Грамадства1818

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?

Паглядзелі, як складваецца жыццё паспяховых удзельніц «Міс Беларусь». 

Алена Кучарук, Алія Кароткая і Лізавета Лагодзіч. Фоты з іх інстаграмаў

Алёна Кучарук, «Міс Беларусь»

Алёна Кучарук, якую летась прызналі галоўнай прыгажуняй краіны і далі карону «Міс Беларусь», вырашыла, што хоча спяваць. Што, дарэчы, не вельмі здзіўляе, бо дзяўчына адвучылася ў Наваполацкім дзяржаўным музычным каледжы на дырыжорку — сёлета атрымала дыплом.

Алёна Кучарук. Фота з яе інстаграма

Таму ў ліпені яна пайшла на кастынг музычнага шоу БТ «Фактар.бай». Ацэньвала яе журы, у складзе якога былі спявачкі Гюнэш ды Галіна Шышкова. Ці прайшла Алёна ў праект, пакуль невядома. 

Таксама прыгажуня сёлета была абітурыенткай. Паступіла яна ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў на спецыяльнасць «сацыяльна-культурная дзейнасць».

Алёна Кучарук. Фота з яе інстаграма

Удзельнічае і ў ідэалагічных мерапрыемствах — напрыклад, хадзіла на Мінскі гарадскі форум маладых спецыялістаў «Час дзейнічаць».

Алёна Кучарук. Фота з яе інстаграма

Алія Кароткая, першая віцэ-міс

Алія цалкам сканцэнтравалася на конкурсах прыгажосці — яна ці ўдзельнічае ў іх, ці сядзіць у журы. Не грэбуе судзіць такія мерапрыемствы, як «Міс крымінальна-выпраўчай сістэмы» (а потым робіць распакоўкі падарункаў, якія атрымала як суддзя).

Алія Кароткая. Фота з яе інстаграма

Ну а ў хуткім часе дзяўчына паляціць прадстаўляць Беларусь на «Міс Сусвет».

Дарэчы, пасля поспеху Аліі на «Міс Беларусь 2025» яе маці Дзіяна стварыла брэнд адзення «Кіалі». Алія цяпер называе сябе яго дызайнеркай і рэгулярна піярыць сукенкі.

Алія Кароткая. Фота з яе інстаграма

А яшчэ яна рыхтуецца прабегчы паўмарафон. 

Таццяна Марчук, другая віцэ-міс

На «Міс Беларусь» пра дзяўчыну казалі неяк абцякальна. Пра вучобу ні слова, затое сказалі пра мару калі-небудзь працаваць з дзецьмі. А працавала тады 19‑гадовая прэтэндэнтка на карону страхавой агенткай у «Белдзяржстраху». 

Падобна, Таццяна амаль адразу з подыуму трапіла ў службу пратаколу Лукашэнкі. Менш чым праз два месяца дзяўчына разам з іншымі прыгажунямі сустракала палітыка ў Мазыры. Той урачыста адкрываў пасля рэканструкцыі мост праз Прыпяць — калі яшчэ тамтэйшых людзей не пускалі.

Таццяна Марчук першая справа

Вядома, яна ўдзельнічала ў традыцыйным лукашэнкаўскім балі ды прыйшла на яго прыём у Стары Новы год. 

Таццяна Марчук. Фота з яе інстаграма

У інтэрв’ю мазырскай раёнцы Таццяна разважала на тэму таго, ці змяняецца жыццё паспяховай удзельніцы конкурсу прыгажосці «на 360 градусаў». 

Дзяўчына прызнала, што пасля «Міс Беларусь» у яе з’явілася «даволі шмат цікавых мерапрыемстваў, якія даюць магчымасць пазнаёміцца з годнымі людзьмі».

А сёлета 3 ліпеня Таццяна апублікавала фота на фоне Палаца Незалежнасці. Пачынаўся допіс са слоў, што гэта «дзень, калі асабліва адчуваеш слова «дом», а заканчваўся захапленнямі «цвёрдай пазіцыяй» ды «каласальнымі намаганнямі» Лукашэнкі.

Зараз прыгажуня рыхтуецца паехаць у Тайланд на «Міс глобал». 

Лізавета Лагодзіч, «Міс сяброўства» і «Топ-мадэль»

У візітках «Міс Беларусь» чамусьці прынята хаваць самыя звычайныя факты з біяграфіі ўдзельніц, якія быццам бы не вельмі пасуюць прынцэсам. 

Так, пра Лізавету распавялі, што яна займалася спортам — ды накідалі пустых прыгожых слоў, чамусьці забыўшыся пра адукацыю і працу. 

А дзяўчына скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт харчовых і хімічных тэхналогій і атрымала дыплом інжынера-тэхнолага. Па размеркаванні пайшла на агракамбінат «Дзяржынскі».

Лізавета Лагодзіч. Фота з яе інстаграма

Цяпер Лізавету таксама пачалі клікаць на розныя дзяржаўныя івэнты — напрыклад, на жаночую дыпламатычную сустрэчу, якую ладзіла жонка міністра замежных спраў Наталля Рыжанкова. 

Дзяўчына актыўна ўдзельнічае ў мерапрыемствах Нацыянальнай школы прыгажосці, сядзіць у журы конкурсаў, ну і вядома балюе на балях. 

Лізавета Лагодзіч. Фота з яе інстаграма

Ганарыцца братам Раманам, які вучыцца ў Акадэміі МУС. 

Лізавета Лагодзіч з братам. Фота з яе інстаграма

Крысціна Бельская, «Міс сімпатый гледачоў»

Мінчанку Крысціну Бельскую прэзентавалі як настаўніцу англійскай мовы, якая марыць стаць сцюардэсай. Але ж у сваім інстаграме дзяўчына яшчэ да «Міс Беларусь» пазіцыянавала сябе як мадэль. 

Крысціна Бельская. Скрыншот яе інстаграма

Фактычна Крысціна даўно абрала шлях Уладлены Зайцавай. Як і яна, Крысціна з’яўлялася перад вачыма Лукашэнкі падчас «Славянскага базару» ды на свяце ў Александрыі.

Крысціна Бельская. Скрыншот яе інстаграма

У прынцыпе, пасля конкурсу для дзяўчыны нічога не змянілася. Яна сустракала хлебам-соллю гасцей з Ірака, удзельнічала ў дзяржаўных мерапрыемствах — гэта калі прыгажуні на высокіх абцасах падносяць мужчынам паперкі на подпіс ці кветкі для ўрачыстага ўручэння.

Крысціна Бельская злева. Скрыншот яе інстаграма

У вольны час піярыла імянны бомбер з фірмовай крамы Лукашэнкі. 

Летась знялася ў кліпе беларускага спевака Мікіты Бялько. 

Сёлета яна працягнула ўдзельнічаць у праўладных мерапрыемствах — напрыклад, у акцыі «Спяём гімн разам». А таксама засвяцілася на «Міс Viva Braslav» — прычым у беларускім мерчы.

Крысціна Бельская. Скрыншот яе інстаграма

А таксама Крысціна Бельская пачала весці тэлеграм-канал, прысвечаны падарожжам па Беларусі.

Аляксандра Кульчык, «Міс фота»

На момант конкурсу прыгажосці дзяўчына з’яўлялася другакурсніцай Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Аляксандра не першая ў сям’і, хто пайшоў штурмаваць «Міс Беларусь». У 2012 годзе ў конкурсе прыгажосці ўдзельнічала яе стрыечная сястра Дзіна Жукоўская. (Клецкая раёнка з гэтай нагоды напісала: «У 2012 годзе Дзіна Жукоўская зрабіла для Клецкага раёна амаль тое ж, што Юрый Гагарын зрабіў для СССР: яна была першай там, дзе нашых яшчэ не было».). Ніякага месца тая не атрымала, затое пасля яшчэ не адзін год здымалася ў рэкламе.

Аляксандра Кульчык на лукашэнкаўскім балі. Скрыншот яе інстаграма

Аляксандра Кульчык казала, што менавіта прыклад сястры матываў і яе падацца на «Міс Беларусь». 

Аляксандра Кульчык. Фота з яе інстаграма

Як бачым, вынік больш паспяховы. Праўда, Аляксандра не вельмі любіць паказваць сваё жыццё ў сацыяльных сетках. Яна працягвае сябраваць з іншымі ўдзельніцамі конкурсу і ўдзельнічае ў модных паказах. 

Каментары18

  • WOKE ідэолаг
    30.08.2026
    Самыя прыгожыя жанчыны? А гэта не сексізм і патрыярхат? Тэрмінова патрэбны камента гендарных каментатарак як Сідорская, Базар, Казарцаў ці Малюкова.
  • Жнівень
    30.08.2026
    Гаспадыня, міскі - гэта манетызацыя страчаных магчымасцяў для багатых папікаў.
  • Rampapam
    30.08.2026
    Палова дзяўчын не з беларускімі прозвішчамі. Цікава ці размаўляюць яны на нашай мове

Цяпер чытаюць

Трагедыя з 30‑гадовай доктаркай са Старобіна — пайшла выдаляць зуб мудрасці і памерла24

Трагедыя з 30‑гадовай доктаркай са Старобіна — пайшла выдаляць зуб мудрасці і памерла

Усе навіны →
Усе навіны

Памерла галоўны доктар 3‑й стаматалогіі Мінска2

Ціханоўская: Кантакты з рэжымам могуць быць карыснымі, але санкцыі ЕС трэба захаваць10

«Мы чакалі цябе». Як венесуэльцы сустракалі Марыю Мачада ВІДЭА3

Бабарыка, Золатава і яшчэ некалькі дзясяткаў былых палітвязняў заклікалі еўрапейскіх лідараў актыўней дамаўляцца наконт вызваленняў71

Маленькага сына забітай у Ізраілі беларускі хоча забраць сям’я Алі, падазраванага ў забойстве. Дзед ідзе ў шарыяцкі суд14

Севярынец расказаў, як на з’ездзе БХД лавілі агентаў33

Перададзены Польшчай у Беларусь у рамках абмену агент Надзейка паведамляў КДБ прозвішчы ўдзельнікаў «Паспалітага рушэння»5

На аўкцыёнах прадалі дзве канфіскаваныя кватэры Аляксандра Азарава5

Апошні бой Нетаньяху? Ізраіль рыхтуецца да парламенцкіх выбараў — першых пасля 7 кастрычніка і вайны1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трагедыя з 30‑гадовай доктаркай са Старобіна — пайшла выдаляць зуб мудрасці і памерла24

Трагедыя з 30‑гадовай доктаркай са Старобіна — пайшла выдаляць зуб мудрасці і памерла

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць