Здарэнні11

«Мы павінны былі ехаць гэтым жа маршрутам». Беларус цудам пазбег катастрофы ў Непале і згубіў там сябра

«Ведаю гісторыю дзвюх турыстак-расіянак: каля іх аўтобуса выпадкова была лесвіца, і яны выратаваліся, бо проста паспелі пабегчы па ёй наверх. А аўтобусам, якія стаялі метраў на пяцьдзясят далей, ужо не было куды дзявацца — іх проста змыла».

Фота: Prakash Shrestha / Anadolu via Getty Images

Калі раніцай 26 жніўня велізарны паток вады, лёду, камянёў і бруду пайшоў па вузкай гімалайскай даліне каля мяжы Непала і Тыбета, там стаялі дзясяткі аўтобусаў з турыстамі і паломнікамі. Людзі ехалі да адной з самых святых гор Азіі — Кайласа.

Сярод іх магла быць і яшчэ адна група — яе збіраў беларускі арганізатар паходаў і гід, які шмат гадоў водзіць людзей па Гімалаях. Група проста не сабралася. Цяпер мужчына глядзіць відэа з разбуранага памежнага пераходу і думае пра тое, што магло адбыцца з ім і яго турыстамі.

26 жніўня велізарная маса лёду і горнай пароды абрынулася ў Гімалаях і выклікала імклівы паток вады, бруду і камянёў. Ён прайшоў па далінах па абодва бакі непальска-кітайскай мяжы, зносячы дамы, дарогі, масты і аўтамабілі. 

Відавочцы расказваюць, што ў некаторых населеных пунктах людзі паспелі атрымаць папярэджанне пра паводку. Аднак у раёнах бліжэй да мяжы папярэджанні прыйшлі занадта позна, часу амаль не было: адзін з рабочых расказваў журналістам, што атрымаў SMS, паглядзеў на тэлефон і, калі падняў галаву, ужо ўбачыў ваду. Ён паспеў толькі крыкнуць калегам і пабегчы ўгару.

— Мяркуючы па відэа, калі ты апынуўся перад такой хваляй, шанцаў выжыць практычна няма, — кажа беларускі гід. — Ведаю гісторыю дзвюх турыстак-расіянак: каля іх аўтобуса выпадкова была лесвіца, і яны выратаваліся, бо проста паспелі пабегчы па ёй наверх. А аўтобусам, якія стаялі метраў на пяцьдзясят далей, ужо не было куды дзявацца — іх проста змыла.

Фота: скрыншот з сюжэта The National Desk

Сам ён на гэтым канкрэтным пераходзе раней не бываў — у Тыбет ездзіў іншым шляхам. Але добра ведае, як уладкаваны туры да Кайласа.

Да святой гары можна ехаць з двух бакоў

Кайлас знаходзіцца ў Тыбецкім аўтаномным раёне Кітая. Гэтая гара лічыцца святой адразу для некалькіх рэлігій — індуізму, будызму, джайнізму і традыцыі бон. На саму гару паломнікі не ўзыходзяць: галоўны рытуал — кара, абыход вакол яе.

Дабрацца сюды замежнікі могуць некалькімі асноўнымі шляхамі. Адзін — прыляцець у Катманду, праехаць Непал і перасекчы кітайскую мяжу. Іншы — трапіць у Тыбет праз Кітай, напрыклад праз Лхасу, а пасля ехаць на захад да Кайласа.

— Таму не трэба думаць, што ўсе, хто ехаў на Кайлас у гэтыя дні, апынуліся ў небяспецы, — тлумачыць гід. — Хто заязджаў праз Кітай, гэты пераход увогуле не праходзіў.

Менавіта непальскі маршрут аказаўся ў эпіцэнтры катастрофы. У дзень паводкі толькі праз Расувагадхі збіраліся перайсці мяжу 390 паломнікаў, у тым ліку 93 непальцы. Іх прывезлі некалькі тураператараў: у асобных групах было па 50—90 чалавек.

Год, які здараецца раз на 60 гадоў

2026‑ы ў тыбецкім календары — год Каня, а ў больш вузкім 60‑гадовым цыкле — год Агністага Каня. Для паломнікаў гэта мае асаблівае значэнне. Паводле тыбецкай рэлігійнай традыцыі, кара вакол Кайласа ў год Каня прыносіць асабліва вялікую духоўную заслугу. У некаторых традыцыях лічыцца, што адзін абыход у такі год роўны трынаццаці звычайным. 

— Людзі з усяго свету ехалі туды менавіта сёлета. Асабліва імкнуліся патрапіць на кару ў поўню, 28 жніўня, — расказвае беларус.

Але попыт аказаўся настолькі вялікім, што частка яго знаёмых, якія пабывалі каля Кайласа ў маі і чэрвені, пасля адгаворвалі яго ехаць.

— Казалі: народу проста мора. Замест таго каб адчуць нейкую сакральнасць, ходзіш у натоўпе. Раілі ехаць у звычайны год.

Пра рост патоку сведчаць і лічбы. Толькі праз пераход Хілса ў іншай частцы непальска-кітайскай мяжы да сярэдзіны чэрвеня прайшлі 3780 індыйскіх паломнікаў. Для параўнання: летам 2025 года пасля аднаўлення маршруту там налічвалі 546 індыйскіх турыстаў. 

«Гэта не экстрэмальная экспедыцыя»

Сама паездка да Кайласа ў звычайных умовах мала нагадвае дзікую экспедыцыю.

— Сёння гэта добра наладжаная турыстычная інфраструктура. Раней, калі я ездзіў, мы дабіраліся на джыпах па бездарожжы. Цяпер там асфальт, ездзяць вялікія аўтобусы, ёсць нармальныя гатэлі.

У Дарчэне — пасёлку, адкуль пачынаецца кара, ёсць некалькі гатэляў, у тым ліку чатырохзоркавыя. Але непасрэдна падчас трохдзённага абыходу ўмовы значна прасцейшыя — паломнікі начуюць у гасцявых дамах каля манастыроў. 

Стандартны арганізаваны тур цяпер каштуе прыкладна $2—3 тысячы, даражэйшыя маршруты праз Лхасу — $4 тысячы і больш. 

Галоўная звычайная рызыка, кажа наш суразмоўца, не дарогі, а вышыня.

— Тыбецкае плато — гэта тры-чатыры тысячы метраў. А падчас кары чалавек падымаецца на перавал Долма-Ла — 5670 метраў. Гэта ўжо вышэй за Эльбрус. Для непадрыхтаванага чалавека трохдзённы абыход — сур'ёзнае выпрабаванне, я б нават сказаў подзвіг.

Менавіта таму арганізатары шмат увагі надаюць акліматызацыі і горнай хваробе. Тых, каму ісці асабліва цяжка, частку маршруту могуць везці на конях.

Гара Кайлас. Ілюстрацыйнае фота

Ёсць яшчэ адна асаблівасць такіх падарожжаў: Тыбет — адзін з найбольш закрытых рэгіёнаў, ён знаходзіцца пад кантролем Кітая. Замежнік не можа проста прыляцець у Лхасу, арандаваць аўтамабіль і самастойна паехаць да Кайласа. Акрамя кітайскай візы, для ўезду ў Тыбецкі аўтаномны раён патрэбны спецыяльны дазвол, а падарожнічаць трэба праз упаўнаважанага тураператара і па загадзя ўзгодненым маршруце. Замежных турыстаў павінен суправаджаць прызначаны гід. Для асобных памежных тэрыторый могуць спатрэбіцца дадатковыя дазволы ад паліцыі, вайсковых і іншых органаў.

Калі група едзе праз Непал, схема, паводле гіда, выглядае прыкладна так:

— Я як арганізатар знаходжу людзей і дамаўляюся з непальскім і тыбецкім агенцтвамі. Непальскае агенцтва вязе групу праз Непал да мяжы. Там людзі праходзяць кантроль, перасаджваюцца ў іншы аўтобус, і далей імі ўжо займаецца агенцтва з тыбецкага боку. Усё вельмі жорстка рэгламентавана.

«Тыбет ператварылі ў музей пад кантролем»

Жорсткі кантроль кітайскіх уладаў беларус заўважаў і падчас уласных паездак.

— Для Кітая Тыбет — вельмі адчувальны рэгіён. Наколькі я ведаю, пад выглядам тыбецкага гіда з групай можа ехаць чалавек, звязаны са спецслужбамі. Яны сочаць, каб турысты не адхіляліся ад маршруту, не везлі партрэты Далай-ламы і гэтак далей. Тыбет фактычна ператварылі ў такі музей пад кантролем.

Забароны закранаюць і рэлігійную сферу. Кітайскія ўлады на працягу многіх гадоў абмяжоўваюць публічнае ўшанаванне Далай-ламы ў Тыбеце, у тым ліку дэманстрацыю яго партрэтаў.

«Гэта трагедыя. І, напэўна, лёс»

Беларускі гід лічыць, што ні арганізатары паездак, ні звычайныя турысты прадбачыць такую катастрофу не маглі.

— Калі і можна было нешта ведаць загадзя, дык толькі на ўзроўні ўладаў, якія маюць інфармацыю пра тое, што адбываецца высока ў гарах: ці перапоўнена возера, ці ёсць пагроза абвалу. Для турыста або гіда гэта быў абсалютны форс-мажор. Як я разумею, усё адбылося вельмі хутка. Гэта трагедыя. І, напэўна, у нейкай ступені лёс.

Пасля катастрофы ў Непале прагучалі абвінавачанні, што Кітай не папярэдзіў краіну пра небяспеку своечасова. Пекін гэта адмаўляе: кітайскае пасольства сцвярджае, што спецыялісты дзяліліся з непальскім бокам важнай інфармацыяй у межах тэхнічных магчымасцяў.

Дакладная прычына катастрофы яшчэ вывучаецца. Папярэднія высновы спецыялістаў паказваюць, што абвал лёду і пароды мог перакрыць раку, стварыўшы часовую натуральную плаціну, пасля прарыву якой уніз пайшла велізарная хваля. У некаторых месцах яе вышыню ацэньваюць у 8—10 метраў.

«Гэта я калісьці пазнаёміў Сашу з Непалам»

Сярод людзей, якія зніклі пасля паводкі, ёсць стары знаёмы беларускага гіда. Аляксандра Белага, ёга і арганізатара рэтрытаў з Адэсы, ён ведае шмат гадоў.

— Можна сказаць, што гэта я калісьці пазнаёміў Сашу з Непалам. Мы пазнаёміліся падчас паходу да Эверэста.

Пасля той паездкі Белы сам пачаў збіраць людзей у Непал і Індыю, арганізоўваць падарожжы і рэтрыты. Яны не бачыліся гадамі, але працягвалі перапісвацца.

Больш за тое, перад цяперашнім падарожжам мужчыны абмяркоўвалі магчымасць аб'яднаць групы. Апошні раз яны размаўлялі за некалькі тыдняў да катастрофы.

Група Белага. Фота: trekkinginnepaloficial / Instagram

Ужо з Катманду Аляксандр выкладаў у сацсетках відэа: група праводзіла рэлігійныя цырымоніі, рыхтавалася да паездкі.

— Я бачыў, як яны праводзілі пуджы, абрады на добрую дарогу. Але ніякія абрады, на жаль, не дапамаглі.

Калі з'явіліся першыя навіны пра катастрофу, ён адразу напісаў сябру: «Саша, як вы?» Адказу не было. І да гэтага часу няма.

Аляксандр Белы ў гэтай паездцы быў арганізатарам сваёй невялікай групы. У ёй была і беларуска Кацярына Саковіч.

Фота: фэйсбук Кацярыны Саковіч

«Людзі цяпер баяцца»

Беларускі гід упэўнены: паломніцтва да Кайласа не скончыцца.

— Людзі ездзілі і будуць ездзіць. Гэта месца прыцягвае людзей з усяго свету. Пераход адновяць, магчыма, зменяць сістэму бяспекі, будуць выкарыстоўваць іншыя маршруты. 

Але не цяпер. Пасля катастрофы, кажа ён, людзі пачалі масава адмаўляцца ад ужо аплачаных тураў. Ім прапануюць заехаць у Тыбет іншым шляхам, але многія не хочуць.

— Усе ў шоку. Людзі проста баяцца.

Сам ён таксама яшчэ будзе арганізоўваць паездкі да Кайласа, але не хутка, нават не ў найбліжэйшыя гады. 

У моргах не хапае месцаў

Праз некалькі дзён пасля катастрофы з пацярпелых раёнаў працягваюць прыходзіць цяжкія сведчанні. Выратавальныя працы яшчэ ідуць: разбураныя дарогі і масты ўскладняюць доступ да некаторых мясцін, сем'і шукаюць зніклых у шпіталях і моргах, а ўлады папярэджваюць пра рызыку новых паводак і апоўзняў. 

Колькасць ахвяр працягвае расці. Паводле звестак на 30 жніўня, загінулі ўжо не менш за 800 чалавек, больш за тры тысячы лічацца зніклымі без вестак. Сярод тых, каго пакуль не могуць знайсці, — больш за 260 замежнікаў.

Кітайскія ратавальнікі, якія дабраліся да разбуранага памежнага пераходу ў Г'ірунгу, апісалі ўбачанае коратка: там засталіся «толькі руіны». У Непале цэлыя населеныя пункты былі знесеныя патокам, а ў Катманду сцены шпіталяў пакрытыя аб'явамі з фотаздымкамі людзей, якіх шукаюць сваякі. 

У Непале маштаб трагедыі ўжо настолькі вялікі, што ў моргах не хапае месцаў. У раёне Чытвана пачалі часова хаваць неапазнаныя целы, папярэдне адбіраючы ўзоры ДНК, каб сваякі пазней маглі ўстанавіць асобу загінулых. Многія целы пасля некалькіх дзён у вадзе немагчыма апазнаць.

Каментары1

  • спец
    30.08.2026
    гора разгневалась? понаделали люди святынь и поклоняються созданному а не СОЗДАТЕЛЮ

Цяпер чытаюць

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?7

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?

Усе навіны →
Усе навіны

Чаму ў Мінску ўсё часцей можна сустрэць дзікіх жывёл?1

КДБ затрымаў групу людзей, якіх вінавацяць у зборы закрытай інфармацыі пра абаронныя прадпрыемствы16

У ЗША блогер пагладзіў у нацыянальным парку сурка і атрымаў праблемы6

Лукашэнка сустрэўся ў Маскве з Пуціным4

Пад Магілёвам 18‑гадовы п’яны кіроўца перакуліў аўтамабіль з пяццю падлеткамі ўнутры

Сваякі каскадзёра, які ледзь не загінуў на аўташоу ў Лідзе, расказалі, што з ім цяпер1

Запасы газу ў ЕС — адны з самых нізкіх за апошнія гады10

Японскія крэветкі захапілі дэльту Дуная і пачалі выцясняць ракаў2

«Дзякуй, мотабраце!» Слуцкі матацыкліст дапамог салігорскай хуткай выйграць час для цяжкахворага4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?7

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць