Вайна

«Не ведаю, як у тым пансіянаце мог бы хтосьці выжыць». Што расказваюць у вёсцы ў Кіеўскай вобласці, дзе загінулі 37 чалавек

Пра тое, што на складах у сяле Мілая захоўваюцца боепрыпасы, мясцовыя ведалі. Гаворачы пра трагедыя, яны згадваюць Вішнёвае — іншае мястэчка на Кіеўшчыне, дзе 6 ліпеня 2026 года ў выніку трапляння расійскай ракеты здэтанаваў склад боепрыпасаў «Украбаронпрама». Рэпартаж «Суспільне».

Фота тут і далей: Суспільне Новини / Іван Антыпенка

На ганку выгарэлага двухпавярховага будынка без вокнаў, які яшчэ ўчора быў прыватным пансіянатам для людзей сталага веку «Добры дом», ляжаць 20 чорных пакетаў з целамі. Навокал на дарозе раскіданыя патроны, кавалкі баявых галовак, вісяць абарваныя электрычныя драты, а ў паветры блішчыць попел і пахне гарам.

Станам на 19:00 29 жніўня ў сяле Мілая Бучанскага раёна на Кіеўшчыне загінулі 37 людзей. Большасць з іх жылі менавіта ў гэтым пансіянаце для людзей сталага веку. Калісьці, мабыць, тут было зацішна — побач сасновы лес і ціхія вулачкі прыватнага сектара. Але «Добры дом» быў размешчаны праз дарогу ад складоў, дзе захоўваліся, у прыватнасці, боепрыпасы, якія пачалі дэтанаваць 28 жніўня ўвечары ў выніку трапляння расійскага дрона.

— Вы пытаецеся, колькі пакетаў з целамі было? — удакладняе мужчына ў белым пластыкавым ахоўным касцюме. — Мы адсюль яшчэ нікога не вывозілі. Яшчэ ўнутры ёсць целы, таму агулам тут будзе 31.

Сказаць, колькі з іх жыхароў пансіяната, а колькі работнікаў, не бярэцца ніхто — ні паліцыянты, якія працуюць на месцы, ні работнікі рытуальных службаў, якія забіраюць астанкі. Целы занадта моцна абгарэлыя, тлумачыць паліцыянт на месцы. Працяглы час да пансіяната не маглі нават пад'ехаць, бо была пастаянная пагроза дэтанацыі снарадаў. Нягледзячы на тое, што ратавальнікі, медыкі, паліцыя і сапёры працуюць ужо амаль суткі, з процілеглага боку вуліцы ад пансіяната далей чуваць выбухі.

— Я не ведаю, як у тым пансіянаце мог бы хтосьці выжыць. Там былі ляжачыя людзі, старыя, і дом гэты, ведаеце, проста як офіснае памяшканне па структуры. Там не было ні падвала, нічога, — кажа Жанна, выціраючы слёзы з твару. Ёй 52 гады, яна жыла ў будынку насупраць пансіяната. Жанна стаіць каля ўязных варот да свайго гаража і чакае, калі паліцыянты дазволяць забраць цела яе мужа.

Віталю таксама было 52 гады. Апошні раз жонка гаварыла з ім 28 жніўня ў 20:51. Віталь распавёў Жанне, што да яго ў дом папрасіўся невядомы мужчына, які шукаў сховішча, таму што пачаліся моцныя выбухі. З 21:11 сувязі з мужам у Жанны ўжо не было. Жанчына паказвае на тэлефоне геалакацыю тэлефона Віталя — яна абнаўлялася 20 гадзін таму.

— Я была па працы ў камандзіроўцы і сорак хвілін дзесьці не паспела даехаць дадому. Мой муж быў тут падчас акупацыі Кіеўшчыны ў 2022-м. Тады перажыў, каб вось так… — кажа Жанна і затуляе рот далонямі, намагаючыся стрымаць плач.

Жанна чакае, пакуль цела Віталя і невядомага, які ляжыць побач, перакладуць у чорныя пластыкавыя пакеты. Мужчыны ў ахоўных касцюмах нясуць іх у багажнікі бусаў з таблічкай «Морг» на лабавым шкле. Яны ж далей будуць чакаць, пакуль крыміналісты завершаць працу ў «Добрым доме», каб забраць целы яшчэ і адтуль.

Нягледзячы на тое, што на складзе дагэтуль выбухаюць снарады, людзі вяртаюцца да сваіх дамоў. Яны шукаюць згубленых жывёл, якія ўцякалі ў хаосе, намагаюцца вывезці аўто з пабітымі вокнамі і ацаніць маштабы разбурэння дамоў, пастаянна перапытваючы, ці праходзіла ўжо камісія, каб зафіксаваць пашкоджанні. У іх чорныя рукі ад сажы і вугольчыкаў, нехта разбірае рэчы ў рэспіратарах. Ёсць людзі, якія проста не змаглі выехаць увечары і праседзелі ўсю ноч у падвале сваіх дамоў.

Марыну і Паўла ў падвал змусіў спусціцца дзевяцігадовы сын. Ён моцна спалохаўся пасля першага выбуху збітага «шахеда». Марына кажа, што яны рэдка спускаюцца ў падвал, але сын настаяў.

— У мяне дзіця спужалася, — кажа Марына. — Яму толькі тры дні як зрабілі аперацыю на мозгу. Калі мы чулі як шахед зніжаецца, быў выбух, мы не ведалі, што яно пачне дэтанаваць. Ён сказаў: «Хадзем у падвал». Потым ужо наш знаёмы, вайсковец, прыехаў з суседніх Пятрушак і забраў нас. Зараз у дзіцяці стрэс.

— А палове на дзявятую пачала дэтанаваць, — кажа Павел. — Тры гадзіны цягнуліся быццам трое сутак. Маленькія выбухі былі пастаянна. Даводзілася выходзіць з падвала і правяраць, ці не гарыць хата. Вялікія выбухі былі кожныя 10 хвілін.

Пра тое, што на складах у сяле Мілая захоўваюцца боепрыпасы, мясцовыя ведалі. Людзі апісваюць, як перыядычна да складоў прыязджалі вайскоўцы на «вялікіх машынах, выгружалі і загружалі драўляныя яшчыкі». Гаворачы пра тое, што сталася, мясцовыя згадваюць Вішнёвае — іншае мястэчка на Кіеўшчыне, дзе 6 ліпеня 2026 года ў выніку трапляння расійскай ракеты здэтанаваў склад боепрыпасаў «Украбаронпрама».

— Вы можаце пра гэта напісаць? То я скажу шчыра — гэта Вішнёвае 2.0! — абураецца Аляксандр, які стаіць каля ўваходу ў двор аднаго з найбольш разбураных прыватных дамоў у Мілай. Аляксандр жыве ў суседнім сяле, але прыехаў дапамагчы разграбаць завалы свайму сябру Руслану.

У будынку Руслана няма ні вокнаў, ні дзвярэй. Другі паверх прыбудовы выгарэў, разложысты гай на заднім падвор'і абвугліўся так, што пакруцілася лісце. Пад нагамі трашчыць шкло, па зямлі дагэтуль раскіданыя часткі боепрыпасаў, а цэлае вядро снарадаў стаіць проста на гародзе.

— Быў прыемны пятнічны вечар, мы зрабілі з сям’ёй шашлыкі, я сядзеў на тэрасе — проста над галавой збіваюць першы «шахед», — распавядае Руслан. — Другі «шахед» запальвае склад, ідзе чорны дым. У мяне трое дзяцей, я кажу сваім: «Давайце выязджаць». Але ніхто не хацеў, бо не верылася, што будзе такі кашмар, як у Вішнёвым. Калі пачаліся першыя выбухі, мы зайшлі ў хату і не маглі выйсці, бо проста бесперапынна свісцелі снарады. Добра, што не пайшлі ў падвал, бо калі ад снарадаў ужо загарэлася хата, не было іншага выхаду, як выбягаць і ўцякаць. Дзеці беглі па асфальце, а каля іх стукалі аскепкі БК.

Дзяцей дапамаглі эвакуяваць ратавальнікі. Руслан з суседам вярнуліся і правялі ўсю ноч у падвале іншага будынка, спадзеючыся, што дом Руслана, які бліжэй да складоў, уцалее і адтуль удасца забраць дакументы. Але адзінае, што больш-менш уцалела ў доме Руслана — інвертар, які яго сям’я набыла ўчора, рыхтуючыся да зімы.

— Мая маці жыве вось тут побач. Я да яе пакуль бег 30 метраў, каля мяне прасвісцела некалькі аскепкаў, — кажа Руслан. — Нельга было выходзіць. Перахрысціліся, хто ў што верыць і неяк ужо выбеглі. Праўда, рукі-ногі былі пасечаныя ці шклом, ці чымсьці іншым. Зараз мае ўсе жывыя-здаровыя. На жаль, у нас здарылася трагедыя — загінуў кіраўнік грамады Тарас Дзідыч. Дэтанавала ўсё вельмі нераўнамерна, нельга было ўгадаць, куды штосьці прыляціць, якая траекторыя. Адзін снарад трапіў у яго машыну. Я яго ведаў, вельмі добры быў чалавек.

Да будынка Руслана прыехала шмат людзей, каб дапамагчы яму разабраць завалы, разгрэбсці выгарэлае. Адна з яго сябровак Вікторыя выносіць з дома дзіўным чынам ацалелую карціну — сямейны партрэт Руслана з дзецьмі.

— Руслан, а дзе ты сёння плануеш начаваць? — запытвае яго Вікторыя.

— Ды дзесьці знайду ў суседзяў. Неяк будзе, не перажывай, — кажа ледзь усміхаючыся Руслан, стоячы на ганку страчанага дома.

Каментары

Цяпер чытаюць

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?5

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка сустрэўся ў Маскве з Пуціным4

Пад Магілёвам 18‑гадовы п’яны кіроўца перакуліў аўтамабіль з пяццю падлеткамі ўнутры

Сваякі каскадзёра, які ледзь не загінуў на аўташоу ў Лідзе, расказалі, што з ім цяпер1

Запасы газу ў ЕС — адны з самых нізкіх за апошнія гады10

Японскія крэветкі захапілі дэльту Дуная і пачалі выцясняць ракаў2

«Дзякуй, мотабраце!» Слуцкі матацыкліст дапамог салігорскай хуткай выйграць час для цяжкахворага4

Завязлі ў магнітных пясках і здзівіліся цэнам у кавярнях. Беларус расказаў, як з'ездзіў з сям'ёй на машыне ў Грузію5

Беларускі музей імя Івана Луцкевіча рыхтуе выставу да 120‑годдзя «Нашай Нівы» і просіць дапамагчы з экспанатамі3

Такарчук: Я шчыра выбачаюся перад Ціханоўскім за сваю фразу37

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?5

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць