эмоцый, а вось Барысаў… Я пачынаю рыдаць, калі іх бачу», — кажа пісьменніца.

Цяпер, паводле слоў Таццяны, яна часова не можа пісаць, але ў будучыні выйдзе пераклад яе апавяданняў на англійскую мову.

«Я не пішу ў жанры «як у Беларусі ўсё жахліва», а прадаць у Амерыцы можна толькі нешта накшталт «паглядзіце, які ў Беларусі таталітарызм». Але нейкім цудам я даслала ў адно выдавецтва свае апавяданні, ім спадабалася, яны ўключыліся і сказалі, што выдадуць», — дзеліцца Таццяна.

Пасля сустрэчы Таццяна Замірoўская яшчэ каля 40 хвілін падпісвала свае кнігі. Да яе падыходзілі людзі і з яе мінулага жыцця ў Беларусі, і з цяперашняга — у ЗША і Нью-Ёрку.

Менавіта там, паводле яе слоў, яна адчувае сябе дома: «Я вельмі выразна зразумела гэта, выехаўшы ў Еўропу», — напісала яна ў сваім фэйсбуку.

Каментары14

  • Лол
    22.07.2026
    Амерыка стала ня радасным месцам, калі Джорджа Флойда, гвалтаўніка і рабаўніка, каторы з нажом нападаў на цяжарных жанчын, каб адабраць сумачку, левакі зрабілі іконай і насілі яго залатую труну па вуліцах. Калі левакі пачалі пачуваць сябе настолькі вольна і разбэшчана, што могуць страляць у апанентаў.
  • Карэктар (не за гранты)
    22.07.2026
    Вельмі неякасна і па-журналісцку слаба напісаны тэкст.
    Апошні абзац увогуле нічога незразумела: падыходзілі людзі з Беларусі і ЗША, выехала ў Еўропу, а недзе "там" "адчувае сябе як дома". Аўтар увогуле разумее, што за трасцу напісаў/ла?
  • Они дверь стучат
    22.07.2026
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

«Беларусь перадусім». Што вядома пра 23‑гадовага афіцэра спецназа, якога асудзілі на 19 гадоў за «здраду дзяржаве»3

«Беларусь перадусім». Што вядома пра 23‑гадовага афіцэра спецназа, якога асудзілі на 19 гадоў за «здраду дзяржаве»

Усе навіны →
Усе навіны

Зяленскі: Амерыка вельмі хоча, але не можа спыніць Расію4

Як у Польшчы зарэгістраваць замежны дакумент?1

У Мінску 17‑гадовага алімпіядніка па гісторыі абвінавацілі ў рэабілітацыі нацызму13

На мяжы дзвюх Карэй расце напружанасць. Сеул прыгразіў Пхеньяну жорсткім адказам2

У Мінску хірургі прааперавалі мужчыну, які ў гэты час быў у іншай бальніцы

Старшага інкасатара Беларусбанка асудзілі за палітыку і назвалі «тэрарыстам»4

Прыхільнікі захавання Альберты ў складзе Канады разгромна лідзіруюць на рэферэндуме4

Дзяржабвінаваўца па справе Андрэя Пачобута стаў суддзёй4

«Ператварылі рэчы і фота ў попел і развеялі над морам». Сям’я беларускі, якая знікла ў Непале, развіталася з ёй5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Беларусь перадусім». Што вядома пра 23‑гадовага афіцэра спецназа, якога асудзілі на 19 гадоў за «здраду дзяржаве»3

«Беларусь перадусім». Што вядома пра 23‑гадовага афіцэра спецназа, якога асудзілі на 19 гадоў за «здраду дзяржаве»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць